З пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны па ўсім свеце штодня праходзяць акцыі салідарнасці з народам Украіны. У іх прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Дзень рэферэндуму ў Беларусі 27 лютага 2022 г. не стаў выключэннем. У сувязі з тым, што рэжым Лукашэнкі адмовіў у галасаванні грамадзянам Беларусі, якія жывуць за мяжой, акцыі пратэсту прайшлі каля зачыненых дзвярэй пасольстваў – у Францыі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Літвы, Польшчы і іншых краінах. Асуджэнне ўдзелу ў вайне з Украінай, падтрымка палітычных зняволеных, нелегітымнасць улады рэжыму Лукашэнкі – асноўныя тэмы выступаў. У Бэльгіі акцыя прайшла разам з прадстаўнікамі Ўкраіны. Над пасольствам Беларусі ў Літве напярэдадні нехта памяняў сцягі. Афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг зьнік, а на ягоным месцы зьявіліся бел-чырвона-белы беларускі і жоўта-сіні ўкраінскі сьцягі.
У большасці цэнтральных гарадоў Еўропы, ЗША, Канады, Японіі шматлікія прадстаўнікі беларускіх дыяспар пад бел-чырвона-белым сцягам выйшлі на сумесныя акцыі пратэсту супраць агрэсіі Расіі, каб выказаць сваю салідарнасць з украінскім народам і паказаць, што звычайныя беларусы не маюць ніякага дачынення да дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. . Беларусы актыўна ўдзельнічаюць у дабрачынных зборах для жыхароў Украіны, прапануюць жыллё і дапамогу для бежанцаў.
У самой Беларусі абурэнне наконт ваенных дзеянняў прывяло да самых масавых пратэстаў за апошні час. Больш за 800 чалавек былі брутальна затрыманы.

Крыніца: Voice of Belarus