Народныя амбасады Беларусі
Мінулыя Прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня 2020 года ў Беларусі не былі ні сумленнымі, ні справядлівымі, большасьць дэмакратычных краінаў сьвету абвясьціла пра непрызнаньне Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. МЗС і пасольствы Рэспублікі Беларусь праводзяць палітыку ў інтарэсах злачыннага рэжыму й ня могуць прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой.
Шмат якія функцыі амбасады – інфармаваньне грамадзкасьці пра сытуацыю ў Беларусі, дапамога суграмадзянам, змушаным пакінуць краіну, абарону інтарэсаў Беларусі ў міжнародных арганізацыях і палітычных органах краіны, арганізацыю візытаў, падтрыманьне сувязяў з вольным народам Беларусі – фактычна ўзялі на сябе дыяспары. Для працягу й пашырэньня гэтай працы беларусы замежжа рэалізуюць праект «Народныя амбасады».
Мэта
Стварэньне на базе дыяспары й ініцыятыў беларусаў замежжа Народнай амбасады, для абароны правоў беларусаў за мяжой, абароны інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі й выкананьня шэрага функцый афіцыйных амбасад.
Галоўныя задачы й функцыі Народнай амбасады:
- Прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі за мяжой, забесьпячэньне яе інтарэсаў.
- Інфармаваньне дзяржаўных органаў і шырокай грамадзкасьці краіны пра сытуацыю ў Беларусі.
- Наладжваньне й падтрыманьне кантактаў з дзяржаўнымі органамі, грамадзкімі аб’яднаньнямі, прафэсійнымі зьвязамі, бізнэсовымі, навуковымі й культурнымі коламі, атрыманьне й перадача інфармацыі органам і арганізацыям.
- Дапамога суграмадзянам, змушаным пакінуць Беларусь (адаптацыя ў краіне, інфармацыя пра фонды дапамогі, тэрміновая матэрыяльная падтрымка).
Арганізацыйная структура й дзейнасьць могуць адрозьнівацца ў кожнай краіне ў залежнасьці ад рэсурсаў дыяспары: ад інфармацыйнага пункта, што існуе online, да паўнавартаснага прадстаўніцтва з памяшканьнем і шырокім шэрагам заданняў.
Праект стварэньня Народных амбасадаў на базе дыяспары ўхвалены нацыянальнай лідаркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, Каардынацыйнай радай і Народным антыкрызісным упраўленьнем.
Дакумэнты:
• Дэклярацыя Народных амбасадаў.
• Палажэньне пра Народныя амбасады Беларусі.