Ісландыя на гэтым тыдні пачала прэзідэнцтва ў Радзе Еўропы, а з 1 студзеня – Ісландыя будзе старшыняваць у Радзе Паўночных краінаў, куды ўваходзяць Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, Данія, Ісландыя.

Святлана Ціханоўская наведала Рэйк’явік з працоўным візітам, дзе сустрэлася з прэм’ер-міністаркай Катрын Якабсдоцір, міністаркай замежных спраў Тордзіс Кальбрун Рэйкф’ёрд Гільфадоцір, спікерам парламента і дэпутатамі, першай ледзі. Таксама яна выступіла на Рэйк’явіцкім глабальным форуме і распавяла пра ролю жанчын у беларускім пратэсце і сітуацыю з палітвязнямі. 

Ціханоўская перадала ісландскаму кіраўніцтву і парламентарам спіс прапановаў, якія могуць быць рэалізаваныя падчас ісландскага прэзідэнцтва ў Радзе Еўропы:

  • запуск праектаў падтрымкі грамадзянскай супольнасці і падрыхтоўкі рэформаў у межах працы Кантактнай групы пры Радзе Еўропы;
  • удзел дэлегацыі дэмакратычнай Беларусі ў Саміце Рады Еўропы ў траўні;
  • запрашэнне прадстаўнікоў беларускіх палітычных арганізацыяў і партыяў у ПАРЕ ў статусе назіральнікаў ці спецзапрошаных;
  • стварэнне групы сяброў Беларусі ў Паўночнай Радзе;
  • ініцыяваць запуск расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў міжнародных інстытуцыях па адным з трох напрамкаў: злачынствы супраць чалавечнасці, саўдзел у ваеннай агрэсіі, міграцыйны крызіс;
  • запуск міжнароднай праграмы рэабілітацыі для дзяцей палітвязняў і былых палітвязняў;
  • спрашчэнне міграцыйных працэдураў для беларусаў, якія выехалі з Беларусі па палітычных матывах і ў сувязі з вайной ва Украіне.

Таксама абмеркавалі магчымасць правядзення культурна-сацыяльных праектаў з удзелам беларускіх творцаў, тэатраў, пісьменнікаў, у тым ліку запуск працоўнай групы для беларускіх і ісландскіх гісторыкаў па вывучэнні супольнай гістарычнай спадчыны.

Пасля сустрэчы з Ціханоўскай міністарка замежных спраў Тордзіс Кальбрун Рэйкф’ёрд Гільфадоцір далучылася да ўжо міжнароднага флэшмоба і напісала ў твітары «Жыве Беларусь».

Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Traiblazer Award, якая ўручаецца жанчынам – кіраўніцам дзяржаваў, прэм’еркам і спікеркам за асаблівыя дасягненні ў падтрымцы дэмакратычных каштоўнасцяў. Ціханоўская прысвяціла ўзнагароду жанчынам, якія зараз знаходзяцца за кратамі і распавяла гісторыі жанчын-праваабаронцаў, журналістак і актывістак.


На фота: Святлана Ціханоўская на сустрэчы з спікерам парламента і дэпутатамі 

Крыніца: Святлана Ціханоўская