Далучайцеся да Руху прама цяпер. Вось як гэта зрабіць.

Коратка – галоўнае за тыдзень працы Руху:

#падтрымкаўкраінцаўібеларусаў

  • Фонд BYSOL адправіў яшчэ 7 новых аўтамабіляў ва Украіну: дзве хуткія і эвакуацыйны джып едуць у Першы добраахвотны мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова, тры пікапы і грузавы бус – у Восток SOS і да іх партнёраў у тэраабарону. Пры гэтым аўтамабілі ва Украіну прыехалі з медыкаментамі і турнікетамі для ПДШМ і батальёна Каліноўскага. Сродкі на ўсю дапамогу сабралі беларусы.
  • У Сейме Польшчы прагаласавалі за папраўкі ў законы аб легалізацыі беларусаў. Канчатковае прыняцце правак у Сенаце і падпісанне прэзідэнтам Польшчы чакаецца да канца тыдня. Працоўная група МУС з удзелам прадстаўнікоў Офісу, НАК і ЦБС працягне сваю працу, каб дапамагчы беларусам Польшчы з іншымі важнымі пытаннямі.
  • Фонд BYSOL выпусціў апдэйт па візах: дзе і як іх можна атрымаць у Беларусі. Фонд расказвае пра візы Польшчы, Літвы, Італіі, Германіі, Венгрыі і іншых краінаў. Больш падрабязна тут.
  • Цэнтр Беларускай Салідарнасці паведамляе, што беларусы, якія перад пачаткам вайны аддалі свой пашпарт у консульства Польшчы ў Львове, Кіеве ці Вінніцы, могуць вярнуць свой пашпарт у польскім консульстве ў Львове. Падрабязнасці тут.

#інфармацыйныфронт

  • Два новыя выпускі «Пражэктара рэгіёнаў» – пра тое, як вайна паўплывала на прадпрыемствы «Санта-Брэмар» і «Нафтан». У Брэсце да звальнення рыхтуюць тысячу чалавек, супрацоўнікі за змену атрымліваюць 35 рублёў замест належных 70, прэс-служба кампаніі заяўляе, што «сітуацыя няпростая». У Наваполацку прадпрыемства можа спыніцца праз 2-3 месяцы, ёсць рызыка тэхнагеннай катастрофы, запусціць зноў будзе вельмі складана.
  • «Честные люди» запусцілі сайт, які дапаможа пагаварыць са сваякамі пра вайну Расіі супраць Украіны і ролю Беларусі ў ваенным канфлікце: https://pogovori.org. Часцей за ўсё фразы тых, хто глядзіць занадта шмат тэлевізара, аднолькавыя і аднастайныя – таму на сайце вы пэўна знойдзеце картку ў адказ на любы іх «аргумент».
  • Святлана Ціханоўская звярнулася да Уладзіміра Зяленскага: «Лукашэнка не можа быць міратворцам, ён павінен быць прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы – і перад беларусамі, і перад украінцамі».
  • Па запрашэнні нямецкага фонду памяці Бухенвальд-Дора Мітэльбаў 10 красавіка кіраўнік НАК Павел Латушка, а таксама прадстаўнік Народных пасольстваў Беларусі Міхаіл Таўбе, ад імя дэмакратычных сілаў Беларусі прымуць удзел у цырымоніі ў памяць аб загінулых вязнях Бухенвальда. Прадстаўнікі дэмсілаў Беларусі разам з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Украіны і Расіі зачытаюць клятву ў памяць пра загінудых вязняў канцлагера ў 77-ю гадавіну яго вызвалення.

#непадпарадкаванне 

  • У Гродне з’явіліся намаляваныя крэйдай контуры людзей са звязанымі за спінай рукамі. Так гараджане адрэагавалі на генацыд у Бучы, дзе расійскія войскі забівалі мірных жыхароў.
  • «Наша Ніва» сабрала поўную карту дыверсій партызанаў на чыгунцы, якія не дазваляюць перакідваць расійскую ваенную тэхніку ва Украіну. Пры гэтым МУС паведамляе пра 80 выпадкаў дыверсій.
  • Актывістка з Маларыты Людміла Рамановіч напісала ў адміністрацыю Лукашэнкі ліст з патрабаваннем прыбраць з Беларусі расійскую армію. Яна таксама нагадала пра тое, як Лукашэнка абяцаў украінцам, што ніколі з боку РБ да іх ніхто не прыйдзе са зброяй. Жанчыну абвінавацілі ў абразе «прэзідэнта» і змясцілі ў СІЗА.

Кожны можа стаць чальцом Антываеннага Руху цяпер. Вось яго Маніфест.

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская