“Мінскі манастыр неаднаразова трапляў у скандальныя гісторыі” – паведамляе “Хрысціянская візія”. Калі ў 2020 г. мясціна была ў цэнтры скандалаў з-за падтрымкі дзяржаўнага тэрору ў дачыненні да мірных грамадзян Беларусі, то цяпер з-за падтрымкі імі вайны Расіі ва Украіне.
Андрэй Лемяшонак, духоўнік Свята-Елісавецінскага манастыра, сцвярджае, што ўвесь свет супраць Расіі і рускіх праваслаўных вернікаў, называе жыццё на Захадзе грахоўным і бязбожным і кажа, што рускім праваслаўным не патрэбны гэты «вольны свет, дзе ўсё перавернута з ног на галаву». Спадзяецца на перамогу на Данбасе, і заклікае ўсіх маліцца за Лукашэнку, Пуціна, міністра абароны Расіі Шайгу, міністра замежных спраў Расіі Лаўрова.
На базе манастыра гэтай восенню беларускіх падлеткаў навучалі збіраць і разбіраць аўтаматы. Фатаграфіі размясціў кіраўнік цэнтра «Казачы Спас» Пётр Шапко.
У мясціне створана група “Дапамога братам“, якая выконвае заяўкі па патрэбах расійскіх ваенных: а сярод іх не толькі адзенне, абутак або лекі, але і збор грошай, на якія закупляюцца прадметы, якія выкарыстоўваюцца ўжо для вядзення баявых дзеянняў: рацыі, коптары, цеплавізары і да т.п. На адным з канвертаў надпіс “на бронекамізэльку і каску”. Раз на 2 тыдні сёстры перадаюць сабранае ў Маскву, дзе яно размяркоўваецца далей.
❓Адкуль грошы?
“Адзін з галоўных артыкулаў даходаў Свята-Елісавецінскага манастыра – продаж вырабаў майстэрняў манастыра і перапродаж кітайскага шырспажыву пад выглядам вырабаў майстэрняў за мяжой. Ужо не адно дзесяцігоддзе супрацоўніцы міжнароднага аддзела з веданнем замежнай мовы ў форме сясцёр міласэрнасці раз’язджаюцца на грузавіках па ўсёй Еўропе, прадаючы розныя сувеніры, кнігі, царкоўныя прыналежнасці за валюту. Продажы суправаджаюцца сцвярджэннямі, нібыта сродкі, атрыманыя ад такіх продажаў, ідуць на сацыяльную дзейнасць і праекты манастыра – дапамога бяздольным і маючым патрэбу ў Беларусі” – піша “Хрысціянская візія”.
А самае лепшае месца для продажу – калядныя кірмашы, не ў Беларусі, у Еўропе!
Не без дапамогі беларускай дыяспары, еўрапейцы паступова пачалі даведвацца пра іх дзейнасць. Дар’я Шут з Нарвегіі расказвала мясцовым СМІ, што рэлігійным суполкам трэба ўстрымацца ад прыёму сясцёр або прынамсі мець на ўвазе, што манастыр падтрымлівае расійскую агрэсію і прасоўвае наратывы расійскай прапаганды. Аднак у траўні візіту сясцёр гэта не перашкодзіла і, мяркуючы па ўсім, у снежні таксама (фота).

Актывістам у Вялікабрытаніі ўдалося адмяніць удзел манастыра ў знакамітым Уінчэстарскім калядным кірмашы. Беларуска Таццяна Салвідж праінфармавала мясцовую супольнасць аб тым, што сабраныя сродкі могуць быць накіраваны на дапамогу расійскім ваенным ва Украіне.
Таксама быў адменены ўдзел манастыра ў калядным кірмашы ў Швецыі.
Але ў той жа час гастролі манастыра былі заўважаныя ў Фларэнцыі (фота 1), Бельгіі (фота 2, фота 3).



У Польшчы актывісты заўважылі намёты манастыра і казалі пакупнікам, што атрыманыя імі грошы могуць ісці на падтрымку вайны ва Украіне. Прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнага беларускага руху “РУХ” анансавалі петыцыю з патрабаваннем да Польскай праваслаўнай царквы і Каталіцкай царквы Польшчы, каб манастыру забаранілі весці гандлёвую дзейнасць на тэрыторыі Польшчы падчас калядных мерапрыемстваў.
Падпісаць петыцыю: https://telegra.ph/Razam-zabaron%D1%96m-belarusk%D1%96m-pradsta%D1%9En%D1%96kam-russkogo-mira-gandlyavac-u-Polshchy-12-04
Народныя амбасады Беларусі, дашлюць інфармацыю аб дзейнасці і пазіцыі Свята-Елісавецінскага манастыра палітыкам і СМІ ў сваіх краінах.
❗Заклікаем вас таксама распаўсюдзіць гэту інфармацыю сярод сваіх замежных калег, знаёмых, палітыкаў і СМІ.
Тэкст на ангельскай мове для адпраўкі: https://drive.google.com/file/d/1-YmOpnYB2VVARF2j_ys0ldWDCPPWh3tr/view?usp=sharing
Дазваляючы мясціне ўдзельнічаць у калядных кірмашах, жыхары Еўропы, самі таго не ведаючы, ажыццяўляюць фінансавую падтрымку вайны і забойствы ўкраінцаў.
Ці ўсё ж такі “працуйце, сёстры”?
Калі ў вашым горадзе плануюцца ці праходзяць гастролі манастыра – напішыце калі ласка ў чат-бот Народных амбасад Беларусі.
