
12 лістапада 2021 года адбылася сустрэча Міхаіла Шцюбгена з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
На сустрэчы прысутнічалі Міхаіл Таўбэ, прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Германіі, і Антон Нядзелька, старшыня праўлення беларускага аб’яднання RAZAM e.V.
Міхаэль Шцюбген – міністр унутраных спраў зямлі Брандэнбург, Германія, а таксама першы намеснік прэм’ер-міністра. Ён быў членам Бундэстага на працягу 29 гадоў і займаўся, у прыватнасці, пытаннямі пашырэння ЕС на ўсход. Далей сп. Шцюбген распавёў пра сваё жыццё ў сям’і дысідэнта з ГДР. Ён таксама паведаміў, наколькі напружанай была сітуацыя падчас падзення Берлінскай сцяны і як лёгка мірныя пратэсты маглі скончыцца «бойняй на плошчы Цяньаньмэнь».
У ходзе абмеркавання былі прадстаўлены абедзве арганізацыі і больш падрабязна асветлена іх работа. Далей былі абмеркаваны наступныя тэмы:
Міграцыйны крызіс. Сітуацыя, якая зараз складваецца на беларускай мяжы з краінамі ЕС, – гэта міграцыйны крызіс, створаны Аляксандрам Лукашэнкам. Сотні нявінных людзей, сярод якіх шмат дзяцей і немаўлят, зараз затрымаліся на беларускай мяжы, замярзаючы і галадаючы. Паток мігрантаў быў наўмысна створаны Аляксандрам Лукашэнкам, каб дэстабілізаваць ЕС. Тысячы чалавечых жыццяў выкарыстоўваюцца рэжымам у сваіх мэтах, як гэта часта бывала раней. Гэта трэба неадкладна спыніць.
Непрызнанне. Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка больш не з’яўляецца легітымным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Амаль усе краіны не прызналі вынікаў выбараў. Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка не мае права заключаць дамовы і падпісваць пагадненні. Такім чынам, усе дамовы, якія ён падпісаў пасля сваёй незаконнай інаўгурацыі, несапраўдныя і не маюць сілы. Беларускі народ не даў Аляксандру Лукашэнку на гэта паўнамоцтваў.
Патрэба ў салідарнасці. Апазіцыйны рух, які ўзнік у Беларусі ў жніўні мінулага года, з’яўляецца дэмакратычным і прадстаўляе еўрапейскія каштоўнасці. Геаграфічна і гістарычна Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах, падвяргаюцца катаванням і пераследам, бо яны выступалі за свабодныя выбары ў Беларусі.
Для беларусаў у краіне і за мяжой выказванне салідарнасці з’яўляецца вялікай падтрымкай і фундаментальнай апорай апазіцыйнага руху. Але і для грамадзян заходнееўрапейскіх краінаў важна выказаць салідарнасць з рухам за дэмакратычную свабоду. Беларусы павінны ведаць, што іх падтрымліваюць заходнееўрапейскія краіны ў іх няроўнай барацьбе за справядлівасць і дэмакратыю.
Міхаэль Шцюбген запэўніў суразмоўцаў, што акажа ім падтрымку ў межах сваіх службовых паўнамоцтваў і магчымасцяў.

18 лістапада, прадстаўнікі Народнай амбасады Беларусі ў Германіі і RAZAM e.V. сустрэліся ў Берліне з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.
На сустрэчы абмяркоўвалі бягучую сітуацыю ў Беларусі і шляхі да дэмакратыі і свабоды.
Перад гэтым, Павел Латушка падзякаваў на малітве за палітвязняў у Гефсіманскай царкве беларускую дыяспару і сяброў у Германіі і Еўропе за вельмі каштоўную падтрымку.

Крыніца: Facebook @BelarusInGermany