Сур’ёзная нагода задумацца — не толькі бліжэйшаму атачэнню Лукашэнкі, а ўжо значна большай колькасці, напэўна, дзясяткам, калі не сотням тысяч людзей дае нядаўнюю заяву Алега Раманава, старшыні новай партыі «Белая Русь».

А заявіў спадар Раманаў аб тым, што «Белая Русь», пры падтрымцы «Рассупрацоўніцтва», мае намер удзельнічаць у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Гэта значыць — у ваенных злачынствах.

Мы разумеем, у якім кантэксце і з якімі мэтамі прагучала гэтая заява. Як і прыроду яго з’яўлення. Гэта класічны мафіёзны падыход Лукашэнкі, які ўсведамляе непазбежнасць адказнасці за ўчыненыя ім злачынствы і імкнецца замазаць у іх як мага больш людзей.

І вядома партыя «Белая Русь», якая адкрыта заявіла аб сваёй 100% прыхільнасці свайму вусатаму правадыру, падыходзіць для гэтай мэты як нельга лепш. Бо слова, як гаворыцца, не верабей — настаў час даказаць сваю лаяльнасць на справе. А таму няма сумневаў, што ўказанне зрабіць такую заяву старшыні «Белай Русі» паступіла непасрэдна з Палаца.

Што ж, з кіраўніцтвам партыі ў прынцыпе ўсё зразумела. Гэтыя людзі зробяць усё, што загадае ім дыктатар.

Але што ж цяпер думаць шараговым партыйцам?

Да ператварэння ў партыю, «Белая Русь», мабыць, з’яўлялася самым буйным грамадскім аб’яднаннем краіны, у якое ўваходзіла каля двухсот тысяч чалавек. Сябрамі «Белай Русі», у лепшых традыцыях дыктатуры, людзі станавіліся ў так званым добраахвотна-прымусовым парадку, па прынцыпе «ну патрабуюць, дык уступлю, гэта ж проста фармальнасць».

Сёння ж — трэба меркаваць — гэта самая буйная «партыя» Беларусі. У якую па тым жа прынцыпе перавандравалі і працягваюць пераходзіць сябры былога грамадскага аб’яднання.

Крыніца: frunze-belayarus.by

Менавіта ім хачу задаць сёння пытанне. Няўжо вы чакалі, што аднойчы, «чыста фармальна» уступаючы ў шэрагі «Белай Русі», сёння вы апынецеся ў тым становішчы, у якое вас ставіць кіраўніцтва партыі і вусаты правадыр? Бо сёння ваша партыя становіцца на шлях да ўчынення ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць дзяцей. І сяброўства ў ёй — гэта ўжо не нейкая фармальнасць. Гэта патэнцыйная адказнасць за ваенныя злачынствы.

Вы памятаеце самую любімую фразу маўклівых выканаўцаў у сістэме Лукашэнкі — «ну вы ж разумееце»? Сёння ўсім вам варта добра задумацца і адказаць сабе — а ці сапраўды вы разумееце?

У нацысцкай Германіі таксама была партыя правадыра — НСДАП, Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Германіі. Ведаеце, як яна скончыла? Пасля паражэння нацысцкай Германіі і крушэння Рэйха, НСДАП была аб’яўлена злачыннай, забаронена і распушчана. Яе ідэалогія была абвешчана адной з галоўных прычын вайны. Яе маёмасць — канфіскавана, кіраўнікі, ды і не толькі — асуджаныя, а некаторыя нават пакараныя. Многім прыйшлося бегчы ў Паўднёвую Амерыку. Дарэчы, вы можаце сабе дазволіць такія ўцёкі? Пасля большасць з былых чальцоў НСДАП падвяргаліся адмысловым праверкам, люстрацыі, пазбавіліся пасад. Ну і як вам такія далягляды?

Ці так дакладна вы разумееце, цяперашнія і будучыя члены НСДАП імя Лукашэнкі, куды вы патрапілі? Вы да гэтага ішлі, калі «проста» ўступалі ў яе, «чыста фармальна, для галачкі» ці таму што патрабавала начальства? Да ваенных злачынстваў?

Што зараз рабіць? Здавайце свае партыйныя білеты, калі яны ў вас ёсць, ужо зараз. А калі не — не атрымлівайце іх. Не становіцеся новымі нацыстамі.

Спадару ж Алегу Раманаву, так званаму старшыні, скажу толькі адну — вашу заяву і спроба размыць адказнасць Лукашэнкі, спроба адцягнуць і размыць увагу ад ужо запушчанага працэсу, які абавязкова прывядзе вашага гаспадара пад трыбунал – усё гэта дарэмна. Наш прыцэл не збіўся. Нашая бягучая мэта застаецца ранейшай — і гэта ордэр на арышт Лукашэнкі.

Аднак і вам, і сябрам вашай партыі варта разумець, што ўсе дакументы «Белай Русі», усе пратаколы — абавязкова стануць прадметам самага дбайнага вывучэння. Калі не сёння, то ў найбліжэйшай будучыні.

Правасуддзе немінуча. Жыве Беларусь!

Крыніца: НАУ