Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Польшчу прадстаўнікі Офіса Крысціна Рыхтэр і Франак Вячорка прынялі ўдзел у сустрэчы працоўнай групы пры МУС, на якой Польшча акрэсліла навіны для беларусаў.

Офіс па справах замежнікаў Польшчы апублікаваў інфармацыю пра новы дазвол на часовае знаходжанне для беларусаў, якія маюць гуманітарныя візы – гуманітарны від на жыхарства. Новая працэдура набывае моц 9 ліпеня. Прававой падставай з’яўляецца – п. 9 ч. 1 арт. 186 закона «Аб іншаземцах».

Крысціна Рыхтэр: «Такі від на жыхарства будзе выдавацца ў сувязі з тым, што грамадзянін, які звяртаецца, не можа вярнуцца ў Беларусь. І ён выключае магчымасць вандровак у Беларусь. Парушэнне гэтага правіла можа быць расцэненае польскімі ўладамі як парушэнне правілаў выдачы такіх відаў на жыхарства і вам можа пагражаць штраф з забаронай на ўезд у ЕС».

У сустрэчы працоўнай групы прыняла ўдзел і нам. дырэктара консульскага дэпартамента МЗС. Яна паведаміла пра гатоўнасць прымаць заявы на наданне візаў з 1 жніўня ў Варшаве. З верасня такая магчымасць з’явіцца ў Беластоку, Любліне і Познані.

Атрымаць гуманітарную візу змогуць тыя грамадзяне Беларусі:

  • якія прыбылі з Украіны пасля 24 лютага і якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны легальна да 24 лютага;
  • у якіх зараз ужо гуманітарныя польскія візы і якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.

МЗС разглядзіць магчымасць пашырэння катэгорый беларусаў, якія могуць атрымаць візы на тэрыторыі Польшчы.

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская