Рада Еўропы прыняла рашэнне пра стварэнне Кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам. Такім чынам, Рада Еўропы падтрымала прапанову Святланы Ціханоўскай, агучаную падчас сустрэчаў з генеральным сакратаром Рады Еўропы і выступу перад ПАРЕ.

Раней Рада Еўропы адмовілася ад кантактаў з прадстаўнікамі нелегітымнага рэжыму на карысць дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Гэта выразны сігнал беларусам, што Рада Еўропы не прызнае рэжым Лукашэнкі. У той самы час Рада мае намер супрацоўнічаць з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху ў інтарэсах усяго беларускага народа.

Кантактная група, якая ствараецца, будзе дапамагаць Радзе Еўропы ў выпрацоўцы пазіцый па Беларусі. Таксама плануецца, што кантактная група зможа каардынаваць і рэалізоўваць праекты ў межах розных праграмаў Рады Еўропы, рыхтаваць праекты рэформаў і дэмакратычных пераўтварэнняў для новай Беларусі.

У кантактную групу ўвойдуць прадстаўнікі структураў Рады Еўропы, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў. Склад кантактнай групы яшчэ будзе абмяркоўвацца.

Спецпрадстаўнік Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык: «Дагэтуль Рада Еўропы, як і іншыя міжнародныя арганізацыі, працавалі з краінамі праз урады. З ім усё ўзгаднялася і вырашалася. Цяпер Рада Еўропы будзе супрацоўнічаць толькі з дэмсіламі і грамадзянскай супольнасцю».

На фота: Святлана Ціханоўская і генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская