14 красавіка адбылася сустрэча працоўнай групы пры МУС Польшчы, у якую ўваходзіць Офіс Святланы Ціханоўскай, ЦБС і НАК. У Міністэрстве пацвердзілі прыняцце прапанаваных зменаў у цяперашняе заканадаўства.

Мяркуецца, што гуманітарныя віды на жыхарства і гуманітарныя візы будуць выдавацца ўсім грамадзянам Беларусі, якія маюць у гэтым патрэбу, незалежна ад таго, прыехалі яны на тэрыторыю Польшчы з Украіны пасля 24 лютага, або прыехалі ў краіну па іншых абставінах.

Распрацоўка і наладжванне працэдуры выдачы гуманітарных візаў і гуманітарных відаў на жыхарства на тэрыторыі Польшчы зойме каля 2 месяцаў. Дакументы будуць выдавацца не толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах Польшчы.

Міністэрства заклікае беларусаў, якія прыехалі раней, легалізавацца ў адпаведнасці з мэтай свайго знаходжання (праца, вучоба і інш.). Знаходзячыся ў Польшчы па гуманітарнай візе год, у вас ёсць магчымасць зрабіць гэта на вышэйзгаданых падставах.

Беларусы, якія атрымаюць часовы від на жыхарства па гуманітарных прычынах, змогуць атрымаць польскі праязны дакумент, які замяняе беларускі пашпарт у паездках. Іншым варыянтам для беларусаў, якія не маюць праязных дакументаў (дзейснага беларускага пашпарта) і непакояцца вяртацца ў Беларусь, з’яўляецца зварот па міжнародную абарону і атрыманне Жэнеўскага пашпарта. Гэтая працэдура прызначаная спецыяльна для рэпрэсаваных беларусаў. Упраўленне па справах замежнікаў паабяцала значна паскорыць гэты працэс і выдаваць рашэнні ў максімальна кароткія тэрміны.

Варта падзяляць вымушаную эміграцыю беларусаў, якія змагаліся за свабоду нашай краіны і эміграцыю па эканамічных прычынах. Не варта злоўжываць дапамогай, якую Польшча аказвае дэмакратычнаму руху, паколькі галоўная мэта дадзеных зменаў – дапамога беларусам, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне.

Ужо на гэтым тыдні чакаецца падпісанне зменаў у закон прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Пасля гэтага закон адразу ж уступіць у сілу.

Польскі бок паведаміў пра тое, што МУС не будзе дэпартаваць ці караць беларусаў, якія прыбылі з Украіны на падставе 15-дзённай згоды каменданта на ўезд у Польшчу. Таму ў вас няма вострай неабходнасці легалізаваць сваё знаходжанне ў 15-дзённы тэрмін.

Таксама на сустрэчы было ўзнятае пытанне беларусаў, чые пашпарты засталіся ў консульствах ва Украіне. Міністэрства займаецца вырашэннем гэтага пытання і застаецца на сувязі з консульствам у Львове.

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская