Беларуская лiдарка выступіла з «Вэстмінстэрскай лекцыяй» – прамовай, з якой аўтарытэтныя спiкеры штогод выступаюць перад членамі Парламента, дыпламатамі i іншымі важнымі асобамі. У звароце яна распавяла пра сітуацыю ў Беларусі і стратэгічныя прыярытэты для дэмакратычных сілаў і міжнароднай супольнасці.
Святлана Ціханоўская: «Беларусы стаміліся жыць пры дыктатуры амаль 30 гадоў. І хоць прыгожых мітынгаў, падобных да тых, што былі тры гады таму, не ўбачыш, супраціў працягваецца – ён сышоў у падполле. Аднак мы не зможам перамагчы ў адзіночку. Беларускай дэмакратыі патрэбныя моцныя саюзнікі і сябры, гатовыя да смелых крокаў, рашэнняў. Веру, што такія людзі прысутнічаюць у залі.
Хачу, каб Беларусь была ў ліку прыярытэтаў брытанскага Парламента, цяперашняга і будучага ўрада Вялікабрытаніі. Патрабуйце ад вашага кіраўніцтва рашучых крокаў у супрацьстаянні з тыраніяй Пуціна і Лукашэнкі. Словаў асуджэння недастаткова».
Святлана Ціханоўская заклікала Вялікабрытанію далучыцца да міжнароднай кааліцыі ў падтрымку Беларусі, а дэпутатаў – станавіцца хроснымі для беларускіх палітвязняў, як гэта ўчора зрабіў Борыс Джонсан.
Падчас візіту ў Лондан беларуская лідарка таксам правяла брыфінг для амбасадараў 24 краінаў Еўрасаюзу. Яна папрасіла дзяржавы, што былі прадстаўленыя на сустрэчы, далучыцца да групы сяброў Беларусі ў АБСЕ, а таксама прызначыць спецыяльных пасланнікаў для працы з дэмакратычнай Беларуссю замест таго, каб адпраўляць амбасадараў у Мінск.
Святлана Ціханоўская папрасіла падтрымаць беларусаў за мяжой, якія рызыкуюць застацца без пашпартоў і дакументаў у выніку новых законаў. «Рашэннем праблемы можа стаць пашпарт новай Беларусі. Мы плануем пачаць выдачу пашпартоў у наступным годзе і будзем прасіць урады вашых краінаў прызнаць іх», – адзначыла беларуская лідарка.
Таксама яна заклікала еўрапейскія краіны не прызнаваць легітымнымі выбары-2024, да якіх ужо рыхтуецца рэжым. Ціханоўская прапанавала працягваць працу па прыцягненні злачынцаў да адказнасці: «Нашыя міжнародныя партнёры сабралі дастатковую колькасць доказаў, каб распачаць справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму».
Крыніца: Святлана Ціханоўская