27 лютага ў Беларусі быў асноўным днём галасавання на бутафорскім рэферэндуме, ініцыяваным Лукашэнкам. У бюлетэні для галасавання было толькі адно пытанне: “Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?”. Пачынаўся дзень дастаткова спакойна. Пра тое, што гэта не простая нядзеля, нагадвала спецтэхніка сілавікоў, якую беларусы сталі заўважаць на вуліцах гарадоў з самай раніцы.

У 14.00 ля ўчасткаў сталі выстройвацца чэргі. Так беларусы адгукнуліся на прапанову дэмакратычных сілаў Беларусі прыйсці галасаваць менавіта ў гэты час, каб заадно выказаць сваю нязгоду ва ўдзеле Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны. Людзі выкрыквалі «Не вайне!», «Слава Украіне!» і «Жыве Беларусь!», некаторыя былі з украінскімі і БЧБ-сцягамі. Пазней частка людзей вылучылася ад участкаў маршам па вуліцах сваіх гарадоў, а машыны, якія праязджалі міма, падтрымлівалі іх сігналамі. Каля станцыі метро «Усход» у Менску прайшла калона людзей, якія неслі сцяг Украіны і скандавалі «Не вайне!».

На актыўнасць беларусаў адрэагавалі сілавікі. У многіх гарадах пачаліся затрыманні ўнутры выбарчых участкаў, побач з імі, а таксама проста на вуліцы за словы “я пратэстую супраць вайны”, за ўдзел у антываенных акцыях, за сігналы аўтамабіляў, за фатаграфаванне бюлетэняў і нават пры чаканні сваёй чаргі на галасаванне. У Менску сілавікі павялі ў аўтазак жанчыну, якая ў адзіночку выгульвала сабаку. У Гродне некалькі чалавек затрымалі, па словах сведкаў, “за тое, што адмовіліся адысці ад выбарчага ўчастка”.

Каля 5 гадзінаў вечара ў Менску вялікая колькасць дэманстрантаў па закліку апазіцыі сабралася побач з Генштабам Мінабароны. Многія былі з украінскімі сцягамі і скандавалі антываенныя лозунгі. Усе цэнтральныя вуліцы сталіцы былі запоўненыя аўтамабілямі, што сігналілі. У некаторых машынах людзі ўключалі гімн Украіны. Акцыю пратэсту разагналі сілавікі ў чорна-аліўкавай форме без знакаў адрознення: відаць, і АМАП, і ўнутраныя войскі. Яны акружылі людзей і хапалі ўсіх, акрамя самых пажылых.

Людзі працягнулі несці кветкі да пасольства Украіны, як і ў папярэднія дні. Увесь плот каля пасольства абчэплены кветкамі. Але і туды прыехалі сілавікі, каб разагнаць удзельнікаў мірнай акцыі.

Па дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, у асноўны дзень галасавання ў Беларусі былі затрыманыя 800 чалавек. Пакуль вядомы не ўсе прозвішчы затрыманых.

Затрыманні ў Мінску. Фота: Белсат

Крыніца: Voice of Belarus