Мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, выказваем нашую салідарнасць з народам Украіны ў барацьбе супраць вайсковай агрэсіі Расіі.

Мы ўсведамляем маштаб пагрозы, з якой сутыкаецца Украіна. Шматлікія ахвяры, разбурэнні, мільёны ўцекачоў сталі вынікам злачыннага імкнення Расіі сілай навязаць сваю волю.

Кожны народ мае неад’емнае права самастойна вызначаць свой лёс, і мы падтрымліваем права Украіны на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць у міжнародна прызнаных межах 1991 года.

Беларусь таксама стала аб’ектам расійскай агрэсіі, мэта якой пакласці канец нашай дзяржаўнасці і задушыць нашую нацыянальную ідэнтычнасць. Беларусі і Украіне шмат разоў у сваёй гісторыі даводзілася абараняцца ад злачынных
замахаў Расіі. Цяпер яна з’яўляецца нашым агульным ворагам.

Пры гэтым мы асуджаем дзеянні незаконнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які зрабіў нашую краіну суагрэсарам у гэтай ганебнай вайне. Ён не прадстаўляе беларускі народ і дзейнічае на шкоду нашым нацыянальным інтарэсам. Мы
працягваем змагацца за дэмакратыю, свабоду і еўрапейскі выбар Беларусі.

Абсалютная большасць беларусаў выступае супраць удзелу ў расійскай агрэсіі. Рэжым Лукашэнкі павінен панесці крымінальную адказнасць за злачынствы, здзейсненыя ад імя Рэспублікі Беларусь. Разам з тым, мы ўсведамляем
маральную адказнасць за дзеянні беларускай дзяржавы. Мы гатовыя да сумеснай з Украінай працы для выпраўлення негатыўных наступстваў саўдзелу рэжыму ў агрэсіі для адносінаў нашых народаў.

Мы карыстаемся любой магчымасцю, каб падтрымаць Украіну. Ва ўмовах масавых рэпрэсіяў беларусы распаўсюджваюць праўдзівую інфармацыю пра вайну, сабатуюць незаконныя дзеянні рэжыму, перадаюць інфармацыю пра вайсковую актыўнасць на нашай зямлі і перашкаджаюць ёй дзе могуць. Многія кінутыя ў турмы, у тым ліку за падтрымку Украіны.

Партызанскія акцыі супраць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама дзеянні беларускіх кіберпартызанаў сведчаць пра нязгоду беларускага народа з палітыкай акупацыйнага рэжыму. Палітычныя лідары выкарыстоўваюць кожную магчымасць, каб падтрымаць заклік пра своечасовыя пастаўкі Украіне ўсяго неабходнага для перамогі.

Мы заклікаем беларусаў падтрымліваць добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне супраць расійскай агрэсіі пад агульным лозунгам: “За нашу і вашу свабоду!”.

Мы вітаем намаганні Міжнароднага крымінальнага суда і іншых міжнародных арганізацый па расследаванні ваенных злачынстваў, здзейсненых расійскімі агрэсарамі ва Украіне, і прыцягненні да адказнасці вінаватых, у тым ліку
прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных Расіяй тэрыторый. Важна, каб усе вінаватыя былі пакараныя і справядлівасць адноўленая.

Мы цалкам падтрымліваем намаганні Украіны і міжнароднай супольнасці па стварэнні Спецыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбунала за злачынства агрэсіі, які таксама будзе мець юрысдыкцыю ў дачыненні да вышэйшага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.

Мы працягнем нашую барацьбу за свабоду, даб’емся пераменаў, каб Беларусь стала еўрапейскай дэмакратычнай краінай, і з яе тэрыторыі больш ніколі не зыходзіла пагроза агрэсіі супраць іншых краінаў.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Крыніца: Святлана Ціханоўская