«Вітаю вас, шаноўныя сябры, беларусы і беларускі,

Я радая бачыць тут столькі знаёмых твараў. Я радая тут бачыць Андрэя Хадановіча. Ведаеце, кожную раніцу я пачынаю з песні «Муры» ў вашым перакладзе. Гэта зараджае мяне на працу і на барацьбу. Нават калі апускаюцца рукі, музыка дапамагае.

Я радая, што мы сустракаемся ў такім сімвалічным месцы – каля помніка Адаму Міцкевічу, які аб’ядноўвае польскі, літоўскі і беларускі народы. У Міцкевіча ёсць такая цытата, якая выдатна апісвае нашую з вамі барацьбу: «Каб краіна магла жыць, трэба, каб жылі правы». Сёння ў Беларусі пануе беззаконне, і аднаўленне законнасці і дзяржаўнасці – нашая першачарговая мэта.

За правы і за дзяржаўнасць змагаўся і іншы наш зямляк – Тадэвуш Касцюшка. Больш за дзве сотні гадоў таму на гэтай самай плошчы Касцюшка даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, усталяванне ўлады народа і ўсеагульную свабоду. 

Справа Касцюшкі і словы Міцкевіча працягваюць жыць сёння і натхняюць на барацьбу многіх беларусаў. На нашых пратэстах у 2020 годзе маладыя хлопцы і дзяўчаты выходзілі ў майках з партрэтам Касцюшкі і яго касінераў.

Дарагія беларусы Кракава. 

Ведаю, што многія з вас былі на тых пратэстах. Ніхто не хацеў з’язджаць з Беларусі, паверце мне. Але я ўпэўненая: мы ўсе зможам неўзабаве вярнуцца. Мы не павінны апускаць рукі. І мы не маем права адступіць. 

Кожны з нас штодня прачынаецца з пытаннем: Калі гэта скончыцца? Я таксама хацела б гэта ведаць. Я не ведаю. Але я ведаю, што кожнай, нават маленькай добрай справай мы набліжаем гэты дзень. Напісаць ліст палітвязням. Патэлефанаваць тату ці матулі і распавесці ім сапраўдныя навіны.
Ахвяраваць грошы рэпрэсаваным ці абаронцам Украіны. Адстаяць гадзіну ў пікеце. Гэта ўсё не патрабуе вялікіх намаганняў. 

Не забывайцеся і пра нашых абаронцаў, якія змагаюцца ў палку Каліноўскага ці атрадзе Пагоня. Абараняючы Украіну, яны абараняюць і наш дом.

Паважаныя польскія палітыкі і прадстаўнікі польскага ўрада, 
дарагія польскія сябры,

Я хачу падзякаваць за тое, што вы прымаеце беларусаў. Многія беларусы ўцякалі ад рэпрэсіяў і ад вайны і знайшлі прытулак тут, у Польшчы. Многія прыехалі без дакументаў і без рэчаў. Так, многія дагэтуль чакаюць легалізацыю, але працэс пайшоў. На днях Польшча пачала выдаваць візы беларусам у Польшчы. Ужо больш за 15 гадоў працуе праграма Каліноўскага, і я ведаю, што многія з прысутных з’яўляюцца яе выпускнікамі.

На гэтым тыдні я буду сустракацца з прэзідэнтам Анджэем Дудам, міністрам унутраных справаў. Калі ў вас ёсць просьбы ці прапановы, то вы можаце агучыць іх зараз. 

Дарагія сябры,

Сёння я была на прэзентацыі кнігі Руслана Шошына «Ледаколка». Хай вас не падманвае мой партрэт на вокладцы – гэта кніга пра ўсіх нас. Ледаколаў, якія праламваюць сабе шлях да свабоды. Хачу яшчэ раз падзякаваць Руслану за яго працу. Важна, каб свет не забываўся пра Беларусь і нашую супольную барацьбу. 

Шлях да свабоды няпросты і, як аказалася, няхуткі. Але я ўдзячная за магчымасць увесь гэты шлях пераадольваць разам з вамі.

І я ганаруся быць адной з вас. 

Жыве Беларусь і Слава Украïні!».


Фота: Павел Крычко

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская