Мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, не прызнаем прызначаныя на 25 лютага 2024 года так званыя парламенцкія і мясцовыя “выбары”. Гэта падман і імітацыя.
Мы не прызнаем легітымнасць гэтых выбараў і заклікаем супрацьдзейнічаць іх імітацыі:
заклікаем міжнародныя арганізацыі і грамадскасць не прызнаваць іх
вынікі;
- заклікаем арганізацыі грамадзянскай супольнасці правесці грамадскую кампанію сярод беларусаў пра тое, чаму гэтыя “выбары” незаконныя і прапанаваць грамадзянам бяспечную форму выказвання сваёй нязгоды з правядзеннем “выбараў 2024”;
- заклікаем палітычныя арганізацыі і рухі правесці інфармацыйную кампанію для прасоўвання пераменаў у Беларусі і бачання будучыні дэмакратычнай Беларусі;
- заклікаем нашых прыхільнікаў выказаць свой пратэст супраць так званых “выбараў 2024” і далучыцца да альтэрнатыўнай аб’яднанай кампаніі дэмакратычных сілаў;
- заклікаем выбарнікаў не ўдзельнічаць у імітацыі выбараў.
Наступныя прыкметы ўказваюць на тое, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя рады ў 2024 годзе нельга будзе назваць сапраўднымі, свабоднымі і справядлівымі:
Масавыя рэпрэсіі: з дня апошніх выбараў у 2020 годзе больш за 50 000 незаконных затрыманняў і 4 000 гадоў пазбаўлення волі па палітычных матывах, катаванні, здзекі і бесчалавечнае абыходжанне ў месцах утрымання
пад вартай, 19 загінулых, больш за 1 300 ліквідаваных арганізацый грамадзянскай супольнасці, уключна з прафсаюзамі. Толькі за апошні год па палітычных матывах затрымліваюцца не менш як 10 чалавек кожны дзень.
Улада прэвентыўна пазбаўляе свабоды патэнцыйных кандыдатаў, якія кідаюць ім выклік, як гэта адбылося з Віктарам Бабарыкам і Сяргеем Ціханоўскім.
Абмежаванне свабоды слова: з 2020 года заблакавана больш за 500 сайтаў (у тым ліку нацыянальных і міжнародных СМІ, у тым ліку найбуйнейшае незалежнае СМІ Беларусі TUT.BY) і звыш 400 Telegram-каналаў, колькасць
друкаваных СМІ скарацілася на 41%. Журналісты, блогеры і актывісты трапляюць пад пераслед і запалохванне, у турмах зараз знаходзяцца 32 супрацоўнікі СМІ. Выбарнікаў пазбаўляюць волі за любое крытычнае выказванне ў адрас улады ў сацыяльных сетках, нават выяўленае простым лайкам.
Абмежаванне палітычных свабодаў: у краіне распачаты працэс ліквідацыі апазіцыйных палітычных партый. Многія партыйныя лідары пазбаўленыя волі, у прыватнасці, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў. Выбарнікаў, якія падпісваліся за вылучэнне кандыдатаў, што кінулі выклік Аляксандру Лукашэнку на апошніх прэзідэнцкіх “выбарах”, масава звальняюць з працы пад рознымі падставамі. Свабода мірных сходаў ліквідаваная. Грамадзянаў прызнаюць вінаватымі ў незаконных масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца нават ва ўласнай кватэры.
Пазбаўленне рэальнай магчымасці рэалізаваць выбарчае права: у абноўленым варыянце Выбарчага кодэкса Беларусі, які набыў моц у 2023 годзе, закладзеная норма, згодна з якой не будуць стварацца ўчасткі для галасавання
за мяжой. У той самы час больш за 300 000 чалавек пакінула Беларусь праз рэпрэсіі. Такім чынам, каля 5 адсоткаў выбарнікаў будуць пазбаўленыя магчымасці рэалізаваць сваё выбарчае права ў 2024 годзе.
Фальсіфікацыі і маніпуляцыі: выбарчыя камісіі ў Беларусі не з’яўляюцца незалежнымі, іх дзейнасць фактычна кантралюецца прэзідэнцкай вертыкаллю, яны зарэкамендавалі сябе сістэматычнымі фальсіфікацыямі і маніпуляцыямі. Напрыклад, у 2020 годзе імі быў абвешчаны вынік 80.1% на карысць Аляксандра Лукашэнкі, які паводле звестак незалежнага назірання і платформы Голас прайграў выбары Святлане Ціханоўскай.
Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы: беларускімі суддзямі не выконваюцца прынцыпы незалежнасці і непрадузятасці, адсутнічаюць рэальныя і эфектыўныя магчымасці аспрэчыць рашэнні суда першай інстанцыі,
парушаюцца правы на публічнае паседжанне, адсутнічае роўнасць бакоў у судовых працэсах. З пачатку 2020 года колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася на 25%, у тым ліку больш за 100 адвакатаў пазбаўленыя ліцэнзіі, 8
трапілі пад крымінальны пераслед. Ніхто з вінаватых у палітычна матываваным гвалце ў дачыненні да мірных грамадзянаў не быў прыцягнуты да адказнасці. Усё гэта перашкаджае вырашэнню магчымых спрэчак і скаргаў, звязаных з працэсам выбараў.
Усе гэтыя прыкметы ўказваюць на сістэматычнае парушэнне дэмакратычных прынцыпаў і абмежаванне палітычных свабодаў грамадзянаў, што не дазваляе назваць парламенцкія і мясцовыя выбары ў Беларусі ў 2024 годзе сапраўднымі, свабоднымі і справядлівымі. Ва ўмовах масавага парушэння правоў і свабодаў грамадзянаў выбары 2024 года не будуць адлюстроўваць волю беларускага народа.
Крыніца: Святлана Ціханоўская