Навіны
«CAMINO FOR BELARUS» — 300 кіламетраў пешам у падтрымку беларускіх палітзняволеных
20 кастрычніка 2024
Далучыцца да эстафеты салідарнасці «Voices Across Borders» можа кожны і кожная з вас у любым фармаце. Але ж Аляксандра Мамаева, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, абрала свой асабісты шлях, менавіта шлях.
«Шлях Святага Іакава ў Санцьяга-дэ-Кампастелу – гэта заўсёды цудоўнае падарожжа, маё месца сілы і сямейная традыцыя. Першы раз я крочыла па Каміна ў 2012 годзе», – кажа Аляксандра.
Яна вырашыла падтрымаць беларускіх палітвязняў падчас свайго падарожжа па Шляху Святага Іакава!
«Як прадстаўніца Народнай амбасады я не магла не ўзяць ўдзел у Эстафеце. І зразумела, што вандроўка па Гішпаніі – гэта выдатная магчымасць расказаць пілігрымам пра Беларусь і палітзняволеных. Па Шляху штогод праходзяць сотні тысяч чалавек з розных краін свету. А яшчэ на Каміна выконваюцца жаданні. І я маю ў думках сваё - тое, што ва ўсіх беларусаў ёсць нязменным ўжо 4 гады».
Старт гэта вялікага і вельмі важнага падарожжа адбыўся сёння, 20 кастрычніка, у гішпанскім горадзе Леён.
13 дзён пуці даўжынёй 300 кіламетраў!
«Першы дзень заўсёды няпросты, асабліва ўлічваючы шлях з Авьеда да Ліёна, які парадаваў цудоўнымі горнымі краявідамі!
Сняданак з відам на Ліёнскі сабор, першая ракушка, і першае “Buen Camino!” З кожным пройдзеным кіламетрам заплечнік здаецца цяжэйшым, але ўсмешка нікуды не дзелася — я на Каміна! Залатыя таполі, верас, і смачныя інжыры ад добрай гішпанскай бабулі.
Крочым далей па Camino for Belarus!», — падзялілася сваімі першымі ўражаннямі Аляксандра
Сачыце за шляхам Аляксандры ў сторыс.
Зычым добрай дарогі і сіл нашай смелай удзельніцы!
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
«Мы не можам даць Украіне вайсковую тэхніку ці мільёны даляраў, але мы можам бараніць яе інтарэсы на міжнароднай арэне»
17 кастрычніка 2024
Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы беларуская лідарка паразмаўляла з Kyiv Independent. У інтэрв’ю ўздымаліся такія тэмы, як шлях нашай краіны да дэмакратыі, і чаму вольная Беларусь можа стаць часткай вырашэння крызісу.
Адзін з ключавых пасылаў Ціханоўскай у размове – неабходнасць дапамогі Украіне на шляху да перамогі. Лідарка сканцэнтравалася на тым, што мы можам рабіць ужо цяпер:
«Мы не можам даць Украіне вайсковую тэхніку ці мільёны даляраў. Але мы можам бараніць яе інтарэсы на міжнароднай арэне і тлумачыць, чаму жыццёва важна і патрэбна даць украінцам усё, што ім трэба для перамогі ў гэтай вайне. Мы можам падтрымаць украінскую армію, а нашыя беларускія добраахвотнікі цяпер ваююць плячо да пляча з украінцамі. Таксама мы можам растлумачыць, як лёсы Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя, і што мы не можам вырашыць адно пытанне без іншага, бо Расія не бачыць ні Беларусі, ні Украіны незалежнымі дзяржавамі. Яна бачыць у нас свае калоніі».
Цалкам інтэрв’ю глядзіце па спасылцы.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Германію
16 кастрычніка 2024
14-15 кастрычніка Святлана Ціханоўская наведала з афіцыйным візітам Германію. У Берліне лідарка ўдзельнічала ў палітычных сустрэчах і мерапрыемствах, дзе абмяркоўваліся перспектывы дэмакратычнай Беларусі і яе еўрапейскай інтэграцыі.
Падчас візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам эканомікі і віцэ-канцлерам Германіі Робертам Хабекам, міністаркай замежных справаў Аналенай Бербак, міністаркай адукацыі Бэцінай Штарк-Ватцынгер, міністрам юстыцыі Марка Бушманам, віцэ-прэзідэнткай Бундэстага Івонай Магвас, групай сяброў Беларусі ў Бундэстагу і з прадстаўнікамі беларускай дыяспары «Разам». Падчас сустрэчаў абмяркоўваліся тэмы, накіраваныя на ўсебаковую падтрымку Беларусі і дэмакратычнай супольнасці.
Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на наступных пытаннях:
📌 Падтрымка палітвязняў. Лідарка падзякавала Германіі за падтрымку беларускіх палітзняволеных, гуманітарную дапамогу, а таксама за вылучэнне 1,5 мільёна еўра на рэабілітацыю рэпрэсаваных;
📌 Выдача візаў і павышэнне мабільнасці беларусаў. Асобная ўвага была нададзеная павелічэнню выдачы беларусам шэнгенскіх шматразовых і шматгадовых візаў;
📌 Падтрымка моладзі і адукацыйныя праграмы. Пашырэнне адукацыйных праграмаў, асабліва DAAD, для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў, а таксама выдача бясплатных візаў для моладзі;
📌 Санкцыі супраць рэжыму. Абмяркоўвалася закрыццё шчылінаў у санкцыях, каб яны працавалі супраць Лукашэнкі, а не простых беларусаў;
📌 Пазоў Літвы ў МКС. Германія падтрымала літоўскую ініцыятыву па прыцягненні рэжыму да адказнасці праз Міжнародны крымінальны суд.
Акрамя палітычных сустрэчаў, лідарка адкрыла Berlin Belarus Future Forum, які сабраў вядучых нямецкіх палітыкаў, экспертаў і актывістаў. Святлана Ціханоўская атрымала прэстыжную ўзнагароду Schwarzkopf Europe Award, якая адзначае яе ўклад у барацьбу за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.
Сімвалічнай часткай візіту стала адкрыццё выставы «UNBREAKABLE» у музеі Штазі. Выстава прысвечаная беларускім праваабаронцам і актывістам, якія знаходзяцца за кратамі за сваю дзейнасць.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
У верасні паводле крымінальных палітычных спраў асудзілі не менш за 170 чалавек
16 кастрычніка 2024
У верасні суды Беларусі працягвалі актыўна выносіць прысуды ў дачыненні да грамадзян паводле палітычных матываў. За верасень, паводле папярэдніх звестак, былі асуджаныя 170 чалавек, з якіх 46 жанчыны і 124 мужчыны. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.
У верасні ў Мінску асудзілі 61 чалавека
Разбіўка па рэгіёнах у верасні выглядала наступным чынам:
Мінск — 61 чалавек;
Брэсцкая вобласць — 44 чалавекі;
Гомельская вобласць — 20 чалавек;
Мінская вобласць — 25 чалавек;
Магілёўская вобласць — восем чалавек;
Віцебская вобласць — дзевяць чалавек;
Гродзенская вобласць — тры чалавекі.
Пераслед сем'яў
У верасні працягвалася практыка пераследу цэлых сем'яў або груп сваякоў паводле "народнага" 342 артыкула Крымінальнага кодэкса. У Дзяржынску ў межах судовага разбору слухаліся справы ў дачыненні да Ірыны і Андрэя Шайкоўскіх, а таксама Аляксандра і Таццяны Грышкевічаў. У судзе Маскоўскага раёна Мінска слухалася справа Аляксея і Людмілы Паўловіч. У судзе Ленінскага раёна Брэста былі асуджаныя муж і жонка да двух і аднаго года пазбаўлення волі адпаведна — Генадзь і Ганна Васілюк. Суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову Льва Іўчына, бацьку якога, Валерыя Іўчына, трыма месяцамі раней гэты ж суд асудзіў да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ.
У верасні 12 чалавек асудзілі паўторна
У верасні працягвалася тэндэнцыя паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян, раней рэпрэсаваных паводле палітычных матываў. Віцебскі абласны суд асудзіў па сукупнасці з папярэднім прысудам лідарку незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгу Брыцікаву да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў аб "закліках да санкцый", "распальванні варожасці" і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Раней гэтым жа судом яна была асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб распальванні варожасці.
Суд Ленінскага раёна Брэста асудзіў паводле 342 артыкула КК Генадзя Васілюка сумарна да двух гадоў пазбаўлення волі. У лютым гэтага года мужчына быў асуджаны судом Маскоўскага раёна Брэста паводле артыкула аб "паклёпе на адрас Лукашэнкі". Гомельскі абласны суд разглядаў справу ў дачыненні да Леаніда Козыра паводле артыкулаў аб "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання" і "ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні". Два гады таму мужчына асуджаўся судом Цэнтральнага раёна Мінска паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады.
Суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў да аднаго года і трох месяцаў пазбаўлення волі Змітра Дашкевіча паводле артыкулаў аб удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. За два гады абаронца Курапатаў зазнаў некалькі крымінальных спраў паводле кожнага з гэтых артыкулаў у судзе Маскоўскага і Першамайскага раёнаў Мінска, а таксама ў судзе Барысаўскага раёна.
Супраць асуджанага ў чэрвені гэтага года судом Кіраўскага раёна Юрыя Аверкава паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады паўторна ўжылі пераслед у Магілёўскім абласным судзе паводле артыкулаў аб "распальванні варожасці" і "масавых беспарадках".
Толькі за верасень зафіксаваныя восем выпадкаў пераследу раней рэпрэсаваных грамадзян паводле 411 артыкула, які прадугледжвае магчымасць дадання тэрміну турэмнага зняволення за "непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Акрамя Змітра Дашкевіча, якога судзілі паводле гэтага артыкула, таксама судзілі:
Алега Яфрэменку і Апанаса Афанасенкава — у судзе Барысаўскага раёна;
Уладзіміра Цыгановіча — у судзе Мазырскага раёна;
Рамана Марусава — у судзе Ленінскага раёна Магілёва;
Андрэя Будая — у судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска;
Сяргея Раманава асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі судом Горацкага раёна;
Тамаз Піпія асуджаны судом Наваполацка на паўтара года пазбаўлення волі.
У 46% у абвінавачванні меўся артыкул 342 КК
Асноўную долю ў структуры крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў складаюць крымінальныя справы паводле 342 артыкула КК. 46% людзей, супраць якіх былі ўжытыя рэпрэсіі ў верасні, мелі ў абвінавачванні гэты артыкул.
Пры гэтым практыка выкарыстання гэтага артыкула мае рэгіянальную спецыфіку — у Брэсцкай вобласці паводле артыкула за ўдзел у стыхійных мірных сходах у жніўні і верасні 2020 года ў Брэсце, Брэсцкім раёне і Бярозе судзяць пераважна групы людзей, ставячы ім адны і тыя ж эпізоды. Пры гэтым ужо ў Пінску практыка пайшла ў бок пераследу грамадзян па адным чалавеку – толькі за верасень у гэтым горадзе былі асуджаныя сямёра чалавек.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Павел Латушка заклікаў краіны АБСЕ падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд
10 кастрычніка 2024
У рамках Варшаўскай канферэнцыі па правах чалавека адбыўся сайд-івэнт на тэму «Мабілізацыя Маскоўскага механізма АБСЕ для вывучэння прымусовага перамяшчэння беларусаў і іх экстэрытарыяльнага пераследу».
Гэтая тэма набывае асаблівую актуальнасць у святле нядаўняга звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай расследаваць трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў.
Прэзентацыя была арганізавана НАУ сумесна з ПЦ «Вясна» і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. У ёй прынялі ўдзел дыпламаты прадстаўніцтваў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Літвы, Францыі, Швецыі і іншых краін пры АБСЕ, прадстаўнікі дыпмісій у Варшаве, прадстаўнікі МЗС Польшчы, а таксама беларускія, польскія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Са сведчаннямі выступілі некалькі ахвяр рэжыму Лукашэнкі.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка выказаў удзячнасць ураду Літвы за перадачу інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў і адзначыў:
«Усе гэтыя злачынствы адбываюцца ў абстаноўцы поўнай беспакаранасці вінаватых.
Страх і пераслед прымусілі сотні тысяч беларусаў пакінуць Радзіму, пакінуўшы ўсё— жыццё, дом, блізкіх. Больш за 300 000 чалавек сталі ахвярамі злачынства дэпартацыі. Гэты крок Літвы мае вырашальнае значэнне для беларусаў на шляху да аднаўлення справядлівасці і разрыву заганнага кола тэрору.
Лічу, што працяг сумесных намаганняў дзяржаў-членаў АБСЕ ў галіне ўсебаковага даследавання і ацэнкі дэпартацыі і экстэрытарыяльнага пераследу беларусаў будзе садзейнічаць прыняццю дзяржавамі рашэння аб далучэнні да звароту, пададзенага Літвой у МКС, і дапаможа забяспечыць справядлівасць для кожнай ахвяры».
Падчас прэзентацыі Часовая павераная ў справах Літвы ў Польшчы Аўдронэ Маркевічэнэ заявіла:
«Мы ўдзячныя нашым беларускім калегам з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, праваабарончай арганізацыі «Вясна» і іншым партнёрам за дапамогу ў зборы, абагульненні і прадстаўленні даных у Офіс пракурора МКС. Мы запрашаем усе зацікаўленыя краіны ЕС, якія ратыфікавалі Рымскі статут, афіцыйна далучыцца да гэтага звароту Літвы».
Крыніца: НАУ
«ААН – гэта добрая пляцоўка, дзе мы сустракаемся не толькі са сваімі саюзнікамі, але і з краінамі, якія могуць быць карысныя нашай справе»
07 кастрычніка 2024
Падчас працоўнага візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю выданню «Голас Амерыкі», у якім адказала на пытанне, чаму для беларускіх дэмакратычных сілаў важны ўдзел у Генасамблеі ААН і на якую міжнародную падтрымку яны разлічваюць:
📌 «Мы шукаем сусветных лідараў, якія маглі б дапамагчы нам. Людзі ў беларускіх турмах паміраюць. Гэта самая балючая тэма для нас. Я думаю, што краіны, якія ўсё яшчэ падтрымліваюць нейкія стасункі з рэжымам, могуць дапамагчы нам у вырашэнні гуманітарнага крызісу».
📌 «Лукашэнка хоча прадставіць вызваленне каля 100 чалавек як акт гуманнасці. Але гэта не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Гэтае вызваленне звязанае з ціскам, які аказваецца на рэжым Лукашэнкі. Яны хочуць скасавання санкцыяў».
📌 «Нашая задача – пераканацца, што палітыка нашых замежных партнёраў не зменіцца. Мы шукаем шляхі вызвалення палітвязняў з гуманітарных меркаванняў. Мы шукаем краіны, арганізацыі, якія маглі б стаць пасярэднікамі ў гэтым пытанні».
📌 «Мы хочам выкарыстоўваць міжнародныя механізмы – Міжнародны крымінальны суд (ICC), Міжнародны суд ААН (ICJ), каб прыцягнуць Лукашэнку і яго паслугачоў да адказнасці. Гэтыя інструменты даволі марудлівыя, але мы паслядоўныя ў сваім падыходзе і спадзяёмся, што вельмі хутка пачнём спецыяльнае расследаванне гэтых злачынстваў».
📌 «Нашая канчатковая мэта – вызваліць палітвязняў, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, але перад гэтым мы павінны максімальна аслабіць рэжым і ўмацаваць нацыянальную ідэнтычнасць, грамадзянскую супольнасць, дэмакратычныя сілы, каб пераходны перыяд прайшоў гладка і хутка».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2024
04 кастрычніка 2024
Коратка:
Стабільна высокі ўзровень палітычна матываваных рэпрэсій захоўваецца ў Беларусі цягам апошніх некалькіх гадоў. Па-ранейшаму, палітычна матываваны крымінальны пераслед застаецца актуальнай пагрозай для ўсіх, хто браў удзел у пратэсных акцыях або крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне альбо ў адрас чыноўнікаў рэжыму, падтрымліваў пратэсныя структуры.
З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3 531 чалавек, з іх 627 жанчын. На канец верасня 2024 года ў Беларусі ў месцах няволі знаходзіліся 1 317 палітвязняў, з іх 169 жанчын, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 46 чалавек. Яшчэ ў дачыненні да 19 былых палітвязняў, імёны якіх раней не былі вядомыя праваабаронцам, вылучаныя патрабаванні аб іх рэабілітацыі.
Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч,Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк і Анастасія Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
Па-ранейшаму некалькі палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік, Уладзімір Кніга з лютага-сакавіка 2023 года пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній. Паступаюць таксама звесткі аб перыядычнай ізаляцыі іншых палітвязняў.
Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у верасні "Вясна" атрымала інфармацыю аб не менш чым 429 выпадках палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх – не менш за 176 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
Уладамі працягваюць папаўняцца спісы асобаў і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У межах 57-й сесіі Рады па правах чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялог з удзелам групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (у адпаведнасці з рэзалюцыяй СПЧ 55/27). "Вясна" распавяла, пра што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Урад Літвы 30 верасня афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Пракурор Карым А. А. Хан заявіў, што яго Упраўленне правядзе папярэдняе расследаванне для вывучэння запыту ў рамках юрысдыкцыі МУС і вызначыць на падставе устаноўленых законам патрабаванняў, ці маюцца разумныя падставы для пачатку расследавання.
Праваабаронцамі "Вясны" рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і забароненых відаў звароту ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах; пазбаўлення зняволеных належнага ўзроўню медыцынскай дапамогі.
Палітычна матываваны пераслед. Палітычныя зняволеныя
На канец верасня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваліся 1 317 палітвязняў. Сярод іх 169 жанчын.
Акрамя таго, вядома пра 2 214 былых палітвязняў, з іх 477 – жанчыны, якія цалкам адбылі пазбаўленне і абмежаванне волі (1 230 чалавек), былі вызваленыя ў выніку адмены або змены меры стрымання, амністыі або акта памілавання, альбо памерлі ў зняволенні. Такім чынам, сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў перавысіла 3,5 тысяч чалавек.
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 5 947 асуджаных па палітычных матывах – як да пазбаўлення волі, так і да іншых відаў пакарання; іх рэальная колькасць большая, паколькі ўлады старанна хаваюць сапраўдны маштаб пераследаў.
У верасні праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 46 чалавек. Таксама праваабарончая супольнасць запатрабавала рэабілітацыі 19 былых палітвязняў, імёны якіх сталі вядомымі праваабаронцам ужо пасля іх вызвалення.
4 верасня стала вядома, што паводле ўказу № 343 "Аб памілаванні асуджаных" на волю выйшлі 30 палітвязняў, асуджаных да пазбаўлення волі паводле пратэстных артыкулаў. Паведамлялася, што сярод іх сем жанчын і 23 мужчын. Справы памілаваных палітвязняў у парушэнне закона разглядала так званая "камісія па вяртанні" Генеральнага пракурора Андрэя Шведа.
16 верасня 2024 года стала вядома, што паводле ўказу Лукашэнкі на волю выйшлі яшчэ 37 палітвязняў, асуджаных паводле пратэстных артыкулаў. Паведамлялася, што сярод іх шэсць жанчын, а таксама людзі з хранічнымі захворваннямі, з інваліднасцю, пенсіянеры.
Агульная вядомая колькасць палітвязняў, вызваленых у парадку памілавання ў 2024 годзе, – 115 чалавек. Таксама А. Лукашэнка памілаваў немца Рыка Крыгера, якога ў ліпені асудзілі да смяротнага пакарання. Акрамя таго, пяць палітвязняў-украінцаў былі вызваленыя ў парадку абмену з удзелам уладаў Расейскай Федэрацыі.
У дачыненні да палітвязняў працягваецца ціск і ў месцах несвабоды. У якасці меры ціску ў дачыненні да палітвязняў актыўна выкарыстоўваецца падаўжэнне тэрміну пазбаўлення свабоды з дапамогай абвінавачванняў у злосным непадпарадкаванні па арт. 411 КК:
Суд Першамайскага раёна Мінска ў верасні разгледзеў чарговую крымінальную справу супраць палітвязня Змітра Дашкевіча. Гэтым разам актывіста абвінавацілі паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама ч.1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Пры гэтым артыкул за "непадпарадкаванне" дадалі наўпрост падчас суда па арт. 342 КК. У выніку суддзя Анастасія Кулікпрызнала яго вінаватым і прызначыла яшчэ адзін год і тры месяцы калоніі.
У мінулым месяцы стала вядома, што раней асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК палітвязняволенага фігуранта "справы Аўтуховіча" Віктара Снегура. Калі менавіта яго судзілі і якое рашэнне прыняў суд — пакуль невядома. 11 кастрычніка 2024 года Мінскі абласны суд будзе разглядаць апеляцыю на прысуд. Судовы працэс будзе ўзначальваць Алег Лапека.
Супраць палітвязня Сяргея Раманава распачалі новую крымінальную справу. Паводле інфармацыі"АЧК-Беларусь", 24 верасня палітвязня прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК і дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Пры гэтым, у сакавіку 2023 года Раманаву ўжо дадалі 11 месяцаў зняволення па гэтым артыкуле. Сяргея, які толькі ў траўні выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода, зноў адправілі туды ў ліпені на пяць месяцаў.
У Наваполацку 5 верасня адбыўся суд над палітвязнем Тамазам Піпіяй. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Хрыпач прызначыла палітвязню яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Паводле чарговай-трэцяй справы паводле арт. 411 КК супраць Паліны Шарэнды-Панасюк у верасні скончыліся следчыя дзеянні. Стала вядома, што жанчыну перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомеля. Калі блізкія патэлефанавалі ў Гомельскае СІЗА, каб даведацца пра здароўе палітвязня і магчымасці перадаць перадачу — ім адказалі, што Паліна змешчаная ў карцэр на 10 дзён, паведаміла "Берасцейская Вясна". Суд над жанчынай пачнецца 14 кастрычніка.
Палітвязень Мікалай Дзядок, асуджаны да пяці гадоў калоніі, мусіў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле ч.1 арт. 411 КК.
Суд Ленінскага раёна Магілёва 27 верасня разгледзеў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК супраць палітвязня Рамана Марусава, якому раней узмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Справу разглядала суддзя Таццяна Рахманенка, але прысуд пакуль невядомы.
Палітвязня Максіма Матырку ўжо раней асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі " паводле арт. 411 КК. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў горацкую калонію № 9. Стала вядома, што 10 верасня ў судзе Горацкага раёна разглядзеом справу аб пераводзе Максіма на турэмны рэжым. Працэс вяла суддзя Алена Шляхціцава.
Па даных праваабаронцаў, па стане на 11 верасня 2024 года як мінімум 86 палітвязняў перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 51 пачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. Не менш чым 137 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання за парушэнне ўнутранага распарадку калоніі. "Вясна" распавяла, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з іх прызнаныя "злоснымі парушальнікамі рэжыму".
Пад палітычна матываваны пераслед трапляюць сем'і палітвязняў, а таксама людзі, якія аказвалі дапамогу палітвязням. Так, асноўнай прычынай хвалі ператрусаў, допытаў і затрыманняў 23 студзеня 2024 года сталі прэтэнзіі спецслужбаў да дапамогі сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз ініцыятыву INeedHelpBY. Большасць з тых, хто трапіў пад пераслед — жанчыны і сваякі палітвязняў. Частку з іх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" па арт. 24.15 КаАП, а супраць некалькі дзясяткаў чалавек распачалі крымінальныя справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Паводле інфармацыі" Вясны", каля 30 чалавек цяпер пад вартай у СІЗА. У верасні за салідарнасць з палітвязнямі судзілі мінімум 16 жанчын. "Вясна" распавяла пра вынікі студзеньскага рэйду праз сем месяцаў і пераслед за салідарнасць з палітвязнямі.
Працягваюцца затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы ў Беларусь. Паводле інфармацыі"Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя не менш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх распачалі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.
Так, 20 верасня суд Ленінскага раёна горада Магілёва вынес прысуд па ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да Льва Іўчына і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а таксама штраф у памеры 30 базавых велічынь. Льва затрымалі па вяртанні з-за мяжы.
Больш за тры гады ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць знаходзяцца актывісты "Вясны" Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.
Алесь Бяляцкі сёлета чацвёрты раз сустрэў свой Дзень народзінаў у зняволенні. З нагоды 62-годдзя Алеся побач з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Вільні 25 верасня адбылася акцыя салідарнасці. У дзень яго нараджэння да віншаванняў далучыліся міжнародныя і беларускія арганізацыі розных напрамкаў дзейнасці, грамадскія актывісты, палітыкі і журналісты.
Знаходзіцца ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць і Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta. Вядома, што Насту ў канцы верасня перавялі з гомельскай калоніі ў СІЗА-1 для ўдзелу ў судзе над актывісткамі, якіх абвінавачваюць па палітычных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Чатыры гады таму, 17 верасня 2020 года, палітзняволеная праваабаронца "Вясны" Марфа Рабковабыла адвольна затрыманая. Па гэты дзень яна незаконна знаходзіцца ў зняволенні. У чацвёртую гадавіну яе затрымання абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і "Вясна" зноў заклікаюць да яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення астатніх чатырох затрыманых членаў "Вясны" і ўсіх праваабаронцаў, адвольна пазбаўленых волі ў Беларусі.
У Гомельскім абласным судзе 30 верасня пачаўся суд над праваабаронцай "Вясны" Аленай Маслюковай. Ёй інкрымінавана ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самой праваабаронцы. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Багінскі.
Не менш за сем адвакатаў пазбаўленыя волі па палітычных матывах.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Палітвязень Ігар Аліневіч зноў змешчаны ў штрафны ізалятар, што азначае ўтрыманне ў негуманных умовах і без сувязі са знешнім светам. Падчас папярэдняга змяшчэння ў ШІЗА ён трымаў галадоўку і быў шпіталізаваны.
Трывожныя навіны сталі вядомыя пра палітвязню Марыю Калеснікаву, якая год таму была шпіталізаваная з папраўчай калоніі для аперацыі: паведамляецца, што Марыя мае крытычна нізкую вагу (45 кг пры росце 175 см) фактычна галадае ў калоніі, праз адсутнасць умоў для захавання строгай дыеты.
У ліпені 2024 года стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк хворая "хранічным панкрэатытам сярэдняй цяжкасці" — вельмі небяспечнай для здароўя хваробай, лячэнне ад якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе жанчына яшчэ нядаўна адбывала пакаранне. У верасні муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, але медыцынскую дапамогу ёй не аказваюць, даюць толькі абязбольвальныя.
Сталі публічна даступнымі фотаздымкі і відэа Юрыя Зянковіча пасля двух гадоў адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі: палітвязень выглядае вельмі схуднелым і выматаным.
Кірыл Іваноў, хворы на эпілепсію, падзяліўся дэталямі жорсткага затрымання восенню 2023 года: ён сутыкнуўся са збіваннем і прымяненнем электрашокера.
Палітвязень Аляксей Кірэеў, які адбыў свой тэрмін пазбаўлення волі, распавёў пра наступствы знаходжання ў негуманных умовах у ВК-15: ён схуднеў на 15 кг і страціў зрок на адно вока.
Палітвязень Ягор Яўстратаў, які адбыў свой тэрмін пазбаўлення волі, распавёў пра жорсткае затрыманне:
"Пры затрыманні супрацоўнікі "Алмаза" выкарыстоўвалі помпавыя стрэльбы з гумовым дробам. У асноўным усе стрэлы прыйшлося на мяне, але, ведаю, што патрапіла і яшчэ ў кагосьці. Праз гэта мне спатрэбілася медыцынская дапамога, таму перад ізалятарам я спачатку трапіў у лякарню... Мы ляжалі на зямлі — яны падыходзілі глядзелі на нас. Для іх гэта было ўсё як відовішча: то з рукі кроў цячэ, то там кроў... Неўзабаве нам залілі вочы слёзатачывым газам, і прыйшоў, верагодна, кіраўнік аперацыі. Ён прайшоўся і назваў чатырох чалавек, пасля чаго іх паднялі і кудысьці адвялі. Уласна, гэта былі тыя самыя супрацоўнікі міліцыі".
Негуманныя ўмовы ў СІЗА №1:
"Ложкаў — 12, а нас у камеры — 14. Двое ноччу не спяць, але потым днём маглі адаспацца".
І пра штрафны ізалятар у ПК-1:
"ШІЗА ў калоніі — зброя індывідуальнага паражэння. Ствараюцца ўсе ўмовы, каб падарваць здароўе чалавека. Калі ў калоніі адбываліся збіванні, то гэта абавязкова здаралася менавіта ў ШІЗА, далей ад вачэй сотняў асуджаных ".
Іншы палітвязень, які таксама адбыў тэрмін пазбаўлення волі, падзяліўся гісторыяй затрымання ў кастрычніку 2020 года падчас мірнай дэманстрацыі: у выніку непрапарцыйнага прымянення сілы супрацоўнікамі АМАП ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.
Палітвязень, які адбыў тэрмін пазбаўлення волі ў ПК-2 у Бабруйску, правёў 10 месяцаў у ШІЗА і ПКТ і распавёў пра ўмовы там:
"Там заўсёды мокра і холадна. Праз гэтае спаць па начах немагчыма, асабліва ў міжсезонку. У гэты час ты рыхтуешся, што на сутках будуць бяссонныя ночы. Днём ужо таксама не паспіш, таму што ўсюды ўсталявалі відэакамеры. Міжсезонка — проста пекла. Непазбежна саджаеш сваё здароўе, таму што там хварэюць усе: тэмпература, гемарой. Людзі не выходзяць адтуль здаровымі, таму што холадна і пастаянныя скразнякі. Выйсці з ШІЗА здаровым нерэальна ".
Парушэнне свабоды асацыяцыі
16 верасня КДБ прызнаў "Беларускую нацыянальную моладзевую раду" («ЯRАDА») экстрэмісцкім фарміраваннем: нібыта асацыяцыя "ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць з-за мяжы і ўяўляе сабой парасонавую арганізацыю, якая аб'ядноўвае больш за 30 моладзевых арганізацый і ініцыятыў, якія функцыянуюць на беларускім кірунку". Гэта падвяргае небяспецы крымінальнага пераследу ўсіх датычных да легітымнай дзейнасці моладзевай арганізацыі.
Працягваецца масавая прымусовая ліквідацыя НДА: паводле інфармацыі Lawtrend, «страты ў грамадскім сектары Беларусі, пачынаючы з пост выбарнага перыяду 2020 года, складаюць ужо не менш за 1 777 інстытуцыяналізаваных форм некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, палітычных партый, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, рэлігійных арганізацый)».
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Крымінальны пераслед за ажыццяўленне правоў на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў не спыняецца. У верасні суды працягвалі выносіць прысуды па артыкуле 342 КК за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
"Вясне" вядома пра не менш чым 28 чалавек, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за “актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (артыкул 342 КК).
12 верасня суд Брэсцкага раёна асудзіў 11 чалавек да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.
Прыцягваюць да адказнасці сем'ямі. Ганну і Генадзя Васілюкоў суд Ленінскага раёна горада Браста асудзіў да пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года. Падчас вынясення прысуду, Генадзь ужо адбываў пакаранне за ўчыненне злачынства, прадугледжанага арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі).
У судзе Бярозаўскага раёна 5 верасня абвясцілі другі за апошні час прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту з 10 на 11 жніўня 2024 года ў горадзе. Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да паўтара года калоніі асудзілі адразу чатыры чалавекі — Мікалая Кулака, Ігара Яўменава (Куля), Андрэя Рыбакова, Віктара Данілюка. Справу разглядала Людміла Рудзіна. Пра гэта піша "Берасцейская Вясна".
Адміністрацыйны пераслед
У верасні "Вясна" атрымала інфармацыю аб не менш чым 429 выпадках палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх не менш за 176 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі. 130 спраў разгледжаны па арт.19.11 КаАП (за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі).
Звяртаем увагу, што вынікі адміністрацыйнага пераследу і колькасць затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, часта невядомыя праваабаронцам альбо паступаюць з затрымкай з-за атмасферы страху і пагрозы дадатковых рэпрэсій. Гэтыя даныя нельга ацэньваць як паказчык змены ўзроўню рэпрэсій, асабліва на кароткіх адрэзках часу і без уліку умоваў для збору інфармацыі, якія ўвесь час змяняюцца.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
Па стане на 30 верасня пазбаўленыя волі 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
3 верасня журналістку Алену Цімашчук уключылі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Яна працавала пазаштатнай журналісткай на "Зялёным партале" і ў "Брэсцкай газеце", а таксама карэспандэнткай у "Брэсцкім Весніку". Яе абвінавацілі ў "дыскрэдытацыі Беларусі" (369-1 КК), "распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варожасці" (ч.3 арт. 130 КК), "уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання" (ч. 3 арт. 361-1 КК). Брэсцкі абласны суд 3 чэрвеня 2024 года прызнаў яе вінаватай па ўсіх трох артыкулах і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў, а таксама штрафам у памеры 46 000 рублёў. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карасінскі.
16 верасня па памілаванні выйшаў на волю Андрэй Толчын, якога 21 сакавіка 2024 года асудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па абвінавачваннях у "паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі" (арт. 367 КК) і с"адзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).
26 верасня суд горада Пінска і Пінскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Яўгена Мікалаевіча, які абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 342 КК. 10 жніўня 2020 года Яўген падчас выканання прафесійных абавязкаў быў затрыманы. У дзень затрымання быў збіты супрацоўнікамі міліцыі ў прыбіральні Пінскага гарвыканкама і аўтазаку.
Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам па-ранейшаму выкарыстоўваецца рэжымам А. Лукашэнкі выключна для палітычна матываванага пераследу палітычных апанентаў і іншадумцаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.
У верасні спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў папоўніўся дзвюма пазіцыямі; усяго за тры гады (першае рашэнне прынята 21 верасня 2021 года) было прынята 239 адпаведных рашэнняў КДБ і МУС.
У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за жнівень унесена 101 чалавек, у тым ліку 22 жанчыны. Усяго ў пераліку імёны 4 476 чалавек.
У рэспубліканскі Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 87 судовых рашэнняў тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі.
Акрамя гэтага, у мінулым месяцы Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага "тэрарыстычнай арганізацыяй". Адпаведнае рашэнне было прынята па заяве генпракурора Андрэя Шведа.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
«Польскае МЗС афіцыйна заявіла, што поўнасцю падтрымлівае пазоў у Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі»
03 кастрычніка 2024
Сёння ў Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета з нагоды перадачы ўрадам Літвы дакументаў у Міжнародны суд аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Удзел у мерапрыемстве разам з Ціханоўскай узяў Павел Латушка, Алег Кулеша і прадстаўнік Хельсінскага камітэту.
У сваім выступе беларуская лідарка растлумачыла важнасць пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і падкрэсліла: краіны-суседзі істотна пацярпелі ад дзеянняў рэжыму і гатовыя дамагацца справядлівасці. Беларуская лідарка таксама заклікала іншыя краіны падтрымаць Літву і накіраваць аналагічныя запыты ў суд.
«Мы цалкам падтрымліваем Літву і заклікаем урады іншых краінаў накіраваць афіцыйныя лісты ў Міжнародны суд з заклікам правесці расследаванне злачынстваў рэжыму. Учора польскае МЗС афіцыйна заявіла, што поўнасцю падтрымлівае Літву і яе пазоў у Міжнародны крымінальны суд. Польшча, Літва, а таксама Латвія і Украіна – найбольш пацярпелі ад дзеянняў рэжыму і зацікаўленыя ў тым, каб дыктатар урэшце быў прыцягнуты да адказнасці. Месяц таму Украіна таксама афіцыйна далучылася да Рымскага статуту. Гэта значыць, што калі будзе распачата расследаванне ці выдадзены ордар на арышт, то Украіна таксама будзе абавязаная яго выконваць. Гэта асабліва важна ў кантэксце ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў. І яго ўжо нішто не спыніць»
01 кастрычніка 2024
Выступленне Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прававым мерам рэагавання міжнароднай супольнасці на злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя цяперашнім аўтарытарным рэжымам Беларусі
Спадарыня Прэзідэнтка-элект, спадарыня намесніца міністра, Вашы Правасхадзіцельствы, спадарыні і спадары.
Прайшло 375 дзён — амаль год — з таго часу, як мы ўпершыню афіцыйна сустрэліся са спадарыняй намесніцай міністра і кіраўніком Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы і абмеркавалі магчымасць падачы гэтага звароту.
Сёння мы тут, у Гаазе. Зварот знаходзіцца ў Офісе Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. На сайце Міжнароднага крымінальнага суда з'явілася кароткая заява ад пракурора Карыма Хана, што «ён можа пацвердзіць, што яго офіс правядзе папярэдні разгляд, каб вывучыць запыт».
Кароткі выраз з велізарным значэннем. Што ён хавае?
Перш за ўсё, гэта жыцці, пакуты і страты сотняў тысяч ахвяр. Прайшоўшы праз жудасны каток рэпрэсій у Беларусі, катаванні, згвалтаванні, заключэнні, пазбаўленні асноўных правоў. Не маючы іншага выбару, яны пакінулі сваю радзіму ў пошуках прытулку ў Літве, Польшчы і іншых краінах. Яны пакінулі сваіх бацькоў, дзяцей, сяброў, не маючы магчымасці ўбачыць іх зноў. Яны пакінулі сваю маёмасць, пачынаючы жыццё з нуля.
І цяпер, прайшоўшы праз усё гэта, насельніцтва, якое падвергнулася рэпрэсіям, стала ахвярай новай хвалі пераследаў. Рэжым працягнуў пераследваць нас за мяжой з жахлівай эфектыўнасцю. Судовыя пераследы, арышты сваякоў і сяброў, рыторыка нянавісці, пагрозы гвалту, запалохвання, канфіскацыя і знішчэнне маёмасці ў Беларусі — гэта толькі частка таго, што Лукашэнка і яго памагатыя робяць сёння ў еўрапейскіх краінах.
Па-другое, цягам 4 гадоў беларусы жылі ў стане поўнай безнадзейнасці. Наш народ, прайшоўшы праз пекла страт за мірную абарону дэмакратычных каштоўнасцяў, адчувае сябе пакінутым і забытым.
Аднак сёння сотні тысяч ахвяр здабылі надзею на справядлівасць. Спадзяванне, што аднойчы вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Па-трэцяе, праведзена неверагодная праца. Міністэрствам юстыцыі Літвы, юрыстамі і экспертамі, чые імёны я не магу назваць. Па сутнасці, яны стварылі новы прэцэдэнт. Упершыню ў практыцы МУС дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала сітуацыю ў Офіс Пракурора ў дачыненні да дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Статута.
Праведзеная праца запатрабавала выключнага прафесіяналізму, крэатыўнасці і мужнасці.
Я і мая каманда выказваем падзяку Літве, Міністэрству юстыцыі, асабіста намесніцы міністра Габіі Грыгайце і кіраўніку Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Рычарду Дзіковічу за іх узрушаючую працу.
Я хачу таксама падзякаваць нашым юрыстам і маёй камандзе, Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, дэпутату Еўрапейскага парламента Дайніюсу Жалімасу і яго арганізацыі «Justice Hub», а таксама замежным экспертам, якія ініцыявалі гэты працэс у красавіку 2023 года. Паўтара года штодзённай працы. І вось вынік.
Я дзякую спадарыні прэзідэнтцы-элект Святлане Ціханоўскай, за яе падтрымку.
І асаблівая падзяка арганізацыям, якія ўваходзяць у МПАБ (Міжнародная платформа адказнасці для Беларусі). Асабліва хачу адзначыць праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.
Гэты дзень увойдзе ў гісторыю
У гісторыю Беларусі — таму што гэта першы і на сёння самы важны крок да дасягнення справядлівасці для беларускага народа, для сотняў тысяч ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых дыктатарам Лукашэнкам і яго памагатымі.
Гэты дзень увойдзе ў гісторыю. І асабістую гісторыю Лукашэнкі, а дакладней — асабістую крымінальную справу дыктатара, які ўвойдзе ў гісторыю менавіта як міжнародны злачынца.
І вось пайшоў ужо чацвёрты дзясятак гадоў, як Лукашэнка будуе свой рэжым рэпрэсій і гвалту. І фарміраванне гэтага рэжыму сапраўды блізка да сваёй «найвышэйшай кропкі». Удумайцеся — у краіне з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек дыктатарам учыненыя ўжо сотні тысяч злачынстваў супраць чалавечнасці.
Лукашэнка стварыў цэлую дзяржаўную машыну, як ён кажа, «чыстак» грамадства. Усе нелаяльнае яго рэжыму насельніцтва падлягае праходжанню праз канвеер зверстваў. Грамадства падзелена на лаяльных і нелаяльных. Лукашэнка ўвесь час называе беларусаў, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, «беглымі», «палітычнымі», «востракапытнымі».
Але прыйшоў час для справядлівасці і правасуддзя. Прыйшоў твой час, Лукашэнка, адказваць за гэтыя злачынствы. Прыйшоў час сілы права, якая атрымае верх над правам сілы.
Я хачу звярнуцца да вышэйшых чыноў яго рэжыму.
Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу крануўся сёння. Лукашэнка ўжо знаходзіцца ў ім. І ён даедзе да месца прызначэння. Цяпер ужо — без варыянтаў. Для Лукашэнкі няма шляху назад. Запушчаны працэс правасуддзя незваротны.
Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны далучыцца і падтрымаць працэс аднаўлення справядлівасці, які быў запушчаны Літвой. І распачаць аналагічныя дзеянні, каб надаць максімальную хуткасць цягніку «Мінск – Гаага».
Упэўнены, у нас не завышаныя чаканні да нашых партнёраў, а просьба выкарыстоўваць вашы магчымасці для прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці.
Лукашэнка заўсёды марыў увайсці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. І яму ўжо ніколі не пазбавіцца ад гэтага. Ва ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзідэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу.
І я хачу, каб гэта пачуў не толькі ён сам, але і яго асяроддзе, яго найбліжэйшыя дзяржаўныя служачыя, прапагандысты. Спытаеце сябе, вы хочаце быць спадарожнікамі Лукашэнкі? Хочаце падсесці да яго ў цягнік да Гаагі?
А можа быць, нарэшце, прыйшоў час прыняць рашэнне — і сысці з гэтага цягніка. Не садзіцца ў яго зусім. Вы ведаеце, што для гэтага трэба зрабіць. Вы ведаеце, куды адпраўляць інфармацыю.
Я ўпэўнены, сярод вас вельмі шмат тых, хто гэтага хоча. Большасць з вас не здзяйснялі ніякіх злачынстваў. Кагосьці з вас вымусілі іх здзейсніць. Але ў вас ёсць шанец дапамагчы сабе, сваёй краіне, беларусам і правасуддзю. Не выпускайце яго. Выходзьце на сувязь.
Лукашэнка думаў, што зможа «перавярнуць старонку» сваіх злачынстваў. Не. Яго «балада пра дыктатара» падышла да канца. І так, мы выключым цябе, Лукашэнка, з вялікай палітыкі. Як і абяцалі. Ты — злачынца. Наступная станцыя — Гаага.
Памятаеш, з якімі плакатамі людзі выходзілі на вуліцы ў 2020-ым? «Лукашэнка ў Гаагу», «Трыбунал». Ты думаў, што гэта проста лозунгі, якія засталіся ў мінулым? Не, гэта твая будучыня.
Сёння сіла права перамагае. Сёння мы разам аднаўляем веру беларусаў у справядлівасць. Мы пішам гісторыю новай Беларусі. Якая пачнецца пасля суда над дыктатарам. Немінучага суда.
Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны падтрымаць намаганні Літвы. Скарыстайцеся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Хай справядлівасць пераможа над беспакаранасцю. Гэтага хоча ўвесь беларускі народ. Што нас усіх аб'ядноўвае. Жаданне справядлівасці.
Я падтрымліваю сённяшнюю заяву кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай. Ратыфікацыя Рымскага статута новай Беларуссю гарантуе, што беспакаранасць за міжнародныя злачынствы стане немагчымай у нашай краіне. Ніводны міжнародны злачынца не зможа пазбегнуць адказнасці ў новай Беларусі.
Жыве Беларусь!
Крыніца: НАУ
Запыт на расследаванне Міжнародным судом злачынстваў рэжыму Лукашэнкі
30 верасня 2024
Міжнародны крымінальны суд (МКС) атрымаў запыт ад Літвы для пачатку расследавання супраць рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі пасля выбараў-2020. Упершыню міжнародная судовая інстытуцыя афіцыйна будзе разглядаць злачынствы рэжыму. Гэты крок – вынік працы праваабаронцаў і дэмакратычных сіл Беларусі.
Факты злачынстваў:
➖ дэпартацыя: па дадзеных ААН рэжым вымусіў каля 300 тысячаў беларусаў пакінуць краіну праз рэпрэсіі, катаванні і палітычныя пераследы;
➖ пераслед беларусаў за мяжой: пагрозы жыццю і здароўю, палітычна матываваныя прысуды, канфіскацыі маёмасці, пазбаўленне доступу да дзяржаўных паслугаў;
➖ іншыя негуманныя акты.
Якія вынікі чакаць?
➖ расследаванне злачынстваў і магчымае пакаранне адказных;
➖ пашырэнне міжнароднага ціску на рэжым;
➖ заахвочванне іншых краінаў звярнуцца ў міжнародныя суды па падобных справах.
Святлана Ціханоўская патлумачыла важнасць распачатай справы:
«Рашэнне Літвы звярнуцца ў Міжнародны крымінальны суд супраць беларускага рэжыму – важны крок да справядлівасці для Беларусі. На працягу больш чым чатырох гадоў беларусы пакутуюць ад жорсткіх рэпрэсіяў пасля фальсіфікацыі выбараў-2020. Злачынствы, якія здзейсніў рэжым Лукашэнкі, не павінны заставацца беспакаранымі. Мы верым, што разам з Літвой і міжнароднай супольнасцю забяспечым дастатковую колькасць доказаў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Часам словаў асуджэння недастаткова – важныя дзеянні»
25 верасня 2024
Падчас візіту ў ЗША беларуская лідарка далучылася да панэльнай дыскусіі на штогадовым Саміце Канкордыя, які праходзіць на палях Генасамблеі ААН. Разам з былой прэзідэнткай Харватыі Каліндай Грабар-Кітаравіч Ціханоўская абмеркавала ролю Беларусі ў бяспецы рэгіёна, а таксама адзначыла: трэба разглядаць нашую краіну як частку вырашэння крызісу.
📎 «Часам словаў асуджэння недастаткова. Часам вельмі важныя дзеянні. І я думаю, што дэмакратычны свет не выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб дапамагчы беларусам і ўкраінцам. Гэта пра адказнасць. Гэта пра дапамогу. Гэта пра салідарнасць».
📎 «Без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі будзе пастаянная пагроза для Украіны і для заходніх краінаў. Таму мы павінны разглядаць Беларусь не толькі як праблему, але і як частку рашэння. Бо беларусы вельмі згуртаваныя супраць дыктатуры і імперыялістычных амбіцыяў Расіі. І вельмі згуртаваныя ў падтрымцы Украіны».
📎 «Нашая задача – прасоўваць беларускую справу. Тлумачыць свету, што Расія разглядае Беларусь і Украіну як непаслухмяных дзяцей, якія не маюць права самастойна выбіраць сваю будучыню і якіх яна хоча вярнуць у савецкае мінулае».
📎 «Калі людзі кажуць пра стомленасць, я думаю: напрыклад, дом вашага суседа гарыць, а вы спіце ў сваім доме, – вядома, больш камфортна спаць у ўтульным ложку. Спаць, не думаючы, што адбываецца. Але калі вы не дапаможаце свайму суседу, агонь перакінецца на ваш дом».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўніцай ЗША па глабальным крымінальным правасуддзі
24 верасня 2024
Падчас Генасамблеі ААН беларуская лідарка сустрэлася з прадстаўніцай ЗША па глабальным крымінальным правасуддзі Бэт Ван Шаак. Святлана Ціханоўская абмеркавала праблемы пераследу беларусаў за мяжой і рызыкі, з якімі сутыкаюцца тыя, хто вяртаецца на радзіму.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі:
📎 прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму, датычных да рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека;
📎 адкрыццё справаў у межах універсальнай юрысдыкцыі і праз міжнародныя суды;
📎 сітуацыю з палітвязнямі, у тым ліку – рэжым інкамунікада.
Ван Шаак запэўніла Ціханоўскую, што ЗША будуць прыкладаць намаганні, каб адказныя за рэпрэсіі панеслі пакаранне. Адзначым, што раней беларуская лідарка напісала супольны артыкул з Ван Шаак у прэстыжным амерыканскім выданні The Hill.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Рызыкі вяртання: крымінальныя справы і затрыманні на мяжы з Беларуссю
25 верасня 2024
Па інфармацыі "Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў. Пад асаблівы дагляд на мяжы трапляюць як беларусы, так і грамадзяне іншых краінаў, большасць з якіх — украінцы. Падставай для допыту ці затрымання могуць стаць падпіскі на незалежныя СМІ, схаваныя фота з пратэстаў у тэлефоне або сацыяльных сетках, нацыянальная сімволіка і нават штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Калі чалавек знаходзіцца ў базе "БЕСпорядки", куды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе, то відавочных падставаў можа і не быць. Людзей дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць, на некаторых наўпрост у аўтобусе надзяваюць кайданкі, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён."Вясна" распавядае актуальную інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.
Праваабаронцы нагадваюць, што калі вы удзельнічалі ў паслявыбарчых пратэстах, данацілі беларускім ініцыятывам ці арганізацыям, пакідалі каментары ў інтэрнэце, падтрымлівалі палітвязняў пасылкамі ці грашыма, то вяртацца ў Беларусь небяспечна.
Затрыманні і допыты
З пачатку 2024 года пры перасячэнні мяжы з Беларуссю, па падліках праваабаронцаў "Вясны",былі затрыманы больш за 55 чалавек, палову з іх прыцягнулі да адказнасці паводле адміністрацыйных артыкулаў. Але адзначым, што гэтая лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак.
Прычынай для пераследу могуць стаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, "экстрэмісцкія" рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцый салідарнасці за мяжой. Гэта сілавікі знаходзяць у сацыяльных сетках пры праверках тэлефонаў на мяжы. Праз допыты праходзяць тыя, хто ўключаны ў базу сілавікоў "БЕСпорядки" — туды ўносяцца дадзеныя ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.
Пры гэтым кожны дзень апроч затрыманняў адбываюцца і допыты тых, хто заязджае ў краіну. Праваабаронцам вядома, што пытанні ў супрацоўнікаў мытні або КДБ выклікаюць, напрыклад, штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны. Таксама вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расію, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Мінску.
Праверкі і затрыманні ладзяць на ўсіх працуючых прапускных пунктах з Еўразвязам, у тым ліку і на мяжы з Расіяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому пасля вяртання. Калі затрыманне адбываецца наўпрост у пункце пропуску, то чалавека да суда звычайна змяшчаюць у бліжэйшы РАУС, дзе супраць яго складаюць пратакол.
Адміністрацыйны пераслед
Суды над затрыманымі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС адбываюцца штомесячна. Больш за ўсё справаў разглядаюць у судзе Воранаўскага раёна і судзе Ленінскага раёна Брэста. Часцей за ўсё людзям прызначаюць вялікія штрафы, а некаторых затрыманых адпраўляюць на "суткі". Пратаколы звычайна складаюць за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Так, напрыклад, у Воранаве 3 траўня асудзілі бацьку непаўнагадовага дзіця. Падставай для затрымання стала падпіска ва "Укантакце" на «экстрэмісцкія групы". Яго прызналі вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП і прызначылі яму 1 200 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў).
Таксама ў Воранаве 6 траўня асудзілі і маці двух маленькіх дзяцей. Яе асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" за падпіску ў фэйсбуку. Яе асудзілі да штрафу памерам 800 рублёў (20 базавых велічыняў).
А ў Ашмянах 3 траўня адбыўся суд над мужчынам, у якога ў тэлефоне знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія каналы". Вынікам стаў штраф у 1 200 рублёў (30 базавых велічыняў).
Важна! Праваабаронцы нагадваюць, што рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца штодзённа цягам ужо трох з паловай гадоў. Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і па сёння: прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваравым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі ў фэйсбуку новы кліп любімага беларускага гурта, чые песні былі прызнаныя экстрэмісцкімі, то рызыкі пераследу па вяртанні ў Беларусь вельмі высокія. Калі ласка, клапаціцеся пра сваю бяспеку, а таксама не забывайце пра тых родных і знаёмых, чые паведамленні ці фота з пратэстаў, могуць знайсці ў вашым тэлефоне.
Ілюстрацыя fernandocobelo.com
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Беларускія турмы – гэта смяротныя пасткі
23 верасня 2024
У рамках працы Рады па правах чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялог па рэзалюцыі 55/27 аб прамежкавай інфармацыі Вярхоўнай Рады пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
З уступным словам выступіла старшыня групы незалежных экспертаў па Беларусі Карынна Маскаленка. У сваёй прамове яна падкрэсліла пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама заклікала дзяржавы-члены ААН аказаць максімальны ўплыў на рэжым Лукашэнкі для вызвалення і поўнай рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных. Таксама спадарыня Маскаленка заклікала беларускі рэжым супрацоўнічаць з групай экспертаў і іншымі механізмамі ААН па правах чалавека.
Большасць краінаў-сябраў Рады па правах чалавека ААН, у тым ліку краіны ЕС, цалкам падтрымалі пачатак працы групы незалежных экспертаў па Беларусі. Таксама дэлегаты звярнулі ўвагу на сістэматычныя напады рэжыму Лукашэнкі на грамадзянскую супольнасць, інструменталізацыю судовай сістэмы Беларусі для падаўлення іншадумства, іншыя аспекты невыканання дзяржавай сваіх міжнародных абавязкаў па ахове правоў чалавека.
З заключным словам на 57-й сесіі Рады па правах чалавека выступіла Святлана Ціханоўская:
«У Беларусі больш за 1,400 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі. Гэта настаўнікі, лекары, журналісты, актывісты. Якое іх «злачынства»? Яны казалі праўду і марылі пра свабоду.
Многія з іх утрымліваюцца ў рэжыме «інкамунікада» – без права на кантакты з вонкавым светам. З маім мужам, Сяргеем, няма сувязі больш за год. Я не ведаю, ці жывы ён. Мы не маем навінаў ад Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай, Ігара Лосіка і многіх іншых. Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі не атрымлівае неабходных лекаў.
Гэта псіхалагічныя катаванні – не толькі для іх, але і для іх сем’яў.
Беларускія турмы – гэта смяротныя пасткі. З 2020 года пяць палітычных зняволеных ужо загінулі ў няволі, уключаючы Алеся Пушкіна і Вітольда Ашурка. Мы не можам чакаць новых смерцяў.
Я заклікаю Арганізацыю Аб’яднаных Нацый дзейнічаць. Патрабуйце спынення практыкі «інкамунікада». Патрабуйце доступу да медыцынскай дапамогі і кантактаў з сем’ямі для ўсіх палітычных зняволеных. Гэта не толькі палітычнае пытанне – гэта пытанне жыцця і смерці.
Я заклікаю сусветных лідараў зрабіць вызваленне палітычных зняволеных прыярытэтам. Гаварыце пра гэта ўголас. Скарыстайце ваш уплыў. Увядзіце санкцыі супраць тых, хто адказны. Разам мы можам спыніць гэты тэрор і вярнуць надзею Беларусі».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Гэта не проста крызіс – гэта нацыянальная катастрофа – і гэта тая сітуацыя, у якую ААН павінна ўмяшацца»
23 верасня 2024
Беларуская лідарка пачала візіт у ЗША з Нью-Ёрка, дзе зараз праходзіць Генасамблея ААН. Ціханоўская ўзяла ўдзел у дэбатах па палітвязнях па палях Генасамблеі, арганізаваных дэлегацыяй Еўрасаюза супольна з Эстоніяй, Літвой, Іспаніяй, Германіяй і Францыяй. На дэбатах прысутнічалі дыпламаты і прадстаўнікі з больш чым 30 краінаў. З прамовамі выступілі міністры замежных справаў Літвы, Эстоніі, дзяржсакратары Францыі і Германіі, а таксама амбасадары шэрагу іншых краінаў.
У сваёй прамове лідарка акцэнтавала ўвагу на тым, што сітуацыя ў Беларусі – гэта нацыянальная катастрофа, у якую ААН павінна ўмяшацца. Таму яна прапанавала наступныя практычныя крокі:
Заклікаць Генеральнага сакратара ААН і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падняць пытанне палітвязняў перад Лукашэнкам.
Запатрабаваць, каб офіс ААН у Беларусі ці гуманітарныя арганізацыі, такія як Чырвоны Крыж, атрымалі доступ да палітвязняў.
Разгледзець дыпламатычныя каналы для абмену зняволенымі, падобныя абмену па справе Красікава ці абмену ваеннапалоннымі з Украінай.
Ініцыяваць «слуханні па формуле Аррыі» ў Радзе Бяспекі ААН па Беларусі, якія будуць датычыцца як пытанняў бяспекі, так і гуманітарных аспектаў.
Уздымаць пытанне палітвязняў у дэбатах ААН і рэзалюцыях, патрабуючы іх вызвалення і рэабілітацыі.
АБСЕ і БДІПЧ павінны абмеркаваць пытанне палітвязняў на канферэнцыі па чалавечым вымярэнні ў наступным месяцы ў Варшаве.
Падтрымаць міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці і Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных.
Зрабіць кожнае ўзаемадзеянне з рэжымам залежным ад рэальных зменаў, уключаючы вызваленне палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсіяў.
Ангажаваць краіны-партнёры рэжыму, якія маюць рычагі ўплыву і могуць паспрыяць вызваленню палітвязняў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Знішчай або будзь знішчаны
23 верасня 2024
Чаму realpolitik у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі асуджаны на правал
Арыгінал артыкула: novayagazeta.eu
«Калі б у мяне папрасілі парады прадстаўнікі беларускай апазіцыі, я б параіў ім пагадзіцца на ўсё, што скажа Лукашэнка, у абмен на свабодныя парламенцкія выбары і парламенцкую недатыкальнасць», — сказаў нядаўна былы міністр унутраных спраў Украіны Юрый Луцэнка ў інтэрв’ю незалежнаму беларускаму медыя «Zerkalo.io».
Бачыць такія заявы прымушае мяне разважаць пра тое, наколькі моцная вера ў дэмакратыю сярод тых, хто меў шчасце бачыць яе на практыцы і жыць у дэмакратычнай краіне. Як яна здаецца безумоўнай людзям з усталяваным дэмакратычным мысленнем. І як гэтая вера часам можа прыводзіць да здагадкі, што рэжымы, якія дыяметральна процілеглыя дэмакратыі, могуць добраахвотна пагадзіцца на плаўны пераход да дэмакратыі і самі пагадзіцца распачаць працэс свайго самазнішчэння.
Тым часам Беларусь ужо чацвёрты дзесяцігоддзе жыве пад дыктатурай Лукашэнкі. І ў гэтым чацвёртым дзесяцігоддзі ясна відаць, што пераўтварэнне яго рэжыму з аўтарытарнай дыктатуры ў таталітарную набліжаецца да завяршэння. Любыя прыкметы паслаблення яго жалезнай хваткі, адлігі, лібералізацыі ці дэмакратызацыі тут абсалютна адсутнічаюць.
Беларускі доктар сацыялогіі Генадзь Коршунаў у канцы ліпеня апублікаваў апошнюю частку свайго даследавання «Барометр рэпрэсій». Гэта абавязковае чытанне для ўсіх, хто сапраўды хоча зразумець цяперашні маштаб рэпрэсій у Беларусі. Яно дае дакладную ацэнку сітуацыі, заснаваную на фактах, а не на суб'ектыўных адчуваннях ці здагадках.
У чацвёртым дзесяцігоддзі праўлення Лукашэнкі ёсць відавочныя прыкметы таго, што пераўтварэнне Беларусі з аўтарытарнай дыктатуры ў таталітарную практычна завершана.
У прыватнасці, колькасць палітвязняў павялічылася, колькасць новых крымінальных спраў супраць беларусаў, якія не згодныя з рэжымам Лукашэнкі, дасягнула максімуму за апошнія чатыры гады, 50 тысяч чалавек былі затрыманыя з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года, больш за 1700 беларускіх некамерцыйных арганізацый былі зачынены з 2021 года — і гэта кансерватыўныя ацэнкі.
Сардэчна запрашаем у рэальнасць жыцця пад дыктатурай, альтэрнатыўную рэальнасць дэмакратыі, дзе дэмакратычнае мысленне часта памірае. Дэмакратычнае мысленне не дзейнічае і не можа дзейнічаць у такой альтэрнатыўнай рэальнасці, паколькі рэальнасць дыктатуры функцыянуе па зусім іншых правілах.
Правілы простыя, і асноўны прынцып — «знішчай або будзь знішчаны». І ўсе гэтыя гады Лукашэнка быў заняты тым, што знішчаў сваіх апанентаў, журналістаў, мірных пратэстоўцаў ці палітвязняў. Ён знішчае грамадзянскія правы, свабоды, грамадзянскую супольнасць і прыватны бізнэс — усё, што ўяўляе ўнутраную пагрозу.
Яго агрэсія даўно выйшла за межы Беларусі. Акрамя рэпрэсій унутры краіны, рэжым Лукашэнкі не адмаўляецца і ад знешняга тэрарызму: ці то захоп грамадзянскага самалёта, ці то запуск гібрыднай міграцыйнай вайны з ЕС, ці то накіраванне шпіёнаў і дыверсантаў у суседнія еўрапейскія краіны, ці то саўдзел у вайне супраць Украіны. Знішчай або будзь знішчаны.
Мы ўсе бачылі ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі 24 лютага 2022 года. Разню ў Бучы. Больш за 800 ракетных удараў, нанесеных з тэрыторыі Беларусі. Як мінімум 3500 украінскіх дзяцей, дэпартаваных непасрэдна рэжымам Лукашэнкі. Мы бачым дапамогу, якую рэжым Лукашэнкі аказвае Расіі ў абыходзе санкцый. Мы бачым масавую перадачу зброі ў Расію. Мы бачым вытворчасць зброі для Расіі беларускім ваенна-прамысловым комплексам. І хто можа забыць пра перавозку расійскай ядзернай зброі ў Беларусь?
Мы бачым напады на польскіх памежнікаў. Мы бачылі забойства польскага салдата на мяжы. Мы бачылі дыверсіі і падпалы на польскай тэрыторыі. І, прабачце за асабісты погляд, але ў канцы ліпеня я даў паказанні ў польскай пракуратуры па справе падбухторвання да забойства. Мэтай быў я, і для гэтага павінны былі выкарыстоўвацца замежныя спецслужбы.
Тым не менш мы да гэтага часу бачым прапановы, што з Лукашэнкам можна аб чымсьці дамовіцца. Ці пайсці на нейкія саступкі. На жаль, некаторыя прапановы зыходзяць нават ад людзей, якія называюць сябе прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі.
Прапановы прызнаць рэжым легітымным, вярнуць еўрапейскіх амбасадараў, перагледзець санкцыі, праводзіць «гнуткую палітыку» і кампрамісы з Лукашэнкам. Прапановы могуць выглядаць так, быццам яны з паралельнай рэальнасці, але гэта рэальнасць дыктатуры Лукашэнкі, і людзі, якія іх агучваюць, фактычна заклікаюць нармалізаваць і прыняць рэжым.
Нягледзячы на тое, што гэта, па сутнасці, капітуляцыя, такія прапановы часткова абапіраюцца на заходнюю пазіцыю, якая пераважна неадназначная і непаслядоўная адносна рэжыму Лукашэнкі, што ў цяперашняй форме наўрад ці можна назваць стратэгіяй.
Гэтая пазіцыя, падобна, заключаецца ў тым, каб аказваць ціск на рэжым, але не занадта моцны. Увесці гандлёвыя санкцыі, але не дапусціць занадта моцнага эканамічнага шоку. Гарманізаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі за вайну — але не цалкам. Абвясціць на самым высокім узроўні неабходнасць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы — але не рэалізаваць гэта.
І што бачаць такія рэжымы, як рэжым Лукашэнкі, у такой пазіцыі? Слабасць. Шанец працягваць свае злачынствы, працягваць тэрарызм, развязваць агрэсію. Бо адзіная мова, якую яны разумеюць, — гэта мова сілы. Яны не размаўляюць на іншай мове. У любыя паўмеры і спробы дыпламатыі яны бачаць праяву слабасці, прастору для манеўру і магчымасць павысіць стаўкі. І яны гэтым карыстаюцца.
Мы назіраем пазіцыйныя дзеянні, тактыку рэакцыі, а не праактыўныя дзеянні. Гэта тактыка без стратэгіі. У рэшце рэшт, стратэгія прадугледжвае дакладна акрэсленыя мэты і дакладнае разуменне таго, чаго вы хочаце дасягнуць. І тактыка павінна набліжаць вас да гэтай мэты, спалучацца з гэтай стратэгіяй і актыўна спрыяць яе дасягненню.
Якой павінна быць асноўная стратэгічная мэта Захаду ў адносінах да Беларусі? Я думаю, што гэта відавочна — дэмакратызацыя, а затым інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую супольнасць і еўрапейскую цывілізацыю.
Ці магчыма гэта пры прадаўжэнні і замацаванні дыктатуры Лукашэнкі? Вядома, не. Ці магчыма дасягнуць чаго-небудзь, акрамя далейшага ўмацавання яго ўлады, палавінчатымі мерамі і саступкамі? Прызнаўшы рэжым легітымным? Зняўшы санкцыі, апраўдаўшы яго ад юрыдычнай адказнасці? Не, гэта немагчыма. Трыццацігадовае праўленне Лукашэнкі — найлепшы доказ гэтага, і аб’ектыўныя факты выразна вызначаюць траекторыю эвалюцыі рэжыму — таталітарная дыктатура, якая абараняецца суседняй імперыяй. Паўночная Карэя 2.0.
Вы наўрад ці знойдзеце каго-небудзь, хто скажа, што realpolitik у дачыненні да дыктатараў, якія развязалі крывавыя войны, масавыя рэпрэсіі і генацыд, калі-небудзь была паспяховай «стратэгіяй».
У сувязі з гэтым падыход realpolitik, прыхільнікі якога прапануюць кампрамісы з Лукашэнкам, ужо не проста ілюзія, самападман ідэалістычных дэмакратаў, якія лічаць, што паступовыя змены ў такой дыктатуры магчымыя і што ў ёй ёсць хоць бы зерне здаровага сэнсу і гнуткасці. Гэта зусім іншае. Гэта прызнанне права дыктатуры на існаванне.
Але як толькі вы прызнаеце, што дыктатар, які жыве і кіруе па прынцыпе «знішчай або будзеш знішчаны», мае «права сілы», ён можа зрабіць толькі адзін вывад — што ён можа быць упэўнены ў сваёй уладзе і беспакаранасці.
Гісторыя ведае шмат такіх прыкладаў. І вы наўрад ці знойдзеце каго-небудзь, хто скажа, што рэалпалітык у дачыненні да дыктатараў, якія развязалі крывавыя войны, масавыя рэпрэсіі і генацыд, калі-небудзь была паспяховай «стратэгіяй». І мы выразна бачым, да чаго прывёў гэты падыход у дачыненні да Лукашэнкі. Мы быццам бачым, але не хочам заўважаць.
Ёсць паняцце «погляд на прыз», але калі справа даходзіць да стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, адбываецца адваротнае. Без вызначэння і пастаноўкі мэты немагчыма перайсці ад тактыкі да стратэгіі. Чым даўжэй гэта зацягваецца, тым даўжэй беларускае пытанне застаецца крывацечнай ранай.
Крыніца: НАУ
У Стакгольме адбылася сустрэча старшынь камітэтаў па міжнародных справах парламента Швецыі Арона Эмільсана і Каардынацыйнай Рады Аляксандры Мамаевай
19 верасня 2024
У сустрэчы таксама прыняў удзел прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман.
Абодва старшыні камітэтаў абмеркавалі ключавыя пытанні, уключаючы міжпарламенцкае супрацоўніцтва паміж Рыксдагам і Каардынацыйнай Радай, свабоду перамяшчэння для беларусаў і беларусак, легалізацыю беларускіх уцекачоў у Швецыі. Важная частка дыскусіі была прысвечана таму, як можна адкарэктаваць санкцыі, каб яны былі максімальна эфектыўнымі, б’ючы па нелегітымным рэжыме і яго камерцыйных і рэпрэсіўных структурах, адначасова захоўваючы адкрытасць і супрацоўніцтва з ужо пацярпелым беларускім народам.
Аляксандра Мамаева падрабязна праінфармавала Арона Эмільсана аб структуры і дзейнасці Каардынацыйнай Рады, а таксама аб іншых інстытутах дэмакратычных сіл Беларусі. Яна таксама распавяла пра сітуацыю ў Беларусі і пра рэпрэсіўныя метады, якія выкарыстоўвае жорсткая прарасійская дыктатура супраць грамадзян краіны.
Сустрэча завяршылася ўзаемным разуменнем важнасці далейшага развіцця супрацоўніцтва для падтрымкі правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Беларусы дэманструюць салідарнасць і самаарганізацыю ў дапамозе ахвярам паводкі
17 верасня 2024
Беларускія дэмакратычныя сілы і дыяспары актыўна ўдзельнічаюць у дапамозе ахвярам паводкі, якая закранула шэраг краінаў Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку Польшчу і Чэхію. У гэты цяжкі момант беларусы праяўляюць салідарнасць і падтрымку як унутры супольнасці, так і з пацярпелымі мясцовымі жыхарамі.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет арганізаваў гарачую лінію для дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад паводкі ў Польшчы і Чэхіі.
Самі беларусы таксама актыўна ўдзельнічаюць у дапамозе пацярпелым ад стыхіі:
🇵🇱 У Польшчы беларусы Уроцлава ўжо мабілізаваліся: запісваюцца валанцёрамі і дапамагаюць ахвярам паводкі ў Ніжняй Сілезіі. У Варшаве пачаўся тэрміновы збор гуманітарнай дапамогі, людзі прыносяць неабходныя рэчы ў пункты збору па горадзе.
🇨🇿 У Чэхіі беларусы таксама далучаюцца да валанцёрскай дапамогі: Георгій Шылін, тата дзяўчынкі Варвары, якая калісьці ахвяравала свой дрон Украіне, цяпер дапамагае ахвярам паводкі. З ініцыятывы Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі, беларусы і чэхі ахвяруюць на дапамогу праз зборы, арганізаваныя чэшскімі няўрадавымі арганізацыямі.
У зоне, закранутай паводкай, пражываюць таксама беларусы і беларускі, якія перадаюць інфармацыю пра патрэбы на месцы. Напрыклад, ад доктаркі Вольгі Жарнасек мы ведаем, што ў Шумперскім рэгіёне патрэбныя гумовыя пальчаткі, лапаты і іншае.
«Дарагія беларусы, у чарговы раз вы дэманструеце салідарнасць і самаарганізацыю. Калі ў краінах, дзе вы жывяце, здараецца бяда – вы адразу рэагуеце і пачынаеце аказваць дапамогу, валанцёрыць, збіраць сродкі. Дзякуй за вашую чалавечнасць і эмпатыю. Калі ж бяда закранула вас асабіста, звяртайцеся да нас праз гарачую лінію, і мы будзем імкнуцца дапамагчы і адказаць на пытанні», – пракаментавала Святлана Ціханоўская.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Літва працягне ўзмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі
16 верасня 2024
Намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў двухбаковую сустрэчу з намеснікам міністра замежных спраў Літвы Сімонасам Шатунасам.
«Мы будзем працягваць узаемадзейнічаць з урадам Літвы для ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі да таго часу, пакуль рэжым не спыніць рэпрэсіі, не вызваліць усіх палітычных зняволеных, не спыніць міграцыйную вайну на мяжы з Еўрапейскім саюзам і не спыніць падтрымку Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны», — адзначыў Павел Латушка па выніках сустрэчы.
Павел Латушка падрабязна праінфармаваў намесніка міністра пра:
галоўную мэту працы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення: выкарыстоўваючы існуючыя міжнародна-прававыя механізмы, прыцягнуць дыктатара Лукашэнку і яго памагатых да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа і іншыя міжнародныя злачынствы;
адсутнасць ўмоў для правядзення канкурэнтных і празрыстых выбараў у Беларусі ў 2025 годзе. Сіманас Шатунас зазначыў, што калі так званыя «выбары» ў Беларусі пройдуць у такім жа ключы, як і праходзіць падрыхтоўка да іх, рэжым Лукашэнкі можа чакаць наступны этап санкцый.
У сувязі з тым, што Сіманас Шатунас адказвае ў МЗС Літвы за санкцыйную палітыку, асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзеная пытанням санкцый. Павел Латушка падкрэсліў, што існуючыя «шчыліны» паміж двума дыктатарскімі рэжымамі дазваляюць Лукашэнку атрымліваць прадукцыю, неабходную для падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне. Таксама абмяркоўвалася пытанне ўзмоцненага кантролю за выкананнем ужо ўведзеных санкцый і неабходнасці комплекснага падыходу да гэтага пытання, каб прадухіліць абыход санкцыйных абмежаванняў. Сіманас Шатунас зазначыў, што выступае за далейшую гарманізацыю санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі.
Павел Латушка звярнуў асаблівую ўвагу намесніка міністра замежных спраў Літвы на рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Кожны дзень рэжым працягвае палітычна матываваны пераслед. Штомесяц дзясяткі новых палітзняволеных трапляюць у турмы. Працягваюцца арышты беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы. Пад рэпрэсіі трапляюць і тыя, хто аказвае дапамогу палітзняволеным.
У сувязі з тым, што камандай НАУ быў накіраваны запыт міністру фінансаў Літвы наконт аўтамабіляў беларусаў, якія «захраслі» ў порце Клайпеды, намеснік міністра прадставіў пазіцыю літоўскага боку па гэтай праблеме. Таксама было закранута пытанне забароны на ўезд аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй на тэрыторыю Літвы.
«Прадметны дыялог з намеснікам міністра замежных спраў Літвы дэманструе супадзенне пазіцый Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Міністэрства замежных спраў Літвы па прынцыповых пытаннях далейшай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Падчас сустрэчы была адзначана не толькі важнасць санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, але і неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў пытаннях абароны правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў, а таксама неабходнасць падзелу паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі, якія выступаюць супраць вайны і дыктатуры», — адзначыў Павел Латушка.
Крыніца: НАУ
Дыпламатычны саветнік Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно здзейснілі некалькі важных крокаў
15 верасня 2024
На гэтым тыдні адбылася іх сумесная сустрэча з чальцамі парламенцкай групы сяброў Беларусі і з дыпламатычным прадстаўніком МУС Італіі Марко Віллані.
Былі ўзнятыя наступныя пытанні:
— састаўленне плана арганізацыі міжнароднай парламенцкай асамблеі прадстаўнікоў груп «Сябры дэмакратычнай Беларусі»;
— аднаўленне інфармацыі пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі;
— вызваленне палітвязняў, стан Марыі Калеснікавай і далейшы ціск на рэжым;
— тэмы легалізацыі і спрашчэння інтэграцыі беларусаў у Італіі. Былі агучаныя пэўныя прапановы адносна пашпартоў замежніка, супрацы з мясцовай паліцыяй, інтэграцыйных праграм.
Народная амбасада Беларусі ў Італіі падрыхтавала падрабязны спіс праблем, з якімі сутыкаюцца беларусы і беларускі ў Італіі.
«Гэты спіс мы пакінулі нашым італьянскім калегам і зараз чакаем на кансультацыі з МУС, каб працягнуць абмеркаванне і знайсці інструменты для вырашэння пэўных праблем. Спадзяемся, што гэтая сустрэча адкрые новыя магчымасці для супрацоўніцтва і палепшыць агульнае становішча беларускіх грамадзян у Італіі», - адзначыла Юлія Юхно.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
ЗША працягнуць падтрымку дэмакратычнай Беларусі
13 верасня 2024
Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская сустрэлася з намеснікам Дзяржсакратара ЗША Куртам Кэмпбелам падчас яго візіту ў Вільню. Ціханоўская падзякавала Злучаным Штатам Амерыкі за падтрымку і салідарнасць. Прадстаўнік ЗША падкрэсліў, што Штаты працягнуць падтрымку беларускага народа і дэмакратычнай супольнасці. Падчас сустрэчы абмеркавалі:
📌 Ваенна-палітычную сітуацыю ўнутры краіны: выкарыстанне Расіяй беларускай паветранай прасторы для ваенных аперацыяў супраць Украіны, пастаўкі рэжымам узбраення для расійскай арміі. Ціханоўская падкрэсліла, што беларускае грамадства супраць вайны.
📌 Міжнародныя намаганні па вызваленні палітвязняў: якія яшчэ крокі міжнародная супольнасць і ЗША могуць зрабіць для вызвалення палітычных вязняў у Беларусі і спынення рэпрэсіяў.
📌 Непрызнанне «выбараў» 2025 года: Ціханоўская адзначыла, што выбары не будуць празрыстымі, свабоднымі і справядлівымі, таму не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю.
📌 Працяг стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі: дамовіліся працягваць працу па некалькіх напрамках: палітвязні, медыя, нацыянальная ідэнтычнасць, абарона правоў чалавека і іншыя, і правесці наступную вялікую сустрэчу ў бліжэйшыя месяцы.
📌 Прызначэнне спецпасланніка ЗША па Беларусі: Ціханоўская падкрэсліла, што прызначэнне Спецыяльнага пасланніка па Беларусі паспрыяе лепшай каардынацыі паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША.
📌 Павелічэнне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежным медыя. Ціханоўская прапанавала працягнуць і павялічыць праграмы падтрымкі для незалежных арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама рэпрэсаваных.
📌 Санкцыі ў дачыненні да рэжыму: неабходна працягваць санкцыйны ціск на арганізацыі і фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць рэпрэсіі і саўдзельнічаюць у вайне.
📌 Супольныя захады падчас Генеральнай Асамблеі ААН, а таксама ў межах АБСЕ.
Святлана Ціханоўская: «Злучаныя Штаты Амерыкі – наш ключавы саюзнік і партнёр. Мы дамовіліся аб’яднаць нашыя намаганні дзеля вызвалення палітвязняў і дэмакратычных пераменаў у нашай краіне. Я падзякавала за няспынную дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і ўсебаковую падтрымку з боку амерыканскіх дыпламатаў. Я адзначыла важнасць адрозніваць рэжым і беларусаў, Беларусь і Расію. Што нельга дапусціць, каб нашая краіна стала «суцяшальным прызам» для Пуціна па выніках вайны. Мы працягнем Стратэгічны дыялог з ЗША і правядзём, спадзяюся, наступную сустрэчу на высокім узроўні ўжо ў гэтым годзе».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Храналагічная даведка ад Народных амбасадаў Беларусі аб дзейнасці мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра
12 верасня 2024
Даводзім да вашай звесткі, што гэты манастыр ужо неаднаразова трапляў у скандальныя гісторыі - у 2020 з-за падтрымкі дзяржаўнага тэрору ў дачыненні да мірных грамадзян Беларусі, цяпер - з-за падтрымкі імі вайны Расеі ва Украіне.
Для дыктатара Лукашэнкі падтрымка ягонага нелегітымнага рэжыму з боку кляштара вельмі важная. Ён прыязджае сюды на Раство, абараняе іх ад «нападаў пары дзясяткаў праплачаных людзей».
Духоўнік Свята-Елісавецінскага манастыра Андрэй Лемяшонак сцвярджае, што ўвесь свет супраць Расеі і рускіх праваслаўных вернікаў, называе жыццё на Захадзе грахоўным і бязбожным і кажа, што рускім праваслаўным не патрэбны гэты «вольны свет, дзе ўсё перавернута з ног на галаву». Ён адкрыта і публічна спадзяецца на перамогу Расеі і заклікае ўсіх маліцца за Пуціна, яго марыянетку Лукашэнку, міністраў абароны і замежных спраў РФ. Не дзіўна, што хрэсны ход у манастыры праходзіць пад "Кацюшу" і з расейскім сцягам з літарай "Z".
Восенню 2022 на базе кляштара беларускіх падлеткаў навучалі збіраць і разбіраць аўтаматы.
У манастыры створана група "Дапамога братам", якая выконвае заяўкі па патрэбах расейскіх ваенных, сярод якіх не толькі адзенне, абутак або лекі, але і збор грошай, на якія закупляюцца рэчы, якія выкарыстоўваюцца ўжо для вядзення баявых дзеянняў: рацыі, коптары, цеплавізары. Раз на 2 тыдні сёстры перадаюць сабранае ў Маскву, дзе яно размяркоўваецца далей.
Толькі за 2023 год манастыр паўдзельнічаў у набыцці як мінімум 11 аўтамабіляў для расейскіх вайскоўцаў. У 2024 годзе збор грошаў на пакупку аўтамабіляў працягнуўся.
Адкуль у іх грошы на падтрымку акупантаў?
"Адзін з галоўных артыкулаў даходаў Свята-Елісавецінскага манастыра - продаж вырабаў майстэрняў манастыра і перапродаж кітайскага шырспажыву пад выглядам вырабаў майстэрняў за мяжой. Ужо не адно дзесяцігоддзе супрацоўніцы міжнароднага аддзелу з веданнем замежнай мовы ў форме сясцёр міласэрнасці раз'язджаюцца на грузавіках па ўсёй Еўропе, прадаючы розныя сувеніры, кнігі, царкоўныя прыналежнасці за валюту. Продажы суправаджаюцца сцвярджэннямі, нібы сродкі, выручаныя ад такіх продажаў, ідуць на сацыяльную дзейнасць і праекты кляштара - дапамога бяздольным і людзям, якія жывуць у нястачы ў Беларусі."
А самае лепшае месца для продажу - кірмашы, не ў Беларусі, а ў Еўропе!
У 2022 беларускім актывістам у Вялікабрытаніі і Нарвегіі ўдалося адмяніць удзел кляштара ў кірмашах. Тым не менш у траўні 2022 і, па ўсёй бачнасці, у снежні 2022 гэта не перашкодзіла з'яўленню сясцёр у гэтых краінах. Таксама адзначаліся гастролі манастыра ў Фларэнцыі, Бельгіі (фота 1, фота 2) і ў Польшчы.
У сакавіку 2023 у Швецыі намаганнямі Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі ўжо была прыпынена гандлёвая дзейнасць манастыра, а інфармацыя аб іх і зборы грошай для расейскага захопніцкага войска ва Украіне з'явілася ў многіх шведскіх газетах і тэлеканалах.
З 30.09 па 02.10.23 выстава-продаж вырабаў манастыра прайшла ў Свята-Мікалаеўскім саборы (Руская Праваслаўная Царква, Маскоўскі Патрыярхат) ў Ніцы. Народная амбасада Беларусі ў Францыі своечасова праінфармавала ўкраінцаў Ніцы аб гэтым.
02.09.23 беларускія актывісты заўважылі палатку манастыра на сельскагаспадарчай выставе ў горадзе Częstochowa, Польшча. Артыкул пра гэта з'явіўся у газеце Wyborcza. Але ўжо 29.10.23 у Варшаве, на тэрыторыі праваслаўнай царквы св. Іаана Клімака, быў заўважаны гандлёвы намёт манастыра. Народная амбасада Беларусі ў Польшчы накіравала лісты ў мэрыі гэтых горадоў і ў мясцовыя СМІ з інфармацыяй аб дзейнасці кляштара.
У снежні 2023 манахіні ўдзельнічалі ў калядных кірмашах у Фларэнцыі і Мілане. Народная амбасада Беларусі ў Італіі накіравала лісты ў муніцыпалітэты гарадоў.
У Славакіі 12.01.24 адмянілі ўдзел манастыра ў кірмашы, але ўжо 28.01.24 манахіні былі заўважаны ў Берліне.
У снежні 2023 манахіні ўдзельнічалі ў калядных кірмашах у Фларэнцыі і Мілане. Народная амбасада Беларусі ў Італіі накіравала лісты ў муніцыпалітэты гарадоў.
У Славакіі 12.01.24 адмянілі ўдзел манастыра ў кірмашы, але ўжо 28.01.24 манахіні былі заўважаны ў Берліне.
Нягледзячы на рашучую падтрымку Ірландыяй украінцаў, у сакавіку 2024 года сёстры манастыра атрымалі цёплы прыём у Ірландыі. Больш таго, яны паведамілі, што гуманітарную дапамогу і грошы, якую збіраюць у манастыры, іх чалавек адвозіць Украіну як дапамогу.
Пра гэты візіт быў праінфармаваны пасол Ірландыі ў Польшчы. Дзякуючы кантактам Народнага консульства Беларусі ў Шатландыі таксама была данесена інфармацыя аб дзейнасці Свята-Елісавецінскага манастыра да ірландскіх дэпутатаў.
19.03.2024г расследавальніцкае медыя «Бюро» апублікавала вялікі артыкул «Святая бухгалтэрыя. Бізнэс-холдынг Свята-Елісавецінскага манастыра», у якім падрабязна расказалі паводле якіх законаў жыве манастыр, чые інтарэсы абслугоўвае, дзякуючы каму зарабляе на шэрых схемах мільёны долараў, а таксама пра тое, якое дачыненне да гэтага мае сям’я Лукашэнкі.
У траўні гэтага года стала вядома, што манастыр рассылае ліст па каталіцкіх абшчынах Заходняй Еўропы з адмаўленнем датычнасці ў дапамозе расейскім вайскоўцам. У той жа час рэлігійныя абшчыны ў Францыі пачынаюць адмаўляцца супрацоўнічаць са Свята-Елісавецінскім манастыром з-за яго даказанай падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны.
09.06.2024 адказная за камерцыю і збор ахвяраванняў у Еўропе манахіня Німфадора распавяла, што пасланнікаў манастыра сустракаюць ужо не так ветліва як раней. Тым не менш, яна пахвалілася, што ім удаецца прасоўваць у Еўропе наратывы расейскай прапаганды, няхай і ва ўжо абмежаваным коле "верных сяброў", некаторыя з якіх таемна прызнаюцца, што яны "за Пуціна".
Народныя амбасады Беларусі і Хрысціянская Візія ўважліва сочаць за гастролямі кляштара, інфармуюць палітыкаў, СМІ і рэлігійныя арганізацыі ў розных краінах аб дзейнасці манастыра, падтрымцы ім тэрору злачыннага рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да мірных беларусаў і збору грошай для расейскай захопніцкай арміі ва Украіне.
Заклікаем вас далучыцца да нашай кампаніі і звярнуць увагу еўрапейцаў на:
— дзейнасць манастыра;
— удзел у кірмашах у еўрапейскіх гарадах;
— недапушчэнне ў далейшым выдачы супрацоўнікам манастыра шэнгенскіх візаў і права гандлю на тэрыторыі Еўропы.
Бо дазваляючы манастыру ўдзельнічаць у кірмашах, грамадзяне Еўропы, неўсвядомлена, ажыццяўляюць фінансавую падтрымку вайны і забойства ўкраінцаў.
Давайце РАЗАМ дзейнічаць супраць такой падтрымкі!
P.S: Гатовыя адказаць на пытанні адносна дзейнасці Свята-Елісавецінскага манастыра і прадаставіць неабходную інфармацыю:
чат-бот https://t.me/PEofBelarus_bot
email infopoint@belarusabroad.org
Сайт, на якім збіраецца ўся інфармацыя пра дзейнасць манастыра і манашак https://stopsem.churchby.info/
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Вяршэнства права — прыярытэт знешняй палітыкі Швецыі
12 верасня 2024
У межах серыі кансультацый з замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Варшаве, адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з амбасадарам Швецыі Андрэасам фон Бекератам па ініцыятыве кіраўніка дыпмісіі Швецыі. Падчас сустрэчы было адзначана, што Швецыя ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі будзе зыходзіць з прынцыпу вяршэнства права (the rule of law). У сустрэчы таксама прымала ўдзел спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава.
Павел Латушка прадставіў шведскаму боку інфармацыю аб запланаваных рэжымам «бязвыбарах», працягу і ўзмацненні рэпрэсій супраць беларусаў, падтрымцы Лукашэнкам расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама аб ролі дэмакратычных інстытутаў і адзінстве большасці прадстаўнікоў дэмсіл Беларусі, якое было падкрэслена падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.
Асобна Павел Латушка спыніўся на прыярытэтах знешнепалітычнай стратэгіі дэмакратычных інстытутаў і стратэгіі прыцягнення да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы. Амбасадар Швецыі таксама быў праінфармаваны аб міжнароднай канферэнцыі «Прыцягненне да адказнасці за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», якая адбудзецца 13 верасня ў Вільні.
Амбасадар запэўніў, што Швецыя і далей будзе праводзіць праактыўную палітыку па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі, і гэты падыход не зменіцца з улікам прызначэння новай кіраўніцы Міністэрства замежных спраў Швецыі Марыі Мальмер Стэнергард.
Спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава падняла пытанне аб міграцыйнай палітыцы Швецыі і магчымых кроках, каб палепшыць сітуацыю з наданнем статусу міжнароднай аховы беларускім уцекачам. Спікерка адзначыла, што гэта адзін з найважнейшых трэкаў, якім займаецца сёння Народная амбасада ў Стакгольме і міжнародная камісія Каардынацыйнай Рады.
Анжаліка Мельнікава падкрэсліла, што Каардынацыйная Рада зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з парламентам Швецыі, у тым ліку з групай за свабодную і дэмакратычную Беларусь і камітэтам па замежных справах, у цесным супрацоўніцтве з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і Народнай амбасадай у Стакгольме.
Крыніца: НАУ
стыпендыі, на якія могуць падавацца беларускія студэнты
09 верасня 2024
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава распавяла пра стыпендыі, на якія могуць падавацца беларускія студэнты.
Нягледзячы на цяжкасці ў пошуку стыпендый, для беларусаў ёсць некалькі даступных спосабаў, якія дапамогуць атрымаць адукацыю ў Еўропе:
📌 Scholarship.com і Fastweb – гэта базы, якія збіраюць інфармацыю пра стыпендыі з усяго свету.
📌 Еўрапейская праграма Erasmus+ – прапануе стыпендыі для навучання ў еўрапейскіх універсітэтах.
📌 DAAD Scholarships – магчымасць для тых, хто плануе навучацца ў Германіі.
📌 Scholarships for Development – спецыяльна арыентаваны на студэнтаў з краін, якія развіваюцца, у тым ліку і Беларусі.
Другі спосаб – гэта вэб-сайты саміх універсітэтаў:
📌 Віленскі і Варшаўскі ўніверсітэты прапануюць стыпендыі для беларускіх студэнтаў.
📌 Оксфардскі і Гарвардскі ўніверсітэты маюць магчымасці для міжнародных студэнтаў.
📌 Універсітэт Таронта таксама прапануе стыпендыі для беларусаў.
Ёсць шмат міжнародных праграм, якія прапануюць стыпендыі для навучання ў Еўропе:
📌 Праграма Fulbright
📌 Стыпендыі Chevening і Erasmus+
Еўропа адчыненая для беларускіх студэнтаў. Не забывайце правяраць усе патрабаванні і тэрміны, каб не прапусціць свой шанец. Поспехаў вам!
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2024
05 верасня 2024
Высновы:
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў і нязгодных з дзейным рэжымам; узровень крымінальнага пераследу па-ранейшаму крытычна высокі. Палітычна матываваны крымінальны пераслед – гэта актуальная пагроза для ўсіх, хто прымаў удзел у пратэстных выступах або крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне або ў адрас чыноўнікаў рэжыму; пад пагрозай усе тыя, хто выказваў сваё меркаванне мірным шляхам або падтрымліваў пратэсты.
З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі амаль 3500 чалавек, з іх – 627 жанчын. На канец жніўня 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1376 палітвязняў, з іх – 177 жанчын. У жніўні праваабарончая супольнасць прызнала такімі 52 чалавекі. Яшчэ ў дачыненні да 22 былых палітвязняў, імёны якіх раней не былі вядомыя праваабаронцам, выказаныя патрабаванні аб рэабілітацыі.
Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
Вядома пра некалькіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Максім Знак, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Уладзімір Кніга больш за год пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній.
За чатыры гады (са жніўня 2020 года) "Вясна" зафіксавала больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсій, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам: адвольных затрыманняў, ператрусаў, допытаў і г. д..
Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у жніўні "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш чым 152 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх – не менш за 81 адміністрацыйную справу, разгледжаную судамі.
Праваабаронцы "Вясны" ў жніўні падвялі вынікі палітычна матываванага крымінальнага пераследу за ліпень. Фіксуецца рост колькасці судовых працэсаў. Па папярэдніх дадзеных на працягу ліпеня былі асуджаныя мінімум 170 чалавек, з якіх 134 – мужчыны, а 36 – жанчыны. Амаль палова асуджаных – у Мінску. Больш за палову асуджаных – за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Не менш за 28 чалавек былі асуджаныя завочна.
Уладамі працягваюць папаўняцца спісы асобаў і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Па-ранейшаму праваабаронцамі "Вясны" рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах; зняволеныя пазбаўленыя належнага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання.
Камітэт па правах людзей з інваліднасцю разгледзеў у Жэневе даклад уладаў Беларусі аб выкананні Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Члены Камітэта звярнулі ўвагу на дамінаванне ў Беларусі медыцынскага, а не праваабарончага падыходу, на закрыццё НДА і не ўцягнутасць жанчын з інваліднасцю ў працэсы, на стэрыятыпізацыю людзей з інваліднасцю ў СМІ, на перасоўванне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь у выніку вайны ва Украіне, на бежанцаў на мяжы Беларусі з ЕС і на тое, чаму дыпмісіі не падаўжаюць пашпарты беларусам за мяжой. Таксама Камітэт адзначыў, што пазбаўленне дзеяздольнасці ў Беларусі супярэчыць Канвенцыі, прымусовае псіхіятрычнае лячэнне парушае адразу тры артыкулы Канвенцыі, умовы ў беларускіх турмах не прыстасаваныя для асоб з інваліднасцю, а многія прадстаўнікі грамадскіх арганізацый не змаглі прыехаць на пасяджэнне ў тым ліку і таму, што знаходзяцца ў зняволенні. Праваабаронцы прадставілі альтэрнатыўны даклад і сустрэліся з сябрамі Камітэта.
Палітычна матываваны пераслед. Палітычныя зняволеныя
На 31 жніўня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваюцца 1376 палітвязняў. Сярод іх 177 жанчын і не менш за 15 чалавек з інваліднасцю.
Акрамя таго, вядома пра амаль 2100 палітвязняў, у тым ліку 450 жанчын, якія цалкам адбылі тэрміны (1188 чалавек), былі вызваленыя ў выніку адмены або змены меры стрымання, амністыі або акта памілавання, альбо памерлі ў зняволенні. Такім чынам, сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў набліжаецца да 3500 чалавек.
За чатыры гады, са жніўня 2020 года, "Вясна" зафіксавала больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсій: адвольных затрыманняў, ператрусаў, допытаў і г.д. За гэты час колькасць палітвязняў вырасла ў 55,5 разы – 9 жніўня 2020 года іх было 25. Вядома як мінімум пра 6971 фігуранта крымінальных спраў. Акрамя гэтага, вядома пра шэсць палітвязняў, якія памерлі ў няволі: Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
У мінулым месяцы праваабаронцы даведаліся пра ўтрыманне ў няволі па палітычных матывах і прызналі палітвязнямі 52 чалавекі. Сярод іх 16 чалавек, затрыманых і пазбаўленых волі за рэалізацыю свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркавання (заявы ад 7 жніўня і ад 29 жніўня); 24 чалавекі па абвінавачваннях у дыфамацыі, распальванні варожасці і варожасці, здрадзе дзяржаве і іншых крымінальных артыкулах, якія выкарыстоўваюцца для селектыўнай і дыскрымінацыйнай абароны прадстаўнікоў улады ў многіх выпадках у закрытым судовым пасяджэнні (заявы ад 21 жніўня і ад 22 жніўня); 12 чалавек у рамках пераследу іншадумства з дапамогай празмерна шырокага і расплывістага заканадаўства аб экстрэмізме (заявы ад 30 жніўня і ад 23 жніўня).
Таксама праваабарончая супольнасць запатрабавала рэабілітацыі 22 былых палітвязняў, імёны якіх сталі вядомымі праваабаронцам ужо пасля іх вызвалення.
Вядома пра 30 палітвязняў, якія выйшлі на волю ў сувязі з поўным адбыццём тэрміну пазбаўлення волі. У тым ліку Глеб Раманаў, Ігар Рудчык, Максім Ражкоў і Яўген Харашкевіч. Таксама 16 жніўня быў падпісаны ўказ аб памілаванні 30 палітычных зняволеных. Імёны васьмі вызваленых палітвязняў засталіся невядомымі.
Палітвязень Яўген Кладаў не выйшаў на волю пасля адбыцця тэрміну пазбаўлення волі, бо яму былі выстаўленыя новыя абвінавачванні.
У дачыненні да тых, хто застаецца ў зняволенні, працягваецца ціск. Так, Сяргей Раманаў, які знаходзіўся ў ПКТ шэсць месяцаў да мая 2024 года, у чэрвені зноў быў змешчаны ў ПКТ – на пяць месяцаў. Вядома, што працягвае знаходзіцца ў ПКТ Анджэй Пачобут. Актывісту Еўрапейскай Беларусі Яўгену Афнагелю ўзмацнілі рэжым адбыцця пазбаўлення волі і перавялі з калоніі ў турму.
У якасці меры ціску ў дачыненні да палітвязняў актыўна выкарыстоўваецца падаўжэнне тэрміну знаходжання ў няволі з дапамогай абвінавачванняў у "злосным непадпарадкаванні" (арт.411 КК). Так, у жніўні абвінавачванні былі выстаўленыя Юрыю Зянковічу і пачаўся суд над Вячаславам Малейчуком. Асуджаныя да дадатковага аднаго года пазбаўлення волі Сяргей Дэцук, Сяргей Яфімаў і Цімур Рызапур. Таксама вынесены быў прысуд Ягору Ібрагімаву (вынік суда не вядомы).
У рэжыме інкамунікада працягваюць утрымлівацца Паліна Шарэнда-Панасюк, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік і Яўген Афнагель.
Палітычна матываванаму пераследу падвяргаюцца таксама сем'і палітвязняў. Так, за атрыманне гуманітарнай дапамогі праз сацыяльную ініцыятыву INeedHelpBY не менш за 126 чалавек падвергліся адміністрацыйнаму пераследу, больш за 20 чалавек на дадзены момант знаходзяцца пад вартай па крымінальных абвінавачваннях за дапамогу палітвязням. Асуджаныя да пазбаўлення волі Ірына Такарчук, Алеся Сяргеенка, Алена Дземянчук і Надзея Лескавец.
Наталля Малец асуджаная да пазбаўлення волі за ажыццяўленне грашовых пераводаў палітвязням.
Працягваюцца затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы ў Беларусь. Напрыклад, Кацярына Быстрякова была затрыманая па вяртанні ў краіну за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года.
Пераслед праваабаронцаў
Больш за тры гады ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць знаходзяцца актывісты "Вясны" Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.
Адзін год і 10 месяцаў знаходзіцца ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta.
Не менш за сем адвакатаў пазбаўленыя волі па палітычных матывах.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Стала вядома, што палітзняволеная Марыя Калеснікава, сувязі з якой у родных няма на працягу доўгага часу, моцна схуднела ў няволі: па сведчанні былых зняволеных да 45 кг пры росце 175 см. Яе абмяжоўваюць у атрыманні медыцынскай дапамогі.
Спецслужбы працягваюць прымушаць затрыманых па палітычна матываваных справах запісваць відэа з прызнаннем віны і прынясеннем выбачэнняў ("пакаяльныя відэа") для наступнай публікацыі ў праўладных медыя.
Палітычныя зняволеныя ў месцах няволі працягваюць сутыкацца з ціскам і адвольным змяшчэннем у штрафныя ізалятары на працяглыя тэрміны, што азначае знаходжанне ў адзіночным зняволенні ў пагоршаных умовах і без магчымасці перапіскі або сустрэч з адвакатам. Праваабаронцам стала вядома пра змяшчэнне ў ШІЗА анархіста Мікалая Дзядка – з чэрвеня, праваабаронцы Андрэя Чапюка – на 10 сутак у дзень візіту сям'і, і Ягора Лебядка – на 10 сутак. Анархіст Ігар Аліневіч, якога адміністрацыя турмы рэгулярна змяшчала ў ШІЗА, у чэрвені трымаў галадоўку і быў змешчаны ў бальніцу для асуджаных з-за выяўлення язвы страўніка, а затым пераведзены ў турму.
Былы палітвязень Сяргей Моніч распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА ў следчай турме № 4 у Магілёве. Нізкая якасць прадастаўляемай ежы і абмежаванне ў праве набываць прадукты харчавання прыводзіць да хуткай страты вагі і агульнаму пагаршэнню стану здароўя. Таксама адзначаецца, што ў ШІЗА пастаянна холадна і няма ацяплення.
Былы палітвязень Віктар Панцялееў апісвае ўмовы ўтрымання ў карцэры ў СІЗА № 7: памяшканне памерам паўтара на паўтара метра, туалет у выглядзе нічым не агароджанай дзіркі ў падлозе, адкідная нара, маленькі столік і маленькі зэдлік.
Таксама Панцялееў апісвае ўмовы этапавання ў суд – наўмысна негуманны зварот прымяняецца менавіта да палітвязняў. Усе перамяшчэнні ажыццяўляюцца ў катавальнай позе "ластаўкі": рукі, скаваныя за спіной у кайданках, выкручваюць уверх, пры гэтым апускаючы тулава і галаву чалавека ўніз у напаўсагнуты стан.
Жанчына, затрыманая на мяжы, падзялілася ўмовамі ўтрымання жанчын у ІЧУ ў Берасці: у камеры антысанітарыя і блашчыцы, прыбіральня ў выглядзе дзіркі ў падлозе без якой-небудзь агароджы. Сродкі асабістай гігіены не выдаваліся. Пры гэтым, жанчынам, якіх затрымалі за нявыплату аліментаў, матрацы на ноч выдавалі.
Адсутнасць справядлівага судовага разбору па палітычна матываваных справах
Сваім чарговым указам №298 Аляксандр Лукашэнка прызначыў на новыя пасады альбо на новы пяцігадовы тэрмін шэраг суддзяў: сярод іх вялікая колькасць датычных да палітычна матываванага пераследу.
У новы санкцыйны пакет Еўразвязу патрапілі суддзі Вячаслаў Тулейка, Алена Ананіч, Анатоль Сотнікаў, Ігар Шведаў, Таццяна Шоцік, Васіль Скок, Станіслаў Іванюценка, Аляксей Хлышчанкоў, Ігар Зямцоў, Вольга Дубовіч, Антон Дудаль, Мікалай Сергіевіч, Андрэй Млечка, і пракурорка Ірына Падкавырава.
Працягваюцца завочныя суды над грамадскімі актывістамі і апанентамі ўлады. Напрыклад, 2 жніўня быў завочна асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі журналіст Алесь Кіркевіч за інтэрв'ю незалежнаму медыя, якое было абвешчана ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем.
Судовыя пасяджэнні па палітычна матываваных крымінальных справах працягваюць неабгрунтавана праводзіцца ў закрытым рэжыме, ва ўмовах поўнай сакрэтнасці.
Парушэнне свабоды асацыяцыі
Працягваецца масавая прымусовая ліквідацыя НДА: у судзе будуць разгледжаныя пазовы ўладаў аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб'яднання «культурны абмен», грамадскага аб'яднання «Спартыўны клуб БХМ» і Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва».
Некамерцыйная арганізацыя ProWomenBY абвясціла пра закрыццё праз ціск уладаў.
Сацсеткі Анархічнага Чорнага Крыжа прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Некамерцыйная арганізацыя OEEC абвешчаная экстрэмісцкім фармаваннем. Супрацоўнікам арганізацыі пагражае крымінальная адказнасць.
Працягваецца крымінальны пераслед пра-дэмакратычных палітычных структур, грамадскіх ініцыятыў і асацыяцый. 28 жніўня пачаўся суд па справе супраць удзельнікаў ініцыятывы "Кадравы рэзерв для Новай Беларусі".
Працягваецца пераслед лакальных ("дваровых") супольнасцяў, якія адыгралі ў пратэстах 2020 года важную мабілізацыйную ролю. Стала вядома пра затрыманне чарговага адміністратара "дваровага чата" – Аляксея Яўмененкава.
Людзей, якія падтрымліваюць данатамі непажаданыя ўладам грамадскія арганізацыі і ініцыятывы, працягваюць пераследаваць за садзейнічанне экстрэмізму.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Крымінальны пераслед за ажыццяўленне правоў на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў не спыняецца. Людзей масава прыцягваюць да крымінальнай адказнасці і нярэдка прызначаюць суровае пакаранне — пазбаўленне волі.
5 жніўня, суд Ленінскага раёна горада Брэста абвясціў прысуд васьмі ўдзельнікам акцый пратэсту 10 жніўня 2020 года – Івану Амрэйчыку, Васілю Ніпарку, Аляксею Самайлюку, Анатолю Закурку, Ігару Сарокіну, Сяргею Дземідзюку, Мікіту Яхімовічу і Валянціне Жукоўскай. Усіх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК паводле абвінавачвання ва "ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўленне волі".
Пералік асобаў, у дачыненні да якіх пачата спецыяльная вытворчасць папаўняецца. Працягваюць завочна ўзбуджаць крымінальныя справы і караць за выказванне меркаванняў і ўдзел у мірных сходах. У жніўні пералік папоўніўся імёнамі пяці абвінавачаных, усяго ў ім 117 пазіцый.
2 жніўня актывістку Кацярыну Туманаву суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна прызнаў вінаватай па ч.1 арт. 342 і арт. 364 КК і завочна асудзіў да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Прыцягнулі да крымінальнай адказнасці і палітвязня, якога раней вызвалілі на падставе акта амністыі (Закон "аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства" ад 7 снежня 2022 г. № 220-З). Так, 14 жніўня 2024 года, суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызначыў пазбаўленне волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў да Пятру Зіневічу паводле арт. 342 КК: за ўдзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года. 11 студзеня 2023 года Зіневіч быў вызвалены ад пакарання за ўчыненне злачынства, прадугледжанае арт. 188 КК (паклёп), са здыманнем судзімасці.
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны" з Магілёва (праект MAYDAY), суд Глускага раёна змясціў 15-гадовую школьніцу ў спецыяльную ўстанову адукацыі на два гады за тое, што дзяўчына нібыта "шляхам вырабу відэароліка абразлівага характару, размешчанага ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, здзейсніла наўмысную абразу прадстаўніка ўлады ў асобе супрацоўніка органаў унутраных спраў, гэта значыць злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса".
Праваабаронцы "Вясны" раней неаднаразова адзначалі, што спецыяльныя закрытыя ўстановы адукацыі — гэта месцы пазбаўлення волі. Аднак працэс пазбаўлення волі ў гэтых установах адбываецца без забеспячэння належных працэсуальных гарантый, у тым ліку як правіла ў адсутнасць абаронцы – адваката. У дадзеным выпадку таксама мае месца адвольнае палітычна матываванае пераслед дзіцяці.
Адміністрацыйны пераслед
У жніўні "Вясна" атрымала інфармацыю пра не менш чым 152 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх не менш за 81 адміністрацыйную справу, разгледжаную судамі. 90% спраў разгледжаныя паводле арт. 19.11 КаАП (за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі), таксама некалькі спраў разгледжаныя паводле арт. 24.23 КаАП за "несанкцыянаванае пікетаванне" і арт. 24.15 КаАП за выкарыстанне "замежнай бязвыплатнай дапамогі" – матэрыяльнай падтрымкі ахвяр палітычных рэпрэсій.
Звяртаем увагу, што вынікі адміністрацыйнага пераследу і колькасць затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, часта не становяцца вядомымі праваабаронцам альбо паступаюць з затрымкай з-за атмасферы страху і пагрозы дадатковых рэпрэсій. Гэтыя дадзеныя нельга ацэньваць як паказчык змены ўзроўню рэпрэсій, асабліва на кароткіх адрэзках часу і без уліку змянення умоваў для збору інфармацыі.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
Па стане на 31 жніўня, пазбаўленыя волі 35 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
19 жніўня Гродзенскі абласны суд завочна прызнаў вінаватым журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча ў "іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч.1 арт. 361-4 КК), у "іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненым паўторна" (ч. 2 арт. 361-4 КК) і ва" ўваходжанні асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці" (удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні) (ч. 3 арт. 361-1 КК).
Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных асноўных і дадатковых пакаранняў канчаткова прызначана Хільмановічу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1000 базавых велічынь, што складае 40000 рублёў. Адвольны пераслед з'явіўся следствам праваабарончай і журналісцкай дзейнасці Хільмановіча.
16 жніўня прынята рашэнне аб памілаванні зняволеных. 20 жніўня выйшла на волю па ўказе аб памілаванні журналістка Ксенія Луцкіна, якую 28 верасня 2022 года асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па адвольным абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам".
Экстрэмісцкім фармаваннем прызнаны рэгіянальны незалежны сайт "Orsha.eu". У дачыненні да яго заснавальніка праваабаронцы Ігара Казмерчака вядзецца крымінальны пераслед.
Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам па-ранейшаму выкарыстоўваецца рэжымам А. Лукашэнкі выключна для палітычна матываванага пераследу палітычных апанентаў і іншадумцаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.
У жніўні спіс экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся сям'ю пазіцыямі. Напрыклад, рашэннем КДБ прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем "Асацыяцыя палітычных сувязяў Беларусі".
МУС сваім рашэннем ад 15 жніўня ўнесла ў гэты спіс Польскі няўрадавы фонд "Свабода і дэмакратыя" ("Wolność I demokracja"), які займаецца падтрымкай барацьбы за правы чалавека, грамадзянскія свабоды і свабоду слова ў Беларусі і іншых постсавецкіх краінах. Важны напрамак дзейнасці Фонду – падтрымка польскіх арганізацый на постсавецкай прасторы, у асноўным у Беларусі, Украіне і Літве, а таксама ў іншых краінах па ўсім свеце. Відавочна, што пераслед замежнай арганізацыі – гэта чарговы эпізод антыпольскай палітыкі рэжыму А. Лукашэнкі. Да гэтага ўлады пераследвалі і знішчалі арганізацыі польскай нацыянальнай меншасці, пазбаўлялі волі іх дзеячаў, руйнавалі магілы салдат Арміі Краёвай.
Таксама ў жніўні прызнана экстрэмісцкім фармаваннем "Руская праваслаўная царква –Царская Імперыя" – рэлігійная абшчына расійскага паходжання, якая, на думку МУС, "груба скажаюць веравучэння і рэлігійныя практыкі Праваслаўнай Царквы, супрацьпастаўляюць сябе іншым рэлігійным арганізацыям і грамадству ў цэлым, якая наладжвае сваіх паслядоўнікаў супраць традыцыйных для Рэспублікі Беларусь канфесій". Варта адзначыць, што гэтыя абвінавачванні самі па сабе не могуць служыць падставай для абмежавання свабоды сумлення: свабода вызнаваць рэлігію або перакананні падлягае толькі абмежаванням, устаноўленым законам і неабходным для аховы грамадскай бяспекі, парадку, здароўя і маралі, роўна як і асноўных правоў і свабод іншых асоб.крымінальны перасьлед за рэлігійную дзейнасць не можа быць прызнана прапарцыйнай мерай абмежавання свабоды сумлення.
У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за жнівень унесена 92 чалавекі, самаму старэйшаму з якіх больш за 75 гадоў, а самыя малодшыя выходзілі на вулічныя пратэсты, за якія былі асуджаныя і ўнесены ў пералік, яшчэ непаўналетнімі.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 112 судовых рашэнняў тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі.
Экстрэмісцкімі матэрыяламі, у прыватнасці, некалькі кніг гісторыка, палітвязня Ігара Мельнікава, якому прад'яўленыя абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт.361-4 КК.
За дзейнасць, адвольна аднесеную да экстрэмісцкай, грамадзяне падвяргаюцца крымінальнаму пераследу і адвольнаму пазбаўлення волі.
Так, беларуска стала ахвярай вымагальніцтва вялізнага выкупу пад пагрозай прыцягнення да крымінальнай адказнасці за некалькі грашовых ахвяраванняў пратэстным ініцыятывам. Да выплаты «кампенсацыі» – у некалькі разоў павялічанага памеру ахвяраванняў (стакратнага, які склаў некалькі тысяч еўра), дзяўчына ўтрымлівалася ў ізалятары ў катавальных умовах.
Брэсцкі абласны суд 25 ліпеня асудзіў 63-гадовага трэнера па настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка да двух гадоў калоніі, паведаміла "Берасцейская Вясна". Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 КК за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Сутнасць абвінавачвання праваабаронцам засталася невядомая. Прысуд вынес суддзя Андрэй Сіз.
У Гарадзенскім абласным судзе 19 жніўня пачалі разглядаць крымінальную справу супраць 68-гадовай жыхаркі Берасця Наталлі Жыгар. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Справу разглядае суддзя Валерый Раманоўскі. Паводле інфармацыі "Берасцейскай Вясны", справа, як мяркуецца, звязаная з падтрымкай людзей, якія па палітычных матывах утрымліваліся ў СІЗА.
За апошнія некалькі месяцаў па гэтым жа артыкуле ўжо асудзілі да пазбаўлення волі Ірыну Погодеву і Наталлю Малец.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Генеральная пракуратура Арменіі зняла абмежаванні на перамяшчэнне Дзіяны Маісеенкі
04 верасня 2024
Дарадца па прававых пытаннях Офіса Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў паведаміў: грамадзянка Беларусі Дзіяна Маісеенка атрымала афіцыйную заяву ад Генеральнай пракуратуры Арменіі. У тэксце фіксуецца адсутнасць прававых падставаў для абмежаванняў беларускі пры перасячэннях мяжы. Гэты дакумент таксама быў накіраваны ў МУС Арменіі. Цяпер застаецца дачакацца пацвярджэння ад прадстаўнікоў армянскага МУС – і Дзіяна зможа пакінуць Арменію.
Раней юрыдычная каманда Офіса прадставіла звесткі, якія сведчаць пра палітычна матываваны пераслед Дзіяны рэжымам Лукашэнкі за мірную рэалізацыю сваіх правоў.
Армянская Генеральная пракуратура зняла ўсе абмежаванні на перамяшчэнне дзяўчыны, нягледзячы на знаходжанне Маісеенкі ў вышуку па запыце беларускага рэжыму.
Генеральная пракуратура Арменіі таксама паведаміла, што абвінавачанні супраць Дзіяны не лічацца крымінальна каральнымі па мясцовым заканадаўстве.
Юрыдычная каманда Офіса таксама працягвае сваю працу па вызваленні Андрэя Гнёта і іншых грамадзян Беларусі, затрыманых па палітычных матывах.
❗️ Разам з тым, мы нагадваем: існуюць рызыкі быць затрыманымі ў некаторых краінах па палітычных матывах праз абвяшчэнне беларусаў у вышук. Беражыце сябе.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Арышты і канфіскацыя маёмасці палітычных: лік можа ісці на тысячы пакінуўшых краіну беларусаў
02 верасня 2024
Усё часцей маёмасць асуджаных па пратэсных артыкулах беларусаў рэалізуецца з аўкцыёнаў на падставе судовых штрафаў і спагнанняў. Яшчэ болей выпадкаў, калі на жыллё, альбо іншую нерухомасць, аўтамабілі і бытавую тэхніку асуджаных аддзеламі прымусовага выканання ці іншымі дзяржаўнымі органамі накладаецца арышт. Такія меры тычацца не толькі тых, хто быў зняволены ў Беларусі, але ў значнай частцы тых, хто з’ехаў ад пераследу з краіны і патрапіў пад працэдуру спецвытворчасці.
Спачатку арышт, затым – электронны аўкцыён
Прыгадаем некалькі вядомых выпадкаў аб продажы з аўкцыёнаў “БелЮрзабеспячэнне” нерухомасці ў 2024 годзе.
15 красавіка 2024 года на электронны аўкцыён была выстаўленая нерухомасць, якая з'яўляецца ўласнасцю двух праваабаронцаў “Вясны”: Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.
Кватэру, якая належыць палітвязню-праваабаронцу Уладзіміру Лабковічу прадалі 23 красавіка. Пачатковая цана двухпакаёвай кватэры на вуліцы Тухачэўскага ў Мінску склала 134 тысячы рублёў, у таргах удзельнічалі тры чалавекі. У выніку кватэру прадалі за 145 390 рублёў.
Таксама на продаж была выстаўленая 1/7 доля адміністрацыйнага памяшкання ў Мінску на вуліцы Ложынскай. Пачатковая цана лота – 33 тыс. 300 рублёў. Гэтая нерухомасць лічыцца за віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Валянцінам Стэфановічам.
Патрэбна дадаць, што памяшканне на вуліцы Ложынскай належыць яшчэ шасці сябрам праваабарончай арганізацыі. Звестак, што яе здалося прадаць пакуль няма. А вось аўтамабіль праваабаронцы быў прададзены.
Прысудам суда Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка 2023 года Стэфановічу і Лабковічу, акрамя вялікіх тэрмінаў зняволення, прызначылі штрафы ў памеры тры тысячы базавых велічыняў кожнаму. Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам".
Кватэру палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага выставілі на продаж 6 сакавіка, але толькі з трэцяга заходу знайшоўся пакупнік і 26 ліпеня 2023 года нарэшце-такі прадалі трохпакаёвую мінскую кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх у Мінску. Падчас таргоў удзельнікі некалькі разоў перабівалі стаўкі адзін адного, а аўкцыён увесь час працягвалі. Ён доўжыўся 13 гадзін, а ў выніку кошт кватэры перавысіў 203 тысячы рублёў.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігуранты "справы Ціханоўскага" павінны будуць сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі — як пазначана ў судовым рашэнні, "для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў
9 красавіка ў Мінску праз электронны аўкцыён прадалі кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў. Зрабіць гэта ўдалося толькі з другой спробы, калі знайшліся тры пакупнікі. яе прадалі за 395 тысяч 720 рублёў 27 капеек.
У Беларусі сям'я Цапкалаў не жыве з лета 2020-га з-за пагрозы палітычнага пераследу. Валерыя Цапкалу на радзіме завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вераніка Цапкала заявіла, што з часам вернецца і будзе спаганяць арэнду з пакупнікоў кватэры.
За зямельны ўчастак палітзняволенага Віктара Бабарыкі ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна ўзялі на таргах, якія прайшлі 31 ліпеня выручылі 331 647 рублёў.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 6 ліпеня 2021 года апрача вялікага тэрміну – 14 гадоў – Бабарыку пакаралі штрафам у памеры 145 тысяч рублёй (пяць тысяч базавых велічыняў), а таксама ён павінен будзе выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду.
У Алены Янушкоўскай з Віцебскай вобласці, грамадскага дзеяча, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, арыштавалі дом за нявыплачаныя штрафы і падаткі — 1 400 рублёў за прапісанага ў кватэры арандатара. 30 траўня кватэру прадалі з таргоў. Было два ўдзельнікі. Улады ацанілі дом у 10 000 рублёў.
Арышты на нерухомасць палітэмігрантаў, якія патрапілі пад спецвытворчасць: лік ідзе на тысячы?
Яшчэ большы масштаб у гэтым годзе атрымала накладанне арышту на нерухомасць грамадзян, якія выехалі з Беларусі, а ў дачыненні да іх распачатая спецвытворчасць. Наколькі гэта з’ява масавая – бачна з сюжэта АНТ.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ увечары 20 траўня выйшаў сюжэт пра кватэры актывістаў, вымушаных пад палітычным пераследам пакінуць Беларусь.
У кадрах бачна, як сілавікі ўваходзяць у кватэры і апячатваюць іх "для далейшай рэалізацыі". У сюжэце паведамілі пра арышт кватэры Яны Латушка (дачкі Паўла Латушкі), Аляксандра Шышко, Алы Пухавай, Андрэя Тупоўскага, Ганны Федаронак, гісторыка Віктара Якубава, каардынатара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Змітра Бандарэнкі, журналіста Змітра Казакевіча. Таксама ў сюжэце паказалі, як сілавікі заварваюць уваходныя дзверы ў кватэры актывістак Караліны Цярэнцьевай іТаццяны Баранавай.
Так, напрыклад, Незалежны журналіст з Віцебска Зміцер Казакевіч не жыве ў Беларусі са жніўня 2021 года. Увесь час, што ён знаходзіцца ў замежжы, да яго маёмасці ніхто цікаўнасці не меў. Цяпер, мяркуе журналіст, і да яе ў следчых "дайшлі рукі"
"Даведаўся ад знаёмых, што 16 траўня ў 18.40 дзверы ў кватэру ўжо былі ўзламаныя. Яны жалезныя, і трэба было прыкласці пэўныя намаганні. Кажуць, што рабілі гэта супрацоўнікі МНС, але апячатвалі іншыя структуры. На паперцы, якой апячаталі кватэру, напісана: «Апячатана. Накладзены арышт. Уваход забаронены. Супрацоўнік КДБ Красноў", "Па ўсіх пытаннях звяртацца ў Следчы Камітэт", — распавёў журналіст.
Таксама быў накладзены арышт на маёмасць праваабаронцы і рэдактара Аршанскага незалежнага сайта Ігара Казмерчака. На ягоную думку, падставай для такога рашэння паслужыла крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт 368 КК), узбуджаная яшчэ ў 2022 годзе.
Арыштаваная кватэра медыяменеджара і сузаснавальніка "Tribuna.com Беларусь" Дзмітрыя Навошы, які знаходзіцца за мяжой.
Навоша ўпэўнены, што "да апошняга дня лукашызму" беларускія ўлады "будуць са знарочыстым чвяканнем жэрці людзей — каб трымаць астатніх у страху і пакоры". І вінаватым па выстаўленых абвінавачваннях сябе не лічыць".
Зусім нядаўна, 19 жніўня, Гродненскі абласны суд завочна прыгаварыў журналіста Уладзіміра Хільмановіча да пяці гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 1 000 базавых велічынь (40 тыс. рублёў), паведамляе “Гарадзенская праваабарона”. Адзначаецца, што на частку маёмасці журналіста (лецішча, двухпакаёвую кватэру ў Гродне і бытавую тэхніку) накладзены арышт.
Арышт на маёмасць можа быць накладзены з мэтай кампенсацыі ўрону і з мэтай выканання судовага прысуду. Прычым арышт на маёмасць накладваецца толькі ў тым памеры, які неабходны для кампенсацыі шкоды, напрыклад, нельга накладаць арышт на дом, альбо дарагі аўтамабіль для пагашэння невялікага штрафу. Арышт на маёмасць мае права накласці: орган дазнання або орган, які вядзе адміністратыўны працэс, следчы, пракурор, суд, судовы выканаўца..
Грамадска-палітычны актывіст Сяргей Верамеенка, які зараз жыве за мяжой і супраць якога вядзецца спецвытворчасць па сфабрыкаванай крымінальнай справе, нядаўна выклаў у фэйсбуку фота свайго гарадзенскага дому, на які наклалі арышт і апячаталі дзверы. Пасля сям’я ўбачыла на сайце «Белюрзабеспячэнне», што яе маёмасць прадаецца: мэбля, пральная машына, лядоўня, фатэлі, столікі, люстэрка. Гэта значыць, што маёмасць канфіскаваная. Якім рашэннем — Сяргей не ведае. На ліпень 2024 года лядоўню ўжо прадалі.
Верамеенка фіксуе ў папцы «Скрадзеная маёмасць» кожнага, хто датычны да продажу яго маёмасці. У папцы ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Ён лічыць, што гэтыя людзі будуць адказваць персанальна: "Я спадзяюся, што мы дажывём да гэтага часу, калі ім прыйдзецца адказваць па закону, калі ўжо мы іх будзем судзіць. Калі гэта будзе не пры маім жыцці, у мяне ёсць сын — ён-та дакладна дажыве".
Колькасць беларускіх палітуцекачоў, якія могуць страціць жыллё на радзіме, "набліжаецца да 1000". Такую лічбу ў эфіры тэлеканала АНТ назваў прапагандыст Ігар Тур.
Ён нагадаў, што перад выбарамі ў Каардынацыйную раду Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 257 чалавек, якія вылучыліся на выбары і арганізоўвалі іх. Неўзабаве пасля таго стала вядома пра масавыя ператрусы ў кватэрах кандыдатаў у КР.
"Ва ўсіх будзе канфіскаваная ў даход дзяржавы нерухомасць, якая арыштаваная, апячатаная і заварана. Давайце палічым. У сярэднім хай 100 тысяч долараў за кватэру, памножым на 257, атрымаем крыху больш чым 2,5 мільёна долараў (насамрэч атрымліваецца 25,7 мільёна долараў — Еўрарадыё). Калі шчыра, для бюджэту Беларусі гэта слёзы", — заявіў Тур.
Сярод праяваў дыскрымінацыі самым жорсткім і незаконным метадам ціску юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк лічыць завочныя крымінальныя справы і гвалтоўнае адабранне маёмасці:
«Завочныя крымінальныя справы супраць палітычных уцекачоў ужо не рэдкасць. Але цяпер у Беларусі магчымая канфіскацыя маёмасці нават без прысуду па крымінальных справах: дастаткова звярнуцца ў эканамічны суд з афіцыйнай заявай, што нейкі чалавек нанёс матэрыяльную шкоду дзяржаве. Да прыкладу, нехта сказаў у інтэрв'ю, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі — гэта добра. І ўсё, пры жаданні можна налічыць мільярдныя страты, якія нібыта панесла Беларусь".
Леанід Судаленка: "Спецвытворчасць закране тысячы пакінуўшых краіну беларусаў"
На юрыста і праваабаронцу Леаніда Судаленку згодна з апошнім завочным прысудам — пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму — таксама накладзены штраф у памеры 650 базавых велічынь. А таму на зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў ягоным пажыццёвым спадчынным валоданні, быў накладзены арышт. Ён выказвае сваё бачанне гэтай праблемы і разважае пра перспектывы:
"Вядома, што спецвытворчасць па крымінальных справах уведзена як рэпрэсіўны інструмент для палітычна матываванага пераследу асоб, вымушаных пакінуць краіну з меркаванняў бяспекі і відавочных палітычных рэпрэсій.
Увесну 2023 года ў крымінальны кодэкс Беларусі былі ўнесеныя папраўкі, якія дазволілі за экстрэмістскія злачынствы спаганяць штрафы ў памеры да 50 000 базавых велічынь (да 2 млн. беларускіх рублёў) дзеля звароту ў даход дзяржавы маёмасці асуджаных беларусаў, якая засталася ў краіне"
Судаленка нагадвае, што 1 ліпеня бягучага года Мінскі абласны суд разгледзеў у парадку спецвытворчасці “справу 20 аналітыкаў Ціханоўскай”. Прэс-сакратару Ганне Красулінай суд прысудзіў штраф у 40 тыс. базавых велічыняў (1,6 млн. руб.) або каля 450 тыс. еўра па курсе Нацбанка Беларусі. У бягучым СК годзе анансаваў распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да асоб, якія бралі ўдзел у Дні Волі ў розных краінах за межамі Беларусі. Гэта значыць, што ўжо хутка "спецвытворчасць" закране тысячы пакінуўшых краіну беларусаў.
"Упэўнены, як толькі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасць, усе гэтыя завочныя прысуды будуць адменены з поўнай рэабілітацыяй кожнай ахвяры рэпрэсій, у тым ліку з вяртаннем незаконна аднятай падчас рэпрэсій маёмасці. Нагадаю, 15 сакавіка бягучага года ў Савеце ААН па правах чалавека рэпрэсіі ў Беларусі названыя злачынствам супраць чалавечнасці ў форме пераследу і іншых спадарожных дзеянняў", — перакананы праваабаронца.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Дакумент для падтрымкі беларусаў і беларусак, якія шукаюць палітычнага прытулку ў Швецыі
01 верасня 2024
У сувязі з драматычнай сітуацыяй, у якой апынуліся беларусы і беларускі, што шукаюць палітычнага прытулку ў Швецыі, Народная амбасада Беларусі ў Швецыі падрыхтавала дакумент, які зможа дапамагчы заяўнікам і іх юрыстам. Гэты дакумент змяшчае найбольш тыповыя аргументы, якія выкарыстоўваюцца для адмовы беларусам і беларускам у прытулку, і тлумачэнні таго, як гэтыя аргументы можна абвергнуць. Дакумент уключае спасылкі на справаздачы розных міжнародных арганізацый і на ўласныя дакументы шведскага Міграцыйнага ведамства.
На дадзены момант дакумент ахоплівае чатыры асноўныя аргументы, якія часта выкарыстоўваюцца Міграцыйным ведамствам для адмовы ў прытулку:
- Аргумент пра тое, што калі чалавек змог легальна пакінуць Беларусь, гэта значыць, што ён не знаходзіцца ў небяспецы.
- Аргумент пра "абмежаванае распаўсюджанне" крытычных запісаў у сацыяльных сетках, што быццам зніжае рызыку рэпрэсій.
- Аргумент пра тое, што чалавек не меў значнай ролі ў апазіцыі, і таму не павінен быць у зоне рызыкі.
- Аргумент, што заяўка на прытулак не падавалася адразу пасля падзей 2020 года, што нібыта сведчыць пра адсутнасць тэрміновай патрэбы ў абароне.
Гэты дакумент будзе "жывым дакументам", што азначае, што ён будзе ўдакладняцца і абнаўляцца па меры з'яўлення новай інфармацыі, у тым ліку з дапамогай арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека, і юрыстаў, што прадстаўляюць інтарэсы беларускіх заяўнікаў.
Дакумент зроблены на шведскай мове, таму што ён у першую чаргу накіраваны на шведскіх юрыстаў, але таксама змяшчае машынны пераклад на беларускую мову ў якасці дадатку.
Спасылка на дакумент: https://docs.google.com/document/d/1QmukBM3WCiJiQrcPi4Q4zH3mCjOJz36t1QRqNTPP59Y/pub
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Славенія будзе выдаваць праязныя дакументы для грамадзян Беларусі
31 жніўня 2024
Славенія падтрымлівае пазіцыю аб непрызнанні Лукашэнкі і выступае за яго далейшую ізаляцыю на міжнароднай арэне – пра гэта вялася размова падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і дзяржаўнага сакратара МЗС Славеніі Марка Стучына.
Славенія выступае за пашырэнне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку гарманізацыю санкцый у дачыненні да рэжыму і Расійскай Федэрацыі за суагрэсію супраць Украіны. Павел Латушка звярнуў увагу на важнасць далейшага пашырэння санкцый, адначасова улічваючы адмову ад тых абмежавальных мер, якія непасрэдна ўплываюць на інтарэсы грамадзян Беларусі.
Славенія гатовая аказаць экспертныя прававыя кансультацыі для Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па пытаннях прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда і Міжнароднага суда ААН. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні найбліжэйшым часам адпаведных кансультацый у Любляне.
У сувязі з адсутнасцю дыпламатычнай місіі Славеніі ў Беларусі асобна была закранута тэматыка выдачы віз для грамадзян Беларусі, якія плануюць паездкі ў Славенію, і магчымага садзейнічання з боку трэцяй краіны-чальца ЕС у выдачы гэтых віз. Марка Стучына абяцаў перадаць просьбу ў консульскі дэпартамент МЗС Славеніі для вырашэння гэтай праблемы.
Дзяржсакратар МЗС Славеніі ініцыятыўна праінфармаваў, што Славенія гатова выдаваць праязныя дакументы для грамадзян Беларусі, якія маюць праблемы з дакументамі, што сведчаць асобу (у тым ліку з пратэрмінаванымі пашпартамі), і пражываюць на тэрыторыі Славеніі. Народная амбасада Беларусі ў Славеніі актыўна працуе па гэтым пытанні, і ўжо ёсць прэцэдэнт выдачы такога дакумента.
Таксама падчас сустрэчы закранулі праблему, звязаную з адкрыццём рахункаў для грамадзян Беларусі ў камерцыйных банках Славеніі.
Крыніца: Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Свабоду лаўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму!
31 жніўня 2024
У Беларусі старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году Алесь Бяляцкі бязьвінна сядзіць за кратамі з 14 ліпеня 2021 году. Алесь Бяляцкі — адзін з больш чым 1400 палітвязьняў Беларусі. Усе яны знаходзяцца ў зьняволенні выключна за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду выказваньня меркаваньняў, сходаў і асацыяцый.
Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых палітычных зьняволеных беларускім рэжымам. Мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь неадкладна спыніць запалохваньне, перасьлед і зьняволеньне мірных дэманстрантаў, актывістаў апазіцыі, праваабаронцаў, студэнтаў і прадстаўнікоў СМІ.
Пазбаўленьне волі палітычных зьняволеных і пераслед палітычных дысідэнтаў з'яўляюцца сур'ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека, якія Беларусь як дзяржава-ўдзельніца Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах узяла на сябе абавязацельства паважаць. Мы хацелі б нагадаць дыпламатычным прадстаўнікам Рэспублікі Беларусь аб міжнародных абавязацельствах іх краіны і заклікаць беларускія ўлады забясьпечыць фундаментальныя правы чалавека на свабоду выказваньня меркаваньняў, сходаў і асацыяцый для ўсіх асоб у Беларусі без абмежаваньняў.
Чаму гэта важна?
Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 14 ліпеня 2021 года і з'яўляецца толькі адным са шматлікіх палітвязьняў у Беларусі, якія бязьвінна сядзяць у турме, таму што яны адданыя свабодзе, дэмакратыі і правам чалавека. У 1996 годзе Бяляцкі заснаваў беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна», які сёньня можа працаваць толькі з эміграцыі. У 2022 годзе ён стаў лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з расійскім НДА «Мемарыял» і Украінскім цэнтрам грамадзянскіх свабод.
Рашэнне Нарвежскага Нобэлеўскага камітэта аб прысуджэньні Алесю Бяляцкаму Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года з'яўляецца важным знакам салідарнасьці з усімі палітвязьнямі ў Беларусі, пра лёс якіх мы не павінны забываць.
З часоў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года, якія, паводле АБСЕ, былі сфальсіфікаванымі, у суседняй з ЕС краіне штодня адбываюцца адвольныя затрыманьні і незаконныя прысуды. У 2020 і 2021 гадах было налічана больш за 40 тысяч палітычна матываваных арыштаў і задакументавана больш за 1800 выпадкаў катаваньняў з боку дзяржавы.
Зараз у палітычным зьняволеньні знаходзяцца больш за 1400 чалавек, у тым ліку лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі. Гвалт, самавольства, катаваньні і рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянаў, праваабарончых арганізацый і незалежных журналістаў - звычайная справа.
Як будуць здаваць подпісы?
Плануецца перадача пасольству Беларусі.
На дадзены момант петыцыю падпісалі больш за 82 тысячы чалавек. Кожны подпіс, кожны голас вельмі важны!
Падпісаць петыцыю можна па спасылцы.
Франак Вячорка – пра адмовы ў прытулку беларусам у Швецыі
30 жніўня 2024
У апошнія дні востра паўстала пытанне прытулку беларусаў у Швецыі пасля дэпартацыі двух грамадзян нашай краіны. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра тое, што зрабіла каманда Офіса ў сувязі з сітуацыяй.
📎 Працягваюцца кансультацыі з Міністэрствам замежных справаў Швецыі, Міністэрствам міграцыі, Амбасадай Літвы ў Швецыі, літоўскім урадам, а таксама з праваабаронцамі. Дзякуючы Дзмітрыю Васэрману і Народнай амбасадзе ў Швецыі ўдалося падняць тэму на высокі ўзровень.
📎 Не так даўно сумесная праца Офіса са шведскім бокам дазволіла пераацаніць сітуацыю ў краіне – Беларусь больш не лічыцца бяспечнай краінай для вяртання. Цяпер важна, каб Міграцыйная служба дзейнічала адпаведна новым інструкцыям – яна прымае рашэнні незалежна ад ураду. Міністэрства міграцыі абяцае спрыяць і ўзаемадзейнічаць у гэтай справе.
📎 Офіс прапанаваў увесці мараторый на дэпартацыю нашых грамадзян у Беларусь. Міграцыйная служба цягам месяцаў абяцае перагледзець апошнія рашэнні па беларусах, і мы дамаўляемся, каб да завяршэння праверак дэпартацыі былі прыпыненыя.
📎 Каманда пачала распрацоўку інструкцыяў і парадаў для беларусаў, якія дапамогуць не дапусціць падобных сітуацыяў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Еўрапейская камісія давяла кіраўніцтву Сербіі пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэсліла нашыя чаканні», – Урсула фон дэр Ляен
29 жніўня 2024
Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен накіравала ліст Святлане Ціханоўскай, дзе пацвердзіла дасведчанасць у справе беларускага рэжысёра, актывіста і журналіста Андрэя Гнёта.
«Еўрапейская камісія знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з сербскім бокам. У прыватнасці, дэлегацыя Еўрасаюза ў Бялградзе прысутнічала на судовым слуханні – і адразу звязалася з уладамі пасля вынясення рашэння Высокага суда. Мы давялі кіраўніцтву краіны пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэслілі нашыя чаканні. Справа Андрэя Гнёта павінна разглядацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі ў галіне правоў чалавека і стандартамі Еўрасаюза», – адзначыла Урсула фон дэр Ляен.
Акрамя таго, прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі асобна падкрэсліла, што краіны Еўрасаюзу неаднаразова даводзілі да сербскіх уладаў наступнае:
🔴 ордар на арышт спадара Гнёта быў палітычна матываваным;
🔴 у выпадку экстрадыцыі на радзіму беларус сутыкнецца з рэпрэсіямі.
Адзначым, што Офіс Святланы Ціханоўскай кожны дзень вядзе працу на палітычным узроўні па пытаннях экстрадыцыі беларусаў больш чым у 15 краінах. Што тычыцца справы Андрэя Гнёта, то каманда Офіса знаходзіцца ў пастаяннай камунікацыі з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі, Міністэрствамі замежных справаў шэрагу еўрапейскіх краінаў, прадстаўнікамі структураў Еўрасаюзу, ЗША, ААН, а таксама Сербіі. Амаль кожны дзень прадстаўнікі Офіса кантактуюць і з самім Андрэем. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, дэмакратычным сілам і міжнароднай супольнасці ў ліпені ўдалося выключыць Андрэя Гнёта з базы дадзеных Інтэрпола.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
"Ніхто не даведаецца, што ты там пабіты сядзіш". Былы палітвязень пра жорсткія ўмовы ў "Віцьбе"
29 жніўня 2024
Мікалай (імя зменена ў мэтах бяспекі) правёў у зняволенні амаль два гады. У чэрвені мужчына выйшаў на волю з віцебскай калоніі № 3 па заканчэнні тэрміну. Каб зноў не апынуцца за кратамі, былы палітвязень быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. Мікалай распавёў "Вясне", як зняволеных пазбаўляюць права на медыцынскую дапамогу і прымушаюць выконваць цяжкую працу, пра даносы за беларускую мову, збіванні зняволеных, а таксама пра жорсткія абмежаванні для палітычных.
"Прысуд яшчэ не набыў моцы, а мяне ўжо ў калонію завезлі"
Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Мінску і асудзілі да пазбаўлення волі. Яго адразу пасля суда і яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі перавялі ў віцебскую калонію № 3. Пры гэтым, на той момант ягоны прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
"Калі кагосьці пераводзяць на этап, то яшчэ даюць час, каб сабраць рэчы. Даюць паперу, каб падлічыць і запісаць усе рэчы, якія ў цябе ёсць. А мяне проста за некалькі хвілін схапілі і сказалі, што трэба хутка сабраць рэчы. І павезлі ў калонію. Там я толькі гадзіну прабыў на каранціне, нават яшчэ не зразумеў дзе я знаходжуся. Я наогул не зразумеў, што адбываецца і лічыў, што гэта незаконна. То бок прысуд яшчэ не набыў моцы, а мяне ўжо ў калонію завезлі.
А яны там таксама не разумелі, што са мной рабіць, бо я ж яшчэ не асуджаны. Адзін з супрацоўнікаў мне сказаў, што гэта дзіўна, але форс-мажорная сітуацыя. Таму мяне пасадзілі ў адзіночную камеру. Самае цяжкае, калі ты так сядзіш, што ты не ведаеш, колькі табе так сядзець і дзе ты знаходзішся. У выніку мяне пратрымалі ў ПКТ два месяцы".
"Адразу робяць усё, каб зламаць чалавека"
Пасля разгляду апеляцыі Мікалая перавялі на каранцін.
"Ты заязджаеш на каранцін і яны адразу робяць усё, каб зламаць чалавека. Папраўчая калонія № 3 — "чырвоная". Не "чорная", дзе воры кіруюць, а чырвоная. Тым больш там шмат міліцыянтаў. Усе падпарадкоўваюцца кіраўніцтву калоніі".
Па словах Мікалая, вязняў, якія прыязджаюць у калонію, прымушаюць падпісваць паперы, што чалавек пагаджаецца рабіць усё, што скажа адміністрацыя.
"Я наогул не разумею, чаму вас не растрэльваюць"
Мужчына кажа, што дамагчыся якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі ў калоніі, немагчыма.
"У калоніі няма ніякай медыцынскай дапамогі. Ёсць анальгін, калі ўжо зусім гамон. Могуць нейкую капельніцу паставіць, але там таксама незразумела, што там у той капельніцы.
І ўсё тое, што кажуць людзі пра зубы, — праўда. Яны іх там не хочуць лекаваць. Калі ты захварэў у калоніі, то ты нічога з гэтым не зробіш, і ніхто табе не дапаможа".
Акрамя гэтага, былы палітвязень распавёў, што ў віцебскай калоніі ўтрымліваюцца два хлопцы, асуджаныя па палітычных матывах за каментары, якія маюць сур'ёзныя псіхічныя захворванні, таму патрабуюць асаблівы дагляд.
"У калоніі працуе псіхолаг. Атрад неяк ішоў на прамзону і падыйшлі да псіхолага спытаць, чаму звычайныя вязні могуць зняць профулік "як схільныя да самагубства", а палітычныя не могуць. А ён кажа: "Я наогул не разумею, чаму вас не растрэльваюць".
"Агулам за адзін дзень тры чалавекі, здаецца, памерлі"
7 траўня 2023 году ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Мужчына меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Негледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. У зняволенні Мікалай вытрымаў крыху больш за два месяцы.
У той жа час у калоніі ўтрымліваўся і Мікалай. "Вясна" спытала яго, ці было яму вядома пра смерць палітвязня.
"Я чуў пра смерць Клімовіча. Я тады ўжо ў атрадзе быў. Мяркую, што ён мог не вытрымаць этап. Бо там таксама асаблівае стаўленне да палітычных. У палітычных ва ўсіх за спінах кайданкі, з торбамі. Вось калі кажуць што ў цягніках "людзі як сялёдка напханы" — там у прамым сэнсе так.Калі кабінка на чатыры чалавекі, а піхаюць туды 20, то гэта сапраўды так, а яшчэ і з гэтымі торбамі вялізнымі. Таму, калі ў чалавека слабое сэрца, то можа не вытрымаць. А пасля гэты каранцін — таксама стрэс. Там агулам у той час за адзін дзень тры чалавекі, здаецца, памерлі".
"У калоніі шмат каго збіваюць"
"Вясна" часта фіксуе факты прымянення фізічнай сілы ў дачыненні да палітычных зняволеных. Часцей за ўсё збіванні і катаванні ўжываюць пры затрыманні, але над некаторымі працягваюць здзеквацца і ў месцах зняволення. Мікалай кажа, што ў віцебскай калоніі гэта таксама здараецца.
"У калоніі шмат каго збіваюць, не толькі палітычных. Калі супрацоўнікам штосьці не падабаецца, ці неяк не так адкажаш, то яны, канешне, могуць пабіць. Напрыклад тых, хто сядзіць у ШІЗА. Бо якая розніца, калі да іх не пусцяць нават адваката. Таму ніхто не даведаецца, што ты там пабіты сядзіш".
"Мы падымаем руку і яны падлічваюць, колькі экстрэмістаў і тэрарыстаў"
Да палітычных у калоніі стаўленне асаблівае, нават спортам не дазвалялі займацца. Да цяжкай атлетыкі палітвязняў не дапускалі, а ў пэўны момант нават забралі гіры і забаранілі займайцца на турніках.
Аднойчы Мікалай адмовіўся выступаць на канцэрце ў клубе пры калоніі, а за гэта яго пазбавілі званку па скайпе. Былы палітвязень распавядае, што наогул іх атрад пазбаўлялі званкоў. Яны маглі не тэлефанаваць сваякам месяцамі, пры тым, што дазволена кожны тыдзень.
"Былі выпадкі, калі прыходзілі да чалавека і казалі: "Трэба парушэнне сёння выпісаць, скажы, што там табе сёння зрабіць".
Апроч гэтага, мы падымаем руку і яны падлічваюць, колькі экстрэмістаў і тэрарыстаў. Забойцы і наркаманы з белымі біркамі ходзяць, а мы — з жоўтымі. Некаторыя першы час думалі, што з такім асобым стаўленнем нас хутка і растрэльваць пачнуць. Бо навошта, калі ідзем у сталовую або на промзону ўвесь час падымаць руку. На 40 чалавек нас было 10 челавек наперадзе — экстрэмісты.
Людзі фактычна сядзяць ні за што. Напісаў "таракан" — і восем год даюць. А ёсць забойцы, якім сем гадоў далі за забойства чалавека. Вельмі шкада гэтых людзей, там жа ўсе: пісьменнікі, паэты, мастакі, айцішнікі, былыя супрацоўнікі. Ёсць з кім паразмаўляць цікава. З намі сядзеў Дзмітрый Юртаеў, а ў бібліятэцы яго кнігі стаялі.
Бывае, кажуць, што ў турме сяброў няма. Няпраўда. Мы ўсе сябравалі".
"Звар'яцеў тут па-беларуску размаўляць?"
Беларускую мову ў калоніі адміністрацыя не ўхваляе. Па словах Мікалая, адзін з супрацоўнікаў парваў карцінкі і тэксты, напісаныя па-беларуску.
"Кажа мне: "Да ты што, звар'яцеў тут па-беларуску размаўляць?". У калоніі ёсць людзі, якія робяць даклады, так званыя стукачы, яны распавядаюць адміністрацыі, чым тыя экстрэмісты займаюцца. І могуць прыйсці паглядзець торбу тваю, шукаць парушэнні. А там нават з першага парушэння могуць адправіць у ШІЗА. А калі ёсць тры сур'ёзныя парушэнні, то могуць раскруціць да двух год (паводле арт. 411 КК).
І гэта тычыцца не толькі таго, што ты там па-беларуску размаўляеш. Там проста напруджаная сітуацыя праз жудасныя ўмовы і тое, што там мала месца і кожны дзень адное і тое ж".
"Так холадна, што можна памерці"
Мікалай кажа, што ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) для вязняў ствараюцца жудасныя ўмовы.
"У камеру не трапляе сонечнае святло, бо там жалезныя "раснічкі". Узімку там дзікі холад, бо адчынена фортка. Так холадна, што можна памерці. Папрысядаеш — сагрэешся на гадзіну.
У ШІЗА я не сядзеў, але калі хадзіў па прадолах, то бачыў умовы, у якіх утрымліваюць. У камерах ШІЗА няма матрацаў. Некаторыя спяць на жалезным ложку, а іншыя — на драўлянай дошцы. Таксама там ёсць дзверы са шклом — для "самагубцаў". Каб было бачна, што яны робяць. Там краты і шкло.
Яны мяне па тых прадолах [калідорах] з ПКТ выводзілі збіваць. Агулам там ёсць адзіночныя камеры, а ёсць і для чатырох, і для шасці чалавек".
"Ты там проста атручаны гэтым СССР і той вайной"
"У калонія вельмі цяжкая праца, да якой прымушаюць палітвязняў. Палітычныя займаюцца толькі цяжкай працай, лёгкую ім не даюць. Напрыклад, цягаем бервяно, дошкі. Некаторыя разбіраюць метал, і да такой моцы, што скура здзіраецца. Мы яшчэ рабілі нейкія скрыні, але невядома для чаго яны. Шылі нейкую форму для расейскага войску. Але дакладна не ведаю куды гэта.
Там яшчэ і ўвесь час гэтыя культурна-выпраўленяыя працы (КВР). Яны там прапагандай займаюцца. Увесь час "вайна", "савецкія часы", паўсюль плакаты з "сярпом і молатам". То ты там проста атручаны гэтым СССР і той вайной".
Палітвязняў прымушаюць працаваць нават пры хваробе. Мікалай ўзгадвае, што аднойчы яму пры тэмпературы ў 40 градусаў ну пускалі да лекара і прымусілі ісці на працу.
"Пасля каранціну я трапіў у бальніцу, яны давалі мне па тры таблеткі анальгіна. Тады была зіма, нам выдалі рыдлёўкі, а яны як даспехі, самі па сабе мо кілаграмаў 20. І ты мусіш прыбіраць снег па восем гадзінаў. А потым могуць зрабіць так, што ты па чатыры гадзіны стаіш на марозе проста так. І я там захварэў".
Што ратавала ў зняволенні
"Адміністрацыя сваімі ўмовамі можа зрабіць узмоцнены рэжым. Гэта цяжка. Ты кожны дзень прачынаешся а шостай гадзіне і пачынаецца ўсё адное і тое ж. Адзінае, што выратоўвае — кнігі і спроба займацца спортам. Але ж важна, каб і харчаванне было добрае, а яны спецыяльна з перадачы робяць проста салат — рэжуць усё і змешваюць. А калі прыходзіць перадача, то гэта вельмі цяжкі дзень, бо табе трэба ўсё раскласці, падпісаць гэта. А ў гэты момант можа быць прафулік, які ты не можаш прапусціць. А без перадач немагчыма вытрымаць з той ежай".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
«Краіны Захаду, пачынаючы з 2020 году, ніколі не спынялі камунікацыю з афіцыйным Мінскам»
28 жніўня 2024
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры Еўрарадыё патлумачыў, чаму дэмакратычныя сілы не бралі ўдзел у абмене вязнямі паміж Расіяй і ЗША, што абмяркоўваецца Офісам з амерыканскімі партнёрамі і чаму Лукашэнка пачаў вызваляць палітзняволеных.
Прыводзім ключавыя моманты размовы:
📌 «Лукашэнка гуляе на сваю аўдыторыю. Яму патрэбна перад выбарамі паказаць сябе чалавечным і гуманным, перагарнуць старонку. Ён традыцыйна выпускае палітвязняў менавіта з гэтым падыходам. Без міжнароднай увагі і працы праваабаронцаў вызваленне палітвязняў магло б увогуле не адбыцца. Гэтая падзея – вынік як палітычнай так і дыпламатычнай працы».
📌 «Усе чатыры гады размовы з рэжымам не спыняліся: і Польшча, і ЗША – усе краіны маюць кантакты з Мінскам. І гэта адбываецца нонстоп. Вядома, няма кантактаў на вышэйшым узроўні, але ў справе палітвязняў камунікацыя адбываецца пастаянна. Таму праблема не ў камунікацыі, а ў нежаданні Лукашэнкі вызваляць палітвязняў».
📌 «Польшча ў вялікай ступені вызначае Еўрапейскую палітыку па Беларусі. У пытаннях перасячэння мяжы на аўтамабілях з беларускімі нумарамі, дзякуючы пазіцыі Польшчы удалося змякчыць пазіцыі Літвы і Латвіі».
📌 «Мы абмяркоўваем з замежнымі дыпламатамі два трэкі. Першы – гэта якім чынам вызваліць палітычных вязняў, якія ёсць цяпер. Другі трэк – дапамога рэпрэсаваным. І адзін трэк не выключае другі. Нам трэба аказваць дапамогу тым, хто ўжо вызвалены і тым, хто яшчэ за кратамі».
📌 «Для нас галоўнае – гэта мабільнасць беларусаў: каб яны маглі прыязджаць у Еўропу і вяртацца. Для Еўрасаюза галоўнае – бяспека: каб не ўязджалі агенты, не было правакацый на мяжы. І мы спрабуем шукаць баланс».
📌 «Я не думаю, што сітуацыя з візамі будзе паляпшацца. Візаў выдаецца нават крыху болей, чым год таму, але праблема ў тым, што пачалі менш выдаваць шматразовых».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду»
25 жніўня 2024
Святлана Ціханоўская – да Дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі:
«Мае дарагія беларусы!
33 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Тое, пра што марылі многія пакаленні беларусаў, нарэшце стала рэальнасцю. Нашая краіна вярнулася на карту Еўропы. Мы вярнулі сабе сваю дзяржаву, герб і сцяг, а пазней прынялі і ўласную Канстытуцыю.
У гісторыі Беларусі падзеі 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная незалежнасць БНР, 27 ліпеня 1990-га, калі была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, і 25 жніўня 1991-га, калі Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закону – стаяць у адным шэрагу змагання беларусаў за права мець сваю дзяржаву.
Я часам чую, маўляў, незалежнасць «звалілася з неба». Гэта не так. Незалежнасць Беларусі стала магчымай дзякуючы змаганню і працы пакаленняў беларускіх патрыётаў. Айцоў-заснавальнікаў БНР і слуцкіх паўстанцаў. Беларускага падполля. Моладзевых суполак і інтэлігенцыі. Дыяспара, якіая праз гады савецкай акупацыі адстойвала інтарэсы беларусаў у свеце. Дзясяткаў тысячаў беларусаў, якія, нягледзячы на страх і прапаганду, выходзілі на цэнтральныя плошчы ў Мінску і іншых гарадах. І, безумоўна, адважных дэпутатаў апазіцыі ў Вярхоўным Савеце – якія замацавалі незалежнасць Беларусі ў асноватворных законах.
Увогуле, гісторыя нашай краіны – гэта гісторыя барацьбы за свабоду. Мы паўставалі, калі нас спрабавалі паняволіць. Мы вялі партызанскія баі, калі войску не хапала рук. Мы пераходзілі да ціхага пратэсту і не дазвалялі спыніць біццё свабодалюбівага беларускага сэрца, калі здавалася, што ўсё прапала.
У беларусаў ёсць якасці, якія заўжды дапамагалі нам перажыць цёмныя часы. Цярплівасць і працавітасць, талерантнасць і міралюбнасць, імкненне да справядлівасці і любоў да сваёй зямлі. І я веру, што дзякуючы гэтым якасцям, а таксама нашай салідарнасці, мы і цяпер зможам вярнуць сабе наш дом, вызваліць людзей з турмаў і адстаяць незалежнасць нашай краіны. Як паказаў 2020-ы, мы, беларусы, умеем паказаць сябе і здзівіць увесь свет.
Я заклікаю кожнага з нас працягваць барацьбу. Не дазваляйце дыктатарам зняверыць вас і паставіць пад сумнеў абраны шлях. Распаўсюджвайце інфармацыю сярод суседзяў, сяброў і родных. Размаўляйце па-беларуску. Праяўляйце салідарнасць. Дапамагайце тым, хто ў бядзе, асабліва нашым палітвязням, рэпрэсаваным, добраахвотнікам. Няхай гэта будуць невялікія крокі, але кожны дзень. «Праз залевы і завалы мы ідзём да нашай мэты. І мы дойдзем, галоўнае, каб яна дачакалася нас». Гэта сказаў Алесь Бяляцкі, наш мудры і нязломны Нобелеўскі лаўрэат.
І я хацела б звярнуцца да тых, хто працуе ў сістэме, у дзяржаўнай наменклатуры і арміі. Я ведаю, што сярод вас шмат годных людзей. Незалежна ад таго, якія ў вас погляды, пасады і абавязкі, памятайце: незалежнасць – найвышэйшая каштоўнасць і найвышэйшы здабытак нашага народу. Не дазваляйце рэжыму знішчыць тое, што мы здабылі 25 жніўня 1991 году, прадаць нашую краіну Расіі і ўцягнуць наш народ у вайну. Вы маеце служыць беларускаму народу, а не злачыннаму дыктатару, які гатовы заплаціць незалежнасцю краіны дзеля захавання асабістай улады.
У канцы я хачу яшчэ раз павіншаваць усіх беларусаў з 25 жніўня – Днём аднаўлення незалежнасці. Але я ўпэўненая, што будзе і яшчэ адна дата – дзень, калі беларускі народ скіне, цяпер ужо назаўсёды, цяжар дыктатуры і, як пісаў Якуб Колас, выйдзе «на прастор, на шырокі разлог», каб адбудаваць уласную краіну для сябе і будучых пакаленняў.
Жыве Беларусь!»
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Анатоль Лябедзька: «Ці гэта будзе 23 лютага, ці 1 красавіка – не істотна. Істотна тое, што вызначаныя і ўдзельнікі, і лічбы ў выніковым пратаколе»
22 жніўня 2024
Дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька расказаў, чаму рэжым намагаецца хутчэй правесці «спецаперацыю» пад назвай «выбары прэзідэнта», а таксама патлумачыў, як дэмакратычныя сілы ставяцца да гэтай «кампаніі».
📌 «Апошнія мерапрыемствы кшталту буйных выбараў улады імкнуцца праводзіць зімой, калі людзі больш прывязаныя да месца жыхарства, да працы. Тады іх лягчэй кантраляваць».
📌 «Ці гэта будзе 23 лютага, ці 1 красавіка – не істотна. Істотна тое, што вызначаныя і ўдзельнікі, і лічбы, якія будуць у выніковым пратаколе».
📌 «Ёсць тры групы людзей. Першая не хоча ўдзельнічаць у выбарах з-за фальсіфікацый. Другая падтрымлівае актыўныя дзеянні. Трэцяя – людзі, якія б можа і хацелі не пайсці, але яны прывязаныя да беларускай сістэмы праз працу ці інтэрнаты. Усе гэтыя людзі выступаюць за свабодныя выбары, бо ў 2020-м выходзілі на вуліцы. Таму менавіта пытанне сумленных выбараў трэба ставіць на першае месца. І працаваць і з нашымі прыхільнікамі, і з тымі, хто сумняваецца».
📌 «Палітыкам, якія выступаюць спікерамі розных групаў, неабходна дамовіцца: мы не вядзём канфрантацыю. Калі патрацім частку гэтага часу, каб гаварыць, што няправільную пазіцыю маюць тыя, а не іншыя – то згубім працу з астатнім грамадствам, з тымі, хто хістаецца. Мы не зможам патлумачыць, што свабодныя сумленныя выбары – не толькі права выбіраць, але і эканоміка, дабрабыт, заробкі…»
📌 «Унутры краіны будзе бітва. Лукашэнка будзе рабіць усё магчымае, каб стварыць уражанне: у 2020 годзе было нешта неадназначнае, але прайшло пяць гадоў, старонка перагорнутая, людзі адумаліся і, як авечкі з апушчанай галавой, вярнуліся да пастуха».
📌 «Трэба шукаць кампраміс, каб мець, што прапанаваць беларусам у Беларусі. Каб перадусім гэта было бяспечна для людзей, і каб мы вызначылі прыярытэтам, што трэба не пераконваць адно аднаго ў нечым, а змагацца за свабодныя выбары».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Што рабіць, калі банк у краіне ЕС адмаўляе ў адкрыцці рахунку? Расказваюць Народныя амбасады
20 жніўня 2024
Беларусы ў розных краінах могуць сутыкацца з адмовамі банкаў адкрываць рахункі. Як правіла, гэта аргументуецца палітыкай банка ці бізнес-рызыкамі. Але для фізічных асобаў есць просты выхад – базавы банкаўскі рахунак (basic bank account).
Падрабязней пра базавы банкаўскі рахунак і пра тое, што трэба зрабіць, каб яго адкрыць:
Базавы банкаўскі рахунак можа атрымаць любы замежнік, які легальна знаходзіцца на тэрыторыі краіны Еўрасаюза, у тым ліку – уцекачы і суіскальнікі статусу міжнароднай аховы, студэнты, уладальнікі візаў і відаў на жыхарства.
Базавы банкаўскі рахунак дазваляе атрымліваць і прымаць грошы, рабіць пакупкі ў інтэрнэце, мець плацежную картку. То бок, вы можаце карыстацца большасцю банкаўскіх паслугаў. Базавы банкаўскі рахунак рэгулюецца Дырэктывай 2014/92/ЕС – абавязковай для выканання ўсімі краінамі Еўрасаюза.
Большасць банкаў любой краіны Еўрасаюза абавязаныя прапаноўваць паслугу адкрыцця базавага банкаўскага рахунку, асабліва – пры адмове адкрыць звычайны разліковы рахунак. Адмовіць банк можа толькі ў выпадку, калі мае для гэтага вельмі сур’ёзныя падставы. Пасля адмовы банк абавязаны даць пісьмовы адказ і абгрунтаванне свайго рашэння.
Каб адкрыць рахунак, трэба звярнуцца ў любы банк і папрасіць адкрыць «базавы банкаўскі рахунак». Загадзя знайдзіце, як перакласці гэта на мову краіны, дзе вы знаходзіцеся. Звярнуцца можна нават у той банк, які раней адмовіў у адкрыцці разліковага рахунка.
Пры неабходнасці вы можаце спаслацца на Дырэктыву 2014/92/ЕС ці знайсці адпаведны нацыянальны закон*. Напрыклад, у Польшчы гэта «Ustawa o usługach płatniczych», у Літве – «Mokėjimo paslaugų įstatymas». Нормы Дырэктывы прапісаныя ў законах аб банкаўскім абслугоўванні, і там жа пазначаная адказнасць банкаў за парушэнні.
Патрабуйце пісьмовае абгрунтаванне ў выпадку, калі банк усё ж адмовіў у адкрыцці рахунку. Акрамя таго, каб мець магчымасць падаць скаргу органу, адказнаму за кантроль банкаўскай дзейнасці, трэба:
– захаваць перапіску з банкам;
– зафіксаваць імя супрацоўніка, дату і час вашага візіту ці тэлефоннай размовы.
Калі ў якасці абгрунтавання адмовы ў адкрыцці рахунку вам адказалі штосьці накшталт «таму што вы беларус» ці «наш банк не працуе з замежнікамі», збярыце доказы (лісты, сведчанні сведак, час тэлефоннай размовы і г.д.) і падавайце скаргу Амбудсмену* па справах недыскрымінацыі. Калі ваш кейс будзе прызнаны дыскрымінацыйным, то ў вас будзе магчымасць вырашыць пытанне праз суд.
* Пасада Амбудсмена прапісаная ў нацыянальным законе аб недыскрымінацыі краіны вашага знаходжання – і па-рознаму перакладаецца на мясцовую мову
Не саромейцеся і не бойцеся адстойваць свае правы ў замежжы. Калі вы маеце патрэбу, то можаце звярнуцца па параду ці дапамогу да Народных амбасадаў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
У нас няма маральнага права сказаць: «Прабачце, нічога не выйшла» – мы мусім працягваць змагацца
16 жніўня 2024
Чаму патрэбны альтэрнатыўны падыход да рэалізацыі санкцыяў супраць рэжыму, навошта падтрымліваць беларусаў, з якой нагоды неабходна змагацца за тэлеканал «Белсат» і з якімі наступствамі сутыкнецца Захад, калі выключыць Беларусь з парадку дня – пра ўсё гэта Святлана Ціханоўская распавяла польскаму выданню «Rzeczpospolitа».
📌 «Дэмакратычныя краіны павінны памятаць, што дапамога Беларусі – гэта не нейкая падачка. Гэта інвестыцыі ў бяспеку Еўропы, бо Беларусь мае стратэгічнае значэнне. Будзем спадзявацца, што яны не спазніліся з гэтымі інвестыцыямі».
📌 «Унутры Беларусі людзі не складаюць рукі. Усю інфармацыю пра тое, як рэжым абыходзіць санкцыі, пра фінансавыя махінацыі, падрабязнасці пра ядзерную зброю мы атрымліваем ад людзей, якія знаходзяцца ўнутры рэжыму. Гэта нашыя прыхільнікі».
📌 «Санкцыі павінны біць па гандлі рэжыму, а не па простых людзях. Не варта рабіць такія падарункі дыктатару. Дыскрымінацыя беларусаў – гэта мука на млыне лукашэнкаўскай прапаганды. Ён будзе казаць, што Захад нашых людзей не чакае і што яны там нікому не патрэбныя».
📌 «Мы мусім працягваць змагацца. У нас няма маральнага права сказаць: «Прабачце, нічога не выйшла». Не маюць такога маральнага права і нашыя партнёры. Як заходнія палітыкі будуць глядзець адно аднаму ў вочы пасля таго, як адмовяцца ад барацьбы з Лукашэнкам?»
📌 «Мы не засяроджваемся толькі на стварэнні інстытутаў за мяжой. Мы павінны былі зрабіць так, каб беларусы, якія з’ехалі, і тыя, хто застаўся ў краіне, мелі адпаведную падтрымку. Зараз існуе шмат ініцыятываў і кожная адказвае за свой напрамак».
📌 «Белсат» – унікальны праект. Гэта адзіны беларускамоўны канал, вялікі праект, створаны Польшчай. І ўсё ж мы змагаемся супраць вялізнай прапагандысцкай машыны Лукашэнкі і Пуціна. І нам трэба ўзмацняць гэтую барацьбу, а не аслабляць яе. Я спрабую растлумачыць гэта нашым партнёрам».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Працягваецца ціск у зняволенні: агляд навінаў пра палітвязняў з 16 ліпеня па 12 жніўня
12 жніўня 2024
Больш за чатыры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў.
Палітвязнямі за мінулыя тыдні былі прызнаныя 48 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1385 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю больш за 42 палітвязні, у тым ліку Вадзім Ермашук, Дзяніс Пішчала, Руслан Акостка, Мікалай Казлоў, Багдан Каравец.
Таксама праваабаронцам стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах васьмі палітзняволеным:
Сяргею Дзяцуку — яшчэ адзін год калоніі;
Сяргею Яфімаву — яшчэ адзін год калоніі;
Андрэю Кудзіку — чатыры гады калоніі;
Наталлі Левай — шэсць гадоў калоніі;
Паўлу Белаголаву — тры гады і чатыры месяцы калоніі;
Алесю Сабалеўскаму — чатыры гады калоніі;
Яўгену Глушкову — тры гады калоніі;
Наталлі Малец — тры з паловай гады калоніі.
Нагадаем, суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок "у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".
Ягор адбывае свой тэрмін у івацэвіцкай калоніі. Па інфармацыі "MAYDAY TEAM", нядаўна палітвязень мінімум 10 сутак адбыў у штрафным ізалятары.
Палітвязня Вячаслава Малейчука трэці раз судзяць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
Нагадаем, 10 лютага 2023 года Вячаслава, асуджанага да 23 гадоў калоніі, прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК. Суддзя Мікалай Сяргейка прызначыў яму год калоніі. Пасля прысуду Малейчука накіравалі ў папраўчую калонію № 9 у Горкі. Там літаральна праз некалькі месяцаў супраць яго ўзбудзілі ўжо другую запар крымінальную справу па ч. 2 арт 411 КК.
Наступны суд над ім адбыўся 23 жніўня мінулага году. Мікалай сваю віну не прызнаў. Суддзя Алена Вераб'ёва дадала да 23 гадоў калоніі яшчэ два гады пазбаўлення волі.
У судзе Мазырскага раёна 7 жніўня над палітвязнем распачаўся ўжо трэці суд за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Справу разглядае суддзя Анатоль Стрэльчанка. Яму могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.
Гарадзенскі журналіст знаходзіцца за кратамі ўжо 40 месяцаў. 8 лютага 2023 года яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск.
Віцэ-старшыня Саюза палякаў на Беларусі Марэк Занеўскі падчас акцыі салідарнасці з палітвязнем у Белыстоку распавёў, што Пачобута яшчэ ўтрымліваюць у ПКТ:
“На жаль, няма інфармацыі пра Анджэя. Ён надалей знаходзіцца ў Наваполацку, сядзіць у ПКТ у ізаляцыі і нічога не адбываецца. Уся гэтая інфармацыя, якая гуляла апошнія месяцы, некаторыя казалі, што яго выпусцілі, некаторыя казалі, што яго вазілі на мяжу.
Канешне, усё гэта няпраўда, усё гэта фэйкі. Нам вельмі прыкра, што такія сітуацыі адбываюцца. Сітуацыя з Анджэем застаецца вельмі складнай і на сёння дзень мы не бачым яе паляпшэння".
23-гадовага Вячаслава ўтрымліваюць у зняволенні амаль чатыры гады. Яго затрымалі 20 жніўня 2020 года за ўдзел у акцыіі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня.
Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка 2021 года вынес прысуд па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавацілі нібы ва "ўдзеле ў масавых беспарадках". Вячаслава асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Хлопца накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію № 3. Па ініцыятыве адміністрацыі Дзмітрыю хочуць узмацніць пакаранне. Як піша "Берасцейская Вясна", суд па замене рэжыма ўтрымання на турэмны адбудзецца ў Віцебску 31 ліпеня. Рашэнне будзе прымаць суддзя Міхаіл Зубеня.
Юрый — юрыст, асуджаны па "справе змоўшчыкаў". Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзілі 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
27 снежня 2022 года ў судзе Мядзеля разглядалася новая справа супраць Юрыя аб "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Па пярэдняй інфармацыі, Зянковічу тады дадалі яшчэ паўгода. Спачатку Юрый адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі № 2, дзе на яго аказваўся ціск. Палітвязень правёў у ШІЗА 8 дзён і абвяшчаў галадоўку. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.
7 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва палітвязня пачалі судзіць за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы" паводле ч. 2 арт. 411 КК. Справу разглядае суддзя Вікторыя Палякова.
У чэрвені Міколу і многіх іншых палітзняволенных гродзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Мікола знаходзіцца там да гэтага часу. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.
Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск.
Пра гэта паведамляе тг-канал "Право на восстание". Нагадаем, напрыканцы чэрвеня Ігара змясцілі ў лякарню ў Калядзічах. Прычыны пераводу невядомыя.
Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
Палітзняволенага актывіста "Еўрапейскай Беларусі", асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязня зноў перавялі ў наваполацкую калонію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін.
Адразу па прыбыцці ва ўстанову адміністрацыя змясціла яго ў ШІЗА на 45 сутак, а потым перавяла ў ПКТ. 29 ліпеня ў Наваполацку адбыўся чарговы суд па замене Яўгену рэжыма ўтрымання. Суддзя Віталь Лапко пастанавіў перавесці палітвязня ў турму да канца тэрміну. Яўгена ўжо этапавалі ў Магілёў.
Палітзняволенага Яўгена Кладова не вызвалілі пасля адбыцця першага тэрміну — яго будуць зноў судзіць
Жыхара Баранавічаў арыштавалі на 13 сутак у жніўні 2023-га, а таксама канфіскавалі тэлефон. Але пасля гэтага Яўгена не выпусцілі — у лістападзе 2023 года адбыўся суд па крымінальнай справе. Яму прысудзілі год калоніі за лайкі пад карыкатурамі на Лукашэнку.
Цяпер стала вядома, што супраць Кладова завялі крымінальную справу па новых артыкулах — "масавыя беспарадкі" (293 КК), "распальванне варожасці або варажнечы" (130 КК) і "заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (361 КК). Жыхару Баранавічаў можа пагражаць да 12 гадоў калоніі, піша "Наша Ніва". Нядаўна Яўгена дадалі ў спіс "тэрарыстаў".
Паліна мусіла выйсці на волю 21 траўня гэтага года. Але за два дні да вызвалення яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Нядаўна сваякі Паліны атрымалі афіцыйны адказ ад адміністрацыі жаночай калоніі № 24, у якім пазначана, што ў жанчыны дыягнаставалі "хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці". Пра гэта "Свабодзе" распавёў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.
"Што яна хворая на панкрэатыт, мы не ведалі, але даходзілі звесткі, што ў Паліны болі ў страўніку і здараецца рэзкая страта вагі. Аднойчы яна так рэзка схуднела, што стала важыць усяго 50 кілаграмаў".
Пра гэта "Радыё Рацыя" стала вядома з колаў, блізкіх да сям'і палітвязня:
"У яго ўжо зноў было нейкае правапарушэнне, з-за якога яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое павінна быць яшчэ толькі ў верасні, але наперад яго ўжо пазбавілі. Ён сам не ведае за што. Нават нічога не тлумачылі, проста сказалі, што пазбавілі і ўсё. І нават не ведае на які тэрмін".
Нагадаем, фігуранта "справы Аўтуховіча" асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах.Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
У Баранавічах за "ўдзел у пратэстах" судзяць былога палітвязня, якога раней вызвалілі па амністыі
У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 12 жніўня паводле ч. 1 арт. 342 КК пачаўся суд над трыма мясцовымі жыхарамі. Ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, якія адбываліся чатыры гады таму, абвінавачваюць Аляксандра Тарасавеча, Дзмітрыя Блашчэніцу і Пятра Зяневіча. Іх справу разглядае Аксана Літвінчык.
Пётр Зіневіч — былы палітзняволены, якога ў 2021 годзе асудзілі да двух гадоў "хіміі" за тое, што сваёй старонцы ва "Укантакце" апублікаваў фотаздымак супрацоўніка Баранавіцкага РАУС з надпісам "удзельнічаў у разгоне мітынгаў і катаваў людзей". Гэта палічылі "паклёпам".
Пётр адбываў тэрмін у ПУАТ № 9. 11 студзеня 2023 года выйшаў на волю з паводле закона аб амністыі. Напрыканцы красавіка 2024 года Пятра зноўку затрымалі разам з некалькімі жыхарамі Баранавічаў. На "пакаяльным відэа" Пётр кажа, што "проста ішоў праз плошчу". Цяпер мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА.
Яшчэ аднаго былога палітвязня з Баранавічаў зноў будуць судзіць
Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Упершыню яго судзілі ў верасні 2021-га. За год да гэтага ён пакінуў каментар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту.
Наступнага разу Віталя затрымалі ў студзені 2024 года.
Суд над Коршунам пачнецца 13 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе. Яму закідаюць ажно пяць палітычных артыкулаў: "паклёп на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК), "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК), "арганізацыя масавых беспарадкаў" (ч. 1 арт. 293 КК), "заклікі да санкцыяў" (ч. 3 арт. 361) і "распальванне варожасці або варажнечы" (ч. 1 арт. 130 КК). Палітвязню пагражае да 12 гадоў калоніі. Судзіць яго будзе Святлана Крамянеўская.
Палітвязняў масава прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні
Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", у наваполацкую калоніі № 1 кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі мінскай пракуратуры, якія прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні. Але гэта тычыцца толькі асуджаных да невялікіх тэрмінаў.
Таксама вядома, што ў некаторых калоніях палітвязняў за адмову пісаць прашэнне змяшчаюць у ШІЗА, а некаторым пагражаюць узбуджэннем новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Акрамя гэтага, праваабаронцы атрымліваюць сведчанні таго, што ў апошнія тыдні актывізаваўся Юры Васкрасенскі — ён тэлефануе родным палітвязняў і распавядае ім пра ўмовы і акалічнасці памілавання, агітуючы за тое, каб іх сваякі за кратамі напісалі прашэнне на імя Лукашэнкі.
Нагадаем, па інфармацыі "Вясны", 3 ліпеня на волю па амністыі ці памілаванні выйшлі 18 палітзняволеных. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Эстафета салідарнасці: Аб'яднаемся для падтрымкі Беларусі
11 жніўня 2024
Вітаем у «Voices Across Borders» – «Голас праз межы». Гэта першая міжнародная анлайн-супольнасць, мэта якой інфармаваць людзей па ўсім свеце пра палітычны крызіс і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Пасля выбараў 2020 года наша краіна сутыкнулася з паглыбленнем рэпрэсій, пагрозай культурнай самабытнасці і ціскам на суверэнітэт. Каб супрацьстаяць гэтаму, мы запланавалі серыю афлайн і анлайн-мерапрыемстваў па ўсім свеце. Наша мэта – прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці і падтрымаць пераследуемых беларусаў.
Што мы робім?
Мы запускаем эстафету салідарнасці, якая прайдзе праз розныя краіны і дыяспары і скончыцца ў лістападзе 2024 года. У межах эстафеты будуць арганізаваны выставы, канцэрты, дыскусіі і вэбінары, расказваючы пра Беларусь, нашу культуру і выклікі, з якімі мы сутыкнуліся. Таксама мы збіраем сродкі для дапамогі пацярпелым ад рэжыму беларусам.
Чаму гэта важна?
У год на аднаго палітычнага зняволенага сваякі выдаткоўваюць у сярэднім €2000. Рэабілітацыя вызваленага чалавека каштуе ад €6000 у Еўропе і ад €2000 у Беларусі. Сёння ў беларускіх турмах знаходзіцца каля 1500 прызнаных палітычных зняволеных, і столькі ж людзей нядаўна выйшлі на волю. А яшчэ ёсць тысячы людзей, якія пацярпелі за сваю пазіцыю, і якім патрэбна дапамога.
Наша мэта – сабраць €500.000, каб дапамагчы тым людзям, хто знаходзіцца ў самай цяжкай сітуацыі.
Як вы можаце дапамагчы?
Ваша ахвяраванне можа змяніць чыёсці жыццё:
€10 дазволяць набыць важныя медыкаменты для аднаго чалавека,
€15 забяспечаць дзіця палітвязня неабходнымі канцылярскімі прыладамі,
€20 забяспечаць сям'ю палітвязня прадуктамі на адзін-два дні,
€50 дапамогуць набыць цёплую вопратку для палітычнага ўцекача, які апынуўся ў цяжкіх умовах,
€250 забяспечаць юрыдычную падтрымку для аднаго палітвязня,
€1000 дапамогуць у рэабілітацыі вызваленага чалавека.
Гэтая эстафета — наша першая спроба знайсці падтрымку ў тым ліку і ў міжнароднай аўдыторыі. Мы спадзяемся, што яна будзе поспехавай і стане штогадовай акцыяй салідарнасці з Беларуссю.
Наш праект вядзе мэтанакіраваная каманда, да якой уваходзяць прадстаўнікі беларускіх ініцыятываў і фондаў салідарнасці, уключаючы Народныя амбасады Беларусі, фонды «Краіна для жыцця», BYSOL, ByHelp і Dissidentby. Наш вопыт і прыхільнасць да справы гарантуюць, што кожнае ахвяраванне будзе эфектыўна выкарыстана для падтрымкі нашай місіі.
Сачыце за нашым падарожжам, даведвайцеся пра падзеі праекта і радуйцеся нашым поспехам:
Facebook: Voices Across Borders
Instagram: voices_acrossborders
Мы ўдзячныя вам за падтрымку і салідарнасць!
З павагай,
Каманда “Voices Across Borders”.
Крыніца: BYSOL
Беларусаў у чацвёртую гадавіну выбараў падтрымалі больш за 20 краін
10 жніўня 2024
Раней Святлана Ціханоўская аб’явіла 9 жніўня 2024 года Днём салідарнасці з Беларуссю з нагоды чацвёртай гадавіны скрадзеных дыктатарам прэзідэнцкіх выбараў і пачатку барацьбы беларускага народа за свабоду ў краіне.
Учора заявы ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі зрабілі прадстаўнікі Літвы, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, ЗША, Вялікабрытаніі, Украіны, Германіі, Канады, Ірландыі, Чэхіі, Нідэрландаў, Славеніі, Аўстрыі, Ісландыі, Італіі, Францыі, Грузіі, Аўстраліі, а таксама прэзідэнтка Еўрапарламента і дэпутаты партыяў ад розных краін, чыноўнікі Еўракамісіі.
Што казалі міжнародныя лідары, палітыкі і дыпламаты ў Дзень салідарнасці з Беларуссю?
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа:
«Чатыры гады ад пачатку рэпрэсіяў Лукашэнкі супраць беларускага народа, які стаў на абарону свабоды і дэмакратыі. Літва стала домам для Ціханоўскай і многіх беларусаў, якія ўцякалі ад пераследу. Мы верым у дэмакратычную будучыню Беларусі. Дух свабоды заўсёды перамагае»!
Сумесная заява ўрадаў ЗША, Канады, ЕС і Вялікабрытаніі:
«Праз чатыры гады пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жахлівых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Еўрапейскі Саюз і Вялікабрытанія выказваюць салідарнасць з народам Беларусі, які, нягледзячы на рэпрэсіі, якія працягваюцца з боку рэжыму Лукашэнкі, мірна і мужна дамагаецца дэмакратычных зменаў, павагі да правоў чалавека і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Мы пацвярджаем, што санкцыі, нядаўна абвешчаныя намі, уяўляюць сабой скаардынаваныя шматбаковыя намаганні па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці».
Міністр замежных справаў Швецыі Тобіяс Більстром:
«Прайшло чатыры гады з таго моманту, як рэжым Лукашэнкі незаконна і жорстка скраў выбары ў Беларусі. Але Швецыя будзе падтрымліваць беларускі народ і яго бясспрэчнае права зноў набыць дэмакратыю і свабоду. Святлана Ціханоўская – лідар беларускай дэмакратычнай апазіцыі, і мы падтрымліваем яе».
Міністэрства замежных справаў Германіі:
«Сёння спаўняецца чацвёртая гадавіна фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі сотні тысячаў смелых людзей выйшлі на вуліцы ў падтрымку дэмакратыі. Мы іх не забылі. Як і Ціханоўская, чыя нястомная праца працягвае даваць многім людзям у Беларусі мужнасць і надзею, нягледзячы на вялізныя рэпрэсіі. Гэта глыбока ўражвае нас, сказала [міністарка] Бербак. Мы ўзгадваем усіх тых, хто незаконна знаходзіцца ў зняволенні, часта без магчымасці звязацца з блізкімі. Ідэю свабоды і дэмакратыі нельга замкнуць. Мы працягнем дабівацца іх вызвалення. #StandWithBelarus».
Міністарка замежных справаў Ісландыі Тордзіс Колбрун Рэйкф’ёрд Гільфадоўцір:
«Чатыры гады таму рэжым у Беларусі арганізаваў фальшывыя выбары. У Лукашэнкі няма ніякай легітымнасці. Махляры не маюць права зваць сябе пераможцамі. Кожны дзень смелыя людзі, такія як мой сябар Ціханоўская, даказваюць, што ў народа Беларусі ёсць надзея».
Прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі:
«З моманту ўступлення на пасаду прэзідэнт Байдэн ясна даў зразумець: ЗША цвёрда падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратычнай будучыні. ЗША працягнуць адстойваць правы чалавека і свабоду выказвання меркаванняў у Беларусі, а таксама прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за яго дзеянні. <…> Як сказаў прэзідэнт лідарцы беларускай апазіцыі: мы працягнем падтрымліваць народ Беларусі ў яго смелым імкненні да дэмакратыі».
Сенатарка ЗША Джын Шэйхін:
«Сёння спаўняецца 4 гады з таго часу, як махлярскія выбары ў Беларусі пакінулі марыянетку Пуціна, Лукашэнку, ва ўладзе. ЗША працягваюць прызнаваць Ціханоўскую законна абраным лідарам Беларусі і будуць цвёрда падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду ў Беларусі».
Парламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь!» Вярхоўнай Рады Украіны:
«<…> Група Вярхоўнай Рады «За дэмакратычную Беларусь!» паслядоўна выступае за асуджэнне фактычнай акупацыі Беларусі Расіяй і заклікае Прэзідэнта Украіны, Кабінет Міністраў Украіны і Вярхоўную Раду Украіны прызнаць гэта на дзяржаўным узроўні. Мы таксама заклікаем краіны-партнёры падтрымаць беларусаў, якія працягваюць змагацца з рэжымам як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Жыве Беларусь! Слава Україні!».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Канферэнцыя «Новая Беларусь»
09 жніўня 2024
3 – 4 жніўня ў Вільні прайшла трэцяя штогадовая Канферэнцыя «Новая Беларусь», якую арганізаваў Офіс Святланы Ціханоўскай. Канферэнцыя сабрала больш за 300 прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый і палітычных структураў, палітыкаў, дыпламатаў, экспертаў, актывістаў і журналістаў. Былі прадстаўленыя больш за 100 арганізацый і ініцыятываў. Трансляцыю канферэнцыі анлайн на розных платформах паглядзелі больш за 70 000 карыстальнікаў.
Падчас Канферэнцыі Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады адказала на шматлікія актуальныя пытанні для беларусаў, у тым ліку пра пашпарт Новай Беларусі, абмен палітвязнямі, стратэгію на выбары ў Беларусі ў 2025 годзе і іншае.
Галоўныя падзеі Канферэнцыі: падпісанне «Пратакола ўзаемадзеяння», які фармалізуе стасункі паміж акторамі дэмакратычных сілаў Беларусі; прэзентацыя «Платформы 2025», накіраванай на фармаванне рамак дзейнасці ў 2025 годзе.
Па выніках Канферэнцыі былі апублікаваныя наступныя дэкларацыі: «Неканстытуцыйны захоп улады: чаму А. Лукашэнка павінен быць адхілены ад удзелу ў выбарах 2025 года», «Дэкларацыя аб адказнасці і аднаўленні справядлівасці», «Дэкларацыя аб знешнепалітычных прыярытэтах дэмакратычнай Беларусі», «Праект дэкларацыі аб падтрымцы працы незалежных медыя», «Праект дэкларацыі аб неабходнасці вызвалення і падтрымкі палітвязняў», і «Праект дэкларацыі аб моладзевай палітыцы Дэмакратычных Сілаў Беларусі».
Гэтыя дакументы адлюстроўваюць ключавыя мэты і задачы дэмакратычных сілаў Беларусі на бліжэйшы час.
Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла Медалём Няскораных (Ларысы Геніюш) 13 былых палітвязняў за значныя заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды
У межах Канферэнцыі адбыліся сайд-івэнты 2 і 5 жніўня.
Падчас Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024» Святлана Ціханоўская абвясціла, якія змены адбыліся ў складзе Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Прадстаўніком па нацыянальнай бяспецы прапанаваны Вадзім Кабанчук, прадстаўніцай па моладзі – Маргарыта Ворыхава, прадстаўніком па міжнароднаму і еўрапейскаму супрацоўніцтву – Амбасадар Уладзімір Астапенка. Новыя прадстаўнікі маюць прайсці слуханні ў Каардынацыйнай радзе.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Каментар ад Офіса Святланы Ціханоўскай наконт абмену зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй
01 жніўня 2024
«Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах, і маем абмежаваную інфармацыю. На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквой, і Беларусь у іх не ўдзельнічала.
Мы вітаем факт вызвалення палітвязняў з расійскіх турмаў. Сам факт такога абмену вязнямі з’яўляецца важным прэцэдэнтам, які дапаможа і ў вызваленні беларусаў. Натуральна, абмен дзеля вызвалення прадугледжвае, што ёсць на каго ці што абменьваць. І гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расійскай.
Мы карыстаемся кожнай магчымасцю, кожным інструментам, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў. Мы ставім гэтае пытанне рэгулярна перад заходнімі партнёрамі. У нас адбываюцца кансультацыі ў самых розных фарматах, натуральна, непублічна. І мы ведаем, што робяцца самыя розныя намаганні па вызваленні беларусаў. На жаль, праблема не з боку заходніх партнёраў, а з боку рэжыму, які не зацікаўлены ў вызваленні людзей, і адкрыта гэта дэманструе».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Вяртанне ў Беларусь
31 ліпеня 2024
Як жаданне прыехаць дадому ператвараецца ў турэмны тэрмін
Здавалася, ужо тры гады з'яўляюцца навіны пра тое, як беларусы, якія з'ехалі ад рэжыму, вяртаюцца дадому і трапляюць пад рэпрэсіі. Упэўнены, што многія, знаходзячыся за мяжой, хоць аднойчы задумваліся, што яго ці яе гэта не закране, што ўлады забыліся, што прайшло шмат часу. Але гэта зусім не так.
23 ліпеня «Наша Ніва» апублікавала артыкул пра Наталлю Левую, якая пасля доўгага часу вярнулася ў Беларусь. Як вынікае з матэрыялу, 17 ліпеня яе асудзілі на 6 гадоў калоніі са штрафам 40 тысяч рублёў.
Наталлі 38 гадоў, яна прафесійны 2D-мастак, жыла ў Польшчы і вельмі хацела вярнуцца ў Беларусь. Калегі адгаворвалі яе з'язджаць, але жаданне дзяўчыны вярнуцца на радзіму было мацнейшым. Яна нават аплаціла ў кратным памеры данаты за 2020 год, пра што атрымала даведку ад КДБ. З гэтай даведкай яна і накіравалася ў Беларусь.
Аднак Радзіма сустрэла яе не абдымкамі
Наталлю затрымалі на мяжы. 17 ліпеня ў Брэсцкім гарадскім судзе яе абвінавацілі па трох артыкулах: «Фінансаванне вайны», «Фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» і «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». 6 гадоў калоніі — такую цану заплаціла дзяўчына за жаданне вярнуцца ў родную краіну, верачы, што КДБ яе не кране за так званую кампенсацыю.
Чаму мы закранаем гэтую гісторыю? Гэта добры прыклад хлусні рэжыму, яго рэпрэсіўнай палітыкі і нянавісці да сваіх грамадзян.
У пачатку года праваабаронцы заяўлялі пра больш чым 200 затрыманых беларусаў, якія вярнуліся на радзіму. Многія з іх звярталіся ў «Камісію па вяртанні», але гэта іх не выратавала. Сярод іх была Таццяна Курыліна. Яе абвінавацілі ў адміністраванні пратэстных чатаў і пасадзілі на чатыры з паловай гады калоніі. Берасцеец Ігар Неміровіч таксама звяртаўся ў камісію і вярнуўся ў Беларусь. Яму прызначылі адзін год калоніі. І такіх прыкладаў сотні.
Не варта верыць у бяспеку вяртання дадому
Вось, напрыклад, Лукашэнка стварыў сваю камісію для вяртання грамадзян. Але што мы бачым на практыцы? Людзі, якія паверылі ў гэтыя абяцанні, вяртаюцца дадому і аказваюцца за кратамі. Гэтая камісія стала чарговым інструментам для заваблівання апазіцыйна настроеных грамадзян і іх наступнага пераследу.
Іншая яго ініцыятыва — схема з паборамі за данаты. І зноў вынік той жа: людзі плацяць велізарныя сумы, спадзеючыся на абарону, але замест гэтага сутыкаюцца з арыштамі і турэмнымі тэрмінамі. Гэтыя паборы апынуліся яшчэ адным спосабам выцягвання грошай з грамадзян пад ілжывымі падставамі.
Нарэшце, нядаўна ўведзены бязвізавы рэжым для еўрапейскіх грамадзян таксама апынуўся толькі пасткай. За прыгожымі заявамі аб свабодзе перамяшчэння хаваецца рэальнасць: рэжым затрымаў грамадзяніна Германіі і прысуджае яму смяротнае пакаранне. Атрымліваецца, што нават для замежнікаў Беларусь застаецца вельмі небяспечным месцам.
Усё гэта пацвярджае тое, што вяртанне для беларусаў у краіну, дзе кіруе рэжым Лукашэнкі, вельмі рызыкоўнае і небяспечнае. Ніякія «камісіі», «кампенсацыі» або «раскаянні» не гарантуюць бяспеку. Пра гэта трэба нагадваць усім, хто цяпер у бяспецы за мяжой і хоча паехаць дадому.
Крыніца: НАУ
«Гэта спроба прывязаць Беларусь больш шчыльна да Расіі праз новую генерацыю маладых, разумных і таленавітых людзей», – Маргарыта Ворыхава – пра размеркаванне беларускіх студэнтаў у Расію
31 ліпеня 2024
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава пракаментавала магчымасць размеркавання беларускіх выпускнікоў на прадпрыемствы ў Расію:
«Штогадовае павелічэнне квотаў для беларускай моладзі ў расійскіх універсітэтах, з рэкорднай колькасцю ў 1300 месцаў на 2024 год – гэта не толькі пра адукацыю. Гэта стратэгічны крок, каб абмежаваць доступ да дэмакратычных каштоўнасцяў і акадэмічных свабод. Гэта таксама спроба прывязаць Беларусь больш шчыльна да Расіі праз новую генерацыю маладых, разумных і таленавітых людзей.
Прыцягваючы беларускіх студэнтаў і інтэгруючы іх у расійскую адукацыйную і працоўную сістэмы, Расія імкнецца змякчыць наступствы свайго дэмаграфічнага крызісу. Аднак гэта абмяжоўвае аўтаномію беларускай моладзі і ператварае яе ў «кадравую сыравіну» для расійскай эканомікі.
Гэтая палітыка праводзіцца на фоне шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Спроба Масквы ўзмацніць кантроль над беларускай моладдзю і абмежаваць яе доступ да еўрапейскіх адукацыйных і працоўных магчымасцяў – гэта частка шырэйшай стратэгіі ўплыву і кантролю.
Беларуская моладзь заслугоўвае права выбіраць адукацыйныя і прафесійныя шляхі без прымусу і ўплыву. Мы працуем над павелічэннем праграмаў для беларускай моладзі для навучання ў еўрапейскіх універсітэтах і ўдзелу ў міжнародных абменах».
Цалкам каментар глядзіце ў відэа.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Замежнікі-палітвязні ў турмах рэжыму Лукашэнкі
23 ліпеня 2024
Колькі замежнікаў знаходзіцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі? Чаму рэжым Лукашэнкі ўзяў іх у закладнікі? Навошта яны яму патрэбныя? Чаму ён імі гандлюецца? І як усё гэта звязана з санкцыямі? Сёння мы раскажам пра замежнікаў-палітвязняў у турмах рэжыму Лукашэнкі.
Пачнем з яшчэ аднаго пытання. Чаму краіны-суседкі Беларусі з боку ЕС уводзяць абмежаванні на мяжы? І на гэтае пытанне ёсць цэлы шэраг адказаў: міграцыйная вайна, якую развязаў Лукашэнка пры ўдзеле Расіі, удзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны — фактычна ў вайне на межах Еўрапейскага саюза, наяўнасць у турмах тысяч палітвязняў, у тым ліку грамадзян Еўрапейскага саюза. Адказаў можа быць шмат, але ва ўсіх гэтых адказах ёсць адна агульная характэрная рыса — гэта планамерныя, мэтанакіраваныя, сістэмныя дзеянні Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў, за якія нясуць адказнасць толькі сам Лукашэнка і яго саўдзельнікі.
Ёсць і яшчэ адзін значны фактар. Як затрыманне грамадзян ЕС у Беларусі, штурм межаў краін-членаў ЕС мігрантамі пры садзейнічанні сілавікоў Лукашэнкі, так і ў рэшце рэшт забойства польскага вайскоўца на мяжы Польшчы і Беларусі — гэта ўсё таксама можна апісаць яшчэ адной агульнай характэрнай рысай. Усё гэта з'яўляецца пагрозай для нацыянальнай бяспекі краін-суседак Беларусі. Гэта дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія прадстаўляюць сабой пагрозу нашым суседзям.
У закладніках у рэжыму працягваюць знаходзіцца замежныя грамадзяне, у тым ліку грамадзяне краін ЕС. Сёння ў няволі застаюцца грамадзяне Польшчы, Латвіі, Літвы, Германіі, а таксама Украіны, ЗША і іншых краін. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», каля 25 грамадзян замежных дзяржаў утрымліваюцца цяпер у месцах пазбаўлення волі па палітычных матывах. Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і нават сваім сваякам за мяжу, абвінавачваючы таксама і ў «агентурнай дзейнасці» і «шпіянажы».
Беларускі інфармацыйны партал Zerkalo.io апублікаваў памятку, у якой адзначыў, да чаго варта быць гатовым тым замежнікам, якія хацелі б скарыстацца бязвізам і якія ў такіх дзеянняў могуць быць рызыкі і наступствы. Журналісты выдання адзначаюць, што ў Беларусі замежніка могуць узяць у закладнікі, каб потым шляхам гандлю рэалізаваць замежнапалітычныя мэты рэжыму Лукашэнкі — прыклад грамадзяніна Нямеччыны; замежніку давядзецца сур'ёзна перагледзець свае густы і гардэроб, бо каб трапіць у Беларусі за краты дастаткова выкарыстоўваць адзенне і аксэсуары «няправільных» колераў; у Беларусі нельга выкарыстоўваць незабароненую гістарычную сімволіку краіны; у краіне вельмі лёгка трапіць за краты за крытыку Лукашэнкі, а пасля гэтага — нават памерці ў няволі.
Акрамя таго, у краіне забаронена выступаць супраць вайны, бо за антываенную пазіцыю таксама можна трапіць за краты, а дабрачыннасць можа лічыцца падтрымкай экстрэмізму — і за гэта можна пазбавіцца не толькі грошай, але і свабоды.
І ўзнікае відавочнае пытанне: А ці многія замежнікі гатовыя пайсці на такія рызыкі? Ці шмат хто гатовы прыняць запрашэнне спадара Рыжанкова і трапіць у закладнікі ў Беларусі, каб вамі потым гандлявалі як таварам?
Крыніца: НАУ
Леанід Марозаў пра смяротны вырак, што вынесены замежніку ў Беларусі
19 ліпеня 2024
«Сёння каманда Офіса атрымала інфармацыю пра справу, якую рэжым Лукашэнкі завёў супраць грамадзяніна Германіі. Рыка Крыгера абвінавацілі па шэрагу тэрарыстычных артыкулаў – і па выніках суда вынеслі смяротны вырак.
Мы звязаліся з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў гэтай краіны і перадалі дадзеныя, якія сведчаць: у Беларусі грамадзяніну замежнай краіны пагражае выключная мера.
На жаль, рэжым Лукашэнкі працягвае выкарыстоўваць расстрэл у якасці пакарання. У цывілізаваным грамадстве падобнае стаўленне да чалавека недапушчальнае. Аднак, як мы бачым, каштоўнасць чалавечага жыцця для гэтай сістэмы не значыць анічога – дастаткова ўзгадаць палітвязняў-беларусаў, якія паміраюць у турмах ад дзеянняў рэжыму.
Вельмі спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі дэмакратычныя краіны здолеюць выратаваць жыццё чалавека, якога вінавацяць у цяжкіх злачынствах на сумнеўных падставах».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці: Дапамога палітзняволеным, падтрымка грамадскай супольнасці, захаванне беларускай культуры
19 ліпеня 2024
Беларуская лідарка ўзяла ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі, дзе правяла перамовы з шэрагам кіраўнікоў вядучых краінаў:
⚪️ З новым кіраўніцтвам Вялікабрытаніі – прэм’ер-міністрам Кірам Стармерам і міністрам замежных справаў Дэвідам Лэмі – беларуская лідарка абмеркавала палітычную сітуацыю ўнутры краіны. У прыватнасці, узнімаліся пытанні вызвалення палітвязняў і падтрымкі іх сем’яў, фарматы судзеяння грамадзянскай супольнасці і медыя. Асобна бакі разгледзелі фармалізацыю адносінаў паміж Вялікабрытаніяй і дэмакратычнымі сіламі, а таксама сумесныя ініцыятывы на міжнароднай арэне. Абмяркоўвалася магчымасць правядзення білатэральных кансультацыяў і іншыя формы супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі.
🔴 Таксама беларуская лідарка сустрэлася з дзясяткам сусветных палітыкаў, сярод іх – канцлер Германіі Олаф Шольц, прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні, прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, прэзідэнтка Малдовы Мая Санду.
Пра што размаўлялі палітыкі:
📌 Неабходнасць адзінага еўрапейскага адказу на агрэсію Расіі і ўключэнне Беларусі ў міжнародныя парадкі дня.
📌 Умацаванне салідарнасці і ўпэўненасці ў будучыні дэмакратычнай Беларусі ў складзе Еўропы.
📌 Падтрымка барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, культурнага і моўнага адраджэння, а таксама гуманітарнай дапамогі палітычным зняволеным.
📌 Супрацоўніцтва з новымі ўрадамі і далейшае ўмацаванне міжнародных сувязяў.
⚪️ З прэм’ер-міністрам Ірландыі Сайманам Харысам Святлана Ціханоўская абмеркавала магчымасць правядзення беларуска-ірландскай канферэнцыі. Фокусам мерапрыемства стане захаванне культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці. Акрамя таго, лідарка распавяла прэм’ер-міністру пра Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку палітвязняў і заклікала Ірландыю да яго далучыцца.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Арменіі
19 ліпеня 2024
Падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам.
Святлана Ціханоўская: «На саміце я была радая пабачыць міністра замежных справаў Арменіі, а таксама прэм’ера Нікола Пашыняна. Я выказала словы падтрымкі і ўдзячнасці за цвёрдую пазіцыю і за падтрымку беларусаў. Нядаўна Арменія выдала прытулак беларусам, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў рэжыму. Таксама Арменія адмовілася ўдзельнічаць у мерапрыемствах, які арганізоўвае афіцыйны Мінск. Я таксама выказала падтрымку Арменіі ў яе намаганнях па еўраінтэграцыі», – распавяла Ціханоўская.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Гэтае абмежаванне не вырашае ніводнай з праблемаў», – Святлана Ціханоўская абмеркавала закрыццё межаў з прэм’ер-міністаркай Латвіі
19 ліпеня 2024
Падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Вялікабрытаніі беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Латвіі Эвікай Сіліняй.
Ціханоўская звярнула ўвагу на спрэчнасць апошніх рашэнняў краін Балтыі абмежаваць уезд аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Лідарка падкрэсліла: гэтыя меры б’юць найперш па беларусах, а не па рэжыму, і заклікала зрабіць паслабленні для фізічных асобаў.
«Мы разумеем, што гэтае абмежаванне ўведзенае ў адпаведнасці з інструкцыямі ЕС, і разумеем, што абмежаванні ўведзеныя з прычынаў бяспекі, а таксама неабходнасці закрыць шчыліны. Але канкрэтна гэтае абмежаванне не вырашае ніводнай з праблемаў. Гэтае рашэнне паспешлівае. Таму мы просім Латвію і іншыя краіны ЕС разглядзець шырокія выключэнні. Разам з тым важна, што пасажырскі аўтобусны рух захоўваецца», – адзначыла Ціханоўская пасля сустрэчы.
Таксама пытанне абмежаванняў лідарка падымала на сустрэчы з Дональдам Тускам, Радаславам Сікорскім, Гітанасам Наўседам, а таксама Жазэпам Барэлем.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Сёння мы маем дамоўленасць: абмежаванні не закрануць пасажырскі транспартны рух», – Святлана Ціханоўская – пра абмежаванні, уведзеныя на мяжы з краінамі Еўрасаюзу
16 ліпеня 2024
«Абмежаванні на ўезд беларускіх аўтамабіляў – паспешлівае і шкоднае рашэнне. У першую чаргу яно б’е па людзях, а не па рэжыму Лукашэнкі. Таму ідзе актыўная праца над тым, каб дамагчыся змены гэтага рашэння. Мы на сувязі з Польшчай, Літвой і Латвіяй – і даводзім неабходнасць зрабіць выключэнні для беларусаў, якія ўязджаюць у ЕС на сваіх аўто.
Сёння мы маем дамоўленасць: абмежаванні не закрануць пасажырскі транспартны рух. Таксама беларусы, якія жывуць у Еўрасаюзе, атрымаюць магчымасць перарэгістраваць свае аўтамабілі на еўрапейскія нумары.
Але мы разумеем: гэтая палёгка ўсё роўна не вырашыць праблему мабільнасці беларусаў. Мяжа з Еўрасаюзам – гэта мяжа са свабодным светам. Яна павінна быць адкрытая для беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым і бачаць будучыню сваёй краіны ў Еўропе. Мы будзем бараніць інтарэсы беларусаў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Жанчын у турмах рэжыму Лукашэнкі змяшчаюць у клеткі!
13 ліпеня 2024
Гэта клетка ў літаральным сэнсе гэтага слова. Яе памер складае каля 1,5 метра ў даўжыню і 2 метра ў шырыню. Яна нагадвае прастакутную клетку з металічнымі прутамі. У ёй няма ні крэсла, ні нават лаўкі. Адміністрацыя турмы сочыць, каб увесь час праведзенае ў ёй, жанчына знаходзілася ў становішчы стоя. Сядзець забаронена, інакш тэрмін знаходжання там павялічыцца.
Клетка знаходзіцца на вуліцы, і ў яе можна трапіць у любы час, незалежна ад надвор'я. Жанчыны вымушаныя стаяць там падчас дажджу, пякучага сонца або марозу, часта да 3-4 гадзін. Калі зняволеная стаіць там да ночы, ёсць рызыка застацца без абеду.
Кася Будзько, былая палітзняволеная, якая правяла 2,5 года ў жаночай калоніі за сваю прабеларускую пазіцыю, падзялілася рэальнасцю беларускай турмы. Там існуе мноства розных пакаранняў, якія прыніжаюць гонар і годнасць чалавека. Адным з найбольш жудасных з'яўляецца размяшчэнне палітвязняў у клетку.
У сённяшняй Беларусі няцяжка трапіць за краты, дастаткова не падзяляць ідэі і каштоўнасці рэжыму Лукашэнкі. Аднак, што за злачынства трэба здзейсніць, каб патрапіць у клетку ўнутры клеткі?
Туды змяшчаюць палітычных зняволеных, якія як-небудзь парушылі рэжым: напрыклад, у выпадку бойкі ці іншага «інцыдэнту». Гэты «інцыдэнт» мае на ўвазе пад сабой вялікі спектр дзеянняў. Туды адпраўляюць, калі ў кагосьці здарылася істэрыка або пры напісанні афіцыйнай паперы аб адмове ад працы. Па расказах былой палітвязні Дар'і Чульцовай, кожная жанчына ў калоніі ведае, што калі «нахаміць» «прадстаўнікам адміністрацыі», то ў той жа момант апынешся ў клетцы. Важна ўдакладніць, што пад хамствам разумеецца любы выраз свайго меркавання. Пры гэтым казаць груба або няветліва зусім не абавязкова. Трэба проста сказаць, што ты з чымсьці не згодны і пачаць прыводзіць довады. Нават такая дробязь, як няправільна прышыты гузік, становіцца прычынай зняволення ў клетку. Таксама туды могуць трапіць і ў прафілактычных мэтах, каб паказаць іншым, што гэтая жанчына нешта парушыла.
Фактычна, не патрабуецца асаблівая прычына для размяшчэння чалавека ў клетку. Дастаткова дрэннага настрою ў супрацоўнікаў адміністрацыі турмы. Гэта паўсядзённая практыка, дзе прыніжэнне і парушэнне правоў чалавека сталі нормай.
Клетка — не толькі фізічны, але і псіхалагічны гвалт, якому падвяргаюцца жанчыны, якія знаходзяцца там. Адміністрацыя турмы спецыяльна стварае найцяжэйшыя ўмовы для зняволеных.
Памяшканне чалавека ў клетку супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму праву. Згодна з матэрыяламі праваабарончага цэнтра «Вясна», парушаецца частка 2 артыкула 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ, а таксама правілы 39 і 47 Дакумента аб мінімальных стандартных правілах ААН у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (Законы Нэльсана Мандэлы). Парушаецца права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму годнасць абыходжанню і права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласцівая чалавечай асобе.
Стойкасць беларускіх жанчын дзівіць. Па расказах былой палітзняволенай, яна бачыла ў клетцы жанчыну, якая дэманстравала свой пратэст, знаходзячыся ўнутры, іншая — што дзяўчына, якая стаіць там, увесь час усміхалася. Нам усім трэба праяўляць такую ж стойкасць і паслядоўнасць у адстойванні свабоды кожнага палітычнага зняволенага.
Важна памятаць, што ў Беларусі застаюцца больш за 1400 афіцыйна прызнаных палітвязняў і больш за 5000 чалавек, якія асуджаныя па палітычных артыкулах. Усе яны знаходзяцца ў нечалавечых умовах і кожны стойка змагаецца за сваё жыццё.
«Гэта па-сапраўднаму жудасная навіна. Факт, што беларускіх жанчын падвяргаюць такім нечалавечым катаванням, з'яўляецца абуральным парушэннем усіх магчымых нормаў міжнароднага права і самых базавых правоў чалавека. Аб абуральных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, павінны ведаць як мага больш людзей, а сам ён павінен панесці прамую адказнасць за ўсе гэтыя парушэнні. Наша каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падрыхтавала сумесна з партнёрамі ўсе неабходныя матэрыялы для перадачы «сітуацыі ў Беларусі» ў Міжнародны крымінальны суд. Падстава — здзяйсненне Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі злачынстваў супраць чалавечнасці. Толькі з траўня 2020 па травень 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці сталі не менш за 136 тысяч беларусаў (забойстваў, знікненняў, катаванняў, палітычна матываваных прысудаў і інш.). З Беларусі па дадзеных ААН прымусова дэпартавана не менш за 300 тысяч беларусаў, перш за ўсё ў Польшчу, Літву і Латвію. Гэта 3,5% насельніцтва Беларусі. На нядаўняй сустрэчы з Лукашэнкам у Астане на саміце ШАС генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у твар выказаў тырану прынцыповую пазіцыю па пытанні спынення рэпрэсій у Беларусі. Звяртаюся да міністраў замежных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі, як прадстаўнікоў найбольш дружалюбных беларускаму народу краін, прыняць рашэнне, праявіць волю і перадаць справу Лукашэнкі ў Міжнародны суд у Гаазе. Даўно настаў час прымяніць усе даступныя інструменты міжнароднага і нацыянальнага права, каб прыцягнуць дыктатара да адказнасці.
Беларусы, мы ўсе разам працягваем змагацца за свабоду для еўрапейскага беларускага народа.
Дэмакратыя ў Беларусі не пераможа датуль пакуль не наступіць адказнасць дыктатара і яго саўдзельнікаў» — падкрэсліў Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Крыніца: НАУ
«Лукашэнка працягвае палітыку камуністаў»
12 ліпеня 2024
Беларуская лідарка ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Тыдню паняволеных народаў. Мерапрыемства прайшло ў Музеі Ахвяраў Камунізму падчас Саміту НАТА ў Вашынгтоне, дзе ўдзельнікі абмеркавалі, як спадчына таталітарызму ўплывае на цяперашнія падзеі ва Усходняй Еўропе.
У выступе беларуская лідарка вылучыла наступствы камунізму для Беларусі:
📎 «Русіфікацыя. Беларуская мова дыскрымінавалася, колькасць школаў з беларускай мовай навучання скарачалася. Культура знішчалася. Лукашэнка працягвае гэтую палітыку»;
📎 «Масавыя рэпрэсіі. Сотні тысячаў беларусаў былі расстраляныя ці адпраўленыя ў ГУЛАГ. Толькі за адну ноч у 1937 годзе НКУС забіў сотню прадстаўнікоў нацыянальнай эліты»;
📎 «Антызаходні парадак дня: пасля Другой сусветнай вайны ЗША і дэмакратычныя краiны былi абвешчаны новым ворагам. Сёння Пуцін і Лукашэнка называюць іх «калектыўным Захадам»;
📎 «Экалогія: прыродныя рэсурсы былі спустошаныя планавай эканомікай. Найбольш беларускі народ і прырода пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы, якая стала вынікам некампетэнтнасці кіраўніцтва»;
📎 «Эканоміка: прыватная ўласнасць была заменена на дзяржаўную. Сёння найважнейшыя галіны прамысловасці ў Беларусі належаць дзяржаве – то бок, Лукашэнку і яго сям’і»;
📎 «Правы чалавека: у Беларусі няма свабоды слова і аб’яднанняў. Як і ў камуністычныя часы, няма незалежных СМІ. Большасць няўрадавых арганізацыяў былі забаронены і пакінулі Беларусь, а грамадзянская супольнасць была цалкам знішчаная»;
📎 «Дыктатура: больш за 70 гадоў у нас не было досведу дэмакратыі. Мы не маглі выбіраць палітычных лідараў ці мясцовых чыноўнікаў: яны проста прызначаліся партыяй, як сёння іх прызначае Лукашэнка».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Медыцына пры дыктатуры
07 ліпеня 2024
За 2023 год у краіне колькасць лекараў рэзка скарацілася на 7 тысяч. Пры гэтым маніпуляцыі з лічбамі па колькасці практыкуючых урачоў рэжым Лукашэнкі пачаў актыўна ажыццяўляць з 2020 года, гэта значыць з моманту пандэміі. А мэтай такіх маніпуляцый быў падман міжнародных арганізацый, якія вылучалі грошы на праекты Міністэрства аховы здароўя.
У чэрвені ў Беларусі святкаваўся Дзень медыцынскага работніка. Гэта прафесійнае свята прысвечана людзям, якія выбралі няпросты шлях — дапамагаць хворым, дарыць надзею на выздараўленне і ратаваць жыцці. 12 чэрвеня 2024 года адбылося «ўрачыстае» мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю сістэмы айчыннай аховы здароўя і Дню медыцынскіх работнікаў. Качанава павіншавала медыкаў у Палацы Рэспублікі, падкрэсліўшы, што ў нашай краіне надаецца пільная ўвага сістэме аховы здароўя і агучыла шэраг стандартных крывадушных і цынічных заяў.
Качанава заявіла, што ахова здароўя — «гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Выдзяляецца фінансаванне, будуюцца новыя медыцынскія і рэканструююцца дзеючыя ўстановы, набываецца новае сучаснае абсталяванне, на нашых прадпрыемствах выпускаюцца новыя фармпрэпараты, установы адукацыі штогод рыхтуюць спецыялістаў для галіны аховы здароўя».
А што ў рэальнасці? Паводле дадзеных Белстата, колькасць арганізацый аховы здароўя з 1990 па 2023 гады зменшылася з 874 да 569. Пры гэтым падлічыць колькасць бальнічных ложкаў за гэты перыяд немагчыма, паколькі Белстат не публікуе гэтыя дадзеныя ўжо некалькі гадоў. Але не складана выказаць здагадку, што колькасць бальнічных ложкаў істотна зменшылася.
Усё часцей беларусы сутыкаюцца з сітуацыяй, калі медыцынскія пункты ў невялікіх вёсках і пасёлках і зусім зачыняюцца. Жыхары вёсак застаюцца без магчымасці аператыўна атрымаць медыцынскую кансультацыю, зрабіць просты лабараторны аналіз, вымераць ціск, праверыць сэрца і лёгкія.
Закрыццё бальніц і медыцынскіх пунктаў прыводзіць да пагаршэння даступнасці медыцынскай дапамогі. Жыхарам асабліва аддаленых населеных пунктаў даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці для атрымання медыцынскіх паслуг, што асабліва цяжка для пажылых і малазабяспечаных грамадзян. Без рэгулярнага медыцынскага назірання павялічваецца рызыка абвастрэння хранічных захворванняў і несвоечасовага выяўлення новых хвароб.
Але хіба гэта цікавіць чыноўнікаў, якія падтакваюць Лукашэнку, і яго самога? Дыхтоўную і якасную медыцыну для сябе, шайка, якая незаконна захапіла ўладу, забяспечыла. А факты і лічбы рэальнай захворвальнасці і смяротнасці яны хавалі і працягваюць хаваць. Жыццё і здароўе насельніцтва краіны іх не цікавіць і не будзе цікавіць.
Крыніца: НАУ
Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў
05 ліпеня 2024
Другога ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, "датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". Але тым не менш, некалькі палітычных зняволеных усё ж вызвалілі з месцаў няволі.
Па стане на 5 ліпеня праваабаронцам "Вясны" дакладна вядома пра 18 палітзняволеных, якія трэцяга ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх — чатыры жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. Па інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі.
Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчы астатніх вызваленых.
Тое, што палітзняволены Рыгор Кастусёў выйшаў на волю па амністыі, праваабаронцам пацвердзілі сваякі палітвязня. 67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымлівалі за кратамі больш за тры гады. Яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анказахворванне.
Інфармацыя пра іншых вызваленых правяраецца і ўдакладняецца.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Прадстаўнікі спорту рэжыму Лукашэнкі не прайшлі кваліфікацыю на Алімпійскія гульні
01 ліпеня 2024
Дасье на 179 спартоўцаў рэжыму Лукашэнкі, афіляваных з ваеннымі або сілавымі структурамі, былі падрыхтаваныя ў 2023 годзе камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і перададзеныя ў адрас міжнародных партнёраў. У бягучы момант вядома, што частка з іх не прайшла кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў Парыжы.
У снежні 2023 года выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) устанавіў строгія ўмовы допуску для ўдзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы.
У сакавіку 2024 года выканкам МАК стварыў індывідуальную нейтральную групу па праверцы адпаведнасці спартсменаў кваліфікацыйным патрабаванням (AINERP).
Група AINERP правярае адпаведнасць спартсменаў з расійскім ці беларускім пашпартам да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года на аснове рашэнняў выканкама МАК і ўстаноўленых прынцыпаў. У сваёй працы група выкарыстоўвае інфармацыю з розных крыніц, уключаючы афіцыйныя спісы спартоўцаў, звязаных з ваеннымі і сілавымі структурамі ў Беларусі.
У адпаведнасці з заяўленымі правіламі праверкі, не ўсе спартоўцы былі прызнаныя адпавядаючымі патрабаванням і запрошаны да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прадаставіла інфармацыю пра беларускіх спартсменаў, якія маюць сувязь з ваеннымі структурамі, уключаючы, напрыклад, лідараў каманды па барацьбе, такіх як Ірына Курачкіна і Ванэса Каладзінская.
Спіс спартсменаў будзе абнаўляцца ў адпаведнасці з рашэннямі AINERP.
«Стварэнне спецыяльнай групы па верыфікацыі спартоўцаў на адпаведнасць крытэрам МАК і адмова ў допуску на Алімпіяду ў Парыжы беларускіх спартоўцаў, звязаных з ваеннымі структурамі, з'яўляецца важным крокам да падтрымання спорту, свабоднага ад палітычных маніпуляцый. Барацьба за алімпійскія каштоўнасці, якую вядуць свабодныя спартоўцы, не павінна быць марнай», — адзначыў намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Крыніца: НАУ
«Цікавасць да Беларусі вяртаецца»: Франак Вячорка – пра канферэнцыю, прысвечаную Украіне і Беларусі
01 ліпеня 2024
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі ўзялі ўдзел у канферэнцыі «Перспектывы інтэграцыі Украіны і Беларусі ў ЕС: ацэнка будучыні». Імпрэза прайшла ў Лондане з удзелам чыноўнікаў, палітыкаў, экспертнай супольнасці, а таксама прадстаўнікоў еўрапейскіх структураў і спецпасланнікаў па Беларусі.
Беларуская частка была прысвечаная ўзроўню гатоўнасці беларусаў да еўрапейскага выбару і еўрапейскай будучыні. Акрамя таго, гаворка ішла пра тое, што Еўрасаюз і еўрапейскія структуры могуць зрабіць, каб дапамагчы нашай краіне на шляху еўраінтэграцыі.
Франак Вячорка адзначыў: тэма Беларусі вяртаецца на парадак дня.
«У Лондане тэма Беларусі гучыць дастаткова рэдка, таму сама канферэнцыя і яе ўзровень паказваюць: цікавасць вяртаецца. У Вялікабрытаніі праз тыдзень адбудуцца выбары, і вельмі важна, каб новы ўрад трымаў Беларусь на парадку дня, і каб з’явілася стратэгія ў дачыненні да Беларусі. Магчыма, тыя пункты, якія сёння абмяркоўваюцца на канферэнцыі, у гэтую стратэгію ўвойдуць. Сённяшняя дыскусія пра Украіну і Беларусь аказалася вельмі своечасовай», – пракаментаваў дарадца.
Пра канферэнцыю глядзіце ў відэа.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Узброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай на тэрыторыі Беларусі
29 чэрвеня 2024
28 чэрвеня Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з турмы рэжыму Лукашэнкі на волю выйшлі грамадзяне Украіны, некаторыя з якіх раней былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Экспертнае меркаванне НАУ аб юрыдычных аспектах дадзенага працэсу
Нягледзячы на тое, што Беларусь ажыццявіла акт агрэсіі супраць Украіны, яна тым не менш юрыдычна не з'яўляецца ўдзельнікам узброенага канфлікту. Умовы для прызнання дзяржавы ўдзельнікам узброенага канфлікту ўтрымліваюцца ў артыкуле 2 агульных для ўсіх Жэнеўскіх канвенцый 1949 года. Гэтыя ўмовы для Беларусі не выконваюцца.
Калі абмен адбыўся па правілах чацвёртай Жэнеўскай Канвенцыі 1949 года, то гэта значыць, што бакамі такога абмену выступалі Расія і Украіна, паміж якімі і існуе міжнародны ўзброены канфлікт. Гэта азначае, што вернутыя Украіне грамадзянскія асобы, якія былі затрыманыя ў Беларусі, дэ-юрэ былі перададзеныя ў распараджэнне Расіі і фактычна разглядаліся як інтэрнаваныя асобы ў адпаведнасці з палажэннямі артыкулаў 41, 42, 43, 68 і 78 IV-й Жэнеўскай канвенцыі 1949 года.
Украіна і Расія ўжо мелі багаты досвед абмену ваеннапалонных і інтэрнаваных грамадзянскіх асоб. Гэта адзін з такіх выпадкаў. Беларусь юрыдычна знаходзіцца па-за гэтым працэсам і не можа быць яго ўдзельнікам. І таму, няглядзечы на тое, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельнікам узброеннага канфлікту, тым не менш сцверджанне аб тым, што ён «мае месца на тэрыторыі Беларусі паміж Украінай і Расіяй» з'яўляецца верным.
Крыніца: НАУ
Зварот Народных амбасадаў Беларусі да беларускіх дыпламатаў
28 чэрвеня 2024
Зварот Народных амбасадаў Беларусі да беларускіх дыпламатаў
У сувязі з раптоўнай смерцю былога амбасадара Беларусі ў Германіі Дзяніса Сідарэнка, Народныя амбасады Беларусі, выказваючы спачуванні яго сваякам і блізкім, звяртаюцца да дыпламатаў, якія працягваюць служыць дзеючаму злачыннаму рэжыму Лукашэнкі.
Мы заклікаем Вас крытычна пераасэнсаваць сваю пазіцыю і далучыцца да намаганняў дэмакратычных сіл, накіраваных на аднаўленне правоў і свабодаў у Беларусі. Рэжым, які Вы падтрымліваеце, не ўпершыню паказвае гатоўнасць да здрады і знішчэння не толькі сваіх супраціўнікаў, але і тых, хто дэманструе лаяльнасць, але стаў больш непатрэбным ці нязручным
Выбар на карысць дэмакратыі — гэта абарона Вашай уласнай бяспекі і імкненне да лепшай будучыні для нашай краіны.
Народныя амбасады Беларусі гатовыя аказаць падтрымку і дапамогу тым, хто адважыцца зрабіць гэты прынцыповы крок, або пажадае наладзіць кантакт, застаючыся на сваіх пасадах.
Кантакт для сувязі: free@belarusabroad.org
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
АБСЕ як асноўная платформа для ініцыятыў па адказнасці рэжыму Лукашэнкі
28 чэрвеня 2024
Аднаўленне правоў ахвяр сур'ёзных міжнародных злачынстваў у Беларусі стала галоўнай мэтай сустрэч Паўла Латушкі з пастаяннымі прадстаўнікамі дэмакратычных краін у АБСЕ, якія адбыліся 27-28 чэрвеня 2024 года ў Вене.
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў серыю сустрэч з пастаяннымі прадстаўнікамі Польшчы, Літвы, Латвіі, Канады, ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЕС, Ліхтэнштэйна пры АБСЕ.
Павел Латушка і юрысты НАУ прадставілі пазіцыю аб патэнцыяле механізмаў АБСЕ, якія да канца не выкарыстаныя ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі, і іх важным значэнні для далейшых мэтаў аднаўлення правоў ахвяр сур'ёзных міжнародных злачынстваў. Характар дыскусій дазваляе сцвярджаць, што дзеянні партнёраў у гэтым кірунку не прымусяць сябе доўга чакаць.
На просьбу пастаянных прадстаўнікоў пры АБСЕ Павел Латушка праінфармаваў аб падтрымцы Расіі з боку рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і аб эскалацыі міграцыйнага крызісу рэжымам у Мінску на мяжы з Еўрапейскім саюзам.
Пастаянныя прадстаўнікі таксама прадэманстравалі асаблівую ўвагу да незаконнага перамяшчэння цывільнага насельніцтва з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь. Асобныя пастаянныя прадстаўнікі еўрапейскіх краін пры АБСЕ адзначылі мэтазгоднасць фарміравання адзінай пляцоўкі для ўсіх ініцыятыў па адказнасці ў беларускім кантэксце, якой можа стаць менавіта АБСЕ і сфарміраваная ў рамках арганізацыі група сяброў дэмакратычнай Беларусі.
Павел Латушка давёў да партнёраў інфармацыю аб цяжкім становішчы Андрэя Гнёта і рызыках, звязаных з яго магчымай экстрадыцыяй з Сербіі ў Беларусь. Можна канстатаваць, што дадзеная сітуацыя знаходзіцца пад пільнай увагай ключавых краін-партнёраў дэмакратычнай Беларусі, што дазваляе прыцягваць неабходны ўзровень дыпламатычна-прававой падтрымкі беларускага актывіста і рэжысёра.
Асобна па просьбе пастаянных прадстаўнікоў пры АБСЕ Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб выніках выбараў у Каардынацыйную Раду і дзеяннях па ўмацаванні беларускіх дэмакратычных інстытутаў.
Крыніца: НАУ
Заява Народных амбасадаў Беларусі аб змене ў складзе Аб'яднанага Пераходнага Кабінета
27 чэрвеня 2024
Заява Народных амбасадаў Беларусі аб змене ў складзе Аб'яднанага Пераходнага Кабінета
Народныя амбасады Беларусі з павагай і ўвагай ставяцца да рашэння Валера Кавалеўскага скласці з сябе абавязкі намесніка кіраўніцы і прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Валер Кавалеўскі зрабіў значны ўнёсак у дыпламатычную дзейнасць і ўмацаванне міжнароднага становішча дэмакратычнай Беларусі, што высока ацэнена Народнымі амбасадамі. Мы спадзяемся, што супрацоўніцтва працягнецца ў новым фармаце і будзе спрыяць далейшаму дасягненню нашых агульных мэтаў.
Народныя амбасады Беларусі сведчаць пра сваю гатоўнасць да супрацы з новым прадстаўніком па замежных справах у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце і выказваюць надзею на такое ж плённае ўзаемадзеянне, якое было дасягнута з Валерам Кавалеўскім.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Каардынацыйная Рада — на парадку дня кансультатыўнай групы «Беларусь-ЕС»
26 чэрвеня 2024
«Трэцяе скліканне Каардынацыйнай Рады пачало сваю працу 12 чэрвеня. Рухаючыся наперад, зараз мы ўсе працуем над новай рэдакцыяй Рэгламента, каб КР працавала як мага больш эфектыўна зараз і ў будучым. Спадзяюся, што ў бліжэйшыя дні мы правядзём першае рабочае адкрытае агульнае паседжанне, на якім будзе абрана кіраўніцтва», — адзначыла дэлегатка Каардынацыйнай Рады, чаліня кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» Анжаліка Мельнікава падчас удзелу ў III паседжанні кансультатыўнай групы беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі з ЕС. У сваім выступленні Анжаліка Мельнікава прадставіла вынікі выбараў у КР і бягучае становішча спраў унутры Каардынацыйнай Рады.
Агульная палітычная стратэгія КР будзе залежыць ад максімальна шырока ўзгодненай пазіцыі членамі КР, але некаторыя напрамкі дзейнасці можна адзначыць ужо сёння:
1. Праца для выбаршчыкаў і адстойванне іх інтарэсаў. Легітымнасць КР будзе залежыць ад таго, наколькі эфектыўна мы будзем вырашаць задачы ў інтарэсах Беларусі, беларускага народа ўнутры краіны і беларускай дыяспары за мяжой. Усё залежыць ад нашых дзеянняў.
2. Умацаванне сувязяў з супольнасцямі ўнутры Беларусі з упорам на палітычны парадак дня і аднаўленне жывой сеткі кантактаў.
3. Паляпшэнне іміджу КР і агульнага іміджу дэмакратычных сіл сярод беларусаў. Нам неабходна надаваць больш увагі працы са СМІ (у тым ліку з блогерамі — гэта вельмі важна, бо ў іх усё яшчэ ёсць шырокая аўдыторыя ўнутры Беларусі).
4. Праца з нашымі партнёрамі па пытаннях спрашчэння візавага рэжыму і павелічэння агульных кантактаў паміж нашымі людзьмі (тымі, хто застаўся, і тымі, хто з'ехаў). Тут вельмі важна пашырыць намаганні па падтрымцы і мабілізацыі беларускай дыяспары.
5. Яшчэ адзін важны напрамак працы Каардынацыйнай Рады, які цяпер абмяркоўваецца, — гэта пашырэнне ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва абранай Каардынацыйнай Рады з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам, пашырэнне яго паўнамоцтваў і ўплыў на прызначэнне членаў АПК.
6. Адным з найбольш важных напрамкаў у плане міжнародных кантактаў будзе ўмацаванне нашага супрацоўніцтва з нацыянальнымі парламентамі краін-партнёраў і парламенцкімі інстытутамі, уключаючы Еўрапейскі парламент і Парламенцкую асамблею Савета Еўропы (ПАСЕ).
7. Мы таксама разлічваем заставацца ключавым актарам у арганізацыі сектаральных кансультацый па ацэнцы патрэбаў дэмакратычнай Беларусі.
Крыніца: НАУ
«Беларусы павінны ўбачыць, што еўрапейская перспектыва – адзіная альтэрнатыва рускаму свету»
25 чэрвеня 2024
Святлана Ціханоўская адкрыла ў Бруселі пасяджэнне кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўрасаюз». Трэцяя такая сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і заходніх партнёраў прысвечаная шэрагу актуальных для нашай краіны тэмаў:
⚪️ палітычная сітуацыя ў Беларусі і правы чалавека;
🔴 прыцягненне рэжыму да адказнасці;
⚪️ падрыхтоўка да прэзідэнцкай кампаніі 2025 года;
🔴 высілкі для вызвалення палітычных зняволеных;
⚪️ мабільнасць беларусаў і беларусак.
Менавіта на пошуках шляхоў для вырашэння гэтых праблемаў Святлана Ціханоўская зрабіла акцэнт падчас выступу:
📌 «Каб перамагчы рэжым, мы мусім дамагчыся разумення і падтрымкі людзей. Як ніколі раней, нам неабходна ўмацоўваць незалежныя СМІ і нашую нацыянальную ідэнтычнасць».
📌 «Беларусы павінны ўбачыць, што еўрапейская перспектыва – адзіная альтэрнатыва рускаму свету. Беларусам трэба адчуць, што Еўропа на іх баку і што дзверы Еўропы будуць адчынены для іх, калі надыдзе момант».
📌 «У 2025 годзе Лукашэнка спадзяецца правесці свае «перавыбары». Аднак мы не павінны дазволіць рэжыму «перагарнуць старонку» і вярнуцца да звыклага парадку рэчаў. Гэтыя «выбары» не будуць прызнаныя ні беларусамі, ні міжнароднай супольнасцю. Мы будзем выкарыстоўваць гэтую кампанію для мабілізацыі нашых прыхільнікаў, а таксама для прыцягнення ўвагі да сітуацыі ў Беларусі».
📌 «Нашым сённяшнім прыярытэтам мусіць стаць падтрымка энергіі беларусаў. Мы павінны падтрымліваць тых, хто працягвае змагацца, як унутры краіны, так і ў выгнанні. Я ўпэўненая, што адкрыецца новае акно магчымасцяў – і мы ўсе разам павінны быць гатовыя да гэтага».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Швецыя падтрымлівае еўрапейскую Беларусь без Лукашэнкі
25 чэрвеня 2024
25 чэрвеня міністр замежных спраў Швецыі Тоб'яс Більстрэм сустрэўся з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у тым ліку з прадстаўнікамі каманды НАУ. Падчас сустрэчы міністр паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб Беларусь заставалася ў цэнтры ўвагі Еўропы.
Еўропа будзе сачыць за сітуацыяй у Беларусі, улічваючы ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны і масавыя парушэнні правоў чалавека. Швецыя гатовая дапамагаць беларусам і верыць, што будучыня Беларусі звязана з Еўропай.
Асаблівую ўвагу міністр надаў пытанням беларускай культуры і мовы, а таксама навучанню беларускіх грамадзян у Еўропе. Ён адзначыў важнасць ініцыятыў, якія аб'ядноўваюць беларускае грамадства.
Прадстаўнік НАУ, які прысутнічае на сустрэчы, падкрэсліў, што аднаўленне міру і згоды ў грамадстве немагчыма без правасуддзя ў дачыненні да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і без адказнасці перад пацярпелымі ад рэпрэсій. Шведскаму міністру прапанавалі падтрымаць ініцыятывы беларускіх дэмакратычных сіл на пляцоўцы АБСЕ, а таксама крокі па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе і Міжнародным судзе ААН.
Крыніца: НАУ
ААН заснавала Групу экспертаў па правах чалавека па Беларусі
21 чэрвеня 2024
Старшыня Рады па правах чалавека прызначыў членаў новай Групы экспертаў па правах чалавека ў Беларусі. У яе ўвайшлі Сюзан Базылі (Канада), Карынна Маскаленка (Расійская Федэрацыя) і Моніка Станіслава Платэк (Польшча).
Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай адзначае: «Стварэнне падобнай групы экспертаў – зусім унікальная працэдура для Беларусі. Гэта сведчанне высокага ўзроўню ўвагі з боку міжнародных праваабарончых арганізацыяў да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Падзеі 2020 і наступных гадоў не забытыя: злачынствы будуць расследавацца, а вінаватыя – прыцягнутыя да міжнароднай адказнасці».
Што ўваходзіць у абавязкі Групы экспертаў па правах чалавека па Беларусі?
📎 Расследаванне і ўстанаўленне фактаў, абставінаў і прычынаў парушэння правоў чалавека і злоўжыванняў, учыненых у Беларусі з 1 мая 2020 года;
📎 Збор, абагульненне, захоўванне і аналіз доказаў такіх парушэнняў і злоўжыванняў. Па магчымасці выяўленне вінаватых з улікам судовых і іншых разбораў, уключаючы крымінальны пераслед у судах і трыбуналах;
📎 Вынясенне рэкамендацыяў у дачыненні да мераў па прыцягненню да адказнасці, з тым каб пакласці канец беспакаранасці ў Беларусі;
📎 Забеспячэнне падсправаздачнасці і доступу да правасуддзя і эфектыўных сродкаў прававой абароны, уключаючы пакрыццё ўрону ахвярам;
📎 Узаемадзеянне з усімі зацікаўленымі бакамі (беларускімі, а таксама рэгіянальнай і міжнароднай грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі) для абмену інфармацыяй і дзеянняў па прыцягненню да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Юрыдычная каманда Офіса працягвае актыўна супрацоўнічаць з мандатам Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, падрыхтаваны пакет дакументаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і метадах прыцягнення да міжнароднай адказнасці ўсіх вінаватых. Гэта дазволіць за максімальна кароткія тэрміны пачаць сумесную працу з групай экспертаў ААН па правах чалавека па Беларусі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Арменіі
20 чэрвеня 2024
Беларуская лідарка сустрэлася з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам у Вільні. Падчас дыялогу бакі абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі, Арменіі і рэгіёне, а таксама супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з урадам, парламентам і грамадзянскай супольнасцю Арменіі.
Асобна Ціханоўская і Мірзаян пагаварылі пра становішча беларусаў і беларусак у Арменіі, а менавіта – пра нявыдачу беларускіх грамадзянаў па запыту рэжыму.
Напрыканцы сустрэчы беларуская лідарка выказала спадзяванне на працяг шчыльнага супрацоўніцтва паміж Арменіяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла: народы Арменіі і Беларусі заслугоўваюць свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую будучыню.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Латвія выступае за прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за зверствы супраць беларускага народа
20 чэрвеня 2024
«Грамадзяне Беларусі, якія наведваюць Латвію на асабістых аўтамабілях з беларускай рэгістрацыяй, змогуць уязджаць і далей на тэрыторыю Латвіі», — адзначыла міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ падчас сённяшняй сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам у адказ на адпаведны зварот прадстаўніка дэмакратычных сіл Беларусі.
Павел Латушка праінфармаваў міністра замежных спраў Латвіі аб выніках выбараў у Каардынацыйную Раду і аб дзеяннях дэмакратычных сіл Беларусі, накіраваных на ўзмацненне трох інстытутаў дэмакратычных сіл: прэзідэнткі-элект, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Каардынацыйнай Рады.
У якасці накірунку стратэгічных дзеянняў у дачыненні да дыктатарскага рэжыму ў Беларусі Павел Латушка адзначыў важнасць дасягнення адказнасці як асабіста Лукашэнкі, так і яго прадстаўнікоў за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і за злачынствы супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да беларускага народа. Аб працы каманды НАУ ў рамках дадзеных напрамкаў была прадстаўлена разгорнутая інфармацыя.
Байба Бражэ падкрэсліла важнасць прыцягнення «рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за зверствы супраць беларускага народа і сумесную агрэсію супраць Украіны». Латвія таксама выступае за ўзмацненне санкцыйнага ціску ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, каб «абмежаваць магчымасць абыходу санкцый у дачыненні да Расіі», абмежаваўшы транзіт тавараў, якія ідуць праз тэрыторыю Беларусі ў Расійскую Федэрацыю, калі Беларусь выкарыстоўваецца для абыходу еўрапейскіх санкцый, накладзеных на Расію за агрэсію супраць Украіны. Міністр замежных спраў Латвіі адзначыла гатоўнасць разгледзець прапановы НАУ аб увядзенні латвійскіх нацыянальных персанальных і эканамічных санкцый.
У ходзе абмеркавання пытання ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Латвіі праінфармавала аб тым, што сёння ўзгоднены санкцыйны пакет у дачыненні да Расіі, што адкрывае магчымасці для далейшага ўзгаднення санкцыйнага пакета ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Гэты пакет павінен быць накіраваны на гарманізацыю санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Былі абмеркаваныя існуючыя супярэчнасці для ўзгаднення дадзенага пакета і магчымае садзейнічанне з боку дэмакратычных сіл Беларусі для яго прыняцця.
Асобна ў сувязі са зваротам грамадзян Беларусі, якія адзначаюць наведванне еўрапейскіх краін прадстаўнікамі беларускай прапаганды, а таксама асобамі, якія з'яўляюцца патэнцыйнай пагрозай нацыянальнай бяспецы, дасягнута дамоўленасць аб тым, што каманда НАУ падрыхтуе прапановы па ўвядзенні персанальных санкцый у дачыненні да дадзеных прадстаўнікоў і перадасць іх латвійскаму боку.
Асобна была закранутая тэма, звязаная з легалізацыяй грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Латвіі. Міністр замежных спраў праінфармавала, што ў беларусаў будзе магчымасць падачы на статус бежанца або дадатковай абароны з наступным атрыманнем міжнароднага праязнога дакумента.
Адначасова кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Латвіі падкрэсліла, што магчымыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх транспартных сродкаў не будуць распаўсюджвацца на асабістыя аўтамабілі грамадзян Беларусі, якія маюць беларускую рэгістрацыю.
Крыніца: НАУ
Чыноўнікі Лукашэнкі прызнаюцца, што санкцыі балюча б'юць па рэжыме
15 чэрвеня 2024
Віцэ-прэм'ер дыктатара Пётр Пархомчык на нядаўняй нарадзе ў Лукашэнкі прызнаўся, што санкцыі, якія робяць рэжым Лукашэнкі мацнейшымі, ударылі па вытворчасці драўняных пелет у Беларусі.
Яшчэ да 2020 года ў Беларусі было створана каля 60 пелетных вытворчасцяў сумарнай магутнасцю каля мільёна тон у год. Прадпрыемствы ствараліся, як адзначыў Пархомчык, з улікам вялікага попыту на гэтую прадукцыю ў Еўропе. Аднак, па словах віцэ-прэм'ера, пастаўкі ў Еўропу былі прыпыненыя. Прычым Пархомчык, вядома ж, не тлумачыць, у сувязі з якой сітуацыяй пастаўкі былі прыпыненыя і хто ў гэтым вінаваты. Не кажа ён пра масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, міграцыйны крызіс на межах з ЕС і саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Санкцыі таксама закранаюць сферу трансгранічных плацяжоў, якія ажыццяўляюцца банкамі. Пра гэта вядома ўжо не ад Пархомчыка, а з нядаўняй справаздачы Нацыянальнага банка Лукашэнкі. У прыватнасці, па ініцыятыве Нацбанка камерцыйныя банкі сталі кансультаваць карпаратыўных кліентаў па пытаннях праходжання міжнародных разлікаў. Для садзейнічання ўхіленню ад фінансавых санкцый Нацбанкам была нават створана спецыяльная рабочая група па каардынацыі правядзення знешнеэканамічных разлікаў. Таксама банкамі прымаліся меры «па праходжанні прыпыненых плацяжоў, у тым ліку з выкарыстаннем альтэрнатыўных сістэм перадачы фінансавай інфармацыі або клірынгавых механізмаў».
У прыватнасці, для правядзення аперацый выкарыстоўвалася сістэма фінансавых паведамленняў банка Расіі — СПФС. Пра яе, як інструменце абыходу ўведзеных абмежаванняў, мы паведамлялі спецпрадстаўніку па санкцыях ЕС Дэвіду О'Салівану. У выніку ЕС, а таксама краіны Вялікай сямёркі гатовыя прыняць абмежаванні супраць СПФС у чарговых санкцыйных пакетах.
Яшчэ далей пайшоў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі і здаў усе схемы Лукашэнкі па незаконным абыходзе ўжо ўведзеных санкцыйных мер. А Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі рапартуюць нам, што яны абыдуцца без гандлю з Захадам і спакойна пераарыентуюцца на Усход. А тут, аказваецца, тавары з Захаду ўсё ж такі вельмі патрэбныя і рэжым Лукашэнкі гатовы ісці на любыя хітрыкі, каб іх займець.
Як заявіў Арлоўскі 10 красавіка на пасяджэнні Савета Рэспублікі, на подпіс Лукашэнкі лёг дакумент, які прадугледжвае блок антысанкцыйных мер. У прыватнасці, ён стварае ўмовы для магчымасці рэалізацыі са складоў часовага захоўвання беларускім прадпрыемствам тавараў, якія экспартуюцца з Еўрасаюза ў адрас трэціх краін транзітам праз Беларусь.
Напрыклад, кажа Арлоўскі, абсталяванне дакументальна афармляецца транзітам з Еўропы ў Азію і на тэрыторыі Беларусі рэалізуецца беларускаму прадпрыемству. Дзеючым заканадаўствам такі продаж не прадугледжаны. Гэта значыць чыноўнік прызнаўся, што рэжым Лукашэнкі на дзяржаўным узроўні займаецца ўхіленнем ад санкцый і нават парушае сваё ж заканадаўства. Таксама Арлоўскі распавёў, што часта для абыходу санкцый абсталяванне ўвозіцца ў краіну па частках, з выкарыстаннем шматступенных лагістычных ланцужкоў.
Але самае гучнае прызнанне, што санкцыі б'юць па рэжыме, зрабіў пастаянны прадстаўнік Лукашэнкі ў ААН Валянцін Рыбакоў. Ён назваў санкцыі на адрас рэжыму Лукашэнкі ні многа ні мала — актам тэрарызму!
На фоне рыторыкі вертыкалі Лукашэнкі аб страшным уздзеянні санкцый на рэжым, некаторыя так званыя эксперты спрабуюць нас пераканаць, што гэтыя самыя санкцыі не працуюць, што пара б ужо ад іх зусім адмовіцца. І чым гучней чыноўнікі рэжыму скардзяцца на санкцыі, тым гучней гучаць заклікі спыніць санкцыйную палітыку.
А мы ў сваю чаргу і далей сумесна з нашымі міжнароднымі партнёрамі працягнем працу па ўдасканаленні санкцыйнага ціску на злачынны рэжым Лукашэнкі.
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол.
Крыніца: НАУ
«Тое, што сістэма робіць з нашымі блізкімі, мае назву – катаванні»
14 чэрвеня 2024
Падчас працоўнага візіту ў Вашынгтон беларуская лідарка ўзяла ўдзел у слуханнях Хельсінкскай камісіі – камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Гэта незалежны орган амерыканскага ўраду па абароне правоў чалавека, створаны для маніторынгу хельсінкскіх пагадненняў.
У прамове беларуская лідарка акцэнтавала ўвагу на штодзённых рэпрэсіях у краіне і жахлівыя ўмовы ўтрымання людзей у турмах – і заклікала сусветную супольнасць узмацніць ціск на рэжым, каб як мага хутчэй вызваліць людзей з-за кратаў.
Галоўнае з выступу Святланы Ціханоўскай:
📌 «Людзі за кратамі знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Можа быць, раз у дзень яны могуць убачыць неба падчас кароткай прагулкі па турэмным двары. Яны пазбаўленыя медычнай, юрыдычнай дапамогі і сувязі са светам. Тое, што сістэма робіць з нашымі блізкімі, мае назву – катаванні».
📌 «Калі вы знаходзіцеся ў руках КДБ, вашыя шанцы на вызваленне блізкія да нуля. Яны запішуць відэа, дзе вы прызнаеце сябе вінаватым у злачынствах, якіх не здзяйснялі. КДБ размяшчае відэа на YouTube у якасці рэкламы, каб пасеяць страх і безнадзейнасць».
📌 «Для палітвязняў і іх сем’яў існуе такая форма катаванняў, як рэжым інкамунікада. Гэта калі палітвязні не атрымліваюць ні слова ад сваіх сваякоў. Большасць маці не могуць пражыць і дня без таго, каб не патэлефанаваць сваім дзецям. Але ў бацькоў палітвязняў няма такой раскошы».
📌 «Палітвязні – не толькі палітычнае, але і гуманітарнае пытанне. Я прашу ЗША падтрымаць наш заклік да Генеральнага сакратара ААН забяспечыць доступ да тых, хто за кратамі. Мы павінны прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Суддзі, пракуроры, адміністратары калоній, прапагандысты, Лукашэнка і ўсе яго набліжаныя павінны ведаць, што кожнае злачынства будзе задакументавана і пераследвацца па законе».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Юрыдычная каманда Офіса – пра рашэнне аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта ў Беларусь
13 чэрвеня 2024
Сёння адвакаты рэжысёра Андрэя Гнёта атрымалі рашэнне Вышэйшага суда Бялграда аб магчымасці яго экстрадыцыі ў Беларусь. У выпадку яго выдачы для крымінальнага пераследу, Андрэя немінуча чакае сур’ёзны турэмны тэрмін за ягоную мірную грамадзянскую актыўнасць і рэалізацыю сваіх правоў.
Усе месяцы, пакуль Андрэй знаходзіўся пад вартай у Бялградзе, юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай прыкладала максімум намаганняў для таго, каб не дапусціць яго выдачы. Мы вялі актыўную камунікацыю з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі краін Еўрапейскага Саюза, юрыстамі, праваабаронцамі, адвакатамі і журналістамі для таго, каб беларус аказаўся на волі.
Важна адзначыць: рашэнне суда зусім не азначае, што нашыя намаганні былі марнымі. Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае змагацца за свабоду Гнёта. Дыпламаты еўрапейскіх краінаў у Бялградзе ўжо праінфармаваныя пра рашэнне. Адвакаты Андрэя рыхтуюць дакументы для падачы апеляцыі. Яму таксама дадзеныя кантакты, каб у выпадку неабходнасці атрымаць юрыдычную дапамогу па падачы заявы ў Еўрапейскі Суд па Правах Чалавека. Таксама інфармацыя па справе Гнёта дасланая прадстаўнікам Еўрапейскай камісіі. Зразумела, мы працягваем заставацца на сувязі і з самім Андрэем – аказваем яму дапамогу і падтрымку.
Мы заклікаем усіх падтрымаць Андрэя ў гэтай барацьбе ўсімі магчымымі спосабамі!
Распаўсюджвайце інфармацыю пра сітуацыю Андрэем, калі для вас гэта бяспечна. Накіроўвайце лісты ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Сербіі з патрабаваннямі яго вызвалення. Мы робім усё магчымае, каб Андрэй змог пакінуць Сербію і перабрацца ў бяспечную трэцюю краіну. З вашай падтрымкай Андрэй нашмат хутчэй апынецца ў бяспецы і зможа ўбачыць блізкіх.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская сустрэлася з дарадцам па нацыянальнай бяспецы ЗША Саліванам
12 чэрвеня 2024
Падчас размовы бакі абмеркавалі неабходнасць усебаковай падтрымкі Беларусі і Украіны. Ціханоўская распавяла пра нашых добраахвотнікаў і валанцёраў ва Украіне – і падкрэсліла важнасць перамогі Украіны для пераменаў у Беларусі. Асобна лідарка ўзняла пытанне ваенна-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне, падсвяціўшы мізэрную падтрымку грамадствам уступу ў вайну і ўніфікацыі з Расіяй.
Важнай тэмай размоваў стала ўмацаванне ціску на рэжым Лукашэнкі. Ціханоўская адзначыла: абмежаванні не павінны мець шчылінаў, і мусяць быць скіраваныя на вызваленне палітвязняў, супраць рэжыму і яго дапамогі Расіі ў вайне.
Асобна Ціханоўская падкрэсліла важнасць выдачы візаў і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці за мяжой: неабходна ізаляваць рэжым, а не людзей, бо беларусам і беларускам трэба заставацца мабільнымі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Нэнсі Пэлосі і сенатарамі ЗША
12 чэрвеня 2024
Падчас першага дня візіту ў Вашынгтон Святлана Ціханоўская сустрэлася з экс-спікеркай Палаты Прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі, а таксама амерыканскімі сенатарамі Джын Шагін, Дзікам Дурбінам, Пітэрам Уэлчам.
Ціханоўская адзначыла неабходнасць амерыканскага лідарства ў супрацьстаянні дыктатарам, важнасць падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасці, а таксама ціску на рэжым з мэтай вызвалення палітвязняў і спынення ўдзелу Беларусі ў вайне. Лідарка распавяла пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду, а таксама пра планы дэмакратычных сілаў на 2025 год.
Падчас сустрэчы абмеркавалі:
📌 праект новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўмацуе суб’ектнасць дэмакратычных сілаў, а таксама можа стаць асновай для павелічэння падтрымкі Беларусі;
📌 кампанію ў падтрымку беларускіх палітвязняў, у прыватнасці – зняволеных беларускіх журналістаў, а таксама магчымыя крокі па іх вызваленні;
📌 пытанне санкцыяў;
📌 працяг і павелічэнне падтрымкі незалежных медыя, а таксама культурніцкіх і праваабарончых ініцыятываў;
📌падтрымку рэпрэсаваных;
📌мерапрыемствы па Беларусі падчас саміту НАТА;
📌падтрымку беларусаў у ЗША.
Ціханоўская заклікала раздзяляць беларускі народ і рэжым – і не дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Канферэнцыя ў Люксембургу аб праблемах беларусаў у выгнанні: «Luxembourg Solutions»
10 чэрвеня 2024
6-7 чэрвеня ў Люксембургу адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам беларусаў у выгнанні. У мерапрыемстве, арганізаваным ПАРЕ ў супрацоўніцтве з парламентам Люксембургу, узялі удзел спікер і віцэ-прэм’ер Люксембургу, прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэодарас Русопулас, дыпламаты і палітыкі з больш чым 20 краінаў, прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, беларускіх медыя, бізнес-асацыяцыяў, культурніцкіх ініцыятываў.
Падчас сустрэчаў з кіраўніцтвам Люксембургу абмяркоўвалі выкананне рэкамендацыяў ПАРЕ па спрашчэнні візавага рэжыму і працэдураў легалізацыі для беларусаў на ўзроўні ЕС, падтрымку рэпрэсаваных і палітвязняў праз гуманітарны фонд, а таксама незалежных медыя, грамадзянскай супольнасці і беларускай культуры, падрыхтоўку да саміту міру па Украіне, Саміту НАТА і генасамблеі ААН.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Беларусь упершыню была прадстаўлена на канферэнцыі «Упэўненасць у Заўтрашнім Дні»
05 чэрвеня 2024
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава ўзяла ўдзел у канференцыі «Упэўненасць у Заўтрашнім Дні», якая прайшла ў Страсбургу. Імпрэзу прымеркавалі да 75-годдзя Рады Еўропы. У канферэнцыі ўзялі ўдзел Генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пейчынавіч Бурыч, пастаянны камісар Рады Еўропы па правах чалавека Майкл О’Флаэрці і прэзідэнт Еўрапейскага Моладзевага Форуму Марыя Радрыгес Алькасар.
Дзякуючы высілкам беларускіх моладзевых арганізацый, актыўнай працы дэмакратычных сілаў і міжнародных партнёраў, упершыню на мерапрыемстве такога кшталту была прадстаўлена Беларусь. Раней наша краіна не прымала ўдзелу ў такіх сустрэчах з-за палітычнай ізаляцыі рэжыму.
Падчас канферэнцыі Маргарыта Ворыхава акцэнтавала ўвагу на рэпрэсіях супраць беларускіх моладзевых арганізацый і заклікала міжнародную супольнасць падтрымаць і абараніць іх. Яна падкрэсліла важнасць доступу нашай моладзі да еўрапейскай адукацыі: «Каб далучаць маладых беларусаў і беларусак да дэмакратычных працэсаў, патрэбна большая актыўнасць і спрыянне з боку еўрапейскіх партнераў».
«Такія мерапрыемствы павялічваюць дасведчанасць міжнароднай супольнасці а праблемах беларускай моладзі і ўзмацняюць усебаковы ціск на рэжым. Гэта магчымасць прыцягненуць дадатковыя рэсурсы для моладзевых арганізацый і праектаў, а таксама крок на шляху да большага пашырэння праграмаў абмену і адукацыйных праектаў», – пракаментавала Маргарыта Ворыхава.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ У КААРДЫНАЦЫЙНУЮ РАДУ
04 чэрвеня 2024
28 траўня былі аб’яўленыя вынікі галасавання ў Каардынацыйную Раду. У склад удзельнікаў трэцяга склікання прайшлі восем спісаў кандыдатаў з заяўленых дванаццаці. Святлана Ціханоўская правяла відэа-званкі з новымі дэлегатамі Каардынацыйнай Рады, а таксама з сябрамі тых спісаў, якія не прайшлі ў КР.
Беларуская лідарка падзякавала за ўдзел у выбарах – і выказала падтрымку тым, хто папаў пад пераслед за актыўнасць падчас кампаніі. Асноўнымі тэмамі абмеркавання сталі роля КР, прыярытэтныя напрамкі працы, супрацоўніцтва з Аб’яднаным пераходным кабінетам і тое, якім чынам Каардынацыйная Рада можа ўзмацніць структуры дэмакратычных сілаў.
«Мы робім агульную справу, і ў нас адна агульная мэта – свабодная Беларусь, – пракаментавала анлайн-сустрэчы беларуская лідарка. – Для мяне важна было пачуць кожнага. Я разумею, што людзі, якія ідуць у КР, гатовыя працаваць. Я асабліва радая бачыць новых людзей, якія рызыкнулі многім і далучыліся да палітычнай працы».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі павысіць узровень бяспекі ў Еўропе
03 чэрвеня 2024
«Ёсць такі выраз: elephant in the room. І гэты слон нікуды не сыдзе, калі з ім нічога не рабіць. Не. Ён разграміць гэты пакой і растопча жыхароў. Гэты слон — Расія. І яна ўжо ў нашым пакоі, у Еўропе. Магчыма, нам страшна, Еўропе страшна? Але ёсць і яшчэ адзін выраз: eat the elephant piece by piece. І рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, галоўны хаўруснік Расіі — гэта менавіта той кавалак, з якога трэба пачаць есці слана, калі мы хочам выгнаць яго з пакою. І які Еўропе дакладна па зубах», — адзначыў Павел Латушка падчас удзелу ў дыскусійнай панэлі «Постасці новай Еўропы» ў рамках 10-ай Міжнароднай еўрапейскай канферэнцыі ў Гданьску. Мерапрыемства адбылося ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці — месцы, дзе адбываліся гістарычныя падзеі, якія прывялі да зменаў у Еўропе.
Удзел у дыскусійнай панэлі прынялі дырэктар Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ў Гданьску Базыль Керскі, палітолаг, дырэктар польскага офісу Фонда Конрада Адэнаўэра Давід Грэгош, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, сустаршыня дэпутацкай групы Вярхоўнай Рады Украіны па міжпарламенцкіх сувязях з Рэспублікай Польшчай Мікола Княжыцкі, намесніца галоўнага рэдактара часопіса «Новая Усходняя Еўропа» Івона Рэйхардт.
Падчас удзелу ў дыскусійнай панэлі Павел Латушка адзначыў: «Калі б у 2020 годзе ў Беларусі перамагла дэмакратыя, то вайны магло б і не быць. Пытанне адсутнасці стратэгіі ў дачыненні да Беларусі і ў 2020 годзе, і сёння — ключавое для будучых перспектыў Беларусі і беларусаў у Еўрапейскім саюзе. Нам вельмі важная салідарнасць і сімвалічна, што гэтае слова мы вымаўляем сёння ў Гданьску — горадзе, які з'яўляецца калыскай салідарнасці.
З іншага боку мы аддаём сабе справаздачу, што толькі ад нас залежыць будучыня Беларусі. Сёння для нас важна не дапусціць, каб на беларуска-еўрапейскай мяжы быў пабудаваны берлінскі мур. Разумеючы важнасць забеспячэння нацыянальнай бяспекі суседзяў-членаў Еўрапейскага саюза, мы звяртаемся да нашых еўрапейскіх партнёраў, каб былі захаваныя магчымасць свабоднага перамяшчэння беларусаў у Еўрапейскі саюз, атрымання віз, у тым ліку ўвядзення лічбавых віз для беларусаў, каб Еўропа паказала сваю адкрытасць для беларусаў, а з іншага боку — каб яна дэманстравала эфектыўнасць у вачах беларусаў, якія дагэтуль вераць у дэмакратыю, у тым ліку — гэта і адказнасць.
На маім асабістым канале я правёў апытанне, што з'яўляецца прыярытэтным для нашай кааліцыі, якая ўдзельнічала ў выбарах у Каардынацыйную раду. І 75% апытаных беларусаў паставілі на першую пазіцыю важнасць прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за злачынствы.
Важна казаць і пра фактычнае прызнанне інстытутаў, якія ствараюць дэмакратычныя сілы. Беларусы сёння змагаюцца за дэмакратыю, а значыць — і змагаюцца за сваю будучыню ў Еўропе. Беларусы падвергнутыя велізарным рэпрэсіям, катаванням ва ўласнай краіне. Таму важна гэта разумець і важна на гэта адказаць выразным планам дзеянняў у падтрымку нашай барацьбы».
Асноўны тэзіс, які выказвалі замежныя ўдзельнікі дыскусій, прадстаўнікі польскага і ўкраінскага бакоў грунтуецца на падыходзе «безумоўнай падтрымкі Украіны, якая змагаецца за сваю тэрытарыяльную цэласнасць супраць агрэсара, і дэмакратычнай Беларусі, народ якой змагаецца і таксама церпіць ад гвалту і рэпрэсій».
Падчас знаходжання ў Гданьску таксама адбыліся кароткая сустрэча Паўла Латушкі з прэзідэнткай Гданьска Аляксандрай Дулькевіч. Прэзідэнтка Гданьска ініцыятыўна запрасіла Паўла Латушку на асобную сустрэчу, падчас якой плануецца абмеркаваць усе праблемныя пытанні, якія непакояць беларусаў, якія пражываюць у Гданьску. Дамовіліся падрыхтаваць адпаведныя пытанні і накіраваць іх загадзя дзеля таго, каб сустрэча мела найбольшы плён. Таксама адбылася сустрэча з членам групы Сейма Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнай Беларуссю Яцэкам Карноўскім, з якім дасягнута дамоўленасць аб сустрэчы ў Варшаве з прадстаўнікамі дадзенай парламенцкай групы.
Крыніца: НАУ
Шведскі прафсаюз работнікаў гандлю пералічыў 30 000 крон на падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за свабоду ва Украіне
28 траўня 2024
Рашэнне падтрымаць беларускіх герояў было прынятае на сходзе ў красавіку па выніках выступу прадстаўніка Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі.
Шчыра дзякуем прафсаюзу за шчодрую падтрымку!
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
«Нельга дапусціць з’яўлення новай жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Еўропай – гэта тое, чаго хочуць дыктатары»
27 траўня 2024
Беларуская лідарка выступіла з прамовай на пасяджэнні Сталага камітэта ПАРЕ. У ім Ціханоўская павіншавала Літву з уступам на пост краіны-старшыні Камітэта міністраў Рады Еўропы, а таксама заклікала надаць дэмакратычнай Беларусі статус назіральніка ў Камітэце Міністраў.
Святлана Ціханоўская: «Дазвольце павіншаваць Літву з уступам на пост краіны-старшыні Камітэта міністраў Рады Еўропы. Як вы ведаеце, Літва – не проста наш сусед. Гэта адданы саюзнік у нашым змаганні за волю. Я ўдзячная ПАРЕ, а таксама кожнай з вашых краінаў і парламентаў за паслядоўнасць у вызваленні Беларусі і суверэннай Украіны.
Каб перамагчы нам трэба, з аднаго боку, ізаляваць дыктатараў Пуціна і Лукашэнку, з іншай – падтрымаць усіх, хто змагаецца за волю. Санкцыі – гэта не панацэя, а спосаб паслабіць дыктатарскія рэжымы, пазбавіць іх рэсурсаў для вядзення вайны і тэрору. У іх не павінна быць шчылінаў і адступаў. Ізалюючы Лукашэнку, я прашу вас не ізаляваць беларускі народ.
Дзякуй ПАРЕ за прыняцце студзеньскай рэзалюцыі па Беларусі, якая заклікае падтрымліваць мабільнасць беларусаў, выдаваць візы, мацаваць сувязі паміж людзьмі. Мы не павінны дапусціць з’яўлення новай жалезнай заслоны паміж Беларуссю і Еўропай – гэта тое, чаго хочуць дыктатары.
Прыйшоў час умацаваць супрацоўніцтва паміж ПАРЕ і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Дзякуючы гэтаму мы зможам не толькі вучыцца і практыкаваць дэмакратыю, але і распрацаваць эфектыўную стратэгію ў дачыненні да Беларусі.
Мы хочам, каб Беларусь уступіла ў Раду Еўропы. Гэта будзе наш першы крок на шляху інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз. А пакуль падтрымайце наш заклік падаць дэмакратычнай Беларусі статус назіральніка ў Камітэце Міністраў. Давайце пазбавім нелегітымны рэжым у Мінску права прадстаўляць Беларусь. Я ведаю, што гэта беспрэцэдэнтна. Але мы жывём у нетрадыцыйны час. І такія часы патрабуюць нестандартных рашэнняў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Кангрэс па палітычных вязнях у Празе
27 траўня 2024
З 23 па 25 траўня ў Празе праходзіў Кангрэс па палітычных вязнях #WithoutJustCause.
У ім ўзяў удзел намеснік міністра замежных спраў Чэхіі. Акрамя Яна Мар’яна сярод удзельнікаў была лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міра Аляксандра Матвійчук (ейны ўкраінскі “Цэнтр грамадзянскіх свабод” выйграў прэмію ў 2022 годзе разам з беларускім палітвязнем Алесем Бяляцкім і расейскай праваабарончай арганізацыяй “Мемарыял”).
На кангрэсе былі прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, Беларускага Хельсінскага камітэту, “Вясны”, DissidentBY, BYhelp, а таксама фонду “Краіна для Жыцця”. Кіраўніца нашага Фонду распавяла, што на кангрэсе ўдзельнікі абагульнілі інфармацыю аб тым, чаго менавіта не хапае, што можна палепшыць і на што звярнуць увагу ў сістэме дапамогі палітвязням.
“Гэта першае мерапрыемства за амаль 4 гады менавіта такога фармату па тэме палітвязняў”, - расказвае кіраўніца фонду “Краіна для Жыцця” Вольга Зазулінская. “Усе спікеры прыехалі падрыхтаванымі, было шмат статыстыкі, прэзентацый. Каштоўным было паслухаць у рамках кангрэсу родных палітвязняў і былых палітвязняў Адзінае, што мяне напэўна засмуціла, - гэта слабое асвятленне ў СМІ. “Радыё Свабода” і “Наша Ніва” прысутнічалі, асвятлялі на сваіх рэсурсах мерапрыемства, і я за гэта ім вельмі ўдзячная”.
На кангрэсе былі зададзены 2 асноўныя вектары абмеркаванняў: сем'і палітвязняў і былыя палітвязні ўнутры краіны і за яе межамі. Удзельнікі аналізавалі запатрабаванні гэтых груп, выклікі, з якімі яны сутыкаюцца і ўнутры краіны, і пры пераездзе. “Казалі аб тым, што нават існуючай дапамогі недастаткова, каб пакрываць усе запыты ў поўным аб'ёме. Асаблівую ўвагу надавалі пытанню дапамогі ўнутры краіны, складанасцям, з якімі сутыкаюцца людзі кожны дзень: умовы ўтрымання для палітвязняў, рэжым інкамунікада, неаказанне медычнай дапамогі ў ШЫЗА і калоніях”, - адзначыла Вольга Зазулінская. Згодна ж са статыстыкай рэпрэсіі не толькі не сціхаюць, а зноў набіраюць абароты.
“Я лічу, што мерапрыемствы такога фармату проста неабходныя і пажадана павінны стаць рэгулярнымі. Лічу, што трэба абавязкова запрашаць сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў, бо менавіта яны паказваюць рэальны стан рэчаў, нам гэта важна для пабудовы далейшай працы ў дадзеным полі.”
Крыніца: Фонд "Краіна для Жыцця"
якая дапамога патрэбна Беларусі
23 траўня 2024
На палях стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі адбылася закрытая панэльная дыскусія з удзелам дыпламатаў, чыноўнікаў і палітыкаў з краін Еўрасаюзу і ЗША. Арганізатарамі выступілі міжурадавая арганізацыя International IDEA і амбасада Літвы ў Швецыі, якую ўзначальвае былы міністр замежных спраў і амбасадар Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічус.
«Адных санкцый недастаткова, каб змяніць рэжым. Змены могуць адбыцца толькі знутры, і толькі дзякуючы беларусам. Гэта часта забываецца палітыкамі. Таму вельмі важна заўсёды сумяшчаць санкцыі з дапамогай людзям» – адзначыла Ціханоўская.
Паводле Ціханоўскай, дапамога павінна быць накіраваная на беларускія незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасць, сем’і рэпрэсаваных, прафсаюзы, праваабаронцаў і інстытуты дэмакратычных сілаў.
Ціханоўская заклікала фармалізаваць адносіны з дэмакратычнымі сіламі. «Мы просім фармалізаваць адносіны з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначыць спецыяльных пасланнікаў і ўстрымацца ад уручэння даверчых грамат нелегітымнаму Лукашэнку. Падтрымайце адкрыццё нашых місіяў у вашых сталіцах і стварыце групу для свабоднай Беларусі ў парламентах, як гэта было зроблена тут, у Рыксдагу» – падкрэсліла Ціханоўская.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Швецыя выдзяляе пяць мільёнаў кронаў на падтрымку беларускіх палітвязняў
21 траўня 2024
Падчас канферэнцыі ў Стакгольме, прысвечанай Дню салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, міністр міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця Швецыі Ёхан Форсэль паведаміў: краіна выдзяляе пяць мільёнаў шведскіх кронаў (больш за 400 тысячаў еўра) у Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі. Гэты фонд падтрымлівае палітычных зняволеных і іх сем’і.
Форсэль адзначыў, што для шведскай палітыкі паглыбленне дыялогу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнанні пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай з’яўляецца прыярытэтам. «Нам важна, каб знешні свет не забываўся на тых, хто змагаецца за свабодную, дэмакратычную і незалежную Беларусь», – падкрэсліў палітык.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Беларусы жывуць ва ўмовах, якія нагадваюць сталінскія часы»
16 траўня 2024
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі Impact у Познані. Цягам двух дзён спікеры абмяркоўваюць актуальныя пытанні для Еўропы – і закранаюць самыя розныя аспекты жыцця. У прыватнасці, поглядамі на праблемы рэгіёна і спосабы іх вырашэння дзеляцца палітыкі Мішэль Абама, Радаслаў Сікорскі і Сана Марын, навукоўцы Цімаці Снайдэр ды Іван Красцеў, кіраўнікі банкаў, зорныя спартсмены, спецыялісты ў сферы медыя і IT-тэхналогіяў.
Беларуская лідарка разважала на тэму перспектываў палітычных зрухаў у Беларусі і адказвала на пытанні.
Галоўныя тэзы пра сітуацыю ў Беларусі, якія агучыла Ціханоўская:
📌 «Тэрор і ціск. Беларусы жывуць ва ўмовах, якія нагадваюць сталінскія часы, з адвольнымі арыштамі і сталай нявызначанасцю. Рэжым імкнецца пасеяць страх і расчараванне сярод насельніцтва праз гвалт і русіфікацыю».
📌 «Падпольнае супраціўленне і інфармацыйная вайна. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, існуе актыўны падпольны супраціў – у тым ліку кіберактывісты і народная выведка. Расійская прапаганда актыўна дэзынфармуе і стварае шум, каб заблытаць людзей».
📌 «Адсутнасць падтрымкі ўлады з боку народа. Большасць беларусаў ненавідзяць Лукашэнку і стаміліся ад яго праўлення. Яго падтрымка трымаецца на сілавіках, спецслужбах і прарасійскай наменклатуры».
📌 «Палітычныя перавагі. Апытанні паказваюць: падтрымка Лукашэнкі знаходзіцца на ўзроўні каля 20%, у той час як большасць насельніцтва выступае за незалежнасць Беларусі і паляпшэнне стасункаў з ЕС. Пераважная большасць супраць удзелу ў вайне і наяўнасці ядзернай зброі».
Таксама Ціханоўская акрэсліла практычныя крокі, праз якія еўрапейская супольнасць можа дапамагчы беларусам:
✔️ Дапамога незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасці;
✔️ Сінхранізацыя ціску на рэжым;
✔️ Візавая падтрымка і інтэграцыя;
✔️ Падтрымка еўрапейскай будучыні для Беларусі;
✔️ Супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі;
✔️ Прыцягненне рэжыму да адказнасці праз універсальную юрысдыкцыю.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская – аб вызваленні Яраслава Новікава: «Спадзяюся, гэтая справа стане пазітыўным прэцэдэнтам»
10 траўня 2024
Напачатку 2024 года беларуса Яраслава Новікава затрымалі на мяжы Грузіі з Арменіяй. Рэжым завёў на хлопца крымінальную справу, абвінаваціўшы ва ўхіленні ад службы ў войску — і праз гэта падаў запыт у міждзяржаўны вышук СНД. Маладога чалавека, які з’ехаў з радзімы з-за пагрозы мабілізацыі, змясцілі ў ізалятар — і менавіта там чакаў рашэння па экстрадыцыі. У той жа час юрысты Хельсінкскай асацыяцыі, а таксама прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі пачалі працу над вызваленнем Новікава.
Сёння армянскі бок афіцыйна паведаміў, што Яраслаў атрымаў статус уцекача — і яму больш не пагражае экстрадыцыя. У хуткім часе малады чалавек будзе вызвалены.
Святлана Ціханоўская: «Шчыра вітаю Яраслава і яго блізкіх з такой навіной. Таксама хачу падзякаваць уладам Арменіі за прынятае рашэнне і адкрытасць у камунікацыі. Пытанне Яраслава падымалі і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, і нашыя праваабаронцы, бо для нас першасная задача – абараніць беларусаў і гарантаваць іх бяспеку ў любой краіне.
Спадзяюся, гэтая справа стане пазітыўным прэцэдэнтам – і дапаможа надалей больш аператыўна вырашаць пытанні, звязаныя з бяспекай беларусаў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Як падтрымка дэмакратычнай Беларусі ўплывае на бяспеку Еўропы?
10 траўня 2024
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны рыторыка рэжыму стала больш агрэсіўнай, у тым ліку ў адносінах да суседніх краінаў. Зыходзячы з гэтага, мы вырашылі патлумачыць, чаму Святлана Ціханоўская падкрэслівае ў кожным выступе на міжнароднай арэне: падтрымка дэмакратычнай Беларусі – не проста гуманітарная, але і стратэгічная неабходнасць для бяспекі Еўропы.
Антываенныя настроі беларусаў — абарона ад вайны
Настроі абсалютнай большасці грамадства – ключавы фактар, з-за якога беларускае войска ўсё яшчэ не стала паўнавартаснай саўдзельніцай агрэсіі РФ. Другая сусветная вайна, якая прайшла па ўсёй тэрыторыі нашай краіны, закранула кожную сям’ю – забрала жыцці блізкіх і родных, разбурыла быт, знішчыла маёмасць. Па сутнасці, вайна стала цяжкай асабістай гісторыяй кожнага з нас. Для беларусаў не існуе наратыву «можам паўтарыць». Ёсць толькі «ніколі зноў».
Будучыня Беларусі — гэта супрацоўніцтва з суседзямі, а не вайна
Будучыня, якую хочуць беларусы для сябе і сваіх дзяцей, – гэта мір, а не вайна. Партнёрства і мірнае суіснаванне з усімі суседзямі, у тым ліку з заходнімі краінамі – важны прыярытэт для дэмакратычнай Беларусі. Нам няма чаго дзяліць з суседзямі.
Лукашэнка не ў сілах супрацьстаяць ціску Пуціна ў пытаннях саўдзелу ў вайне
Супраціў Лукашэнку Пуціну – ілжывы прапагандысцкі наратыў. Відавочна, што Лукашэнка робіць менавіта тое, што патрабуе Пуцін: дае беларускія чыгункі і аэрапорты ў якасці інфраструктуры для вядзення баявых дзеянняў, шпіталі – для лячэння параненых расійскіх вайскоўцаў, палігоны – для навучання мабілізаваных. Акрамя таго, рэжым дазволіў Крамлю арганізаваць атаку ўкраінскіх пазіцыяў са сваёй тэрыторыі, падтрымаў Маскву боепрыпасамі, а таксама падахвоціўся апекаваць ПВК «Вагнер» летам 2023 года.
Лукашэнка гатовы даць Пуціну тэрыторыю Беларусі для паўторнага нападу на Украіну ці краіны ЕС
Калі Пуцін гэтага захоча, няма сумневаў, што так і будзе. У 2020 годзе Лукашэнка запэўніваў: з тэрыторыі Беларусі напады на Украіну ніколі не здарыцца. Былі людзі, якія гэтаму верылі, аднак зараз відавочна – ніякія абяцанні рэжыму нельга ўспрымаць сур’ёзна. Пасля таго як тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для нападу на Украіну, не існуе ніякіх «гарантыяў бяспекі». З дыктатарамі нельга дамаўляцца, і тым больш – спадзявацца на іх абяцанні.
Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі — пагроза для беларусаў
Рашэнне аб выкарыстанні ядзернай зброі прымаюцца ў Крамлі. Калі Пуцін вырашыць атакаваць Украіну ці любую іншую краіну, то зваротны ўдар прыйдзецца менавіта па нашай тэрыторыі. Для Крамля беларусы – жывы шчыт, якім прыкрываецца Масква. Гэта ператварае Беларусь у мішэнь. І як мінімум таму ядзерная зброя павінна быць вернутая ў Расію.
Падтрымка дэмакратычнай Беларусі – гэта не гуманітарная акцыя, а інвестыцыя ў бяспеку ўсяго рэгіёну
Прарэжымная Беларусь – марыянетка ў руках Крамля. Дэмакратычныя змены ў краіне – гэта тое, што дазволіць Беларусі перастаць быць пагрозай для суседзяў, і стаць адказным партнёрам Еўропы і плацдармам бяспекі для рэгіёна.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская сустрэлася з генеральным сакратаром НАТА
07 траўня 2024
Упершыню кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з афіцыйнымі асобамі НАТА
Адбылася сустрэча з генеральным сакратаром Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора Енсам Столтэнбергам. У сустрэчы таксама браў удзел Валер Кавалеўскі. Таксама ў рамках Паўночнаатлантычнай Рады Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для пастаянных прадстаўнікоў усіх краін-удзельніц Альянсу дзеля абмену меркаваннямі па крызісе ў Беларусі і па перспектывах устанаўлення дыялогу дэмакратычнага руху Беларусі і НАТА па палітычным парадку дня.
Святлана Ціханоўская, дэмакратычная лідарка, кіраўніца Кабінета: «Я радая, што гэта сустрэча адбылася, і што ў дэмакратычных сіл Беларусі завязваецца такі дыялог. У падмурак Альянсу закладзеныя блізкія для беларусаў каштоўнасці: індывідуальная свабода, правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права.
Я думаю, для кожнай еўрапейскай краіны неабходна выбудоўваць паважлівыя, канструктыўныя адносіны з НАТА. Гэта важна для нацыянальных інтарэсаў і падтрымання рэгіянальнай бяспекі. Мне б хацелася, каб Беларусь успрымалі як надзейнага мірнага прадказальнага партнёра».
Валер Кавалеўскі, намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета: «Пачатак дыялогу з НАТА стаў вынікам працы Кабінета па пашырэнні супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. На працягу ўжо 75 гадоў НАТА з’яўляецца найважнейшым фактарам бяспекі і стабільнасці ў Еўропе. Мы абавязаныя інфармаваць міжнародную супольнасць пра выклікі для нашай краіны».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Раберта Метсола і Святлана Ціханоўская падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі
03 траўня 2024
Падчас працоўнага візіту на Мальту Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Еўрапейскага Парламента Раберта Метсола падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Еўрапейскі Парламент упершыню падпісаў дакумент такога кшталту не з афіцыйным урадам.
Дамова дэкларуе дамоўленасць пра наступныя супольныя мэты і напрамкі супрацоўніцтва:
📍Развіццё ўмоваў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі, у тым ліку праз аказанне дапамогі дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным СМІ і прафсаюзам Беларусі ў межах праграмы EU4Belarus і праз нарошчванне адукацыйных ініцыятываў і магчымасцяў;
📍Садзейнічанне змякчэнню міграцыйных праблемаў для беларусаў за мяжой;
📍Прыцягненне да адказнасці ў рамках міжнародных механізмаў прадстаўнікоў рэжыму і асобаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах супраць Украіны;
📍Забеспячэнне вызвалення палітвязняў у Беларусі;
📍Маніторынг унутранай сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці парушэнняў правоў журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў, НДА, рэпрэсаваных. Таксама гэта датычыцца спробаў рэжыму легітымізаваць сябе праз фіктыўныя выбары і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны;
📍Маніторынг выканання правоў і свабодаў беларусаў за мяжой.
Ліст аб намеры супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім парламентам і Дэмакратычнымі сіламі Беларусі
Еўрапейскі парламент і Дэмакратычныя сілы Беларусі («Бакі»),
поўныя рашучасці ўмацоўваць адносіны паміж Еўрапейскім парламентам і Дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Еўрапейскага парламента ад 13 верасня 2023 года аб сувязях з Беларуссю[1],
асуджаючы беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і сістэмныя і масавыя парушэнні правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкi, якія могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама выказваючы салідарнасць з народам, дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь,
прызнаючы адважную барацьбу беларускага народа за ўсталяванне дэмакратыі, захаванне незалежнасці і ахову нацыянальнай ідэнтычнасці на фоне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, які небяспечна падрывае суверэнітэт Беларусі, ператвараючы яе ў дзяржаву-сатэліт Расіі,
цёпла прызнаючы і падтрымліваючы публічныя заявы лідэра дэмакратычнага руху Беларусі Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і палітычных партый Беларусі аб еўрапейскіх памкненнях беларусаў,
вітаючы адкрыццё Місіі Дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі і стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, які разам з Каардынацыйнай радай павінны разглядацца міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі народа Беларусі,
гэтым дамаўляюцца пра наступныя агульныя мэты і напрамкі супрацоўніцтва:
Еўрапейскі парламент імкнецца працягваць маніторынг унутранай сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці, парушэнняў правоў чалавека, стану палітычных зняволеных і іншых асоб, якія праследуюцца па палітычных матывах, журналістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў, меншасцяў і няўрадавых арганізацый, спроб рэжыму легітымізаваць сябе, у тым ліку шляхам фіктыўных выбараў, удзелу рэжыму ў неапраўданай агрэсіўнай вайне і ваенных злачынствах Расіі супраць Украіны, пагроз, што зыходзяць ад рэжыму Лукашэнкі ў бок ЕС, і мер рэжыму, накіраваных на падрыў правоў і свабод беларусаў за мяжой. З гэтай мэтай Бакі вядуць рэгулярны дыялог, накіраваны на развіццё ўмоў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі.
Кожны з Бакоў імкнецца і далей прапаноўваць рэкамендацыі інстытутам і дзяржавам-членам ЕС у сэнсе мер па ўзмацненню ціску на рэжым і падтрымлівае намаганні дэмакратычнага руху Беларусі па прадухіленні пагроз беларускаму суверэнітэту, незалежнасці, нацыянальнай культуры і мове, якія зыходзяць ад наўмысных дзеянняў Расійскай Федэрацыі і нястрымнага палітычнага, эканамічнага, ваеннага і культурнага падпарадкавання Беларусі. Бакі імкнуцца садзейнічаць змякчэнню міграцыйных праблем для тых беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь па палітычных прычынах.
Бакі імкнуцца і далей патрабаваць прыцягнення да адказнасці ў рамках існуючых міжнародных механізмаў прадстаўнікоў рэжыму і асоб, адказных за грубыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах і злачыннай агрэсіі супраць Украіны.
Бакі імкнуцца падтрымліваць дадатковыя меры інстытутаў і дзяржаў-членаў ЕС па аказанні адпаведнай дапамогі Дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным сродкам масавай інфармацыі і прафсаюзам Беларусі ў забеспячэнні дэмакратычных перамен у Беларусі. Гэтая дапамога прадастаўляецца ў тым ліку праз праграму EU4Belarus і нарошчвання патэнцыялу, навучання, ініцыятыў настаўніцтва і адукацыйных магчымасцяў.
Група па падтрымцы дэмакратыі і каардынацыі выбараў Еўрапейскага парламента імкнецца і далей прапаноўваць мэтавую падтрымку дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці Беларусі, выкарыстоўваючы свае дзеянні і праграмы. Яна садзейнічае ўмацаванню патэнцыялу і тэхнічнай экспертызы Каардынацыйнай рады і Аб’яднанага пераходнага кабінета з мэтай садзейнічання дэмакратычнаму транзіту ў краіне і падтрымання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Яна таксама дапамагае ў стратэгічных камунікацыях, падтрымлівае праваабаронцаў, незалежных журналістаў і працягвае прыкладаць намаганні па забеспячэнні вызвалення палітвязняў у Беларусі.
Гэтае пагадненне не абмяжоўвае далейшае супрацоўніцтва Еўрапейскага парламента з усімі элементамі Дэмакратычных сілаў Беларусі.
Заключана ў Валеце, 3 мая 2024 года, на англійскай і беларускай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу.
[1] АЖ С, C/2024/1761, 22.3.2024, ELI: http://data.europa.eu/eli/C/2024/1761/oj.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Для таго, каб гаварыць пра палітвязняў, не патрэбныя нагоды»
02 траўня 2024
Многія беларускія палітвязні не атрымліваюць вестак з волі. Яны знаходзяцца без сувязі са сваімі сем’ямі і адвакатамі, не атрымліваюць патрэбнай медычнай дапамогі. Рэжым інкамунікада пазбаўляе магчымасці камунікаваць са знешнім светам і спрабуе прымусіць палітвязняў думаць, што яны засталіся без падтрымкі.
Святлана Ціханоўская: «Не патрэбныя нагоды для таго, каб нагадаць пра важнасць падтрымкі нашых палітвязняў. Ужо 443 дні мы не маем вестак ад Марыі Калеснікавай. 449 дзён – ад Максіма Знака. 448 – ад Мікалая Статкевіча. Ад Віктара Бабарыкі – 452 дні. 438 дзён – ад Ігара Лосіка. 421 дзён я нічога не ведаю пра лёс майго мужа Сяргея.
У кожным візіце я паўтараю: у беларускіх турмах паміраюць людзі. Палітвязняў трымаюць без сувязі са знешнім светам, у жудасных умовах. Я заклікаю міжнародныя арганізацыі і дыпламатаў дабівацца доступу ў турмы і патрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў. У сітуацыі, калі іх катуюць і не аказваюць аніякай дапамогі, гэта не толькі палітычнае, але і гуманітарнае пытанне!
Мае дарагія, калі ласка, гучна гаварыце пра нашых палітвязняў. Падтрымлівайце іх ды іх сем’і лістамі, пасылкамі і данатамі, калі гэта бяспечна для вас. Не існуе маленькай дапамогі. Усе нашыя дзеянні складаюцца ў вялікую справу».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
У Нарвегіі стварылі Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў
30 красавіка 2024
Па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай у Нарвегіі стварылі гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітзняволеным і іх сем’ям. Падтрымка будзе ўключаць медычную, матэрыяльную і псіхалагічную дапамогу, а таксама рэабілітацыю для асобаў, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі ад рэжыму.
Падчас працоўнага візіту ў Осла беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ёнасам Гарам Стэрэ, які пацвердзіў: Нарвегія выдзеліць 10 мільёнаў нарвежскіх крон як першы ўнёсак у фонд. Распараджацца ім будуць беларускія арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям.
Зараз Міністэрства замежных справаў працуе над фармалізацыяй працы фонду. Міністр замежных справаў Эспен Барт Эйдэ падтрымаў гэтую ініцыятыву і падкрэсліў: «Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі вельмі трывожная. Такая дапамога вельмі патрэбная для рэабілітацыі былых палітвязняў і іх сем’яў».
Унесці сродкі ў фонд змогуць як іншыя ўрады, так і міжнародныя арганізацыі і патэнцыйныя донары.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
У Нарвегіі запусціўся працэс падпісання ліста ў абарону свабоды рэлігіі і перакананняў беларусаў
29 красавіка 2024
29 красавіка Святлана Ціханоўская наведала Нарвежскі Хельсінскі Камітэт у Осла. У гэты ж дзень Міжнародная панэль парламентарыяў за свабоду рэлігіі і перакананняў, якая дзейнічае на базе Камітэта, запусціла працэс падпісання парламентарыямі з розных краін праваабарончага ліста, прысвечанага новаму беларускаму закону «Аб унясенні зменаў у заканадаўства аб дзейнасці рэлігійных арганізацыяў».
Ліст акцэнтуе ўвагу на шэрагу рэпрэсіўных палажэнняў заканадаўства ў сферы свабоды рэлігіі, якія парушаюць стандарты правоў чалавека і супярэчаць абавязальніцтвам Беларусі па міжнародным праве ў гэтай галіне. Парламентарыі заклікалі дзяржорганы Беларусі «прывесці законы і палітыку ў адпаведнасць са свабодна ўскладзенымі на сябе міжнароднымі абавязацельствамі», а таксама «прыняць канкрэтныя дзеянні для забеспячэння свабоды рэлігіі і перакананняў для ўсіх у Беларусі». Пасля падпісання ліст будзе накіраваны беларускім уладам і ў амбасады Нарвегіі ў розных краінах свету.
У склад Міжнароднай панэлі парламентарыяў за свабоду рэлігіі і перакананняў (IPPFoRB) уваходзяць больш за 350 дзейных і былых парламентарыяў і заканадаўцаў з больш чым 97 краін свету.
Раней на рэпрэсіўнасць беларускага заканадаўства ў сферы свабоды рэлігіі звярталі ўвагу і іншыя арганізацыі і інстытуцыі. Напрыклад, у лютым 2024 года «Хрысціянская візія» падала матэрыялы для даклада Спецыяльнай дакладчыцы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прысвечанай свабодзе асацыяцыі, Радзе па правах чалавека ААН за 2024 год. Таксама, у жніўні 2023 года спецыяльныя дакладчыкі ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі звярнуліся да ўладаў Беларусі ў сувязі з меркаваным унясеннем зменаў у заканадаўства аб рэлігіі. Дакладчыкі накіравалі агульны ліст па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў, а таксама па пытанні аб свабодзе рэлігіі ці перакананняў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Маргарыта Ворыхава стала супрэзідэнткай Бюро Кансультатыўнай Рады па моладзі Рады Еўропы
29 красавіка 2024
Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава ўзяла ўдзел у пасяджэнні Кансультатыўнай Рады па моладзі Рады Еўропы ў Будапешце. Падчас івэнту беларуску абралі супрэзідэнткай Бюро – кіруючай структуры Рады па моладзі. Дарадца распавяла, чым гэта карысна для беларусаў і беларусак.
⚪️ Чаму гэта важна?
«Мы разумеем, што нашай краіне патрэбная дапамога міжнародных партнёраў. Але ў беларусаў і беларусак таксама ёсць экспертыза: не толькі па Беларусі, але і ў міжнародных колах. На гэтай пазіцыі ў нас ёсць магчымасць не толькі ўплываць на тое, якая дапамога аказваецца Беларусі, але і паказваць: нам ёсць, што аддаваць наўзамен».
🔴 Ці ёсць Беларусь у працоўных планах?
«Па сутнасці, Бюро займаецца напісаннем рэкамендацыяў і рэзалюцыяў. То-бок накіроўвае працу Рады Еўропы ў галіне моладзі ды іншых сферах, якія на яе ўплываюць. Напрыклад, у сферах экалогіі, штучнага інтэлекту, адукацыі, мабільнасці. Зараз ва ўсіх дакументах, якія пойдуць на ўзгадненне, дакладна будзе фігураваць Беларусь і становішча беларускай моладзі».
⚪️ Кантактная група Рады Еўропы па Беларусі працуе з моладдзю?
«На сустрэчы з кіраўніком Дэпартамента па справах моладзі Тобіасам Флессенкемперам мы абмеркавалі важнасць працы Кантактнай групы і ўсебаковай падтрымкі Беларусі. Рада Еўропы намераная працаваць у гэтым напрамку і зрабіць падтрымку больш устойлівай і доўганакіраванай. Нагадаю, што існуе план, па якому ідзе праца па Беларусі ўжо зараз. Вялікая яго частка – праца менавіта па моладзі».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Незалежная Беларусь — гарантыя бяспекі ў Еўропе
22 красавіка 2024
У 1991 годзе пасля распаду Савецкага Саюза з'явіўся шэраг нацыянальных дзяржаў, якія атрымалі незалежнасць. Як гэта ўспрыняла Еўропа?
Па нейкай прычыне Беларусь, Украіна, Малдова і Грузія засталіся ў разуменні заходніх палітыкаў у сферы інтарэсаў Расіі. Па сканчэнні дзесяцігоддзяў сёння мы разумеем, што такое рашэнне было стратэгічнай памылкай.
У 2014 годзе ніхто не меркаваў, што Беларусь згуляе адну з ключавых роляў у агрэсіі Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе. Усё гэта вынік стратэгічных памылак 1991 года і 2014 года. Тэрытарыяльныя саступкі агрэсару і спробы яго ўлагодзіць заўсёды вялі да негатыўных наступстваў. І нават рэжым Лукашэнкі, які заўсёды цалкам падтрымліваў Расію, зрабіў адпаведныя высновы пасля 2014 года. Дыктатар спалохаўся. Не за краіну і дзяржаву, а за сваю ўладу.
Тады ў 2014-2015 гадах Лукашэнку ўдалося пераканаць заходніх партнёраў у выгадным яму тэзісе, што толькі ён можа выратаваць Беларусь ад Пуціна, што ён з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Лукашэнка маніпуляваў Захадам, ён выдатна разумеў, што не пойдзе ні на якія рэформы і не адмовіцца ад улады, а рух у бок Захаду быў толькі падставай атрымаць больш рэсурсаў як ад ЕС, так і ад Расіі.
Мы часта кажам нашым партнёрам, што гэта пытанне толькі часу, калі Расія далучыць тэрыторыю Беларусі і калі будуць створаныя ўсе перадумовы зрабіць гэта неваенным спосабам. Лукашэнка не зможа гэтаму перашкодзіць, але горшы сцэнар — калі гэтаму не зможа перашкодзіць і беларускі народ.
У нашых заходніх партнёраў ёсць выбар:
Умоўна падтрымліваць Лукашэнку і думаць, што ён захавае Беларусь.
Падтрымліваць беларускае грамадства і дапамагаць беларускаму народу вярнуць сваю суб'ектнасць.
Толькі свабодная, незалежная, еўрапейская і дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя таго, што Расія больш не зможа ажыццявіць агрэсію не толькі ў дачыненні да Украіны, але і ў дачыненні да ЕС.
Як палітык я абсалютна падтрымліваю ўсе дзеянні нашых партнёраў, накіраваныя на ўзмацненне нацыянальнай бяспекі і абароны. Разам з тым мне здаецца, што нашым заходнім партнёрам важна зразумець, што галоўнай зброяй, галоўнай сілай з'яўляецца беларускі народ.
Беларускі народ, які штодня падвяргаецца рэпрэсіям, з'яўляецца нашай галоўнай зброяй у сітуацыі, калі рэжым Пуціна і Лукашэнкі наважацца паўторна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі ў дачыненні да Украіны або адной з дзяржаў-чальцоў ЕС.
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Крыніца: НАУ
За апошнія 4 гады ў Беларусі было знішчана больш за 1600 некамерцыйных арганізацый
19 красавіка 2024
Два гады таму рэжым адправіў за краты актывістаў з незалежных прафсаюзаў. Амаль дваццаць чалавек знаходзяцца ў турме па надуманых абвінавачваннях. Рэжым паказальна расправіўся над людзьмі, у чарговы раз паказаўшы – важней задушыць галасы беларусаў, чым пачуць іх.
Святлана Ціханоўская: «Два гады таму ў Беларусі рэжым паказальна расправіўся з актывістамі незалежных прафсаюзаў. Амаль два дзясяткі чалавек, уключаючы Аляксандра Ярашука, былі затрыманыя па надуманых абвінавачваннях і адпраўленыя за краты. Так, Лукашэнка не проста пазбавіўся пратэсных лідараў, але фактычна знішчыў сам рух. За апошнія 4 гады ў Беларусі было знішчана больш за 1600 некамерцыйных арганізацыяў, якія развівалі зусім розныя галіны жыцця – спорт, культуру, адукацыю. Аднак клопат пра людзей хвалюе рэжым менш за ўсё. Таму што яго прадстаўнікам важней здушыць голас крытыкі, чым пачуць справядлівыя заўвагі – і зрабіць жыццё людзей крыху больш камфортным ці прасцейшым.
Прапаганда любіць называць Беларусь сацыяльнай дзяржавай. Але правы на працу і сацыяльную абарону тут даўно не актуальныя. Яны падмененыя абавязкамі выплачваць прафсаюзныя ўзносы і наведваць інфармацыйныя гадзіны, дзе ва ўсіх праблемах беларусаў вінавацяць Захад і Амерыку. Варта ж толькі абурыцца і ўказаць на тое, што сацыяльная дзяржава павінная клапаціцца пра здароўе працоўных завода або браць выдаткі па лячэнні і адпачынку дзяцей, як атрымаеш тэрмін. За што? За распальванне сацыяльнай нянавісці, як у выпадку прафсаюзных актывістаў Вацлава Арэшкі і Васіля Бераснева – іх пасадзілі ў турму амаль на дзесяць гадоў. Хаця ў іх словах калі і была нянавісць, то толькі да абыякавасці ўлады ў адносінах да людзей…
Сёння рэжым запэўнівае, што аднавіў прафсаюзны рух. Але замест прафсаюзаў правы працаўнікоў цяпер «абараняюць» ідэолагі – і зводзяць усю «дзейнасць» да пазачарговага суботніка на прадпрыемствах або добраахвотна-прымусовым здымкам у праўладных рэкламных роліках.
Толькі прафсаюзы – гэта не пра «вывезці працоўных на мерапрыемства для масавасці». Гэта пра абарону правоў і свабодаў. Пра магчымасць пастаяць за сябе, дабіцца дастойнага заробку і паважлівага стаўлення ў любой сітуацыі. Пра адпаведнасць сучасным стандартам працы. Я ўпэўненая: беларусы гэта цудоўна разумеюць і ведаюць, чаго хочуць – каб з іх меркаваннем лічыліся. Каб былі абароненыя іх інтарэсы – а не інтарэсы тых, хто гатовы карыстацца іншымі, запалохваючы жорсткасцю і турэмнымі тэрмінамі».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Блінкен, Бербак, Кэмеран, Сэжурнэ. Святлана Ціханоўская – пра вынікі дыялогу з прадстаўнікамі G7
18 красавіка 2024
На сустрэчы міністраў G7 упершыню ў гісторыі была прадстаўленая Беларусь і яе інтарэсы. Святлана Ціханоўская прыцягнула ўвагу вядучых палітыкаў свету – Энтані Блінкена, Аналены Бербак, Дэвіда Кэмерана, Стэфана Сэжурнэ, Мэлані Жалі, Жазэпа Барэля, Антоніо Таяні – да гуманітарнага крызісу ў нашай краіне і яе паўзучай акупацыі Расіяй. Таксама лідарка заклікала ўдзельнікаў да пошуку шляхоў вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.
Пасля завяршэння мерапрыемства беларуская лідарка эксклюзіўна падзялілася вынікамі івэнту G7.
Што важнага адзначыла Святлана Ціханоўская?
📌 «На сустрэчах я заклікала міністраў працягваць падтрымку нашай грамадзянскай супольнасці і медыя, а таксама распавяла пра палітвязняў: нашыя людзі паміраюць у турмах. Мы гаварылі пра прыцягненне рэжыму да адказнасці – не толькі за вайну супраць Украіны, але і за рэпрэсіі супраць беларусаў».
📌 «У гэтыя дні прымаецца важнае рашэнне аб дапамозе Украіне – і я спадзяюся, што яно будзе прынятае. Бо лёсы нашых краінаў узаемазвязаныя».
📌 «Я ўдзячная ўсім беларусам, якія працягваюць змагацца за перамены ў нашай краіне. Ведайце, свабодны свет нас падтрымлівае. А я буду рабіць усё магчымае, каб пытанне Беларусі не сыходзіла з міжнароднага парадку дня».
Цалкам аповед лідаркі пра візіт у Італію глядзіце ў відэа.
https://youtu.be/LrWloBYweCA
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Пасольства Беларусі ў Бруселі адкрывалася пад бел-чырвона-белым сцягам
18 красавіка 2024
Намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка пра адкрыццё пасольства Беларусі ў Бельгіі ў 1995 годзе.
На гэтым адкрыцці нават прысутнічаў Лукашэнка — тады, у пачатку сакавіка 1995 года, адбыўся яго першы і апошні афіцыйны візіт у Брусель. Ён сустрэўся з кіраўніцтвам Бельгіі і Еўрапейскага саюза, з якім тады ж было падпісана пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, якое так і не набыло моц, паколькі яго ратыфікацыя была замарожаная пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года.
Яшчэ да гэтага ў Брусель быў прызначаны пасол, якому давялося пачынаць сваю працу па сутнасці ў чыстым полі. Для пачатку арандавалі кватэру ў шматпавярхоўцы — там і пачыналася праца. Неўзабаве быў знойдзены асобны дом, які пасля быў набыты і адрамантаваны пад патрэбы амбасады. Гэтым актыўна займаўся і я ў якасці дарадцы-пасланніка пасольства Беларусі ў Бельгіі. Да адкрыцця пасольства мы замовілі вялікі тыраж шыкоўнай паштоўкі — малюнка з фатаграфіі, дзе мастак у стылі імпрэсіянізму адлюстраваў пасольства, на якім красаваўся наш нацыянальны сцяг. І ў мяне дагэтуль перад вачыма стаіць карцінка — старадаўні будынак з бел-чырвона-белым сцягам.
Пасля сумна вядомага рэферэндуму 1995 года Лукашэнка змяніў нашы нацыянальныя сімвалы на чырвона-зялёную палітру часоў БССР і разаслаў усім даручэнні замяніць сцягі. Але ў нас, што называецца, не паднялася рука адразу зняць бел-чырвона-белы сцяг, які яшчэ доўгі час упрыгожваў будынак пасольства.
Сёння ў Бруселі ёсць прадстаўніцтва беларускага грамадства — той большасці, якая ў 2020 годзе выйшла пад тысячамі бел-чырвона-белых сцягоў супраць дыктатуры і гвалту. І ў будынку місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі лунае наш нацыянальны сцяг.
Праца такога інстытута — важная перадумова да таго, каб над беларускімі пасольствамі па ўсім свеце неўзабаве былі паднятыя нацыянальныя сцягі, якія ўжо нікому не ўдасца зняць.
Крыніца: НАУ
Інфармацыйны пункт Рады Еўропы для Беларусі ў Вільні: чаму гэта важна?
17 красавіка 2024
Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і дарадца па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава сустрэліся з дырэктарам па міжнародных сувязях Рады Еўропы Міраславам Папой.
Нагода для перамоваў – адкрыццё інфармацыйнага пункта Рады Еўропы для Беларусі ў Вільні, якое запланаванае на восень. Такія пункты распаўсюджваюць інфармацыю аб дзейнасці Рады, у тым ліку – аб канвенцыях, што падпісваюцца краінамі-чальцамі. Надалей гэтыя дакументы становяцца арыенцірамі для палітычнай працы ў шматлікіх краінах. Фактычна, прыналежнасць да Рады Еўропы – гэта прыналежнасць да сям’і цывілізаваных дзяржаваў і важны крок для еўрапейскай будучыні Беларусі.
Адзначым, што падобны пункт раней існаваў у Мінску на базе БДУ, але праз прапускную сістэму туды нават нельга было ўвайсці. Яго дзейнасць была абмежаваная праз адсутнасць зацікаўленасці беларускіх уладаў у пашырэнні супрацоўніцтва з Радай Еўропы.
А пункт у Вільне будзе адкрыты для ўсіх. Гэта дапаможа беларусам зразумець, як насамрэч працуюць вялікія структуры. Ініцыятыва стане прыкладам таго, чым насамрэч ёсць адкрытая, сумленная і падсправаздачная праца арганізацыі.
Старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі адзначыў – гэта першы і ясны крок, накіраваны на прасоўванне еўрапейскай перспектывы для Беларусі:
«Інфармацыйныя цэнтры, акрамя распаўсюджвання інфармацыі, удзельнічаюць у кампаніях Рады Еўропы і арганізацыі мерапрыемстваў для экспертаў, палітыкаў і грамадзянскай супольнасці. Адкрыццё такога пункта ў Вільні стане вельмі важным крокам для таго, каб рухаць нашую краіну насустрач цывілізаваным дзяржавам».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Улады Канады і дэмакратычныя сілы Беларусі распачалі сумесныя стратэгічныя кансультацыі
16 красавіка 2024
Падчас паездкі ў Канаду беларуская лідарка правяла шэраг сустрэчаў з ключавымі палітыкамі краіны: з прэм’ер-міністрам Джасцінам Трудо, міністаркай замежных справаў Мелані Жалі, а таксама са спікерамі абедзвюх палатаў Парламента і лідарамі апазіцыі.
Што стала вынікам сустрэчаў з прадстаўнікамі ўраду?
⚪️ Запуск стратэгічных білатэральных кансультацыяў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі па аналогіі са Стратэгічным дыялогам з ЗША. Праца будзе весціся па трох напрамках:
ціск на рэжым,
праваабарончая дзейнасць,
медыя і супрацьдзеянне дэзынфармацыі.
Магчымы запуск чацвёртага напрамку: культура, нацыянальныя ідэнтычнасць і дыяспара.
🔴 Новыя абмежаванні супраць рэжыму Лукашэнкі. У спіс трапіў шэраг асобаў, звязаных са злачынствамі і рэпрэсіямі супраць беларусаў. Гэты спіс будзе рэгулярна дапаўняцца.
⚪️ Вылучэнне 1 мільёну канадскіх долараў на падтрымку беларускіх незалежных медыя, а таксама на праекты па супрацьдзеянні прапагандзе і дэзынфармацыі.
Святлана Ціханоўская: «Я вельмі ўдзячная Канадзе за салідарнасць з Беларуссю і дэмакратычнымі сіламі. Нашае супрацоўніцтва дае сігнал усім беларусам і беларускам: мы не адныя на шляху да пераменаў – і можам разлічваць на шматбаковую падтрымку партнёраў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Спорт рэжыму Лукашэнкі на Алімпійскіх гульнях у Парыжы
16 красавіка 2024
Неабходна выключыць падвойную дыскрымінацыю ў дачыненні да беларускіх свабодных спартсменаў — пазіцыя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па пытанні ўдзелу беларусаў у будучых Алімпійскіх гульнях у Парыжы.
З-за няўзгодненай палітыкі міжнароднай спартыўнай супольнасці беларускія свабодныя спартсмены сёння сутыкаюцца з падвоенай дыскрымінацыяй: іх дыскрымінуе сам рэжым Лукашэнкі за тое, што яны выступаюць супраць гвалту і вайны — спартсмены выключаюцца з нацыянальных каманд, звальняюцца, уносяцца ў чорныя спісы, падвяргаюцца затрыманням альбо вымушаныя пакідаць Беларусь, а з другога боку беларускіх свабодных спартсменаў выключаюць з міжнароднага спорту самі федэрацыі з-за агрэсіі, распачатай Расіяй супраць Украіны пры садзейнічанні рэжыму Лукашэнкі.
8 снежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне аб допуску спартсменаў з расійскімі і беларускімі пашпартамі на Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы на строгіх умовах. У прыватнасці, уведзена ўмова, што спартсмены і прадстаўнікі абслуговага персаналу, якія маюць кантракты ў расійскіх або беларускіх ваенных або сілавых органах, не будуць дапушчаныя да ўдзелу ў спаборніцтвах.
Аднак дадзеная пазіцыя МАК была рэкамендацыйнай для міжнародных федэрацый. І таму канчатковае рашэнне аб допуску да кваліфікацыйных спаборніцтваў беларускіх спартсменаў на баку профільных федэрацый. У названых абставінах праз розныя падыходы, прынятыя міжнароднымі федэрацыямі, беларускі спорт сутыкнуўся з сітуацыяй, калі беларускія свабодныя спартоўцы былі выключаныя з удзелу ў спаборніцтвах, а спартоўцы рэжыму Лукашэнкі — дапушчаныя да Алімпійскіх гульняў 2024 года.
Каманда НАУ падрыхтавала абгрунтаванне і перадала ў МАК і адпаведным міжнародным федэрацыям хадайніцтвы аб правядзенні належнай верыфікацыі як мінімум чатырох спартсменаў рэжыму Лукашэнкі, якія прайшлі кваліфікацыю на Алімпійскія гульні, і афіляваныя з ваеннымі і сілавымі структурамі.
Па гэтым пытанні мы ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі, Міжнароднай федэрацыі плавання, Міжнароднай федэрацыі грэка-рымскай барацьбы, вольнай барацьбы і жаночай барацьбы, нацыянальных федэрацый Польшчы па тэнісе, футболе, лёгкай атлетыцы, дзюдо, Міністэрстваў замежных спраў і Міністэрстваў спорту Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Францыі, ЗША, Нарвегіі. Асобная праца па ўказаным пытанні вядзецца ў рамках Камісіі Міністэрства спорту Польшчы па пытаннях допуску спартсменаў з беларускімі і расійскімі пашпартамі.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне працягне працу з краінамі-партнёрамі, а таксама федэрацыямі і МАК для змены сітуацыі, якая склалася ў дачыненні да беларускіх спартсменаў.
Мы дзякуем спартоўцам, якія садзейнічаюць нашай працы і тым, хто падае інфармацыю для наступнай верыфікацыі, аказвае садзейнічанне працы па выключэнні падвоенай дыскрымінацыі беларускіх спартоўцаў. Асобна дзякуем журналістам, у тым ліку рэдакцыі «Трыбуны» за прадастаўленне дакументаў, якія пацвярджаюць афіляванасць спартсменаў з ваеннымі і сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі.
Фота: tribuna.com
Крыніца: НАУ
Сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне, прыцягненне рэжыму да адказнасці і падтрымка беларускай дыяспары: пра што ішла гаворка на сустрэчы з ключавымі палітыкамі Грэцыі?
12 красавіка 2024
11-12 красавіка Святлана Ціханоўская знаходзілася ў Грэцыі з працоўным візітам, дзе брала ўдзел у Дэльфійскім эканамічным форуме і праводзіла шэраг сустрэчаў з ключавымі палітыкамі краіны.
З прэзідэнткай Грэцыі Катэрынай Сакелярапулю беларуская лідарка абмеркавала бягучую сітуацыю ў Беларусі і рэгіёне – і звярнула ўвагу суразмоўцы на важнасць прыцягнення рэжыму да адказнасці. У прыватнасці – за захоп самалёта Ryanair, выкраданне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў і злачынствы супраць чалавецтва. Асобна бакі прааналізавалі праблемы легалізацыі беларусаў у Грэцыі. Акрамя таго, ішла гаворка пра распрацоўку праграмаў рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных беларусаў.
З мэрам Афінаў Харысам Дукасам Святлана Ціханоўская вяла гаворку пра падтрымку беларускай дыяспары ў сталіцы і ініцыятываў культурнай дыпламатыі: рэзідэнцыяў для беларускіх творцаў, стажыровак для «Кадравага рэзерву», судзеянне сумленнаму беларускага бізнесу, арганізацыю выставаў і беларуска-грэцкіх мерапрыемствах.
З былым прэм’ер-міністрам Грэцыі Георгіасам Папандрэу Святлана Ціханоўская пабывала ў шэрагу гістарычных месцаў Афінаў, дзе прэм’ер распавядаў пра традыцыі грэцкага парламентарызму. Адзначым, што прапрадзед Папандрэу – Зыгмунт Мінейка – нарадзіўся ў Беларусі і браў актыўны ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Менавіта таму беларуская лідарка прывезла архіўныя матэрыялы пра гэтага выбітнага чалавека: радавод, фотаздымкі продкаў, а таксама матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі.
Напрыканцы сустрэчы Ціханоўская запрасіла Папандрэу ў Вільню наведаць месцы пахавання яго сваякоў і падарыла кнігу мемуараў Зыгмунта «З Тайгі пад Акропаль» на беларускай мове.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
У брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі
10 красавіка 2024
9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, паведамляе "Люстэрка". Яго абвінавачвалі паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Мужчыну затрымалі 29 лютага ў Брэсце, з таго часу ён знаходзіўся ў зняволенні. Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка.
Як расказалі крыніцы выдання, Аляксандр Кулініч памёр праз ішэмічную хваробу сэрца: гэтая прычына пазначана ў выснове аб смерці. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся. Акалічнасці затрымання Аляксандра Кулініча невядомыя.
Паводле інфармацыі "Люстэрка", Аляксандр Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года (яму споўнілася б 52 гады). Ён быў падпалкоўнікам запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ. Апошнім часам працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
«Доўгія гады беларускі рэжым праз Кіпр абыходзіў санкцыі»
10 красавіка 2024
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай у парламенце Кіпра:
«Паважаныя члены Пастаяннага камітэта па міжнародных і еўрапейскіх справах,
Паважаныя парламентарыі, дарагія прыхільнікі свабоды,
Для мяне вялікі гонар і прывілей выступаць перад вамі сёння. Я ўпэўненая, што тут знаходжуся сярод сяброў.
Я на Кіпры ўсяго другі дзень, але ўжо адчуваю, наколькі блізкія нашыя народы. Беларусы, як і кіпрыёты, глыбока разумеюць сапраўдную каштоўнасць свабоды.
Нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. І я думаю, што мой візіт на Кіпр будзе садзейнічаць развіццю адносін паміж беларусамі і кіпрыётамі.
Роўна ў гэты дзень 32 гады таму Беларусь і Кіпр устанавілі дыпламатычныя адносіны. Гэта здарылася праз два гады пасля распаду Савецкага Саюза, калі ў Беларусі ўсталявалася дэмакратыя – як тая дэмакратыя, што зараз на Кіпры. Але праз 2 гады ўладу ў нашай краіне захапіў дыктатар.
У 2020 годзе беларусы паўсталі супраць тыраніі, супраць несправядлівасці і гвалту.
Упэўненая, вы ўсё памятаеце масавыя мітынгі па ўсёй краіне. Беларусы наглядна паказалі, што мы хочам, каб нашая краіна была свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай, а не нейкім ізгоем ці расійскай правінцыяй.
Як вы ведаеце, я ніколі не была прафесійным палітыкам. Я балатавалася ў прэзідэнты, бо хацела падтрымаць свайго мужа, калі рэжым Лукашэнкі пасадзіў яго ў турму.
Адзіным маім абяцаннем было правядзенне свабодных і справядлівых выбараў. І ў нас ёсць доказы таго, што я перамагла ў тых выбарах. Але нашую перамогу скралі. Дыктатар развязаў жорсткі тэрор, які працягваецца да гэтага часу. Ён уцягнуў нашу краіну ў злачынную вайну супраць Украіны і трымае ў закладніках дзевяць мільёнаў беларусаў.
Нягледзячы на гэта, мы працягваем супраціўляцца. Беларусы дэманструюць непадпарадкаванне, праводзяць дыверсіі і ніколі не пагодзяцца жыць пад тыраніяй ці расійскім ярмом.
У выгнанні мы сфарміравалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады – такія як Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Мы працягваем прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларускага народа. Бо Лукашэнка не прэзідэнт. Ён злачынец, які захапіў уладу і служыў свайму заступніку ў Маскве, а не беларускаму народу.
І ён павінен адказаць за ўсе здзейсненыя ім злачынствы. А спіс у яго доўгі: злачынствы супраць чалавечнасці, дзяржаўная здрада, захоп рэйса Ryanair, гвалтоўнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і саўдзел у вайне.
Нашая місія, місія беларускіх дэмакратычных сілаў, застаецца нязменнай. Нашая мэта – вызваліць Беларусь ад дыктатуры і расійскага ўплыву. Рэжым Лукашэнкі павінен быць скінуты. Кожны палітычны вязень павінен быць вызвалены. Злачынцы павінны быць пакараныя. Павінны быць праведзеныя вольныя і сумленныя выбары пад міжнародным назіраннем.
Рэжым Лукашэнкі значна больш уразлівы, чым падаецца. Ён быццам стул, які стаіць на трох ножках – грошах, рэпрэсіях і Расіі. Калі ўпадзе адна ножка, разваліцца і ўсё крэсла.
На жаль, сітуацыя ў Беларусі не становіцца лепшай. Палітычныя партыі, СМІ і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці знішчаныя. Сотні тысячаў людзей былі вымушаныя ўцякаць з краіны праз рэпрэсіі. Так Лукашэнка помсціць людзям, якія адважыліся марыць аб свабодзе.
Тысячы людзей сталі палітвязнямі і ўтрымліваюцца ў проста бесчалавечных умовах. Адзін з іх – мой муж. Мае дзеці не бачылі свайго бацьку ўжо чатыры гады. Ужо год яго трымаюць пад вартай без сувязі са знешнім светам, і я не ведаю, ці жывы ён.
Нягледзячы на тэрор, беларусы працягваюць супраціўляцца. Ужо не бачна вялікіх мітынгаў, але пратэст сышоў у падполле. Адбываюцца невялікія акты сабатажу і супраціву. А самае галоўнае – людзі не здаліся.
Пасля таго як рэжым уцягнуў нашу краіну ў злачынную вайну супраць Украіны, стала відавочна, што Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь. Ён па частках прадае нашую краіну Пуціну ў абмен на палітычную падтрымку.
Таму зараз так важна ізаляваць рэжым: палітычна, эканамічна, з дапамогай санкцыяў – усімі даступнымі спосабамі. Аднак, ізалюючы рэжым, нельга ізаляваць народ.
Трэба падзяляць рэжым і народ: менавіта рэжым стаў саўдзельнікам Пуціна. Тым часам беларускі народ змагаецца за дэмакратыю і свабоду і падтрымлівае Украіну.
Для нас перамога Украіны будзе і нашай перамогай. Але і наадварот: перамены ў Беларусі могуць дапамагчы Украіне перамагчы хутчэй. Нашыя лёсы ўзаемазвязаныя.
Дарагія сябры,
Я хачу падзякаваць Парламенту Кіпра і вашаму камітэту за ваш моцны голас у падтрымку свабоды і дэмакратыі. Я хачу папрасіць вас выказацца наконт сітуацыі ў Беларусі, падтрымаць нашыя дэмакратычныя памкненні і ізаляваць беларускі рэжым за парушэнні міжнароднага права і правоў чалавека.
Вы можаце рабіць заявы і прымаць рэзалюцыі па Беларусі. Кожнае дзеянне важнае. Я прашу вас звярнуць асаблівую ўвагу на сітуацыю з парушэннем правоў чалавека, палітычнымі зняволенымі, удзелам лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне і размяшчэннем ядзернай зброі на нашай тэрыторыі.
Я хачу падзякаваць вам за цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да санкцыяў і за вашыя намаганні па супрацьдзеянні тым, хто спрабуе санкцыі абысці. Доўгія гады беларускі рэжым абыходзіў санкцыі праз Кіпр. Цяпер больш як 500 кампаніяў у Беларусі маюць кіпрскі капітал. Многія з гэтых кампаніяў звязаныя з рэжымам, падтрымліваюць вайну і рэпрэсіі. Мы разлічваем на вашу дапамогу ў іх выяўленні і прымяненні санкцыяў.
Я хачу папрасіць вас падзяляць беларускі рэжым і беларускі народ. Многія беларусы працягваюць змагацца за свабоду як унутры краіны, так і за яе межамі. Беларускі народ не падтрымлівае вайну і не падтрымлівае дыктатуру.
Я спадзяюся, што Кіпр падтрымае беларусаў, якія жывуць тут, на Кіпры, а гэта больш за 5000 чалавек. Учора я сустракалася з нашай дыяспарай у Лімасоле. Яе прадстаўнікі сутыкаюцца з многімі праблемамі. Рэжым пазбавіў іх дакументаў і пашпартоў. Многія не могуць вярнуцца дадому, бо іх адразу ж арыштуюць. Яны могуць стаць асобамі без грамадзянства.
Я спадзяюся, што Кіпр знойдзе для іх рашэнне, прапанаваўшы ім легалізацыю, праязныя дакументы, віды на жыхарства і дазволіўшы адкрыць банкаўскія рахункі. Мы, дэмакратычныя сілы, гатовы паспрыяць у праверцы людзей, якія пражываюць на Кіпры, і кампаніяў, зарэгістраваных тут.
Я таксама заклікаю вас стварыць у кіпрскім парламенце групу «За дэмакратычную Беларусь». Гэта стане моцным пасланнем салідарнасці і падтрымкі, а таксама важным інструментам для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Кіпрам і свабоднай Беларуссю. Такія групы ўжо створаныя амаль ва ўсіх парламентах ЕС.
Я таксама прашу вас далучыцца да нашай кампаніі хроснага бацькоўства над палітычнымі вязнямі. Больш за 400 парламентарыяў з розных краін свету «ўсынавілі» нашых журналістаў, актывістаў і настаўнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Вы можаце выбраць любога палітвязня і распавесці яго гісторыю – людзям на Кіпры і ва ўсім свеце.
І нарэшце, я запрашаю вас наведаць Вільню ці Варшаву, сустрэцца з былымі палітвязнямі, журналістамі, актывістамі, – каб зразумець нашую сітуацыю, а таксама асвятліць яе ў вашых СМІ.
Дарагія сябры,
Дазвольце мне выказаць глыбокую падзяку за ваш час і ўвагу. Я разумею, што для пераменаў у Беларусі спатрэбіцца час. Але з вашай дапамогай, я ўпэўненая, мы зможам дасягнуць іх. І тады Беларусь, як свабодная і дэмакратычная краіна, зойме сваё дастойнае месца ў еўрапейскай сям’і.
Дзякуй».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
ААН узмацняе адказнасць за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
05 красавіка 2024
На 55-й сесіі Рады ААН па правах чалавека была прынятая важная рэзалюцыя. Яна накіраваная на ўзмацненне адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У дакуменце зацвярджаецца стварэнне спецыяльнай групы з трох незалежных экспертаў і працяг мандата спецдакладчыка па Беларусі на год. Гэтыя меры прызначаны для расследавання і дакументавання парушэнняў, учыненых рэжымам Лукашэнкі, і выпрацоўкі рэкамендацыяў па іх пераадоленні.
Група зоймецца расследаваннем сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія працягваюцца і далей, зборам доказаў злачынстваў рэжыму, а таксама вызначэннем вінаватых на аснове незалежных расследаванняў Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Прыняцце рэзалюцыі – адказ на абвастрэнне крызісу правоў чалавека ў нашай краіне, дзе многія застаюцца за кратамі па палітычна матываваных абвінавачаннях, сутыкаючыся з жудасным абыходжаннем і зместам ва ўмовах ізаляцыі. У мінулым годзе рэжым Лукашэнкі афіцыйна пазбавіў магчымасці ахвяраў парушэнняў правоў чалавека звяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр распавяла пра важнасць дакумента для прыцягнення рэжыму да адказнасці:
«Само па сабе прыняцце рэзалюцыі не з’яўляецца ўнікальным – да гэтага падобныя рашэнні па Беларусі ўжо прымаліся ў Радзе ААН па правах чалавека. Але ў нашым выпадку вельмі важна звярнуць увагу на змест. Адмысловая група, створаная пры ААН, у прыдачу да функцыяналу збору доказаў, атрымала мандат на расследаванне. Гэта значыць, гэта рэальна значна мацнейшы механізм, які спрыяе прыцягненню да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму, вінаватых у злачынствах.
Адзначу, што мы не проста пільна сачылі за сітуацыяй, але сумесна з іншымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі актыўна ўдзельнічалі ў адвакатаванні рашэння. Таму мы вітаем тое, што наш голас быў пачуты большасцю прадстаўнікоў Рады ААН па правах чалавека».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Станоўчы досвед атрымання пашпарта замежніка ў Славеніі
28 сакавіка 2024
27 сакавіка стала вядома, што беларуская сямʼя атрымала пашпарт замежніка (Potni list za tujca) для свайго 9-гадовага сына. Гэта першы вядомы выпадак атрымання беларусам пашпарта замежніка ў Славеніі!
Пасля прыняцця ўказу №278, які забараняе пасольствам Беларусі выдаваць пашпарты, Народная амбасада Беларусі ў Славеніі падрыхтавала інструкцыю пра атрыманне пашпарта замежніка. Умовамі для атрымання дакументу з'яўляецца наяўнасць віду на жыхарства і немагчымасць атрымаць пашпарт сваёй краіны.
«Разумеючы, што тэрмін дзеяння пашпарта сына заканчваецца ў чэрвені 2024 года, а ехаць у Беларусь небяспечна, мы звярнуліся ў Адміністрацыйную адзінку, якая па законе аб замежніках адказвае за выдачу пашпартоў. Першапачаткова цяжкасці ўзніклі з-за недасведчанасці супрацоўніка, які накіраваў нас у МЗС. Ведаем, што іншым беларусам адмовілі, бо тэрмін іх беларускага пашпарта яшчэ не скончыўся. Пасля звароту ў МЗС Славеніі мы атрымалі адказ з інфармацыяй аб працэдуры выдачы пашпарта замежніка, і пасля новага звароту атрымалі цягам тыдня пашпарт на 2 гады»
- падзялілася сваім досведам беларуска з Славеніі.
Са свайго боку Народная амбасада Беларусі ў Славеніі падрыхтавала запыты ў МЗС, МУС і Упраўленне Адміністрацыйнымі адзінкамі з просьбай праясніць працэдуру, у прыватнасці каб пазбегнуць часовага разрыву ў дзеянні дакументаў і прызнаваць небяспечнасць вяртання ў Беларусь дастатковай падставай немагчымасці атрымання пашпарта на фоне ўказу №278.
«У Славеніі пражывае больш за 400 беларусаў і беларусак. Паводле апытання сярод беларускай дыяспары, з праблемай пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў у бліжэйшыя два гады сутыкнуцца прынамсі 20 чалавек. У працэсе вырашэння зараз пытанне дакументаў для дзяцей, народжаных у Славеніі»
- пракаментавала сітуацыю з пашпартамі прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева.
Спадзяемся, што пазітыўны досвед з атрыманнем пашпарта замежніка ў Славеніі стане станоўчым прэцэдэнтам не толькі для ўладаў Славеніі, але і для кіраўніцтва іншых краін.
Калі ў вас засталіся пытанні наконт атрымання пашпарта замежніка ў Славеніі - пішыце на скрыню Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі slovenia@belarusabroad.org ці ў наш чат-бот.
Інфармацыю па іншым краінам вы можаце знайсці на сайце pashpart.org
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Як прыцягнуць рэжым Лукашэнкі, яго самога і ягоных памагатых да міжнароднай адказнасці?
27 сакавіка 2024
Кіраўнік НАУ і намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка на факультэце міжнароднага права ва ўніверсітэце Беластока выступіў з лекцыяй на тэму існуючых прававых механізмаў прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і ягоных памагатых за здзейсненыя імі міжнародныя злачынствы. Якія гэта механізмы?
Першы — перадача краінамі-ўдзельніцамі Рымскага статута «сітуацыі ў Беларусі» ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда
Існуе меркаванне, што, паколькі Беларусь не з'яўляецца ўдзельнікам Рымскага статута, Міжнародны крымінальны суд (МКС) не валодае юрысдыкцыяй ў дачыненні да міжнародных злачынстваў, учыненых у нашай краіне. Аднак судовая практыка МКС сведчыць аб тым, што Суд патэнцыйна можа ажыццявіць юрысдыкцыю як мінімум у дачыненні да злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе дэпартацыі, пад якой разумеюцца сітуацыі, калі грамадзянскае насельніцтва вымушана пакінула тэрыторыю краіны ў следстве стварэння «атмасферы страху і тэрору».
Грамадзянскае насельніцтва, якое вымушана ўцякала з Беларусі ў Польшчу пасля пераследаў па палітычных падставах з боку рэжыму Лукашэнкі, можа лічыцца ахвярамі дэпартацыі.
Паколькі Польшча з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС, а дэпартацыя з'яўляецца злачынствам, якое здзяйсняецца як мінімум на тэрыторыі дзвюх краін (Беларусі і Польшчы), то маецца магчымасць для ўстанаўлення юрысдыкцыі МКС.
Польшча мае права перадаць «сітуацыю ў Беларусі» ў Офіс пракурора МКС для правядзення магчымага расследавання.
Другі механізм — універсальная юрысдыкцыя
Гэты прынцып дазваляе дзяржавам расследаваць найбольш сур'ёзныя міжнародныя злачынствы, нават калі такія здзейсненыя на тэрыторыі іншай краіны і ні злачынец, ні ахвяра не з'яўляюцца грамадзянамі дзяржавы, якая распачала крымінальнае расследаванне.
У рамках названага механізму заявы ўжо былі пададзеныя ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Германіі і Швейцарыі.
Трэцім механізмам з'яўляецца перадача спрэчкі ў Міжнародны Суд ААН
У святле масавага здзяйснення актаў, якія з'яўляюцца катаваннямі і іншымі жорсткімі, бесчалавечнымі або зневажальнымі годнасць відамі абыходжання і пакарання, ёсць падставы сцвярджаць, што Беларусь парушыла свае абавязацельствы, узятыя ў рамках адпаведнай міжнароднай Канвенцыі супраць катаванняў ад 1984 года, удзельнікам якой з'яўляецца Беларусь.
Паколькі парушаныя палажэнні Канвенцыі з'яўляюцца абавязацельствамі перад усёй сусветнай супольнасцю (erga omnes), то фактычна любая дзяржава-удзельнік Канвенцыі можа падаць заяву супраць Беларусі ў Міжнародны Суд ААН.
Акрамя таго, А. Лукашэнка і яго памагатыя падлягаюць прыцягненню да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы.
З пачаткам шырокамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якую ўцягнуты рэжым Лукашэнкі, НАУ пачало дакументаваць факты незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь. Такія дзеянні патэнцыйна з'яўляюцца ваенным злачынствам.
Вядома, што з верасня 2022 года па май 2023 года ў беларускі лагер «Дубрава» было перавезена пад падставай «рэабілітацыі» каля 2 100 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, якія прыбылі як мінімум з 15 акупаваных украінскіх гарадоў.
У сувязі з гэтым, НАУ падрыхтавала і перадала ў Офіс пракурора МКС дзве камунікацыі па артыкуле 15 Рымскага Статута.
Крыніца: НАУ
Выдатныя навіны для беларусаў і беларусак у Нямеччыне
27 сакавіка 2024
Міхаіл Таўбэ, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Нямеччыне, рады праінфармаваць аб значных зменах ў заканадаўстве Нямеччыны, якія істотна аблегчаць жыццё беларусам і беларускам, якія імкнуцца да атрымання нямецкага грамадзянства.
З 26 чэрвеня 2024 года набываюць моц змены ў закон аб грамадзянстве Нямеччыны, якія прыносяць дзве ключавыя навіны для беларусаў і беларусак:
Магчымасць захавання беларускага грамадзянства:
Цяпер беларусы і беларускі могуць падавацца на атрыманне нямецкага грамадзянства, не адмаўляючыся ад свайго беларускага. Гэта адкрывае новыя магчымасці, спрашчаючы працэс інтэграцыі і даючы шанец на набыццё двайнога грамадзянства без неабходнасці адмаўляцца ад сваіх каранёў.
Адмена неабходнасці звароту да Лукашэнкі:
Яшчэ адным са значных момантаў з'яўляецца тое, што беларусам і беларускам больш не трэба звяртацца з просьбай аб адмове ад беларускага грамадзянства да рэжыму Лукашэнкі і дыктатара асабіста. Гэта ўстараняе маральны і псіхалагічны бар'ер для многіх, хто лічыць непрымальным зварот да цяперашняга самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі.
Больш падрабязна азнаёміцца са зменамі ў законе аб грамадзянстве Нямеччыны можна па спасылцы.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Ціханоўская заклікала замежных дыпламатаў прызначыць спецпасланнікаў па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю
26 сакавіка 2024
У Амбасадзе Літвы ў Празе кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадарамі і дыпламатамі Аргентыны, Аўстрыі, Канады, Харватыі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Грэцыі, Ірландыі, Косава, Люксембургу, Партугаліі, Славаччыны, Славеніі, Іспаніі, Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША і Балгарыі. З нагоды сустрэчы Літоўская абмасада вывесіла бел-чырвона-белы сцяг.
Падчас сустрэчы Ціханоўская распавяла пра вынікі свайго візіту ў Прагу, а таксама падзялілася планамі дэмакартычных сілаў. Пасля адбылася дыскусія. Ціханоўская заклікала дзяржавы прызначаць спецпасланнікаў па сувязях з дэмакратычнымі сіламі, як гэта зрабілі Эстонія, Францыя, Швецыя, Эстонія, Літва, Польшча і іншыя краіны. Лідарка папрасіла спрыяць беларусам у выдачы візаў, выдаваць пашпарты замежніка, не патрабаваць апастылі, а таксама прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты. Асобна абмеркавалі прагрэс у справе выдачы новага беларускага пашпарту.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Шведскае агенцтва па міграцыі Migrationsverket выпусціла прававую пазіцыю па пашпартам для беларусаў і беларусак
26 сакавіка 2024
Дакумент з'яўляецца прававой пазіцыяй Агенцтва па міграцыі і акцэнтуе ўвагу на важнасці магчымасці грамадзян і грамадзянак Беларусі атрымаць пашпарт у некаторых выпадках, калі адсутнічае магчымасць атрымаць нацыянальны пашпарт. Адзначаецца, што ўказам узурпатара ўлады Беларусі ад 4 верасня 2023 года замежустановы Беларусі пазбавіліся магчымасці выдачы або падаўжэння пашпартоў, што на практыцы азначае, што грамадзяне і грамадзянкі Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, не могуць атрымаць новы пашпарт, не выехаўшы ў Беларусь. Далей, дакумент гаворыць:
"У цяперашніх умовах беларусы не павінны заахвочвацца да паездак на радзіму для атрымання пашпартоў. На практыцы гэта азначае, што грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, не маюць магчымасці атрымаць дакумент, які дзейнічае як пашпарт."
Гэта мае непасрэдныя наступствы для магчымасці беларусаў і беларусак падаваць дакументы на пашпарты замежнікаў у Швецыі, паколькі цяпер лічыцца, што яны не маюць магчымасці атрымаць дакумент, сапраўдны ў якасці пашпарта, на працягу разумнага часу.
Такім чынам, міграцыйнаму агенцтву давядзецца выдаваць пашпарты замежніка ці іншы дакумент грамадзянам і грамадзянкам Беларусі, якія знаходзяцца ў Швецыі і не могуць атрымаць пашпарт з-за гэтых абмежаванняў, каб у іх была магчымасць кудысьці паставіць від на жыхарства:
"Як ужо згадвалася, у некаторых выпадках замежніку можа быць прадастаўлены від на жыхарства нават пры адсутнасці пашпарта, калі немагчыма атрымаць пашпарт на працягу разумнага тэрміну (гл. 2.1 і §§ 1 а Закона аб замежніках), альбо праз замежнае прадстаўніцтва сваёй краіны, альбо праз улады на радзіме.
У цяперашніх умовах можна меркаваць, што заяўнік з Беларусі, які знаходзіцца за мяжой, не мае магчымасці атрымаць пашпарт у разумны тэрмін."
Тэма ідэнтыфікацыйных дакументаў для беларусаў і беларусак неаднаразова ўздымалася абранай лідэркай Беларусі Святланай Ціханоўскай і Народнай амбасадай Беларусі ў Швецыі ў кантактах са шведскімі ўладамі.
https://lifos.migrationsverket.se/dokument?documentSummaryId=48177
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Чэхіі
26 сакавіка 2024
Адна з галоўных падзеяў працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай у Прагу – сустрэча з прэзідэнтам Чэхіі Пятром Паўлам. Падчас размовы беларуская лідарка актуалізавала шэраг важных пытанняў. У прыватнасці, лідары абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, жорсткія ўмовы ў турмах, а таксама варыянты шматбаковага ціску на рэжым.
Акрамя таго, ключавой тэмай дыялогу стала выцягванне Беларусі з вайны. Асобна Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне еўрапейскага выбару Беларусі і заклікала прэзідэнта падтрымаць гэтую ініцыятыву. Напрыканцы сустрэчы беларуская лідарка ўручыла Пятру Паўлу крыж добрасуседства.
Пасля сустрэчы Ціханоўская адзначыла: «Я ўдзячная Чэхіі і чэшскаму прэзідэнту за цвёрдую пазіцыю – за падтрымку Украіны і свабоднай Беларусі. Самае важнае, што я хацела данесці: нельга адкладваць Беларусь на пасля і пакідаць яе Пуціну як суцяшальны прыз. Вырашэнне крызісу ў рэгіёне павінна быць комплексным і ўключаць у сябе Беларусь. Дэмакратычныя змены ў нашай краіне – інвестыцыя ў бяспеку Украіны і ўсёй Еўропы»
Ціханоўская таксама сустрэлася з Міністрам замежных справаў Янам Ліпаўскім, прэзідэнтам чэшскага Сенату Мілашам Выстрчылам і спікеркай Парламенту Маркетай Пекаравай Адамавай.
⚪️ Міністра замежных справаў лідарка заклікала разглядзець шляхі вырашэння візавага бану. У прыватнасці: зрабіць выключэнні для спецыяльных групаў, у тым ліку для студэнтаў і сваякоў беларусаў Чэхіі.
🔴 Разам са старшынём Сената Ціханоўская ўсклала кветкі да магілаў лідараў Беларускай Народнай Рэспублікі, а пасля заканчэння цырымоніі абмеркавала з чэшскімі калегамі больш шырокае прызнанне і ўзмацненне легітымнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
⚪️ Са спікеркай парламента абмеркавалі кампанію падтрымкі палітвязняў. Важна адзначыць: рыхтуецца канферэнцыя, якую правядзе Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы і чэшскімі патронамі канферэнцыі. Яна будзе прысвечана беларускім палітзняволеным.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Як Еўропе дапамагчы беларусам?
21 сакавіка 2024
Выступ Паўла Латушкі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Шаноўнае спадарства, дарагія сябры, я рады вітаць усіх гасцей-спецыяльных пасланнікаў краін-членаў ЕС па Усходнім партнёрстве і асабліва спадара Дзірка Шубеля за арганізацыю сустрэчы і магчымасць выступіць.
Мы знаходзімся ў Музеі Вольнай Беларусі — які не толькі займаецца зборам артэфактаў пратэстнай Беларусі-2020 і наступных гадоў, выставамі беларускіх мастакоў, тэатральнымі пастаноўкамі, але і з'яўляецца адкрытай грамадска-палітычнай і дыскусійнай пляцоўкай для ўсёй дэмакратычнай супольнасці. Музей з'яўляецца адным з праектаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якую я тут прадстаўляю.
Сёлета спаўняецца 4 гады з пачатку падзей лета 2020 года ў Беларусі. 2 гады з пачатку вайны Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны.
У кантэксце сусветнай гісторыі гэтыя гады і падзеі з'яўляюцца толькі імгненнем. Але для мільёнаў беларусаў падзеі апошніх гадоў сталі самым вялікім і цяжкім выпрабаваннем у іх жыцці. І самым доўгім.
Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Дысідэнтбай», па стане на сёння ў Беларусі ў зняволенні ўтрымліваецца 1 602 афіцыйна прызнаных палітвязняў. 1 082 былых палітвязняў ужо адбылі свае тэрміны. На месца палітвязняў, якія выйшлі з турмаў, рэжым Лукашэнкі саджае новых.
У турме ўжо памерлі як мінімум пяцёра палітвязняў: Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Ігар Леднік. Катаванні, нечалавечыя ўмовы ўтрымання, адсутнасць медыцынскай дапамогі — вось з чым сутыкаюцца палітвязні ў турмах Лукашэнкі. І яны паміраюць.
6 палітычных зняволеных знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада: Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. Лідар сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў рэжыме строгай ізаляцыі ўжо больш за 400 дзён. Пра яго лёс нічога не вядома.
Паводле справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», з траўня 2020 да траўня 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя сур'ёзныя формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што адбываецца ў Беларусі. Кожны дзень.
У Беларусі ліквідаваныя ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі. У Беларусі за гэтыя 3,5 года ліквідавана 1 500 няўрадавых арганізацый, у стадыі ліквідацыі знаходзіцца 950. Ліквідаваныя ўсе 11 палітычных партый. Мы можам канстатаваць практычна поўнае знішчэнне грамадзянскай супольнасці.
Унутрыпалітычная сітуацыя
Сёння Лукашэнка ўтрымлівае ўладу перш за ўсё дзякуючы сілавому апарату і фінансава-эканамічнай падтрымцы з боку Расійскай Федэрацыі.
Адным з важных фактараў фінансавай устойлівасці рэжыму з'яўляецца выкарыстанне магчымасцей абыходу санкцый ЕС, ЗША і іншых краін праз Беларусь у інтарэсах Расіі. Кантрабандная, карупцыйныя схемы, а таксама фактычна легальныя даходы праз адсутнасць сінхранізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Усё гэта дазваляе дыктатару зарабляць досыць вялікія грошы.
У Беларусі пачаўся электаральны цыкл.
25 лютага Лукашэнка арганізаваў прызначэнне дэпутатаў у парламент. Мы вызначылі гэты дзень як «дзень без выбару». На адзін мандат у парламент Лукашэнкі прэтэндавала ўсяго два кандыдаты. Прагноз незалежных палітолагаў і журналістаў пра тое, каго Лукашэнка прызначыць у свой парламент, на 100% пацвердзіўся. Мы сыходзім з таго, што дадзены інстытут не можа мець міжнароднага прызнання і ўдзельнічаць у міжнародных парламенцкіх арганізацыях у сувязі з тым, што дадзены орган не з'яўляецца органам, які прадстаўляе беларускі народ.
25-26 красавіка ў Мінску пройдзе пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу — канстытуцыйнага органа, які створаны Лукашэнкам. Гэты орган фактычна стане вышэйшым за парламент. У яго фактычна прызначаюцца дэпутаты розных узроўняў, суддзі, пракуроры, прадстаўнікі сілавога блоку, урада, адміністрацыі Лукашэнкі і няўрадавых арганізацый, цалкам падкантрольных рэжыму.
Лукашэнка стварыў 4 партыі, якія не з'яўляюцца ў агульным разуменні гэтага слова палітычнымі структурамі, і цалкам інкарпараваныя ў таталітарную сістэму Лукашэнкі.
Трэцім этапам пасля стварэння Усебеларускага народнага сходу стануць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія могуць прайсці як у 2024, так і ў 2025 годзе. Рашэнне аб даце правядзення выбараў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі дыктатара.
Сёння мы можам канстатаваць, што ў Беларусі склалася таталітарная сістэма. У Беларусі няма прадстаўнічых органаў улады, існуе поўны прававы дэфолт, не дзейнічаюць нормы міжнароднага права, дэмакратыі, свабоды слова. Грамадзянская супольнасць і яго інстытуты знішчаны.
Лукашэнка знаходзіцца пад значным кантролем Пуціна і фактычна з'яўляецца марыянеткай, якая рэалізуе палітыку ў яго інтарэсах. Лукашэнка балансуе ў пытаннях захавання ўлады ўнутры Беларусі, выкарыстоўваючы інструменты атрымання эканамічных рэсурсаў ад Расіі і выконваючы заданні вайскова-палітычнага і дыпламатычнага характару ў інтарэсах Крамля.
Дэмакратычныя сілы Беларусі
Мы можам канстатаваць унікальную сітуацыю, якая склалася сярод дэмакратычных сіл Беларусі. Яна ўнікальная з пункту гледжання гісторыі сучаснай Еўропы. Мы маем фактычна тры інстытуты, якія прадстаўляюць інтарэсы беларусаў за мяжой і ажыццяўляюць дзеянні, накіраваныя на аказанне ўплыву на ўнутраны парадк дня ў Беларусі.
Першы інстытут — гэта прэзідэнт-элект, і адначасова кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі — Святлана Ціханоўская.
Другі інстытут — Аб'яднаны Пераходны Кабінет як выканаўчы орган дэмакратычных сіл, які я маю гонар прадстаўляць.
Трэці інстытут — Каардынацыйная Рада.
Захаванне, умацаванне і развіццё гэтых інстытутаў з'яўляецца агульнай стратэгіяй дэмакратычнай большасці ў беларускім грамадстве сёння. Перад намі стаіць важная задача арганізацыі прамых выбараў у Каардынацыйную Раду, якія могуць адбыцца ў прамежку паміж маем і вераснем 2024 года.
Адначасова за апошнія гады з'явіўся цэлы шэраг новых інстытутаў, якія маюць грамадска-палітычную, грамадзянскую і праваабарончую арыентацыю дзейнасці. Сярод іх мы можам вылучыць Офіс Святланы Ціханоўскай, НАУ, арганізацыі былых сілавікоў Беларусі — Белпол і Байпол, рух рабочых — Рабочы Рух, Кіберпартызаны і іншыя.
У сувязі з немагчымасцю ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, за мяжой створана шырокая сетка незалежных СМІ, сярод якіх важна вылучыць Белсат, Еўрарадыё, Радыё Рацыя, Наша Ніва, Маланка ТБ і іншыя. З-за мяжы таксама працуюць беларускія блогеры і адпаведныя каналы — NEXTA, Рэальная Беларусь, ТВ6, Андрэй Курэйчык і іншыя.
Няўрадавы сектар Беларусі ў сувязі з рэлакацыяй таксама прадстаўлены за мяжой, аднак таксама як і вышэйзгаданыя інстытуты працягвае ажыццяўляць узаемадзеянне па канфідэнцыйных каналах з беларусамі, якія пражываюць унутры краіны. Тут мы можам адзначыць наяўнасць дзясяткаў, калі не сотняў няўрадавых арганізацый.
Такім чынам, мы маем унікальную сітуацыю фактычнага захавання інстытутаў, няўрадавых арганізацый, палітычных структур і незалежных СМІ, якія штодня працуюць над змяненнем сітуацыі ў Беларусі.
Мы самакрытычна ставімся да эфектыўнасці нашай дзейнасці, але разам з тым важны сам факт таго, што на працягу трох з паловай гадоў нам удалося захаваць кансалідацыю і пэўную ступень эфектыўнасці.
Стратэгія ў дачыненні да Беларусі
На жаль, мы павінны прызнаць, што з 2020 года так і не была прынятая выразная зразумелая стратэгія дзеянняў, накіраваных на змяненне сітуацыі ў Беларусі. За гэты час Лукашэнка:
Разгарнуў самыя маштабныя масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага грамадства за апошнія 50 гадоў гісторыі Еўропы.
У Беларусі здзяйсняюцца злачынствы, якія паводле афіцыйных дакументаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Еўрапейскага Парламента і Савета па правах чалавека ААН прызнаюцца як злачынствы супраць чалавечнасці.
Арганізаваў захоп грамадзянскага самалёта Ryanair, тым самым фактычна здзейсніў тэрарыстычны акт.
Арганізаваў неабвешчаную вайну з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў у дачыненні да дзяржаў-суседзяў Беларусі, членаў ЕС.
Прадаставіў тэрыторыю Беларусі для агрэсіі ў дачыненні да Украіны і такім чынам яго дзеянні кваліфікуюцца ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генасамблеі ААН нумар 3314 1974 года ў якасці акта агрэсіі.
Стаў галоўным саюзнікам Расіі ў ваенна-прамысловым і гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Ні Паўночная Карэя, ні Венесуэла, ніякія іншыя краіны не могуць параўнацца па маштабах тактычнай і стратэгічнай дапамогі, якую аказвае Лукашэнка ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Дамогся размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Мы можам прагназаваць, што наступным крокам стане размяшчэнне стратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі краіны.
На сённяшні дзень мы павінны канстатаваць, што адзіная краіна, якая мае выразную сістэмную стратэгію дзеянняў у дачыненні да Беларусі — гэта Расійская Федэрацыя, якая паставіла сваёй стратэгічнай мэтай інкарпараванне тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі. Калі мы бачым сёння з вамі дзеянні Расіі, накіраваныя на ваенную акупацыю Украіны, то адначасова мы павінны канстатаваць, што Расія ажыццяўляе дзеянні па неваеннай акупацыі Беларусі.
У чым заключаецца стратэгія Расійскай Федэрацыі? Іх стратэгіяй з'яўляецца аказанне інфармацыйнага, ідэалагічнага, культурнага ўплыву на беларускае грамадства. Адначасова маргіналізацыя беларускай культуры, беларускай мовы ў Беларусі, узмацненне ўспрымання ўнутры краіны, сярод беларусаў, адзінства з расійскім грамадствам, перапісванне гісторыі і г.д. Гэта мілітарызацыя грамадства, вызначэнне ў якасці агульных ворагаў Еўрапейскага саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, у цэлым дэмакратычных каштоўнасцяў. Для гэтага выкарыстоўваюцца як інфармацыйныя інструмэнты прапаганды, так і стварэнне прарасійскіх няўрадавых арганізацый на тэрыторыі Беларусі, подкуп, карумпаванне дзяржаўных чыноўнікаў, укараненне ў сыстэму нацыянальнай абароны і бяспекі асобаў, звязаных з расійскімі спецслужбамі.
Важны тэзіс, які я хацеў бы агучыць. Мы аддаём сабе поўную справаздачу ў тым, што адказнасць за будучыню Беларусі як незалежнай, суверэннай дзяржавы, перш за ўсё нясе беларускі народ. І нашай мэтай не з'яўляецца перакладанне дадзенай адказнасці на нашых партнёраў, якія аказваюць нам садзейнічанне ў гэты складаны перыяд барацьбы за свой суверэнітэт і незалежнасць. Аднак без міжнароднай падтрымкі, без узаемнай стратэгіі дзеянняў дасягненне нашай мэты будзе больш працяглым ў часе і менш рэалістычным.
Я не думаю, што ў нас занадта завышанае чаканне ад нашых партнёраў у дачыненні да магчымых дзеянняў. Хутчэй, мы часта сутыкаемся з прыніжаным жаданнем выкарыстоўваць існуючы арсенал для пакарання і прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за ўсе вышэйзгаданыя мной парушэнні нормаў міжнароднага права і правоў чалавека.
Галоўны выклік і пагрозы
Сёння Беларусь знаходзіцца ў геапалітычным кантэксце вайны, якую ініцыявала Расія супраць Украіны. Трэба разумець, што тэрытарыяльна Беларусь знаходзіцца ў атачэнні Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі, знаходзіцца ў цэнтры геапалітычных падзей. Балкон «Беларусь» мае стратэгічнае значэнне для інтарэсаў Расійскай Федэрацыі і, безумоўна, будзе задзейнічацца і далей Расіяй у інтарэсах працягу вайны ў дачыненні да Украіны і дэстабілізацыі сітуацыі ў краінах-суседках Беларусі.
Ці магчыма дамовіцца з Лукашэнкам? Гэта нерэалістычны сцэнар. Лукашэнка па сваёй ментальнасці чалавек, звязаны з рускім светам, адданы інтарэсам Расійскай Федэрацыі. Адначасова гэта чалавек, які хацеў бы захаваць пэўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі. І ён будзе балансаваць ва ўзаемаадносінах з Пуціным толькі ў кантэксце, звязаным з атрыманнем вялікіх эканамічных рэсурсаў для захавання сваёй улады, паступова аддаючы частку суверэнітэту на карысць Расійскай Федэрацыі. Любыя крокі ў кірунку Захада могуць азначаць толькі адно — жаданне атрымаць яшчэ больш сродкаў за лаяльнасць Крамлю.
Ключавым фактарам, які можа змяніць сітуацыю ў Беларусі, з'яўляецца беларускі народ, якому неабходна вярнуць суб'ектнасць з пункту гледжання ўплыву на ўнутраную і знешнюю палітыку Беларусі.
Ключавым фактарам і стратэгіяй дэмакратычных сіл Беларусі з'яўляецца падтрымка Украіны і перамога Украіны над Расіяй як над краінай-агрэсарам.
На сёння Расія ажыццяўляе стратэгію, накіраваную на дэматывацыю заходніх партнёраў аказваць фінансава-эканамічную і іншую дапамогу Украіне. На мой погляд, падобную, у чымсьці адлюстраваную стратэгію можа ўжываць і Захад у дачыненні да Расіі. Самыя магутныя санкцыі ў дачыненні да Расіі — гэта скасаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Нават дэстабілізацыя ягонага рэжыму прымусіць Расію ўкладваць больш у падтрымку Лукашэнкі.
Беларускі народ у 2020 годзе выйшаў на вуліцы з пратэстам і заявіў пра сваё жаданне жыць у дэмакратычнай дзяржаве, у агульным еўрапейскім доме. На той момант мы адзначалі максімальна высокую ступень матывацыі беларусаў змагацца за свае правы, за еўрапейскую перспектыву.
На працягу амаль чатырох гадоў беларускі народ падвяргаецца самым маштабным рэпрэсіям, якія прывялі да чалавечых ахвяр, да дэпартацыі вялікай колькасці беларусаў. І адначасова ў беларускім грамадстве ўзнікае ўспрыманне таго, што партнёры не зацікаўленыя падтрымліваць беларускі народ. Я кажу гэта не ад сваёй асобы, я прыводжу гэты тэзіс, грунтуючыся на інфармацыі, якая нам паступае знутры Беларусі, з боку актыўнай часткі беларускага грамадства.
У беларусаў часта надыходзіць фрустрацыя, што ў адказ на барацьбу за сваю свабоду, за дэмакратыю, за падтрымку Украіны, беларусы страцілі жыцці. Многія беларусы былі забітыя, былі рэпрэсаваныя, знаходзяцца ў турмах па прысудах з тэрмінамі больш чым на 20 гадоў турмы. Але не надыходзіць адпаведнай рэакцыі ў дачыненні да тых асоб, якія вінаватыя ў здзяйсненні дадзеных злачынстваў.
Таму ўяўляецца прынцыпова важным ажыццяўленне наступнай стратэгіі дзеянняў і канкрэтных крокаў:
Першы. Для нас з'яўляецца важным вызначыць сярод краін-членаў Еўрапейскага саюза краіны-партнёры на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў, міністэрстваў юстыцыі, якія былі б гатовыя сумесна з намі ажыццявіць мэтанакіраваныя прававыя дзеянні па перадачы матэрыялаў аб злачынствах супраць чалавечнасці для разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе ў кантэксце дэпартацыі не менш за 100 тысяч беларусаў на тэрыторыю дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза. На думку юрыстаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, дадзены падыход з'яўляецца найбольш рэальным з пункту гледжання пастаноўкі пытання аб прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя міжнародныя злачынствы. Гэта інструмент справядлівасці, уплыву на выбары прэзідэнта, на раскол элітаў у будучыні.
Другое. Для нас важная падтрымка з боку Украіны ў ініцыяванні выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным вывазам украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і іх індактрынацыі. Па дадзеных Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, нашай каманды, на тэрыторыю Беларусі было вывезена не менш за 3 000 украінскіх дзяцей з 20 населеных пунктаў у перыяд з верасня 2022 года па май 2023 года. Намі перададзена дзве камунікацыі ў МКС у Гаазе. Пытанне аб адказнасці Лукашэнкі за вайну мае стратэгічнае значэнне. На сённяшні дзень Лукашэнка прадае ў беларускім грамадстве тэзіс аб сваёй недатычнасці да агрэсіі. І гэта з'яўляецца чарговай стратэгічнай інфармацыйнай памылкай. Міжнародная ўвага не сфакусаваная на адказнасці Лукашэнкі за агрэсію, за ахвяры, якія нясе ўкраінскі народ. Гэта прыводзіць да ўспрымання беларусамі, што Лукашэнка ні ў чым не вінаваты, не датычны да агрэсіі, а наадварот робіць усё для таго, каб усталяваўся мір.
Трэці элемент стратэгіі. Нам неабходная праграма падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Апошнім часам мы адзначаем змяншэнне фінансавай падтрымкі незалежных СМІ Беларусі.
Чацвёрты элемент стратэгіі — гэта падтрымка нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, падтрымка беларускай культуры ў эміграцыі, стварэнне цэнтраў беларускай культуры і адукацыі — Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, нацыянальнага тэатра, іншых устаноў культуры для захавання нацыянальнай культуры, наступнай яе рэлакацыі ў Беларусь, і праз гэтыя інстытуты аказання інфармацыйна-культурнага ўплыву на беларускае грамадства ўнутры краіны.
Пяты элемент стратэгіі. Рэжым Лукашэнкі распачаў дзеянні, накіраваныя на змяншэнне магчымасцяў консульскіх службаў Еўрапейскага саюза на тэрыторыі Беларусі, мы аддаем сабе ў гэтым поўную справаздачу. Разам з тым уяўляецца важным сумесна адпрацаваць падыходы, якія б дазволілі даць больш магчымасцяў беларусам для наведвання Еўрапейскага саюза, для атрымання шматразовых і шэнгенскіх віз. Вялікая адкрытасць Еўрапейскага саюза для беларускага грамадства будзе спрыяць фарміраванню станоўчага іміджу ЕС сярод беларусаў.
Шосты фактар стратэгіі — ключавы — беларускі народ.
Закрыццё памежных пераходаў
Мы аддаём сабе поўную справаздачу важнасці забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавамі-суседкамі Беларусі і разумеем логіку, накіраваную на павелічэнне кантролю за грамадзянамі Беларусі, якія ўязджаюць на тэрыторыю гэтых краін. Адначасова беларусы ўспрымаюць гэтыя дзеянні як накіраваныя супраць іх, а не супраць рэжыму Лукашэнкі. Бо, я казаў вышэй, не надыходзіць міжнародная адказнасць, не ўводзяцца маштабныя санкцыі, і гэта прыводзіць да ўспрымання беларусаў, што адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, нясе менавіта грамадзянін Беларусі, а не дыктатар.
Як палітык, я абсалютна падтрымліваю ўсе дзеянні нашых партнёраў, накіраваных на ўзмацненне нацыянальнай бяспекі і абароны. Набыццё самалётаў F-16, леапардаў, іншай ваеннай зброі з'яўляецца, безумоўна, неабходным і важным. Разам з тым, мне здаецца, нам важна зразумець, што галоўнай зброяй з'яўляецца народ. Беларускі народ, які ў 2020 годзе выступіў супраць дыктатара, які ў 2022 годзе выступіў супраць агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Беларускі народ, які штодня падвяргаецца рэпрэсіям, з'яўляецца нашай галоўнай зброяй у сітуацыі, калі рэжымы Пуціна і Лукашэнкі наважацца паўторна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі ў дачыненні да Украіны або адной з дзяржаў-членаў ЕС. І тут вельмі важная матывацыя. Я думаю, ніхто з нас не хацеў бы праз некалькі гадоў убачыць на мяжы з Еўрапейскім саюзам беларускага жаўнера (з пашпартам Беларусі ці Расіі і гэта таксама пытанне стратэгічнае), які гатовы ўвайсці на тэрыторыю ЕС. Таму мэтанакіраваныя дзеянні на падтрымку беларусаў, менавіта дзеянні, на сёння вельмі важныя.
Усходняе партнёрства — гэта ініцыятыва, якая, безумоўна, спрыяе стымуляванню еўрапейскага выбару беларусаў. Але, каб гэты выбар наблізіць, для нас вельмі важна матываваць беларусаў. Тыя дзеянні, пра якія я казаў вышэй, з'яўляюцца толькі часткай магчымай стратэгіі. Для нас, вядома ж, было б вельмі сур'ёзным крокам прадастаўленне месца дэмакратычным сілам Беларусі ва Усходнім партнёрстве. Гэта складанае, але вельмі важнае палітычнае рашэнне. Мы гатовыя заняць гэтае месца, мы гатовыя да таго, каб актывізаваць наша супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства.
Дзякую шчыра ўсім нашым партнёрам, міністэрствам замежных спраў краін-членаў ЕС за прынцыповую пазіцыю па падтрымцы нашай барацьбы за свабоду.
Нам таксама важна адчуваць і разумець, што без грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі сёння не вырашаюцца пытанні будучыні Беларусі.
Разам мы мацней.
Крыніца: НАУ
Вызваліць палітвязняў, прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці: пра што гаварылі на сесіі Рады па правах чалавека ААН
20 сакавіка 2024
19 сакавіка ў рамках 55-й сесіі Рады па правах чалавека быў прадстаўлены Даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека «Становішча ў галіне правоў чалавека напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх».
Вярхоўны камісар зноў прыцягнуў увагу да крызісу ў Беларусі, адзначыўшы: парушэнні правоў чалавека, апісаныя ў новым дакладзе, дадаткова пацвярджаюць маштабы і характэрную схему парушэнняў, выяўленых у папярэдніх дакладах УВКПЧ (Упраўленні Вярхоўнага камісара па правах чалавека). Да правапарушэнняў адносяцца адвольнае пазбаўленне права на жыццё, адвольнае затрыманне, гвалтоўнае знікненне, катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць абыходжання або пакаранняў – у тым ліку сэксуальны і гендарна-абумоўлены гвалт, адмова ў праве на належную прававую працэдуру і справядлівае разбіральніцтва, незаконнае ўмяшанне ў сямейнае жыццё і няздольнасць забяспечыць найлепшыя інтарэсы дзіцяці, парушэнні права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцыі і на забарону дыскрымінацыі, у прыватнасці на падставе рэальных ці меркаваных палітычных поглядаў.
УВКПЧ зноў пацвердзіла, што некаторыя з парушэнняў могуць быць прыраўняныя да злачынстваў супраць чалавечнасці, бо здзяйсняюцца ў рамках усвядомленага шырокамаштабнага ці сістэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асобаў.
Вярхоўны камісар па правах чалавека заклікаў неадкладна вызваліць палітычных зняволеных, забяспечыўшы права на эфектыўныя сродкі прававой абароны і адэкватную кампенсацыю ўрону, і спыніць усе іншыя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца. Ён таксама заклікаў краіны – члены ААН працаваць над прыцягненнем да адказнасці вінаватых у злачынствах рэжыму ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, а таксама садзейнічаць міжнароднай абароне ўцекачоў з Беларусі.
У межах інтэрактыўнага дыялогу прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі таксама маглі выказаць меркаванне наконт дакладу. Набор іх аргументаў не змяніўся: палітычных зняволеных няма, Савет па правах чалавека ААН умешваецца ва ўнутраныя справы краіны і палітычна ангажаваны, уведзеныя ў дачыненні да рэжыму санкцыі перашкаджаюць развіццю краіны. Паўтарылі ім дэлегацыі такіх краін, як Сірыя, Зімбабвэ, Расійская Федэрацыя і іншыя, якіх было не так багата.
Разам з тым дэлегацыі Еўрапейскага саюза, еўрапейскіх краінаў, ЗША, Брытаніі, Украіны і іншых дзяржаваў падтрымалі высновы даклада, выказалі салідарнасць з палітычнымі вязнямі і заклікалі да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі. Таксама неаднаразова падкрэслівалася недапушчальнасць палітычна матываванага пераследу дзяцей з боку рэжыму Лукашэнкі. У Дакладзе пазначана: з 1 траўня 2020 года па палітычна матываваных прысудах асуджана не менш за 55 дзяцей, некаторыя з іх – на розныя тэрміны рэальнага пазбаўлення волі. На 31 снежня 10 з іх утрымліваюцца пад вартай.
Стаўленне да сітуацыі з правамі чалавека таксама акрэслілі міжнародныя няўрадавыя арганізацыі. Яны выказалі надзею, што праца па дакументаванні сістэмных і масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама па прыцягненні да адказнасці вінаватых асобаў будзе працягнутая ў рамках мандатаў спецыяльных механізмаў Рады па правах чалавека ААН і Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.
Заўтра ў Жэневе пройдзе сайд-івэнт, прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У мерапрыемстве прыме ўдзел Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр, а таксама прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Анатоль Лябедзька – пра вынікі Канферэнцыі па Канстытуцыі новай Беларусі: «Мы ствараем устойлівую прававую базу для новай Беларусі»
16 сакавіка 2024
У дзень Канстытуцыі ў Сейме Літвы прайшла Канферэнцыя «Інвестыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў». Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька распавядае пра сутнасць і вынікі мерапрыемства:
«Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя шасці законапраектаў, падрыхтаваных у развіццё і дапаўненне Канстытуцыі. Надалей, пасля іх распрацоўкі, дакументы будуць перададзеныя ў Аб’яднаны Пераходны Кабінет, а пасля выбараў – у Каардынацыйную Раду новага склікання. Такім чынам мы ствараем устойлівую прававую базу для новай Беларусі, каб пасля дэмакратычнага транзіту ўлады было магчыма ў максімальна кароткі тэрмін правесці палітычныя рэформы», – адзначыў Анатоль Лябедзька.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Дэпутаты Еўрапарламента падпісалі больш за 600 паштовак для беларускіх палітвязняў
13 сакавіка 2024
З 11 па 14 сакавіка Еўрапейскі Парламент ладзіць акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 13 сакавіка на акцыі знаходзіўся дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. Як распавёў палітык, у межах ініцыятывы #EPSTANDSBYYOU дэпутаты Еўрапарламента, разам з прэзідэнткай Рабертай Метсолай, падпісалі больш за 600 паштовак для беларускіх палітвязняў. Акрамя таго, еўрадэпутаты прыцягваюць увагу да складанай сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі і дзеляцца інфармацыяй пра яе ў сацыяльных медыя з хэштэгам #EPSTANDSBYYOU.
Гэта ўжо другая акцыя ініцыятывы. Першая адбылася ў снежні 2022 года.
Святлана Ціханоўская: «Новы запуск гэтай ініцыятывы – вынік маёй нядаўняй сустрэчы з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай. Я ўдзячная Раберце і чальцам Еўрапарламента за падтрымку гэтай ідэі. Я ўпэўненая – #EPSTANDSBYYOU падштурхне палітыкаў па ўсёй Еўропе далучыцца да барацьбы за свабоду беларускіх палітвязняў!»
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі беларуса Андрэя Гнёта
12 сакавіка 2024
Сёння Апеляцыйны суд Бялграда адмяніў раней прынятае рашэнне аб экстрадыцыі рэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта ў Рэспубліку Беларусь і накіраваў справу на новы разгляд у Вышэйшы адміністрацыйны суд Бялграда. Адмяняючы раней прынятае рашэнне, суд апеляцыйнай інстанцыі адзначыў, што не ўсе абставіны гэтай справы былі разгледжаныя належным чынам. Таксама было ўстаноўленае парушэнне права на абарону Андрэя Гнёта паўстаць перад судом і даваць тлумачэнні асабіста. Наступнае слуханне па справе ў судзе першай інстанцыі прызначанае на 26 сакавіка.
Разам з адменай рашэння суда першай інстанцыі суд працягнуў тэрмін утрымання Андрэя пад вартай яшчэ на 60 дзён. Гэта не значыць, што ён правядзе ўвесь тэрмін у турме: у выпадку прыняцця рашэння на карысць Андрэя, ён будзе вызвалены з-пад варты.
З улікам таго, што Цэнтральнае бюро Інтэрпола заблакавала доступ да прафайла Андрэя, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр спадзяецца на станоўчы вынік справы: «Я выказваю вялікую ўдзячнасць дыпламатычнаму корпусу краінаў Еўрапейскага Саюза, які знаходзіцца ў Бялградзе. Амбасадары некалькіх дзяржаваў вельмі аператыўна адгукнуліся на просьбу нашых юрыстаў аб дапамозе – і арганізавалі як перамовы на дыпламатычным узроўні, так і прысутнасць на разглядзе справы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі, тым самым выказаўшы сваю салідарнасць з Андрэем».
Юрыдычная каманда Офіса працягне пільна сачыць за лёсам справы Андрэя і весці пастаянную камунікацыю з адвакатамі і дыпламатычным корпусам.
Мы заклікаем беларусаў таксама падтрымаць Андрэя лістамі. Адрас для лістоў падтрымкі: Andrey Gnyot, Centralni zatvor, Bačvanska 14, 11050 Beograd (Voždovac).
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Спрашчэнне легалізацыі, падтрымка дакумента Еўрапейскай рады па Беларусі: Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніцтвам Харватыі
07 сакавіка 2024
У межах Кангрэсу Еўрапейскай народнай партыі беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам і міністрам унутраных справаў Даварам Бажынавічам. Ціханоўская падзякавала міністрам за падтрымку, якую Харватыя выказала апошняму дакументу Еўрапейскай рады па Беларусі. Гэты дакумент заклікае да актыўнай выдачы візаў беларусам і вырашэння праблем з легалізацыяй.
Беларуская лідарка папрасіла прэм’ера і міністра спрасціць легалізацыю для беларусаў у Харватыі, у тым ліку выдаваць пашпарты замежніка, прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў дзейнымі, а таксама зняць патрабаванне апастылю.
Бакі абмеркавалі сітуацыю з палітзняволенымі ў Беларусі. Святлана Ціханоўская распавяла пра вязняў, якіх трымаюць у рэжыме інкамунікада, і пра намаганні дабіцца іх неадкладнага вызвалення праз міжнародныя арганізацыі. Акрамя таго, лідарка прапанавала Харватыі падтрымаць праграму рэабілітацыі для дзяцей рэпрэсаваных і паспрыяць арганізацыі мерапрыемстваў з удзелам беларускай дыяспары.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Наш маральны абавязак – змагацца за палітвязняў»
06 сакавіка 2024
Святлана Ціханоўская выступіла на сходзе Сеткі маладых сябраў Еўрапейскай народнай партыі ў Бухарэсце, Румынія:
«Паважаныя сябры Еўрапейскай народнай партыі,
Дзякуй вам, дарагая Раберта і дарагая Ева, за вашыя важныя словы, за вашую адвагу і за ўсё, што вы робіце для Беларусі і Украіны.
Я ніколі не перастану паўтараць, як я захапляюся такімі жанчынамі-лідаркамі, як вы. Калі б Лукашэнка быў у гэтай зале, у яго напэўна здарыўся б сардэчны прыступ.
У яго састарэлым светапоглядзе месца жанчыны – варыць боршч у кухні, а не займацца палітыкай.
У 2020 годзе, калі майго мужа пасадзілі ў турму, я балатавалася ў прэзідэнты замест яго, і дыктатар жартам зарэгістраваў мяне. «За жанчыну ніхто не прагаласуе», – казаў ён. Але я перамагла. Мы перамаглі.
Аднак, як звычайны баязлівец, Лукашэнка адмовіўся сысці ў адстаўку. Замест гэтага ён развязаў тэрор супраць свайго народа. Наш цудоўны мірны пратэст быў затоплены ў крыві, у слязах, у болі.
Лукашэнка часта паўтарае: «Я супраць жанчын не ваюю». Але яшчэ як ваюе.
І не толькі супраць жанчын. Сярод 1500 палітвязняў амаль палова – гэта моладзь. Гэта актывісты і валанцёры, прадпрымальнікі і журналісты, фельчары і маладыя інжынеры.
Рэжым пераследуе і студэнтаў. Аднаго студэнта забралі проста з-за парты: чацвёра бандытаў з КДБ у масках уварваліся проста на лекцыю па эканоміцы.
Яны стукнулі яго тварам аб падлогу і зламалі яму пальцы. І такую жорсткасць яны праявілі ўсяго толькі за 8 каментароў на YouTube, у якіх ён выказаўся супраць вайны.
Некаторым палітвязням было ўсяго 16 гадоў, калі яны патрапілі ў лукашэнкаўскія турмы. Некаторыя ўжо адсвяткавалі свой трэці дзень нараджэння за кратамі і прапусцілі школьны выпускны.
Некаторыя спрабавалі скончыць жыццё самагубствам, калі атрымалі драконаўскія тэрміны ў 5, 8 або 12 гадоў. Адзін палітвязень не вытрымаў пакутаў і паспрабаваў перарэзаць горла… асадкай – у яго не было ніякіх іншых асабістых рэчаў. Ад гэтага становіцца не па сабе.
У лістах дахаты, якія так рэдка трапляюць на волю, палітвязні пішуць, што мараць ужо не пра свабоду. Яны мараць пра ежу, проста нармальную ежу.
Яшчэ адзін палітвязень, Сцяпан Латыпаў, памірае ад цынгі – захворванні, пры якім у арганізме катастрафічна не хапае вітаміну С.
Некаторыя палітвязні ўжо страцілі надзею на вызваленне і гатовыя да лёсу Аляксея Навальнага.
У турмах палітычных вязняў прымушаюць насіць жоўтыя біркі. Так адзначаюць палітычных зняволеных, каб падвяргаць іх больш жорсткаму абыходжанню. Людзей з гэтымі біркамі часам могуць збіваць і катаваць.
Многія, у тым ліку і мой муж, утрымліваюцца без сувязі са знешнім светам, у поўнай ізаляцыі, у карцарах. Гэта найгоршая форма катаванняў.
Адзіная крыніца інфармацыі, даступная палітвязням, – гэта прапагандысцкія газеты. Людзі – хоць і не адразу – вучацца чытаць у іх паміж радкоў, каб разумець, што адбываецца на самой справе.
Рэжым робіць усё магчымае, каб палітвязні адчувалі сябе кінутымі.
Ён прымушае іх сваякоў публічна асуджаць сваіх дзяцей, сёстраў і братоў як ворагаў дзяржавы.
Мы чыталі пра такія метады ў кнігах пра сталінскія часы, але і паверыць не маглі, што такое магчымае ў XXI стагоддзі.
Часта рэпрэсіям падвяргаюцца і адвакаты, якія для палітвязняў з’яўляюцца адзіным сувязным звяном з навакольным светам.
Затрымліваюць і тых, хто адпраўляе пасылкі ці лісты палітвязням. Простая салідарнасць стала злачынствам.
Палітвязні таксама змагаюцца. І мэта іх барацьбы простая – як мінімум выжыць.
Наш маральны абавязак – змагацца за іх. Я ведаю, што яны спадзяюцца на нас. І яны спадзяюцца на вас.
Па-першае, мы павінны зрабіць іх вызваленне прыярытэтам і абавязацельствам. Вядома, ключы ад турмаў знаходзяцца не ў нас. Але ў нас ёсць іншыя інструменты. Ужо амаль два гады не ўводзілася ніякіх жорсткіх санкцыяў за рэпрэсіі, катаванні і палітычны пераслед.
Калі б рэжым ведаў, што кожная смерць, кожнае незаконнае затрыманне будзе зафіксаванае – усё магло б быць зусім па-іншаму. Дапамажыце нам дабіцца ўзмацнення жорсткасці санкцыяў супраць рэжыму і пачатку расследавання яго злачынстваў.
А па-другое, я прашу вас асвятляць гісторыі палітвязняў, асабліва моладзі, каб іх барацьба не была забытая. Швейцарска-нямецкая няўрадавая арганізацыя «Libereco» запусціла кампанію па «ўсынаўленні» палітвязняў. «Хроснымі бацькамі» ўжо сталі больш за 400 парламентарыяў з усяго свету.
Сярод іх і некаторыя лідары ЕНП. Раберта Мецола стала хроснай маці Паліны Шарэнда-Панасюк, а Радослаў Сікорскі стаў «хросным бацькам» майго мужа Сяргея Ціханоўскага.
Заклікаю і вас далучыцца да гэтай кампаніі. Мы прынеслі вам брашуры, у іх вы можаце прачытаць, як гэта зрабіць. Гэта зойме пяць хвілінаў вашага часу, але людзям за кратамі – можа выратаваць ім жыццё.
Вы можаце напісаць твіт ці артыкул, патэлефанаваць сям’і ці адправіць ліст у турму. Кожны жэст салідарнасці мае значэнне.
Дарагія сябры,
Я разумею, што выступіла зараз не з самай аптымістычнай прамовай.
Але яна заснаваная на рэальнасці, на праўдзе аб тым, што зараз адбываецца ў Беларусі.
Важна, каб мы не заплюшчвалі вочы на суровую праўду, а глядзелі ёй у твар з рашучасцю і надзеяй.
Памятайце, нашая барацьба – гэта не толькі барацьба ў Беларусі. Гэта барацьба за дэмакратыю, за правы чалавека, за саму сутнасць Еўропы.
Вы рыхтуецеся да выбарчай кампаніі ў Еўрапейскі Парламент, і я заклікаю вас стаць абаронцамі дэмакратыі.
Абаронцамі ўсіх тых, хто рызыкуе сваім жыццём і свабодай у імя каштоўнасцяў, якія мы ўсе тут адстойваем.
Уключыце ў свае перадвыбарчыя праграмы Украіну і Беларусь. Бо барацьба за свабоду носіць глабальны характар.
Дайце Украіне ўсё, што ёй патрэбна. Перамога Украіны стане канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі.
І падтрымайце тых, хто змагаецца за свабодную Беларусь. Перамены ў Беларусі дазволяць Украіне перамагчы хутчэй і нанясуць магутны ўдар па Пуціне.
Я заклікаю вас далучыць беларускіх актывістаў і палітычныя партыі да працы ЕНП, Моладзі ЕНП і Сеткі маладых сябраў ЕНП. Аднойчы Беларусь стане часткай Еўрапейскага Саюза, і мы можам пачаць рыхтавацца да гэтага дня ўжо зараз.
На заканчэнне дазвольце мне прапанаваць вам далучыцца да міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка – у нашае нацыянальнае свята, калі мы кожны год святкуем нашу свабоду і незалежнасць.
Я ўпэўненая, што аднойчы мы будзем святкаваць яго разам з вамі, у Мінску і іншых гарадах Беларусі, без страху, але з гонарам.
Дзякуй за вашую ўвагу, ваш удзел і вашую падтрымку».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Аднаўленне адносінаў паміж Беларуссю і Балгарыяй
05 сакавіка 2024
Падчас працоўнага візіту ў Сафію беларуская лідарка сустрэлася з прэм’ер-міністрам Балгарыі. Нікалай Дэнкаў выказаў спадзяванне на шчыльнае супрацоўніцтва паміж краінай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Адна з ключавых мэтаў візіту – аднавіць адносіны, якія зруйнаваў рэжым Лукашэнкі. Святлана Ціханоўская запрасіла Балгарыю далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЕ, а таксама падтрымаць працу Кантактнай групы ў Радзе Еўропы.
Апорнай тэмай дыялогу стала пагроза незалежнасці Беларусі з боку Расіі і саўдзел рэжыму ў вайне. Бакі абмеркавалі шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці: лідарка распавяла, што каманда НАУ сабрала доказы, неабходныя для пачатку расследавання. Яны былі перададзеныя ў ААН на мінулым тыдні.
Асаблівую ўвагу Святлана Ціханоўская надала палітвязням – і падкрэсліла: неабходныя тэрміновыя крокі па іх вызваленні, асабліва тых, хто знаходзіцца ў гуманітарным спісе і ў рэжыме інкамунікада.
Таксама палітыкі абмеркавалі ціск на рэжым – і як зрабіць яго больш эфектыўным, без ізаляцыі беларусаў. Святлана Ціханоўская заклікала працягваць выдаваць візы і падтрымліваць тых, хто збег ад рэпрэсіяў. Акрамя таго, лідарка распавяла пра новы беларускі пашпарт і выказала спадзяванне, што Балгарыя падтрымае гэты праект.
Падчас сустрэчы таксама абмеркавалі супрацоўніцтва ў сферы асветы, культуры і адукацыі. Асобна пагаварылі пра правядзенне канферэнцыі балгарскіх і беларускіх гісторыкаў.
Напрыканцы сустрэчы прэм’ер-міністр, міністарка замежных справаў і Святлана
Ціханоўская правялі супольную прэс-канферэнцыю для балгарскіх і міжнародных СМІ.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Нягледзячы на тэрор, беларусы працягваюць змагацца»
05 сакавіка 2024
Святлана Ціханоўская выступіла ў Камітэце па справах Еўропы ў Сафіі, Балгарыя:
«Паважаны Кірыл Пяткоў!
Паважаныя члены Камітэта па справах Еўропы,
Паважаныя ўдзельнікі, дарагія сябры свабоды!
Для мяне вялікі гонар і прывілей выступаць сёння перад вамі. Я ўпэўненая, што знаходжуся тут сярод сяброў. Вашая падтрымка, вашая салідарнасць, вашыя паслядоўныя рашэнні сапраўды натхняюць.
Я знаходжуся ў Балгарыі толькі другі дзень, але ўжо адчуваю, наколькі блізкія нашыя народы. Балгары, як і беларусы, цудоўна ведаюць, што такое жыць у цені імперыі.
Вы перажылі цёмныя часы фашысцкай і камуністычнай дыктатуры. Вы перажылі стагоддзі асманскага ярма. Вы ведаеце цану свабоды, ведаеце, як лёгка яе страціць і як цяжка потым вярнуць.
Многім людзям у дэмакратычных краінах Захаду гэта цяжка зразумець. Для многіх дэмакратыя падобная да паветра. Яе пачынаюць шанаваць, толькі калі яна знікае і людзі пачынаюць задыхацца.
Два дні таму вы адзначалі Дзень вызвалення. І я ганаруся тым укладам у вызваленне Балгарыі, што зрабілі беларусы. Адным з людзей, хто вызваліў Сафію, быў генерал Гурко – беларускі шляхціц і афіцэр, які ваяваў тады ў расійскім войску.
Яшчэ адным беларускім змагаром за свабоду, які змагаўся за Балгарыю, быў Мікалай Судзілоўскі, вядомы пад мянушкай Нікалас Русэль. Ён нарадзіўся ў Беларусі, стаў выдатным урачом, этнографам, лінгвістам і пісьменнікам і палюбіў Балгарыю.
Ён быў адным з арганізатараў красавіцкага паўстання супраць Асманскай імперыі. І зараз яго імя, як і імя Гурко, стала сімвалам балгара-беларускага сяброўства.
Нам ёсць што даведацца адзін пра аднаго. І я думаю, што мой візіт сюды, у Сафію, дапаможа аднавіць адносіны паміж беларусамі і балгарамі, якія былі разбураныя рэжымам у Мінску.
На жаль, сітуацыя ў Беларусі становіцца толькі горш. Былі ліквідаваныя палітычныя партыі, сродкі масавай інфармацыі і ініцыятывы грамадзянскай супольнасці. Сотні тысячаў людзей вымушана пакінулі краіну праз рэпрэсіі. Так Лукашэнка помсціць народу, які асмеліўся запатрабаваць свабодных выбараў.
Тысячы палітычных зняволеных да гэтага часу ўтрымліваюцца ў самых бесчалавечных умовах. Сярод іх мой муж. Мае дзеці не бачылі свайго тату ўжо чатыры гады. Ужо год ён утрымліваецца без сувязі са знешнім светам, і я не ведаю, ці жывы ён.
Нягледзячы на тэрор, беларусы працягваюць змагацца. Вялікіх мітынгаў зараз няма, але пратэст сышоў у падполле. Беларусы на мясцовым узроўні арганізоўваюць акты сабатажу і супраціву. І самае галоўнае – людзі не здаюцца.
Пасля таго, як рэжым уцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну супраць Украіны, стала відавочна, што Лукашэнка больш не прадстаўляе Беларусь. Ён па частках прадае нашую краіну Пуціну ў абмен на палітычную падтрымку.
Таму зараз так важна ізаляваць рэжым палітычна і эканамічна – праз санкцыі і ўсімі даступнымі спосабамі. Аднак, ізалюючы рэжым, мы не павінныя ізаляваць народ.
Трэба падзяляць рэжым і народ: менавіта рэжым стаў памагатым Пуціна. Тым часам беларускі народ змагаецца за дэмакратыю і свабоду і падтрымлівае Украіну.
Для нас перамога Украіны будзе і нашай перамогай. Але і наадварот: дзякуючы пераменам у Беларусі, Украіна зможа перамагчы хутчэй. Нашыя лёсы ўзаемазвязаныя.
Дарагія сябры,
Адзін з парламентарыяў, з якім я сёння сустракалася, сказаў мне: «Мы, балгары, не проста нешта гаворым, мы робім».
І так, адным з практычных вынікаў майго візіту стане стварэнне ў балгарскім парламенце групы за свабодную Беларусь. Я заклікаю вас далучыцца да гэтай групы. Гэта будзе магутным пасланнем салідарнасці і падтрымкі, а таксама важным інструментам для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Балгарыяй і свабоднай Беларуссю.
Таксама заклікаю вас арганізаваць слуханні па сітуацыі ў Беларусі ў парламенцкіх камітэтах. Вашыя заявы і рэзалюцыі таксама важныя.
Прашу звярнуць асаблівую ўвагу на сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека, палітвязнямі, удзелам рэжыму Лукашэнкі ў вайне, размяшчэннем ядзернай зброі на нашай тэрыторыі.
Цяпер мы спрабуем дабіцца еўрапейскай перспектывы для Беларусі. Беларусы хочуць пачуць, што ў будучыні, пасля падзення рэжыму, мы зможам уступіць у ЕС і Раду Еўропы. Для нас Еўрасаюз – лепшая і адзіная альтэрнатыва «рускаму свету».
Я таксама прашу вас далучыцца да кампаніі сімвалічных хросных бацькоў для палітвязняў. Больш за 400 парламентарыяў з розных краінаў свету ўзялі «апеку» над нашымі палітзняволенымі журналістамі, актывістамі і настаўнікамі. Вы можаце выбраць любых палітычных зняволеных і расказаць іх гісторыі людзям у Балгарыі і па ўсім свеце.
Таксама разгледзьце магчымасць запрасіць беларусаў на кароткатэрміновыя стажыроўкі ў вашых камандах і, у прыватнасці, у гэтым камітэце. Нам трэба падрыхтаваць будучую эліту, і мы можам у вас павучыцца дэмакратычным працэсам.
І, нарэшце, я запрашаю вас наведаць Вільню ці Варшаву, сустрэцца з былымі палітвязнямі, нашымі партызанамі і добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну – каб зразумець нашу сітуацыю, а таксама асвятліць яе ў вашых СМІ.
Дарагія сябры,
Дазвольце мне выказаць глыбокую падзяку за ваш час і ўвагу. Я разумею, што змены ў Беларусі не надыдуць хутка. Але з вашай дапамогай, я ўпэўненая, мы зможам дасягнуць нашых мэтаў. А Беларусь набудзе дастойнае месца ў еўрапейскай сям’і як свабодная і дэмакратычная дзяржава.
Дзякуй».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Народныя амбасады Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем»
04 сакавіка 2024
Падставай для ўключэньня ў пералік датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці стала рашэньне КДБ ад 28 лютага 2024г N4/3-519 «Аб прызнаньні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваньнем і забароне яго дзейнасьці». Менавіта цяпер нашу дзейнасьць забароняць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? Але ж амбасады на тое і амбасады, каб, у тым ліку, дапамагаць беларусам і беларускам за мяжой.
Верагодна, лукашэнкаўскія сілавічкі гэтага ня ведаюць. Як ня ведаюць і тое, што насамрэч павінны рабіць амбасады для сваіх суайчыньнікаў. Амбасада – гэта не толькі будынак і сьцяг, гэта тое – што ўнутры. Будынкаў, дарэчы, у нас няма (пакуль), а сьцягі – ёсьць!
Жарты жартамі, але ж у новым законе краіны, дзе зусім не да законаў, адказнасьць прадугледжана не толькі за стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем, але і за членства ў ім.
«Згодна з часткай 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу, падпісчыкі каналаў прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці, калі даказана мэта - уваходжаньне асобы ў склад экстрэмісцкага фармаваньня, каб зьдзейсьніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці.
Тыя, хто адпраўляюць інфармацыю і дадаюць камэнтары або па-іншаму ўзаемадзейнічаюць, могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за "садзейнічаньне экстрэмісцкаму фармаваньню" (артыкул 361-4 КК) альбо "фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці" (артыкул 361-2 КК)».
Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то раім адпісацца ад нашага тэлеграм-канала і не наведваць сайт (кроме вас, товарищ майор).
Мы ж і далей працягнем з падвоенай энэргіяй сваю працу на карысьць беларусак і беларусаў!
Жыве Беларусь!
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Рэжысёру Андрэю Гнёту пагражае экстрадыцыя ў Беларусь
02 сакавіка 2024
Стала вядома пра затрыманне ў Сербіі рэжысёра музычных кліпаў і рэкламных ролікаў, журналіста і аднаго з заснавальнікаў Свабоднага абʼяднання спартоўцаў SOS BY Андрэя Гнёта. Яму пагражае экстрадыцыя ў Беларусь.
Летась у кастрычніку Андрэй Гнёт па працы прыляцеў у Сербію з Тайланда, дзе ён апошнім часам стала пражывае. Яго затрымалі проста ў аэрапорце. Нагодаю стаўся запыт Беларусі ў «Інтэрпол». Лукашэнкаўскі рэжым вінаваціць Гнёта ў нясплаце падаткаў на суму ў 300 000 еўраў. Цягам чатырох месяцаў актывіст знаходзіцца ў сербскай турме. Умовы ўтрымання там, дарэчы, дастаткова жорсткія. Андрэй Гнёт паскардзіўся на адсутнасць медычнай дапамогі, пагаршэнне зроку выпадзенне валасоў і нядопуск да турэмнай бібліятэкі.
19 лютага адбылося паседжанне апеляцыйнага суду, на якім Андрэй Гнёт выказаў упэўненасць у палітычным характары сваёй справы і намеры лукашэнкаўскага рэжыму судзіць яго насамрэч за грамадскую дзейнасць. Гнёт зазначыў, што пакінуў Беларусь у 2021 годзе праз цікавасць сілавікоў да ягонай асобы як аднаго са стваральнікаў свабоднага абʼяднання спартоўцаў SOS BY.
Гэтая арганізацыя прызнанае ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Свабоднае абʼяднанне спартоўцаў было створанае ў 2020 годзе і аб’яднала беларускіх спартоўцаў, якія выказаліся супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Да таго ж SOS BY спрычыніўся да адабрання ў рэжыму Лукашэнкі хакейнага чэмпіянату свету 2021 году і прыпыненне фінансавання Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі.
«У Беларусі мяне чакаюць смяротныя катаванні. У Беларусі няма ні закону, ні абароны, ні незалежнай судовай улады. Усіх, хто выступае супраць улады, саджаюць у турму, катуюць і зневажаюць», – выказаўся Андрэй Гнёт.
Адвакаты актывіста праінфармавалі аб сутнасці справы Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу. Рашэнне суда ў Сербіі датычна выдачы Андрэя Гнёта рэжыму Лукашэнкі варта чакаць праз 20-30 дзён. Да гэтага часу актывіст застанецца ў сербскай турме.
Сябры, калі ласка, памятайце пра ўласную бяспеку. Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі не забывайце чысціць свой акаўнт у тэлеграм і іншых сацыяльных сетках. Калі ж вы пакінулі Беларусь праз палітычны пераслед або яго пагрозу, не прыязджайце ў патэнцыйна небяспечныя краіны, якія могуць выдаць вас сённяшнім уладам Беларусі.
Крыніца: Краіна для жыцця
«Калі ў Беларусі наступяць дэмакратычныя перамены, краіны ЕС стануць нашымі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі»
01 сакавіка 2024
Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на першым Беларускім бізнес-форуме ў Вашынгтоне:
«Паважаныя арганізатары і ўдзельнікі Беларускага бізнес-форуму ў Вашынгтоне,
Дарагія сябры!
Віншую вас з правядзеннем гэтага гістарычнага мерапрыемства – такога маштабнага беларускага бізнес-форуму ў ЗША. Жадаю выказаць шчырую падзяку прадстаўнікам Праграмы развіцця камерцыйнага права Міністэрства гандлю ЗША за неацэнную дапамогу ў арганізацыі гэтага мерапрыемства, а таксама Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой за іх высілкі ў яго арганізацыі.
Сёння Беларусь становіцца ўсё больш эканамічна залежнай ад Расіі. Доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі расце двухзначнымі тэмпамі штогод з 2021 года. Расійскія інвестары і іх проксі-фірмы з’яўляюцца галоўнымі інвестарамі ў беларускую эканоміку. Расія стала адзіным замежным крэдыторам для рэжыму ў Беларусі. І так не павінна быць. Не так мы бачым будучыню Беларусі. Я з камандай і разам з мільёнамі беларусаў рашуча настроены змяніць гэта!
Я абсалютна перакананая, што Беларусь заўсёды будзе часткай сусветнай эканомікі, а не эканомікі Расіі. І калі ў маёй краіне наступяць дэмакратычныя перамены, краіны ЕС стануць нашымі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі. Мы будзем актыўна прасоўваць заключэнне пагадненняў аб свабодным гандлі як з ЕС, так і з ЗША. І так мы створым адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у свеце.
Беларуская эканоміка будзе квітнець на аснове моцнага і інавацыйнага прыватнага сектара, дзякуючы чаму зможа сфарміравацца моцны сярэдні клас. Многія таленавітыя беларусы вернуцца дадому і стануць кіраваць бізнесамі, інвесціраваць у эканоміку краіны і займацца прадпрымальніцтвам. У новай Беларусі прадпрымальнікаў будуць шанаваць і паважаць не толькі за іх унёсак у эканамічны росквіт, але і за тое, што яны абараняюць нас ад дыктатуры.
Са жніўня 2020 года больш за трыста тысяч беларусаў вымушана пакінулі краіну, многім з іх прыйшлося рэлацыраваць свой бізнес або пачаць развіваць яго нанова. Для большасці зыход з краіны быў не выбарам, а неабходнасцю з-за пагрозы патрапіць у турму. Гэтыя людзі смела ўдзельнічалі ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе і працягваюць смела развіваць свае бізнесы ў выгнанні.
Беларускі бізнес за мяжой ужо стаў магутнай структурай. У свеце шмат тысячаў зарэгістраваных кампаніяў з беларускім капіталам, і ЗША не выключэнне. На вядучых сусветных фондавых біржах гандлююць акцыямі буйных і вядомых айці-кампаніяў беларускага паходжання. Мноства малых і мікракампаніяў кожны дзень вядуць свой бізнес, выплачваюць падаткі і ствараюць працоўныя месцы. Многія беларусы і беларускі заснавалі стартапы, якія ў будучыні могуць стаць бізнесамі. А Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой аб’ядноўвае больш за 100 вядомых кампаніяў з 10 краінаў і садзейнічае іх супрацоўніцтву і росту.
Нам трэба заставацца аб’яднанымі. Ваш голас – голас беларускіх бізнесменаў – стане нашмат мацнейшым, калі вы будзеце разам. Сёння вы дапаможаце адзін аднаму вырашыць паўсядзённыя бізнес-пытанні, абараніць свае запыты і абараніць свае правы – а заўтра вы ўбачыце, які ўклад вы ўнеслі ў палітычныя і эканамічныя рэформы ў Беларусі. Разам мы распрацуем план рэпатрыяцыі бізнесу, каб вы не забываліся на сваю Радзіму і інвеставалі ў новую, свабодную і квітнеючую Беларусь.
ЗША – важная краіна для нашага бізнесу, бо сюды паступаюць як нашыя інвестыцыі, так і нашыя тавары. На сённяшнім мерапрыемстве ў вас будзе магчымасць убачыць адзін аднаго, абмеркаваць вашыя праблемы і абмяняцца меркаваннямі. Я заклікаю ўлады ЗША працягваць прымаць беларускіх бізнесменаў і бізнес-лэдзі, бо яны не толькі знаходзяць працу для сябе, але і ствараюць новыя працоўныя месцы. Я радая, што Праграма развіцця камерцыйнага права Міністэрства гандлю і Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой распрацавалі дарожную карту ўзаемадапамогі. Разам са Стратэгічным дыялогам «ЗША – дэмакратычная Беларусь» яна дапаможа нам закласці трывалы фундамент для цеснага супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і ЗША.
Хацелася б, каб гэты форум прынёс канкрэтныя вынікі як для нашай бізнес-супольнасці за мяжой, так і для дыяспары ў розных краінах. Я вельмі радая, што партнёрамі форума з’яўляюцца вядомыя арганізацыі беларускай дыяспары: Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы і Беларуска-амерыканская асацыяцыя.
Я ганаруся беларускімі бізнесамі. І я зраблю ўсё магчымае, каб быць беларускім бізнесам было ганарова ва ўсім свеце.
Поспехаў. Давайце будаваць новую Беларусь разам».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Беларускім добраахвотнікам ва Украіне патрэбная нашая дапамога – збор на дроны
28 лютага 2024
Святлана Ціханоўская: «На апошняй сустрэчы з Палком Каліноўскага мне распавялі, што група аэравыведкі Палкавога БПЛА імя Мікіты Крыўцова скончыла курсы кіравання FPV-дронамі. І зараз яны адкрылі збор на іх набыццё. На дадзены момант сабраная толькі палова сумы і без нашай з вамі дапамогі не абысціся.
Кожны наш данат, які ідзе на забеспячэнне байцоў экіпіроўкай, тэхнікай і асабліва дронамі, дапамагае ім захаваць жыцці. А добраахвотнiкi, у сваю чаргу, робяць усё магчымае, каб і ва Украіне, і ў Беларусі як мага хутчэй наступіў мір – без дыктатураў, агрэcii і гвалту.
Дарагія мае, калі для вас гэта бяспечна, падтрымайце гэты збор. Я ведаю, што беларуская салідарнасць не ведае межаў. І разам мы зможам закрыць гэты збор і дапамагчы нашым байцам».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская выступіла перад амбасадарамі 27 краінаў у Берне
28 лютага 2024
Беларуская лідарка правяла брыфінг для амбасадараў краінаў ЕС, а таксама Украіны, Канады, ЗША, Нарвегіі і Вялікабрытаніі ў польскай амбасадзе ў Берне.
Падчас выступу Святлана Ціханоўская залікала амбасадараў падтрымаць рэзалюцыю па Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН, якая будзе разглядацца ў сакавіку, а таксама ўзмацніць ціск на рэжым і патрабаваць вызвалення палітвязняў.
Асобна лідарка адзначыла важнасць працягу працы двух механізмаў ААН па Беларусі і падтрымкі імплементацыі 33 артыкулу ў Міжнароднай арганізацыі працы, які быў прыняты ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў мінулым годзе.
Важнай тэмай выступу стала супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі. Святлана Ціханоўская заклікала прызначаць спецпасланнікаў па Беларусі, як гэта ўжо зрабілі Францыя, Эстонія, Літва, Польшча, Швецыя, Украіна, і неўзабаве зробіць ЗША. Лідарка таксама выказала падзяку шэрагу краінаў, якія ўжо зрабілі заявы аб непрызнанні безвыбараў.
Падчас дыскусіі, якая адбылася пасля брыфінгу, былі абмеркаваныя механізмы прыцягнення рэжыму да адказнасці за злачынствы, у тым ліку – праз універсальную юрысдыкцыю. Асобна лідарка падкрэсліла важнасць дапамогі рэпрэсавным, беларускім незалежным медыя і праваабаронцам.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі Украіны
27 лютага 2024
Рэжым Лукашэнкі, баючыся новых санкцый, не заўсёды хоча афішаваць сваё супрацоўніцтва з адміністрацыяй акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, а таксама развіццё з імі разнастайных сувязяў і кантактаў: эканамічных, інфармацыйна-ідэалагічных, палітычных і іншых.
Такія сувязі і кантакты пачаліся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну 24 лютага 2022 года. Гандаль паміж Беларуссю і акупаванымі тэрыторыямі Украіны адбываўся ў нелегальным фармаце на ўзроўні асобных юрыдычных асоб пры пасярэдніцтве расійскіх кампаній.
Пасля лютага 2022 года кантакты рэжыму Лукашэнкі з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі Украіны сталі больш інтэнсіўнымі і выйшлі на афіцыйны палітычны ўзровень.
Напрыклад, 18 красавіка 2023 года Лукашэнка правёў сустрэчу з г. зв. часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка ДНР Дзянісам Пушыліным як з асобай у статусе кіраўніка суб'екта Расійскай Федэрацыі, у межах якой прапанаваў дапамогу ў аднаўленні і развіцці гэтай акупаванай Расіяй тэрыторыі.
Акрамя супрацоўніцтва з г. зв. ДНР і ЛНР, нелегітымныя ўлады Беларусі развіваюць афіцыйныя адносіны з акупаваным Крымам. У пачатку сакавіка 2023 года кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама і ўлады Крыма падпісалі пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін дамовіліся ўмацоўваць адносіны паміж рэгіёнамі і пазначылі перспектывы сумеснай працы. Аксёнаў тады падкрэсліў, што «беларускім прадпрыемствам заўсёды рады на крымскай зямлі».
Акрамя таго, нелегітымныя ўлады Беларусі вырашылі не пазней за 1 ліпеня 2024 года адкрыць у Растове-на-Доне генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. Гэтая консульская акруга будзе ўключаць акупаваныя Расіяй рэгіёны Украіны.
Крыніца: НАУ
«Пародыя на выбары»: рэакцыя дэмакратычных краінаў свету на безвыбары
26 лютага 2024
У Беларусі прайшоў так званы «Адзіны дзень галасавання». Прапаганда намагалася паказаць беспрэцэдэнтную яўку і запэўніць у выкананні ўсіх электаральных працэдураў. Аднак падмануць тых, хто насамрэч ведае, што такое дэмакратыя, не атрымалася. Паглядзіце, як адрэагавалі на безвыбары прадстаўнікі дэмакратычных краінаў.
МЗС Аўстрыі: «Выбары не з’яўляюцца ні свабоднымі, ні справядлівымі. Мы працягнем працу для вольнай, незалежнай і квітнеючай Беларусі».
Украіна: «Аб’яднанне «За дэмакратычную Беларусь» заклікае міжнародную супольнасць не прызнаваць так званых выбараў і выкарыстоўваць усе сродкі, каб Лукашэнка апынуўся за кратамі».
ЗША: «Злучаныя Штаты асуджаюць фіктыўныя парламенцкія і мясцовыя выбары. Яны прайшлі ў атмасферы страху. Выбарчыя працэсы нельга назваць дэмакратычнымі».
МЗС Германіі: «Мы асуджаем сістэмныя рэпрэсіі вакол выбараў у Беларусі. Рэжым выкарыстоўвае ўсе сродкі, каб задушыць дэмакратычныя памкненні народа Беларусі».
Францыя: «Рэжым Лукашэнкі арганізуе пародыю на выбары ў заканадаўчыя органы ўлады: без апазіцыі і без міжнародных назіральнікаў. Мы просім не прызнаваць вынікаў выбараў».
Прэзідэнт ПА НАТА: «Фальшывыя выбары ў Беларусі нікога не падмануць: яны бессэнсоўныя. Нашыя ўрады і парламенты павінныя працягваць асуджаць рэпрэсіі, падтрымліваць змаганне Святланы Ціханоўскай за дэмакратычную Беларусь і заклікаць да вызвалення палітвязняў».
Заява МЗС Нарвегіі: «Фальшывыя выбары ў Беларусі ўчора ўяўляюць сабой далейшае пагаршэнне дэмакратычных прынцыпаў і асноўных свабод. Мы асуджаем сістэмныя рэпрэсіі ў Беларусі і падтрымліваем дэмакратычныя памкненні беларускага народа».
Прэзідэнт ПАРЕ: «Выбары» ў Беларусі – гэта пародыя на дэмакратыю».
Кіраўнік Камітэта па замежных справах Чэхіі: «Як назіральнік за выбарамі ў складзе місіі АБСЕ, я яшчэ памятаю адны «выбары», дзе ўсё падлічвалі, запісвалі – а потым старшыня выбарчай камісіі выцягнуў з кішэні кашулі паперку з лічбамі і зачытаў іх – гэта і быў канчатковы вынік».
Заява Вярхоўнага прадстаўніка Еўрапейскай службы знешніх сувязяў: «Відавочна, што ўмовы для свабодных і справядлівых выбараў не былі выкананыя, а новыя парламенцкія і мясцовыя чыноўнікі не маюць дэмакратычнай легітымнасці. ЕС працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народа абіраць сваіх прадстаўнікоў праз сапраўдныя, дэмакратычныя і празрыстыя выбары».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Падарунак для Лукашэнкі на 23 лютага
26 лютага 2024
Усе, хто згаданы ў камунікацыі НАУ ў МКС як асобы, якія маюць дачыненне да незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, унесеныя ў санкцыйныя спісы ЕС і ЗША
Сёння Еўрасаюз апублікаваў 13 пакет санкцый супраць Расіі. Пад санкцыі ЕС патрапілі ГА «Дэльфіны», Фонд Аляксея Талая, а таксама самі кіраўнікі гэтых арганізацый — Вольга Волкава і Аляксей Талай, а таксама Дзмітрый Шаўцоў — генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і Дзмітрый Дзямідаў — старшыня Наваполацкага гарвыканкама. Нагадаем, што ў чэрвені 2022 года пад санкцыі ЕС трапіў генеральны дырэктар Беларуськалія Іван Галаваты.
Аляксей Талай, гэтак жа як і дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Мезенцаў, апынуўся сёння яшчэ і пад амерыканскімі санкцыямі. Увядзенне санкцый фактычна фіксуе незаконнасць перамяшчэння дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, а мы ў сваю чаргу працягваем дамагацца ордэра МКС. Лукашэнкі няма ў гэтым санкцыйным пераліку толькі таму, што для яго рыхтуецца нешта большае.
ЕС таксама прыняў блакавальныя абмежаванні супраць ВПК Лукашэнкі: пад санкцыямі ААТ «Пеленг», ААТ «2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення» і дырэктар гэтага прадпрыемства Валерый Шаціла, ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і дырэктар гэтага завод Павел Случак. Раней мы накіроўвалі нашым еўрапейскім партнёрам прапановы па шэрагу прадпрыемстваў ВПК Беларусі, якія працуюць на патрэбы расійскай арміі, з абгрунтаваннямі для накладання абмежаванняў. Сярод іх, напрыклад, быў «Аршанскі авіярамонтны завод», які цяпер уключаны ў 13 санкцыйны пакет ЕС супраць Расіі, а таксама 558 Авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах, які як і яго дырэктар Павел Пінігін сёння апынуўся пад санкцыямі ЗША.
На жаль, гэтыя санкцыі не ўключаюць поўную забарону альбо абмежаванне транзіту санкцыйных тавараў праз Беларусь і Расію, а таксама істотных фінансавых і сектаральных санкцый, якія маюць найбольшую эфектыўнасць сярод іншых санкцыйных інструментаў.
Так, мы неаднаразова інфармавалі нашых еўрапейскіх партнёраў аб неабходнасці гарманізацыі гандлёвых санкцый супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, бо розніца ў гэтых абмежаваннях дазваляе абодвум рэжымам, як у Мінску, так і ў Маскве, паспяхова ўхіляцца ад прынятых санкцыйных захадаў. На рэжым Лукашэнкі ўведзена ў 12 разоў менш абмежаванняў, чым на Расію, праз гэта рэжым з'яўляецца велізарным акном для абыходу санкцый Крамлём. Прыклады такога ўхілення мы прыводзілі ў нашым міні-расследаванні «Што адкрывае статыстыка ЕС або для чаго патрэбная гарманізацыя санкцый?».
Яшчэ адна праблема — «ілжывы» транзіт. Напрыклад, за 2022-2023 гады праз Беларусь у Расію прайшлі тавары на суму больш за 10 мільярдаў еўра. Прыклады «ілжывага» транзіту ў Расію з дапамогай пасярэднікаў з Беларусі і Казахстана былі выкрытыя ў сумесным расследаванні «Бюро», «Вёрсткі» і міжнароднага Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP).
Для спынення абыходу санкцый праз трэція краіны неабходна альбо цалкам спыніць транзіт праз Беларусь і Расію ў трэція краіны (хоць бы ў дачыненні да крытычна важных для ВПК тавараў), альбо абмежаваць яго з дапамогай гандлёвых квот.
Крыніца: НАУ
Вялікая сустрэча спецпасланнікаў па Беларусі ў Вільні
24 лютага 2024
У Офісе Святланы Ціханоўскай адбылася вялікая сустрэча спецпасланнікаў і дыпламатаў, якія працуюць па беларускіх пытаннях.
Удзел бралі прадстаўнікі больш чым 15 краінаў: Канады, Чэшскай Рэспублікі, Эстоніі, Францыі, Германіі, Ірландыі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Іспаніі, Швецыі, Украіны, Вялікабрытаніі, ЗША. Да сустрэчы таксама далучыўся амбасадар Украіны для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі Ігар Кізім.
Прыводзім найбольш яркія моманты з прамовы, якой Святлана Ціханоўская адкрывала сустрэчу.
📌 «У Беларусі шмат праблемаў. Самая вялікая – людзі ў турмах паміраюць. І ў нас няма простага рэцэпта, як іх вызваліць. Узровень рэпрэсіяў настолькі высокі, што нашая прастора для дзеянняў унутры краіны вельмі абмежаваная».
📌 «Лукашэнкаўская прапаганда спрабуе пераканаць людзей у тым, што яны кінутыя, і ў Еўропе нас ніхто не чакае. Я спадзяюся, што ў сваёй камунікацыі вы будзеце падкрэсліваць: дэмакратычная Беларусь заслугоўвае таго, каб стаць часткай еўрапейскай сям’і».
📌 «Мы намагаемся задавальняць практычныя патрэбы беларускіх людзей у выгнанні. Па-першае, мы выступаем за павелічэнне колькасці візаў. Па-другое, мы просім прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты, выдаваць пашпарты замежніка і спрасціць працэдуру атрымання відаў на жыхарства».
Падчас дыскусіі абмяркоўвалі шляхі прыцягнення рэжыму да адказнасці, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасці і медыя.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
За кратамі памёр палітвязень Ігар Леднік
21 лютага 2024
Як паведамляе “Вясна”, на 64-м годзе жыцця памёр яшчэ адзін палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі.
У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэаніміраваць, аднак беспаспяхова.
Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за “паклёп на Лукашэнку” за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”. Згодна з матэрыяламі справы, у ім ўтрымліваліся “загадзя ілжывыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва”.
Гэта пяты палітзняволены ў Беларусі, які памёр у зняволенні.
Крыніца: Voice of Belarus
Беларусь займае важнае месца ў парадку дня ЕС
20 лютага 2024
19 лютага Еўрапейскі Савет прыняў заключэнні па Беларусі. Гэтыя высновы выяўляюць канкрэтныя праблемы, якія выклікаюць занепакоенасць ЕС і вызначаюць дзеянні ці мэты, якія неабходна прыняць. Фактычна гэты дакумент вызначае стратэгію Еўрапейскага саюза ў адносінах да нашай краіны.
Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, каментуючы прыняцце гэтых высноў, заявіў, што «Беларусь па-ранейшаму займае важнае месца ў парадку дня ЕС». Ён асудзіў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і падкрэсліў, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.
Важна адзначыць, што рэпрэсіўная палітыка рэжыму Лукашэнкі ў першую чаргу характарызуецца паўсюдным учыненнем злачынстваў, якія кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасці. Згодна з каментаром камісіі міжнароднага права ААН, такія злачынствы ўяўляюць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы, што абавязвае ўсю міжнародную супольнасць прымаць адэкватныя меры па прадухіленні дадзеных злачынстваў.
У прынятым дакуменце Еўрасавет выказаў занепакоенасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Больш за тое, Еўрапейскі Савет пацвердзіў сваю прыхільнасць прыцягненню да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.
Цяпер як ніколі крытычна важна эфектыўна прымяніць існуючыя міжнародныя прававыя механізмы, каб спыніць забойствы палітычных зняволеных у турмах Лукашэнкі. Сёння стала вядома пра гібель Ігара Ледніка — і гэта ўжо пятая вядомая смерць палітвязня. Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Ігар Леднік — усе гэтыя людзі пазбавіліся жыцця, а фактычна былі забітыя рэжымам Лукашэнкі.
Мы неаднаразова даводзілі нашым партнёрам сваю гатоўнасць пачаць узаемадзеянне ў рамках Кансультатыўнай групы паміж ЕС і беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю для выпрацоўкі выразных крокаў па прыцягненні да адказнасці вінаватых, для аднаўлення справядлівасці для ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, і спынення далейшых ахвяр сярод беларусаў.
Крыніца: НАУ
Адказнасць за рабства ў ХХІ стагоддзі
20 лютага 2024
Актуальнай праблемай, якая патрабуе неадкладнай увагі, з'яўляецца праблема палітвязняў у Беларусі і выкарыстання іх рабскай працы на шматлікіх прадпрыемствах на базе калоній і турмаў.
Цяпер у Беларусі налічваецца 1422 толькі афіцыйна прызнаных палітвязняў, якія незаконна знаходзяцца ў месцах зняволення адкрытага і закрытага тыпаў. Ужо каля 1400 палітвязняў, па дадзеных прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольгі Гарбуновай, адбылі незаконна прызначаныя тэрміны і перажылі турэмныя рэпрэсіі і турэмную рабскую працу на вытворчасцях пры калоніях. Самае трагічнае — факты смерцяў палітвязняў: Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько і Ігара Ледніка.
Палітвязні незаконна ўтрымліваюцца ў розных установах Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў рэжыму Лукашэнкі. У Беларусі налічваецца 16 папраўчых калоній, 4 папраўчыя калоніі-пасяленні, 28 устаноў адкрытага тыпу або па-народнаму «хімія», дзе іх не толькі катуюць, але і прыцягваюць да прымусовых прац.
Палітвязні ў папраўчых установах займаюцца вытворчасцю канкрэтных тавараў, якія затым прадаюцца як адкрыта, у тым ліку праз інтэрнэт-крамы, так і праз шматлікіх дылераў і пасярэднікаў, якія пры продажы мяняюць вытворцаў тавару, г. зн. не паказваюць, што тавар выраблены зняволенымі ў калоніях.
Таксама гэтыя тавары могуць экспартавацца, уключаючы рынкі краін-членаў Еўрасаюза. Даходы ад беларускага турэмна-прамысловага канвеера значныя. І гэтыя даходы паступаюць для фінансавання як утрымання ўлады Лукашэнкі, так і для фінансавання ажыццяўлення саміх рэпрэсій.
Мы просім і заклікаем усіх неабыякавых грамадзян, СМІ, дэмакратычных лідараў, сябраў аб'яднанняў, партый, арганізацый, дыяспар, усіх беларусаў і тых, хто спачувае беларусам, максімальна казаць пра праблему палітвязняў, прымусовую працу і няўхільнасць пакарання рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі беларускага народа.
Пакіданне праблемы палітвязняў без увагі з боку сусветнай супольнасці будзе і далей прыводзіць да трагічных смерцяў у лукашэнкаўскіх засценках.
Мы абавязаныя зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб спыніць рэпрэсіі, рабства і смерці беларускага народа. І спыніць існаванне лукашэнкаўскага злачыннага рэжыму.
Крыніца: НАУ
Маргарыта Ворыхава – першая ў гісторыі прадстаўніца Беларусі ў Кансультатыўнай радзе па справах моладзі Рады Еўропы
19 лютага 2024
Кансультатыўная рада па справах моладзі Рады Еўропы – унікальная платформа для супрацоўніцтва ўрадавых і моладзевых арганізацыяў кантынента. Па сутнасці, ад рашэнняў, прынятых падчас гэтых абмеркаванняў, залежыць фармаванне моладзевай палітыкі ва ўсім Старым Свеце.
Хаця Беларусь не з’яўляецца чальцом Рады Еўропы, у нашай моладзі з’явілася магчымасць заявіць аб сабе на міжнароднай арэне і паўплываць на ключавыя працэсы ў розных сферах. На Еўрапейскім моладзевым форуме ў Страсбургу Маргарыту Ворыхаву абралі прадстаўніцай Беларусі ў Кансультатыўнай радзе.
«Мая задача – абараняць інтарэсы маладых людзей з Еўропы і, вядома, з Беларусі. Галоўная мэта – заручыцца поўнай падтрымкай з боку дзяржаў-чальцоў Рады Еўропы ў імкненні Беларусі да дэмакратыі. Для нас гэта будзе значыць узмацненне падтрымкі беларусаў і беларусак на міжнароднай арэне», – тлумачыць дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзі і студэнцтве.
Падкрэслім: гэта першы выпадак, калі нехта з Беларусі атрымаў прадстаўніцтва ў Кансультатыўнай радзе па справах моладзі Рады Еўропы. Уключэнне прадстаўніка Беларусі гарантуе, што нашыя праблемы будуць вылучаныя на першы план.
Што такое Кансультатыўная рада?
Кансультатыўная рада па справах моладзі Рады Еўропы займаецца развіццём моладзевай палітыкі. Ён складаецца з 30 прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў і НДА. Рада дзейнічае на аснове сумеснага падыходу, пры якім прадстаўнікі ўрада і моладзі з розных арганізацый працуюць разам. Дадзеная структура гарантуе, што маладыя людзі будуць прызнаныя роўнымі партнёрамі ў распрацоўцы палітыкі, увасабляючы прынцып «нічога для нас без нас».
Асноўная мэта Рады – вырашаць канкрэтныя пытанні, звязаныя з моладдзю, і распрацоўваць рэкамендацыі для дзяржаў-чальцоў Рады Еўропы, а таксама кансультаваць Камітэт міністраў. Па сутнасці, ён служыць платформай, дзе звяраюцца розныя пункты гледжання і пасля фармулююцца рэкамендацыі, якія наўпрост уплываюць на дабрабыт і інтарэсы моладзі.
Чым Рада можа быць карыснай беларускай моладзі?
Нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца дзяржавай-сяброўкай Рады Еўропы, мы можам актыўна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў па палітыцы, якая непасрэдна нас закранае.
Яскравым прыкладам уплыву Рады з’яўляецца яго поўная падтрымка Кантактнай групы па Беларусі ў межах Рады Еўропы. Беларуская моладзь можа зрабіць унёсак у фармаванне агульнаеўрапейскай палітыкі, спрыяючы пашырэнню сваіх магчымасцяў і прадстаўніцтва на міжнароднай платформе.
Якую ролю ў ім адыгрывае дарадца Святланы Ціханоўскай па маладзёжнай палітыцы і студэнцтве?
Маргарыта Ворыхава – прадстаўніца, абраная Еўрапейскім моладзевым форумам у Кансультатыўную раду па справах моладзі. Яе роля – абарона інтарэсаў маладых людзей па ўсёй Еўропе і, у прыватнасці, з Беларусі.
Галоўная мэта прадстаўніцтва Ворыхавай – заручыцца поўнай падтрымкай з боку дзяржаў-чальцоў Рады Еўропы ў імкненні Беларусі да дэмакратыі. Гэта прадугледжвае мабілізацыю падтрымкі беларусаў і беларусак на міжнароднай арэне. Таксама гэта падкрэслівае важнасць дэмакратыі, правоў чалавека і галасоў беларускай моладзі ў міжнародным дыскурсе.
Што азначае прадстаўніцтва ў гэтай структуры?
Гэта першы выпадак, калі нехта з Беларусі (ці любой іншай дзяржавы, якая не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы) атрымаў магчымасць быць прадстаўленымі ў гэтай структуры. Уключэнне прадстаўніка Беларусі не толькі азначае крок да больш шырокай інклюзіўнасці, але таксама гарантуе, што нашыя праблемы будуць вылучаныя на першы план.
Якія перспектывы ад членства Беларусі ў Радзе?
Адна з прывілеяў сяброўства ў Кансультатыўнай радзе па справах моладзі – удзел у размеркаванні сродкаў моладзеваму сектару праз Еўрапейскі моладзевы фонд. Гэтае ўздзеянне можа быць накіраванае на падтрымку ініцыятываў, праграмаў і праектаў, якія прыносяць карысць нашай моладзі.
Акрамя таго, Кансультатыўная рада разглядае розныя пытанні, у тым ліку займае пазіцыю па актуальных праблемах. Гэта значыць, з’яўляецца магчымасць паўплываць на тое, каб Рада Еўропы заняла цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да падзеяў і праблемаў, з якімі сутыкаецца беларуская грамадзянская супольнасць.
Ці могуць беларусы неяк паўдзельнічаць у гэтай працы?
Калі вы лічыце, што Рада Еўропы павінна заняць пэўную пазіцыю па канкрэтным пытанні, прыняць рэкамендацыі або сфармуляваць канкрэтную палітыку, калі ласка, звяжыцеся з намі праз @AskOffice_Bot.
Незалежна ад таго, ці знаходзіцеся вы ў Беларусі ці за мяжой, калі вы бачыце магчымасці для пазітыўных зменаў ці спосабы зрабіць унёсак у дабрабыт маладых людзей, не саромейцеся дзяліцца ідэямі – мы адкрытыя для ўвасаблення кожнай з іх у жыццё.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Мне страшна ад думкі, што пасля Навальнага наступным можа стаць мой муж»
17 лютага 2024
Беларуская лідарка выступіла на мерапрыемстве «Абарона дэмакратыі: як супрацьстаяць інфармацыйным маніпуляцыям», арганізаваным цэнтрам GLOBSEC у рамках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Падчас прамовы Святлана Ціханоўская адзначыла: сёння жыцці тысячаў беларускіх палітвязняў залежаць ад рэакцыі краін Захаду на забойства Аляксея Навальнага.
Вось як гучалі найбольш рэзанансныя пасылы выступу:
📌 «Забойства Навальнага – змрочны напамін аб тым, што бяспека, дэмакратыя і правы чалавека ўзаемазвязаныя. Калі ўрад не паважае сваіх грамадзянаў, ён не будзе паважаць міжнародны парадак».
📌 «Жыцці Статкевіча, Бабарыкі, Калеснікавай і тысячаў іншых людзей зараз напрамую залежаць ад рэакцыі Захаду на забойства Навальнага. Калі справа абмяжуецца «глыбокімі спачуваннямі», то трэба быць гатовымі да таго, што такія жудасныя навіны будуць з’яўляцца пастаянна».
📌 «Нам трэба пашыраць супрацоўніцтва паміж урадамі, актывістамі, міжнароднымі арганізацыямі і прыватнымі кампаніямі. Патрэбныя надзейныя сродкі камунікацыі і платформы, якія ўзмоцняць нашы галасы. Нам трэба не толькі ўсвядоміць сваю сілу, але і эфектыўна карыстацца ёю».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Якія ініцыятывы дапамогуць беларусам у цяжкай сітуацыі?
14 лютага 2024
Па розных ацэнках, пасля 2020 года больш за паўмільёна чалавек пакінулі Беларусь. Для многіх, хто застаецца ў краіне, кожны дзень звязаны з рызыкай быць затрыманым і асуджаным за лайк ці рэпост. Калі вы сутыкнуліся з рэпрэсіямі і адчуваеце неабходнасць пакінуць краіну, ведайце, што вы не самотныя. Звяжыцеся з праваабарончымі арганізацыямі і паведаміце ім аб існуючай сітуацыі. Мы сабралі партнёрскія ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай, якія могуць вам дапамагчы.
BYSOL садзейнічае тэрміновай эвакуацыі з Беларусі ў іншыя краіны, а таксама дапамагае ў легалізацыі (атрыманні ВНЖ) у Літве. Bysol можа забяспечыць неабходную падтрымку на ўсіх этапах пераезду.
Вы можаце таксама звярнуцца ў фонд «Краіна для жыцця». Эксперты прапануюць садзейнічанне ў эвакуацыі з Беларусі, кансультацыі юрыстаў і псіхалагічную дапамогу.
Фонд «Razam» таксама аказвае дапамогу і падтрымку беларусам, якія вымушана пакінулі краіну і апынуліся ў Літве. Вам дапамогуць у легалізацыі і атрыманні дакументаў, пракансультуюць па працаўладкаванні і акажуць іншыя віды дапамогі. Адзін з напрамкаў Фонду – захаванне беларускай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны. У тэлеграм-канале Фонду публікуецца актуальныя даныя аб мерапрыемствах, у тым ліку курсах замежных моў. Інфармацыя аб усіх актыўнасцях фонду даступна па спасылцы.
Па легалізацыі і па іншых пытаннях, звязаных са знаходжаннем у Польшчы, інфармацыю можна ўдакладніць у Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве. Тут даюць усю неабходную інфармацыю і падтрымку. Аддзел прававой дапамогі Цэнтра дапамог многім беларусам, якія сутыкнуліся з юрыдычнымі цяжкасцямі.
У Беларускім доме ў Варшаве эксперты дапамагаюць кансультацыямі юрыстаў, аказваюць псіхалагічную дапамогу, ладзяць моўныя курсы. Актывісты падтрымліваюць рэпрэсаваных беларусаў і іх сем’і.
Таксама ў Польшчы арганізаваная інфалінія валанцёрскай ініцыятывы «Partyzanka». Канал ініцыятывы друкуе шмат актуальнай інфармацыі па прававых пытаннях, а таксама мае чат-бот для запытаў ад беларусаў.
Калі Вы сутыкнуліся з праблемамі ў Чэхіі, можаце звязацца з Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы па электроннай пошце: czechia.office@tsikhanouskaya.org. Вас пракансультуюць па міграцыйных пытаннях і нацыянальным заканадаўстве, дадуць інструкцыі, як дзейнічаць пры выяўленні праблемаў з дакументамі. Акрамя таго, вам дадуць кантакты чэшскіх партнёраў для эфектыўнага вырашэння складаных сітуацыяў.
У Германіі па дапамогу можна звярнуцца ў Асацыяцыю беларусаў «Razam e.V.» Гэтая ініцыятыва ў тым ліку ажыццяўляе дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў і знаходзяцца на тэрыторыі Германіі. Акрамя кансультацыяў па ўзніклых пытаннях, вам дапамогуць у камунікацыі з афіцыйнымі ўстановамі Германіі.
Калі вы сутыкнуліся з праблемамі ў краіне, дзе існуе Народная амбасада Беларусі, можна звярнуцца па дапамогу да прадстаўнікоў гэтай ініцыятывы. Звязацца з Народнымі пасольствамі – па электроннай пошце help@belarusabroad.org. Імі ж у партнёрстве з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным Пераходным Кабінетам падрыхтаваны сайт з інструкцыямі аб атрыманні праязнога дакумента замежнага грамадзяніна ў розных краінах.
Незалежна ад месцазнаходжання, вы можаце разлічваць на юрыдычную дапамогу Праваабарончага цэнтру «Вясна» калі з’яўляецеся ахвярай палітычна матываванага пераследу. З Цэнтрам можна звязацца праз афіцыйны чат-бот, пазначаны ў тэлеграм-канале.
Не забывайце, што вы не самотныя. Існуе мноства людзей і арганізацый, гатовых падтрымаць вас і дапамагчы знайсці шляхі вырашэння праблем, якія склаліся. Звяртайцеся па дапамогу, бо разам мы сіла!
Крыніца: Святлана Ціханоўская