Сустрэча прайшла ў Літоўскай амбасадзе, удзельнічалі больш за 30 амбасадараў і прадстаўнікоў амбасадаў краінаў Еўрапейскага Саюза, ЗША, Канады, краінаў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, у тым ліку Гватэмалы, Ямайкі, Паўднёвай Афрыкі.
Сустрэча была прысвечаная ролі Беларусі ў вайне, прыцягненню вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці да адказнасці. Асаблівую ўвагу надалі дзеянням міжнароднай супольнасці і Міжнароднай арганізацыі працы, каб МАП прыняла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі ў дачыненні да працоўнага руху, а таксама каб не дапусціць членства рэжыму ў Радзе бяспекі ААН, куды ён зараз імкнецца трапіць у якасці часовага чальца.
Святлана Ціханоўская адказала на пытанні амбасадараў, якія датычыліся сітуацыі ў Беларусі, апошніх партызанскіх атакаў, сітуацыі ў турмах, адносінаў Беларусі і Кітая. Таксама нацыянальная лідарка выказалася наконт спробаў рэжыму вывесці з-пад санкцый прадпрыемствы калійнага сектару пад выглядам клопату пра харчовую бяспеку і адзначыла, што гэта недапушчальна.
Дамовіліся правесці сустрэчу з дыпламатычным корпусам у Вашынгтоне ў канцы гэтага месяца.

Крыніца: Святлана Ціханоўская