Мы, дэмакратычныя сілы Беларусі, выказваем сваё імкненне да дэмакратычнага развіцця нашай краіны і яе сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе. Паўнавартаснае сяброўства Беларусі ў ЕС – гэта выразны і адназначны адказ
на цяперашнія выклікі, які дазволіць будучым пакаленням беларусаў і беларусак жыць у свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Мы канстатуем, што нягледзячы на антыеўрапейскую палітыку рэжыму Лукашэнкі, Беларусь заўжды заставалася часткай еўрапейскай супольнасці. Дэмакратычныя палітычныя партыі і рухі на працягу дзесяцігоддзяў паслядоўна
прасоўвалі еўрапейскія каштоўнасці ў Беларусі, у тым ліку павагу да правоў чалавека, народаўладдзе, раўнапраўе і гендарную роўнасць. Беларуская экспертная супольнасць распрацоўвае праекты рэформаў, якія наблізяць
Беларусь да еўрапейскіх стандартаў, уключаючы адпаведнасць Беларусі Капенгагенскім крытэрам і палітыцы Еўрапейскага зялёнага курсу.

Мы вітаем пачатак супрацоўніцтва Беларусь-ЕС у межах нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, Кантактнай групы па Беларусі Рады Еўропы і працяг працы Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай
супольнасці Усходняга партнёрства. Мы ўдзячныя Еўрапейскаму Саюзу за аператыўны адказ на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі рэжыму супраць беларускага народа. Мы вітаем Усеабдымны план ЕС эканамічнай падтрымкі
дэмакратычнай Беларусі, а таксама наданне дапамогі ЕС незалежным СМІ, грамадзянскай супольнасці і ахвярам рэпрэсій. Мы падтрымліваем намеры Еўрапейскага Парламента прапанаваць статус назіральніка для дэмакратычных сілаў Беларусі ў Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Але пры гэтым мы бачым вострую патрэбу ў якасным падвышэнні ўзроўню стасункаў ЕС з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, дзеля еўрапейскай будучыні краіны.

Мы заклікаем інстытуты Еўрапейскага Саюза працягваць надаваць падтрымку нашым дзеянням па аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі, садзейнічаць культурнаму, адукацыйнаму і эканамічнаму абмену паміж грамадзянамі ЕС і
Беларусі, садзейнічаць распрацоўцы пакету рэформаў для забеспячэння ўстойлівай дэмакратыі ў Беларусі, пашырыць узаемадзеянне з дэмакратычнай Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства.

Найважнейшымі крокамі па развіцці супрацоўніцтва ЕС-Беларусь і відавочным сведчаннем падтрымкі беларускага народа ўжо сёння маглі б стаць:
○ правядзенне Канферэнцыі высокага ўзроўню ЕС-Беларусь з мэтай узгаднення і прыняцця канкрэтнага плану дзеянняў стратэгічнага супрацоўніцтва;
○ прызнанне нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі;
○ увядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян Беларусі.

Крыніца: Святлана Ціханоўская