Аўтарытэтнае амерыканскае выданне сёння апублікавала артыкул пра ўплыў беларусаў на вайну ва Украіне. Згодна з крыніцамі «The Washington Post», беларускія «рэйкавыя партызаны» значна паўплывалі на спыненне расейскай агрэсіі каля Кіева.

«Пачынаючы з першых дзён уварвання ў лютым, таемная сетка чыгуначнікаў, хакераў і дысідэнцкіх сілаў бяспекі пачала дзейнічаць, каб адключыць або парушыць чыгуначныя зносіны, што злучаюць Расею з Украінай праз Беларусь, наносячы шкоду расейскім лініям забеспячэння», – піша «The Washington Post».
Выданне падкрэсліла, што дыверсіі на беларускай чыгунцы запаволілі перасоўванні расейскіх войскаў, ім давялося спадзявацца толькі на цяжкавікі, а таксама выйгралі час, каб украінскія войскі ўчынілі эфектыўны адказ на расейскае ўварванне. Для спынення цягнікоў з ваеннай тэхнікай выкарыстоўваліся выключна мірныя шляхі.
Нагадаем, што з 28 лютага стала вядома, што ў Беларусі пачалася своеасаблівая рэйкавая вайна. Паводле заклікаў аб’яднання «ByPol», грамадзяне Беларусі пачалі псаваць чыгуначную электроніку на мяжы з Расеяй і Украінай, каб затрымаць прасоўванне расейскай тэхнікі. У адказ на дзеянні беларусаў сілавыя структуры пачалі ўзброеныя патруляванні і ўжывалі для затрымання партызанаў аўтаматычную зброю. Акцыі беларускіх партызанаў адбыліся ў тым ліку на тэрыторыі РФ.
Прынамсі 11 «рэйкавых партызанаў» былі затрыманыя і прызнаныя палітычнымі вязнямі.
Крыніца: belsat.eu