Намі паінфармаваныя МЗС нашых краін аб складанай сітуацыі, у якой апынуліся беларусы ў Ізраілі, ва ўмовах, калі «афіцыйнае» пасольства адмовілася ад удзелу ў іх далейшым лёсе. Мы разглядаем магчымасць супрацы з рознымі краінамі, каб эвакуяваць беларусаў і збіраем інфармацыю пра ўсе магчымыя спосабы эвакуацыі.

Рашэннем гэтай праблемы займаецца і Народнае Антыкрызіснае Упраўленне. Павел Латушка накіраваў у МЗС Польшчы просьбы беларусаў аб дапамозе ў эвакуацыі з Ізраілю.

 Калі вам ці вашым сябрам, блізкім патрэбна дапамога ў эвакуацыі – звяжыцеся з намі праз электронную пошту Народнай амбасады Беларусі ў Ізраілі [email protected].

На дадзены момант па дапамогу звярнуліся больш за 10 беларускіх сем’яў. Для абмеркавання з МЗС краін, якія выконваюць эвакуацыю сваіх грамадзян, нам неабходна ведаць колькасць беларусаў, якія жадаюць эвакуявацца. Усе атрыманыя даныя будуць захоўвацца канфідэнцыйна.

11 кастрычніка, з дапамогай Асацыяцыі беларусаў Амерыкі і пры падтрымцы фонду I Need Help By, набыты білет у Варшаву праз Кіпр і Вену для пенсіянеркі Аляксандры Ханевіч, якая вымушана была ўцячы ад пераследу з Беларусі ў Польшчу.

Працягваем рабіць усё магчымае і шукаць варыянты для эвакуацыі астатніх беларусаў, якія жадаюць зʼехаць з Ізраілю.

 Велізарная просьба падзяліцца ў сацсетках дадзенай інфармацыяй са сваімі сябрамі, роднымі і блізкімі.

Крыніца: тэлеграм-канал Народных амбасадаў Беларусі