Беларускія праваабаронцы звярнуліся да арганізацый Чырвонага Крыжа з-за выказванняў кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, які ў эфіры дзяржтэлебачання назваў гомасэксуальнасць захворваннем і заклікаў яе лячыць.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Беларускі Фонд медыцынскай салідарнасці папрасілі Чырвоны Крыж публічна асудзіць ягоныя словы і паказаць на іх недапушчальнасць. Кіраўнік Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, 18 кастрычніка 2022 года ў эфіры тэлеканала СТВ выказаўся наконт гендэрнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі. У прыватнасці, ён заявіў, што “нетрадыцыйныя стасункі паміж паламі” з’яўляюцца “псіхічным захворваннем”, якое “неабходна лячыць”. Таксама ён распавёў пра нібы прапаганду гомасэксуальнасці “для знішчэння цэлых цывілізацый, краін, грамадстваў”.

Падобныя паводзіны супярэчаць прынцыпам арганізацыі Чырвоны Крыж — гуманнасці, нейтральнасці, бесстароннасці і незалежнасці, гаворыцца ў заяве. Праваабаронцы таксама адзначаюць, што сказанае Шаўцовым — яскравы прыклад сістэмнай дыскрымінатыўнай рыторыкі беларускай дзяржавы ў адносінах да ўразлівых груп і ЛГБТК+ людзей. Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя яшчэ ў 1990-м годзе выключыла гомасэксуальнасць са спісу хвароб.

Пратэсты 2020 года ў Мінску. Крыніца: TUT.BY

Крыніца: Voice of Belarus