На мінулым тыдні колькасць палітычных вязняў у Беларусі перавысіла 1000 чалавек. Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, сёння ў краіне іх 1022. Колькасць людзей, якія ўтрымліваюцца ў турмах па палітычных прычынах, яшчэ большая, таму што многія адмаўляюцца ад такога статусу.

Пасля абвяшчэння выбарчай кампаніі ў 2020 годзе колькасць палітычных зняволеных у Беларусі пачала расці. Пачалося ўсё з арыштаў актывістаў, блогераў, патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Пасля выбараў сярод затрыманых з’явіліся і ўдзельнікі акцый, бізнесмены, актывісты штабоў, рабочыя і іншыя. Яны ўсе знаходзяцца ў месцах несвабоды з-за таго, што не пабаяліся скарыстацца сваімі правамі – правам на ўдзел у мірных сходах, на выказванне свайго меркавання і на ўдзел у палітычным жыцці краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае, што большая частка гэтых людзей трапіла пад палітычна матываваны крымінальны пераслед у сувязі з падзеямі, якія разгарнуліся падчас і пасля кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе.