З 2020 года рэжым сее ў Беларусі жах. Арышты, суды, вялікія тэрміны любым супернікам дзейнага рэжыму сталі да болю звыклымі. Але і без таго жахлівая сітуацыя стала яшчэ больш жорсткай. Як паведамляе REFORM.by, нядаўна ў Беларусі ўвялі смяротнае пакаранне за замах на акт тэрарызму. Дакумент пра гэта быў падпісаны 18 траўня. Закон набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання, 29 траўня. Раней смяротны прыгавор не мог быць прызначаны за падрыхтоўку да злачынства.
З 2020 года ў спіс тэрарыстаў унесены 46 беларусаў, сярод якіх палітыкі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, блогеры Сцяпан Пуціла і Антон Матолька.
Некалькі дзён таму пачаўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і 11 фігурантамі ягонай справы. Паводле афіцыйнай версіі, яго абвінавачваюць у падпале аўтамабіля і дома супрацоўніка міліцыі ў Гродне, а таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў па ўсёй краіне. У адпаведнасці з новаўведзеным законам за гэта прадугледжваецца найвышэйшая мера пакарання. Мікалаю ўжо двойчы раней прад’яўляліся абвінавачанні, абодва разы праваабаронцы прызналі яго пераслед палітычна матываваным.

Крыніца: Voice of Belarus