Журналіст Дзмітрый Гурневіч апублікаваў узважаны адказ тым, хто агулам абвінавачвае беларускі народ у саўдзеле з Пуціным у нападзе на Украіну. Прыводзім яго аргументы ў скарочаным выглядзе.
У Беларусі няма легітымнай улады як мінімум зь лістапада 2020 году. У Беларусі кіруе прамаскоўскі марыянэтачны рэжым, які ўжо нічога не вырашае. Абсалютная большасьць беларусаў супраць марыянэтачнага рэжыму. Гэта паказалі і пратэсты ў 2020 годзе, найбуйнейшыя ў Эўропе за апошнія дзясяткі гадоў. Беларусаў забівалі, білі, катавалі. Больш за тысячу людзей у турмах, каля 50 тысяч прайшлі праз рэпрэсіі.
Пратэст пацярпеў паразу, бо Пуцін падтрымаў Лукашэнку і стаў яго адзінай гарантыяй. Пасьля гэтага ў краіне пачаўся тэрор, падобны на 1930-я гады. У турму можна трапіць за лайк, камэнтар, за неасьцярожнае слова. Сілавыя структуры хапаюць за любое іншадумства, забаранілі нават арганізацыі арнітолягаў і аховы жывёлаў, бо нехта з гэтых арганізацый супраць рэжыму. Кожны дзень у Беларусі арыштоўваюць людзей, зьдзекуюцца зь іх. У такой атмасфэры арганізацыя супраціву займае шмат часу. Але гэтая праца ідзе.
Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй. Калі ўлада нелегітымная, то ніхто ня меў права дазваляць расейцам праход празь Беларусь. Пуцін захапіў Беларусь. Але ён дазваляе Лукашэнку называць сябе прэзыдэнтам незалежнай Беларусі.
Беларусы ня толькі перажываюць за Ўкраіну і моляцца за яе. Беларусы зьбіраюць грошы для ўцекачоў, украінскай арміі, беларусы ёсьць ва ўкраінскай арміі. Беларус загінуў адным зь першых на Майдане, беларусы гінулі за Ўкраіну на вайне. Беларусы, у якіх ёсьць галава і сумленьне, разумеюць, што без свабоднай Украіны ня будзе і нас.

Крыніца: Voice of Belarus