Прама цяпер у Радзе па правах чалавека ААН прэзентуюць даклад па сітуацыі ў Беларусі, у якім сабраныя доказы злачынстваў рэжыму супраць чалавечнасці. Гэта самы канкрэтны і моцны даклад з усіх, што выйшлі ў ААН па сітуацыі ў Беларусі. Ён можа даць ход адкрыццю новых спраў у межах універсальнай юрысдыкцыі і міжнародных расследаванняў па ўсёй Еўропе.

Зранку нацыянальная лідарка Беларусі сустрэлася з 27 пасламі краінаў ЕС у Жэневе, якія прадстаўляюць свае краіны ў ААН. А таксама – з прадстаўнікамі краінаў-чальцоў Рады па правах чалавека ААН: пасламі ЗША, Вялікабрытаніі, Гамбіі, Коста-Рыкі, Мексікі і іншых краінаў. Ціханоўская заклікала падтрымаць працяг спецыяльнага мандата ААН па Беларусі і прыняць рэзалюцыі супраць рэжыму.

Таксама Ціханоўская заклікала паслоў пры ААН:

– прызнаць Беларусь як краіну дэ-факта часова акупаванай Расіяй;

– прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу ў сувязі з падзеямі ва Украіне;

– неадкладна адрэагаваць на катаванні ў турмах Беларусі і ўмовы ўтрымання палітвязняў;

– падтрымаць працу міжнароднай платформы па зборы доказаў злачынстваў рэжыму IAPB і падтрымаць беларускіх праваабаронцаў.

Усе дэлегацыі, з якімі Ціханоўская сустрэлася ў Швейцарыі, запэўнілі, што

  • падзяляюць Беларусь і рэжым Лукашэнкі;
  • зробяць усё магчымае для падтрымкі грамадзянскай супольнасці, Антываеннага Руху, незалежных медыяў у Беларусі;
  • будуць змагацца супраць дыскрымінацыі ў дачыненні да беларусаў – у тым ліку тых, хто вымушана выехаў са сваёй краіны і Украіны;
  • сёння правядуць спецыяльную дыскусію па Беларусі з удзелам экс-палітзняволенай Наталлі Хершэ.
На фота: Святлана Ціханоўская і паслы краінаў ЕС

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская