Прадстаўнікі рэжыму больш не змогуць прымаць удзел у сустрэчах Рады Еўропы ці яго органаў нават у якасці назіральнікаў. Пры гэтым канвенцыі, да якіх далучылася Беларусь, працягнуць прымяняцца.

Рэжым больш не зможа прадстаўляць Беларусь у такіх аўтарытэтных органах Рады Еўропы, як:

  • Венецыянская Камісія (займаецца вяршэнствам права і дэмакратыяй);
  • Еўрапейскі дырэктарат па якасці лекавых сродкаў і аховы здароўя (распрацоўвае кіроўны дакумент, які выкарыстоўваецца ў большасці краінаў Еўропы пры вытворчасці фармацэўтычных прадуктаў);
  • Спартыўная арганізацыя Рады Еўропы (займаецца пытаннямі этыкі ў спорце);
  • Група дзяржаў па барацьбе з карупцыяй (кантралюе намаганні краінаў па барацьбе з карупцыяй).

Замест стасункаў з рэжымам Рада Еўропы ўмацуе сувязі з беларускай грамадзянскай супольнасцю, дэмакратычнымі сіламі і надасць адмысловую ўвагу беларускай моладзі, незалежным СМІ і праваабаронцам.

Дэмсілы ўжо вялі сумесную працу з Радай Еўропы: у красавіку 2021 года Святлана Ціханоўская правяла званок з генеральнай сакратаркай Рады Еўропы Марыяй Пейчыновіч-Бурыч, а ў лістападзе сустрэлася з ёй, каб дамагчыся большай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Акрамя таго, Аляксандр Шлык і Анатоль Лябедзька выступалі на закрытых слуханнях у ПАРЕ.

На фота: Святлана Ціханоўская і генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская