Офіс беларускай лідаркі наведалі старшыня беларускага кокусу ў амерыканскім Сенаце Джын Шахін, а таксама Рычард Дурбін, Том Ціліс, Піт Рыкец, Дэн Саліван, Ангус Кінг.  

Падчас сустрэчы абмяркоўвалі неабходнасць рашучых дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці па вызваленні палітвязняў і абароне беларускай незалежнасці. Беларуская лідарка распавяла пра сітуацыю з ПВК Вагнер і размяшчэннем ядзернай зброі. 

  • Святлана Ціханоўская заклікала сенатараў ЗША:

– прызначыць спецпасланніка па Беларусі;
– разглядзець прыняцце новага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі; 
– падтрымаць рэзалюцыю аб асуджэнні размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі;
– падтрымаць незалежных журналістаў, рэпрэсаваных і праваабаронцаў.

Святлана Ціханоўская распавяла сенатарам пра апошнія крокі зробленыя па прыцягненні рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, рэпрэсіі супраць беларусаў, а таксама саўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Яна падкрэсліла, што беларускі народ не падтрымлівае вайну, а рэжым Лукашэнкі выконвае ролю памагатага Пуціна.

Беларуская лідарка падзякавала амерыканскаму Сенату за падтрымку намаганняў па вызваленні палітвязняў, а таксама дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Сенатары выказалі падтрымку Святлане Ціханоўскай і ўсяму дэмакратычнаму руху Беларусі. Яны запэўнілі, што будуць уздымаць пытанне Беларусі падчас Саміту НАТА.

Крыніца: Святлана Ціханоўская