Пра Беларусь 

Рэспубліка Беларусь – незалежная, дэмакратычная эўрапейская дзяржава. 

Герб Сьцяг

Геаграфія. Рэспубліка Беларусь – краіна ў цэнтры Эўропы, на тэрыторыі якой маглі б зьмясьціцца разам Бэльгія, Нідэрлянды ды Швайцарыя. Сталіца краіны Менск і найбуйнейшыя гарады – Гародня, Бярэсьце, Магілёў, Віцебск, Гомель – на працягу апошніх месяцаў часта згадваюцца ў сусьветных СМІ. У Беларусі няма высокіх гор і мора, а вось пра лясы, азёры ды старажытныя гарады складаюць легенды. Браслаўскія азёры, Нарач, Белавеская пушча – прыродныя скарбы, якія беларусы пяшчотна ахоўваюць, гэтак сама, як і менш вядомыя родныя мясьціны, упадабаныя ў дзяцінстве.

Насельніцтва Беларусі – 9,5 млн. чалавек, яшчэ 1,5 млн. беларусаў жывуць за мяжой, і ўсе яны – неверагодныя. У краіне мірна жывуць побач католікі, праваслаўныя, уніяты, іудзеі, паважаючы веру іншых і нават часта адзначаючы сьвяты розных канфэсій. У краіне гавораць на расейскай і – усё часьцей – на беларускай мове, якая сталася сымбалем нацыянальнага адраджэньня. Беларусы – надзвычай адукаваная нацыя, тут пануе сапраўдны культ вышэйшай адукацыі, а пра памяркоўнасьць і працавітасьць беларусаў складзена нямала жартаў.

Гісторыя Беларусі налічвае больш за тысячу гадоў, і гэтаму нямала дзівяцца нават нашыя суседзі. Полацкае Княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Заходнія правінцыі Расійскай Імпэрыі, Беларуская Народная Рэспубліка й Савецкая Беларусь – на кожнай старонцы беларускай гісторыі занатавана шмат падстаў і для гонару, і для шкадаваньня. Бясспрэчна адно: у 2020 годзе беларусы самі пішуць сваю гісторыю.

Турызм у Беларусі чакае бурнае разьвіцьцё ў будучыні, але ўжо цяпер краіна прываблівае гасьцей магчымасьцю пашпацыраваць па вуліцах старажытных гарадоў, наведаць сярэднявечныя замкі ды храмы, адпачыць на беразе найпрыгажэйшых азёраў і пагасьціць на эка-фэрмах, альбо правесьці бізнэс-мерапрыемствы на высокім узроўні. А беларуская кухня нікога не пакіне абыякавым і прымусіць захацець вярнуцца, пачуўшы слова «дранікі».

Інвэстыцыі ў Беларусь – гэта ня толькі фінансавы прыбытак у будучыні, гэта ўнікальная магчымасьць узяць удзел у будаўніцтве сучаснай, разьвітай, моцнай, эўрапейскай Беларусі. Краіна мае велізарны патэнцыял для хуткага эканамічнага адраджэньня: выгаднае геаграфічнае становішча, карысныя выкапні, прамысловую вытворчасьць і разьвіты IT-сэктар. Але галоўны рэсурс – гэта людзі, адукаваныя, крэатыўныя, працавітыя, законапаслухмяныя, якія імкнуцца працаваць на карысьць сваёй краіны.

Навіны пра Беларусь: Voice of Belarus

Парталы навінаў беларускай дыяспары: Supolka, Siabry

Відэа пра Беларусь