Падчас візіту ва Украіну дэлегацыя дэмсілаў, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Ціханоўскай Валер Кавалеўскі і Анатоль Лябедзька, прадстаўнік НАК Валер Мацкевіч і прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў, сустрэлася з беларускімі валанцёрамі. Сустрэча прайшла ў Беларускім інфармацыйным цэнтры ў Львове.

Беларусы распавялі пра сваю працу на дапамогу Украіне, украінскаму войску і ўкраінскаму народу – пра тое, як яны дапамагаюць уцекачам, якіх селяць у сваіх дамах, як яны збіраюць і развозяць гуманітарную дапамогу, як падтрымліваюць Украіну ў інфармацыйнай вайне.

Пра што таксама ішла размова на сустрэчы:

– Польскае консульства пакінула Львоў. Падчас эвакуацыі дыпламаты забралі ўсе дакументы, у тым ліку пашпарты тых беларусаў, што падаваліся на візу.

– Многія беларусы хочуць прыехаць ва Украіну, каб валанцёрыць, дапамагаць ЗСУ, украінскім медыкам, далучыцца да батальёну Каліноўскага. Аднак праз забарону на ўезд зрабіць гэта практычна немагчыма. Беларусы хочуць мець магчымасць прыязджаць і дапамагаць.

– Беларусы Львова прапанавалі прапрацаваць сістэмнасць дапамогі дыяспары – каб фонды і ініцыятывы маглі мэтанакіравана дапамагаць беларусам і ўкраінцам.

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская