Гомельскі абласны суд сёння вынес прысуд фігурантам «справы Ціханоўскага», па якім Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а іншыя палітвязні атрымалі тэрміны ад 14 да 16 гадоў. Расказваем, як на гэта адрэагавалі палітыкі з ЕС і ЗША.
- Кіраўніца МЗС Германіі, Аналена Бербак:
«Я хацела б паўтарыць наш заклік да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», – сказала Бербак.
- Прэзідэнт Латвіі, Эгілс Левітс:
«Будзь моцнай, Святлана Ціханоўская, і сям’і асуджаных сёння да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення рэжымам тырана Аляксандра Лукашэнкі. Як сказаў латвійскі дысідэнт Гунарс Астра ў судзе ў 1983 годзе, «гэты час знікне, як кашмар», – напісаў палітык.
- Прэзідэнт Польшчы, Анджэй Дуда:
«Выказваю салідарнасць з усімі палітвязнямі рэжыму Лукашэнкі – у т.л. з асуджанымі сёння ў рамках паказальнага працэсу Сяргея Ціханоўскага. Я ўражаны адвагай беларусак і беларусаў, барацьба якіх нагадвае нашу барацьбу з камуністычным рэжымам», – пракаментаваў Дуда.
- Прэм’ер-міністр Славеніі, Янез Янша:
«Будзь моцнай і смелай, Ціханоўская. У недалёкай будучыні, дыктатар будзе проста кепскім успамінам. І вы, змагары за свабоду, будзеце кіраваць сваёй Радзімай, лячыць раны і клапаціцца пра цудоўную краіну Беларусь і пра яе людзей», – напісаў Янша.
- Дзяржсакратар ЗША, Энтані Блінкен:
«Мы асуджаем сённяшнія палітычна матываваныя прысуды беларускім апазіцыянерам Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і журналісту Ігару Лосіку. Мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення больш за 900 палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца рэжымам Лукашэнкі», – пракаментаваў прысуд Блінкен.
- Міністр замежных спраў Даніі, Епэ Кофад:
«Я заклікаю да неадкладнага безумоўнага вызвалення беларускіх дзеячоў апазіцыі, прыгавораных да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення на закрытых фіктыўных судовых працэсах. Уключаючы кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Ціханоўскага. Паводзіны Лукашэнкі жорстка і няварта любой цывілізаванай краіны», – напісаў кіраўнік МЗС Даніі.
- Міністр замежных спраў Польшчы, Збігнеў Раў:
«Я з абурэннем успрымаю сённяшнія жорсткія прысуды амаль 20 год зняволення Сяргею Ціханоўскаму і пяці іншым асобам: Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову.
Да нявінных людзей, якія прагнуць годнага жыцця для свайго народа, адносяцца як да небяспечных злачынцаў. Гэта пагарда да чалавека і яго годнасці, пагарда да беларускага народа. Немагчыма, каб гэты ганебны прысуд застаўся без наступстваў для ўлад у Мінску.
Я зраблю ўсё магчымае дзеля вызвалення палітвязняў!», – пракаментаваў прысуд Раў.
- Міністарка замежных спраў Эстоніі, Ева-Марыя Ліметс:
«Я асуджаю прысуд, вынесены ў Беларусі Сяргею Ціханоўскаму за адстойванне фундаментальных правоў і свабод. Ён павінен быць неадкладна вызвалены, як і ўсе палітычныя вязні ў Беларусі. Палітычным рэпрэсіям няма апраўдання», – напісала палітык.
- МЗС Нарвегіі:
«Нарвегія асуджае сённяшнія прысуды палітвязням, у тым ліку Сяргею Ціханоўскаму і Ігару Лосіку, да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення. Жорсткі рэжым па-ранейшаму прымушае замаўчаць сваіх крытыкаў. Мы падтрымліваем людзей у Беларусі ў іхніх патрабаваннях пакласці канец рэпрэсіям. #StandWithBelarus», – напісала ведамства.
- МЗС Польшчы:
«Сёння чарговыя палітвязні ў Беларусі былі асуджаныя на доўгія тэрміны турэмнага заняволення.
- Сяргей Ціханоўскі
- Мікалай Статкевіч
- Ігар Лосік
- Арцём Сакаў
- Уладзімір Цыгановіч
- Дзмітрый Папоў
Мы будзем змагацца за Вашае вызваленне! #StandWithBelarus», – напісала ведамства.
- Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента, Раберта Метсола:
«Еўропа не адвернецца. Свет не заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца. Лукашэнка будзе прыцягнуты да адказнасці. Беларусь будзе свабоднай», – напісала палітык.
- Італьянскі палітык, Лаўра Болдрыні:
«Я салідарная са Святланай Ціханоўскай у сувязі з 18-цю гадамі турэмнага зняволення, накладзенымі на яе мужа суддзямі рэжыму Лукашэнкі. Прысуд намаляваны, як і 11 гадоў Марыі Калеснікавай. Лютае запалохванне, каб прымусіць замаўчаць усе формы апазіцыі ў Беларусі», – напісала яна.
- Дэпутат французскага парламента, Фрэдэрык Пеці:
«Суддзя рэжыму Лукашэнкі прысудзіў мужу Святланы Ціханоўскай Сяргею Ціханоўскаму 18 гадоў пазбаўлення волі. Мае думкі са Святланай і яе сям’ёй перад абліччам гэтага абсурднага і агіднага рашэння. Час гэтай дыктатуры ўпасці!», – напісаў Пеці.
- Амбасадарка ЗША ў Беларусі, Джулі Фішэр:
«Зразумела, каго рэжым баіцца больш за ўсё. ЗША разам са сваімі партнёрамі працягвае змагацца за безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і ўсіх, хто сутыкнуўся з несправядлівым затрыманнем і прысудамі як інструментамі помсты.
Прысуды, вынесеныя сёння Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу, Мікалаю Статкевічу, Арцёму Сакову і Дзмітрыю Папову – ясныя пасланні рэжыму Лукашэнкі сваім апанентам. Гэта беларусы, якія імкнуліся сфармаваць будучыню сваёй краіны», – напісала Фішэр. Яна пажадала палітвязням і іхнім сем’ям сіл.

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская