На канец 2021 года ў Беларусі налічвалася 969 палітвязняў. Гэта самая вялікая колькасць зняволеных па палітычных матывах за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Сярод вязняў – людзі розных узростаў, прафесій, сацыяльнага статусу, але аб’яднаныя нязгодай з дзеяннямі ўладаў падчас і пасля выбараў прэзідэнта, катаваннямі і рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянаў, за што ў выніку спазналі палітычна матываваны крымінальны пераслед.

Агулам за перыяд з 2020 года па канец 2021 года праваабарончай супольнасцю Беларусі палітзняволенымі было прызнана 1108 чалавек. Частка з іх была вызваленая, частка чакае на волі ўступлення прысуду ў сілу і накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а частка – з’ехала за мяжу краіны.

Большасць з палітзняволеных – мужчыны, іх 858 чалавек. Яшчэ 111 жанчын на канец года знаходзілася за кратамі.

Дзесяць непаўнагадовых палітвязняў ці тых, каму 18 год споўнілася ў зняволенні, адбываюць розныя тэрміны пакаранняў у выхаваўчай калоніі №2. Таксама вядома пра не менш 12 пенсіянераў і пенсіянерак, якія спазналі крымінальны пераслед і ўтрымліваюцца за кратамі.

Асуджаныя да пазбаўлення і абмежавання волі ўжо пачалі адбываць пакаранне: у калоніях – 331 чалавек, і на “хіміі” – 195 чалавек. Для шасці чалавек адбылася замена пакарання на больш строгае і зменены рэжым на турэмны.
На канец 2021 года 403 чалавекі знаходзіліся ў СІЗА. Яшчэ шэсць чалавек утрымліваюцца пад “хатнім арыштам”. Некалькі палітвязняў знаходзіцца ў ІЧУ пад адміністрацыйным арыштам. Таксама месцазнаходжанне невялікай часткі палітвязняў дакладна не вядома праваабаронцам “Вясны”.

Сярод палітзняволеных:
- 67 дзеячоў культуры;
- 45 студэнтаў і выкладчыкаў;
- 32 прадстаўнікі медыя.

Таксама за кратамі знаходзіцца сем праваабаронцаў “Вясны”: старшыня Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч, кіраўнік Гомельскай філіі Леанід Судаленка і яго памочніца Таццяна Ласіца, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.

Сярод палітзняволеных як мінімум сямёра – шматдзетныя бацькі. Таксама не менш за сем параў – муж і жонка – былі асуджаныя на тэрміны зняволення ці знаходзяцца пад следствам у СІЗА.

Па 20 гадоў пазбаўлення волі атрымалі анархісты Ігар Аліневіч і Сяргей Раманаў. Гэта самыя суровыя выракі па палітычных судовых разглядах.

Крыніца: Праваабарончы цэнтр “Вясна”