Для Беларусі 2022 год пачаўся з навіны пра чарговую ахвяру рэжыму.
27-гадовы Дзьмітрый Усхопаў з Рэчыцы ехаў у навагоднюю ноч да маці, каб сустрэць з ёй Новы год. Яго затрымалі міліцыянты на прыпынку, а потым ужо ў стане коме прывезьлі ў шпіталь, дзе ён памёр у тую ж ноч.
Супрацоўнікі міліцыі кажуць, нібы ў пастарунку яму стала блага, і што сьмерць не зьвязаная з траўмамі. Аднак сваякі апублікавалі фотаздымкі цела загінулага, на якім бачныя сляды катаваньняў і пабояў, на твары, галаве, руках, ступнях і сьпіне. Таксама, па словах сваякоў, яго адзеньне было мокрае. Яны мяркуюць, што Дзмітрыя аблівалі вадой, катавалі і зьбівалі ў пастарунку.
Паводле сваякоў, на маці загінулага цяпер аказваецца ціск з боку міліцыі. Бацька загінулага, Аляксандр Усхопаў, паведаміў «Нашай Ніве»: «У міліцыі нам сказалі «памёр», а калі прыйшлі забіраць у морг, сказалі «а, гэта той, якога забілі?».

«Гэта чарговы неапраўданы гвалт, дзе ўжо зараз сілавікі спрабуюць замятаць сляды. І пакуль інфармацыя не зьявілася ў незалежных СМІ, дзяржаўныя органы хлусілі аб тым, што па зводцы МУС навагодняя ноч прайшла без здарэньняў. Беспакаранасьць спараджае гвалт. Да гэтага часу ні адзін сілавік не панёс адказнасьці за свае злачынствы. Сілавікам дазвалялі рабіць што заўгодна з “палітычнымі” (і нават заахвочвалі за гэта). Цяпер такія паводзіны яны лічаць нормай у адносінах да беларусаў — ня толькі пратэстуючых, але і ўсім наогул.
“Часам не да закона” ператварылася ва “заўсёды не да закона”», – пракаментавала здарэньне Сьвятлана Ціханоўская, лідэрка дэмакратычнае Беларусі.
