«Лукашэнка парушыў Канстытуцыю, калі ў 1990-х фактычна знішчыў падзел уладаў і зрабіў сябе аднаасобным кіраўніком. Ён парушыў Канстытуцыю, калі абʼявіў вайну грамадзянскай супольнасці, зачысціў партыі, адняў свабоду слова ў тэлебачання, а потым знішчыў незалежныя медыя. Ён парушыў Канстытуцыю, калі сфальсіфікаваў выбары і дазволіў Пуціну весці варварскую вайну супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Ён парушаў Канстытуцыю кожны раз, калі ішоў супраць волі народа і саджаў людзей у турму па палітычных прычынах. Год таму ён у чарговы раз пайшоў супраць фундаментальнага патрабавання народа і парушыў Канстытуцыю, пазбавіўшы Беларусь нейтральнага і бязʼядзернага статусу. І зараз мы бачым, для чаго – каб дагадзіць Пуціну і ягоным планам размяшчэння ядзернай зброі.

Лукашэнка і да гэтага ўцягваў Беларусь у вайну крок за крокам. Цяпер праз яго ў Беларусі будзе не проста стратэгічны ваенны абʼект чужой краіны. Цяпер Лукашэнка і Пуцін зрабілі з Беларусі цэль для ўдару. Гэта прамая пагроза жыццю і бяспецы больш за 9 мільёнаў чалавек. Прыкрываючыся мірам і сяброўствам, Лукашэнка стварае небяспеку для ўсяго народа Беларусі.

Прапаганда можа як заўгодна тлумачыць тое, што адбываецца. Але сутнасць простая: 27 гадоў у Беларусі не было ядзернай зброі, а зараз яна вернецца. Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, адкідаюць нас на тры дзесяцігоддзі назад. Якая яшчэ нагода патрэбная, каб будаваць новую сістэму бяспекі рэгіёну?»

Крыніца: Святлана Ціханоўская