У вольны час — а дакладней, выкраіўшы пару гадзін з часу на сон — праглядзеў розныя выказванні заходніх дыпламатаў і палітыкаў адносна Беларусі і вайны супраць Украіны.
У выніку ў мяне атрымаўся кішэнны слоўнік глыбокай заклапочанасці. Хацеў бы падзяліцца з вамі самымі папулярнымі фразамі з яго:
«We are (very / deeply / extremely / gravely / seriously / significantly / firmly) concerned»
— мы ў рознай ступені заклапочаныя.
Пры неабходнасці, замест «concerned» можна выкарыстоўваць таксама
«We are worried» альбо «We are (deeply) troubled».
Таксама можна расцягнуць выражэнне заклапочанасці ў часе, выкарыстоўваючы фразы
«We remain extremely concerned» альбо «We continue to be gravely concerned».
Замест заклапочанасці / занепакоенасці можна выказваць шкадаванне, напрыклад
«We deplore» альбо «We (deeply) regret»;
ці асуджэнне (у тым ліку самае рашучае), напрыклад
«We (strongly) condemn» альбо «We condemn in the strongest possible terms»;
ці яшчэ шэраг найбольш папулярных эмоцый у заходняй дыпламатычнай палітры:
- «We are (very / deeply / extremely) saddened» — мы засмучаныя;
- «We are (very / deeply / extremely) alarmed» — мы ўстрывожаныя;
- «We are (very / deeply / extremely) appalled» — мы ўзрушаныя;
- «We are (very / deeply / extremely) shocked» — мы шакаваныя;
- «We are (very / deeply / extremely) horrified» — мы ў жаху.
Знайшлася таксама і цудоўная цытата, вартая стаць эпіграфам да гэтага слоўніка:

«Часцей за ўсё я выкарыстоўваю выразы „заклапочаны“, „глыбока заклапочаны“, „сур’ёзна заклапочаны“. Існуе шмат узроўняў заклапочанасці».
Як бачым, існуе сапраўды так шмат гэтых узроўняў (што пацвярджае і сам кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль), што выказваць заклапочанасць можна насамрэч бясконца.
Калі ёсць жаданне пагуляць у эмацыйныя адценні, то можна выказваць таксама шкадаванне, устрывожанасць, асуджэнне, узрушэнне і тд. І таксама — на ўсіх даступных узроўнях.
А калі няма жадання ці часу падбіраць фармулёўкі – то можна заўсёды сказаць, што вы заклапочаныя «па-ранейшаму».
Але калі сур’ёзна, то я «deeply concerned» (хоць тут, напэўна, найлепш падыдзе «extremely saddened») тым, як мова дыпламатыі працягвае сябе дыскрэдытаваць.
Як працягваюць генеравацца ўсё новыя і новыя ўзроўні «заклапочанасці» — у адказ на ўсе тыя пагрозы і выклікі, якія працягваюць ставіць перад намі дыктатары, тэрарысты і ваенныя злачынцы, што даўно ўжо наплявалі на чыю б там ні было заклапочанасць.
І як гэтыя пагрозы становяцца рэальнасцю, пакуль заклапочанасць Захаду пераходзіць з аднаго ўзроўню на іншы.

Але ж менавіта даўжыня шляху ад слоў да справы адрознівае тыранаў і агрэсараў ад заходніх палітыкаў. У першых яна значна карацейшая. Дык ці не час падумаць аб тым, як скараціць гэты шлях для апошніх? Як перастаць быць «апошнімі» на гэтым шляху, у прынцыпе?
Думаю, што варта пачаць з сумленных адказаў на прамыя пытанні:
- Колькі ўзроўняў заклапочанасці трэба прайсці заходняй дыпламатыі (бюракратыі?) да таго, як перайсці да рэальных дзеянняў? Ці ёсць магчымасць праскочыць усе гэтыя ўзроўні і адразу пераходзіць ад слоў да справы?
- Ці не час перагледзець саму канцэпцыю заклапочанасці і напісаць новы слоўнік — слоўнік палітычнай волі і практычных дзеянняў, а не дыпламатычных афарызмаў?
- І апошняе пытанне: на якім «узроўні» па стане на сёння знаходзіцца Беларусь у гэтай майстэрскай гульні ў словы? Беларусь, акупаваная Расіяй і ўзурпаваная яе марыянеткай Лукашэнка. Беларусь, якая ператварылася ў ваеннага агрэсара па вызначэнні адпаведнай рэзалюцыі Генасамблеі ААН.
Прапаную паразважаць аб гэтым разам. А як былы дыпламат буду асобна ўдзячны за ідэі альтэрнатыўных фармулёвак для стварэння новага слоўніка дыпламатыі – слоўніка рэальных спраў, замест слоўніка дзяжурных заяў.

Крыніца: НАУ