Кіраўнік НАУ, Член Прэзідыума Каардынацыйнай Рады, амбасадар Павел Латушка і адказны ў НАУ за знешнюю палітыку, амбасадар Уладзімір Астапенка 13-14 студзеня 2022 года здзейснілі працоўны візіт у Берлін.
У ходзе візіту яны правялі сустрэчы ў ведамстве новага Канцлера, з дэпутатамі Бундэстага Германіі, а таксама кіраўніцтвам МЗС Германіі.
Галоўная тэма абмеркаванняў – шляхі рэалізацыі адобранай праграмы па Беларусі ў рамках кааліцыйнага пагаднення кіруючай кааліцыі Германіі, якая прадугледжвае падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага грамадства, вызваленне палітычных зняволеных, выкарыстанне інструментаў эканамічных, у тым ліку фінансавых санкцый у дачыненні да рэжыму, як адказнасці за масавыя рэпрэсіі, якія ажыццяўляюцца ў адносінах да беларускага грамадства, а таксама дасягнення беларускім грамадствам галоўнай мэты – правядзення новых выбараў у Беларусі.
У ходзе паездкі Павел Латушка прыняў удзел у праграме нямецкай тэлекампаніі Deutsche Welle, даў інтэрв’ю тэлекампаніі Ost-West, выданню RND Berlin і шэрагу іншых нямецкіх СМІ.
Таксама ў Берліне прайшла сустрэча кіраўніцтва НАУ з прадстаўнікамі Народнай амбасады Беларусі ў Германіі і таварыства беларусаў RAZAM.
Павел Латушка і Уладзімір Астапенка наведалі выставу беларускай мастачкі Ксюшы Ангелавай, якая стварае партрэты палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах у Беларусі па неабгрунтаваных палітычна матываваных рашэннях і прысудах.