20 жніўня, Сьвятлана Ціханоўская накіравала лісты кіраўніцы МВФ Крысталіне Георгіевай і міністарцы фінансаў ЗША Джанэт Элен. У лістах Ціханоўская заклікала іх забараніць для рэжыму доступ да сродкаў SDR, у тым ліку замарозіць абмен у свабодна канвэрсійныя валюты, – да моманту, пакуль у Беларусі ня будуць праведзеныя новыя свабодныя выбары.

Ціханоўская аргумэнтавала заклік тым, што гэтыя сродкі, прызначаныя для народа, пойдуць на рэпрэсіі супраць беларусаў. Яна прывяла прыклады жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, прысудаў і затрыманьняў па палітычных матывах, выкарыстаньня кавіду як біялягічнай зброі ў турмах. Ціханоўская заявіла, што дзеяньні рэжыму з кожным днём пагаршаюць і без таго цяжкае эканамічнае становішча Беларусі, і новыя пераводы не павінны дапамагчы яму выйграць час для ўтрыманьня ўлады.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская падзякавала сэнатару Робэрту Мэнэндэсу за яго ліст Байдэну з заклікам заблякаваць для рэжыму доступ да $1 мільярду ад МВФ. Ціханоўская і Мэнэндэс сустракаліся падчас яе візыту ў ЗША, у знак падтрымкі сустрэча прайшла ў залі Сэнату, дзе традыцыйна прымаюць лідараў дзяржаў. Перамовы пра блякаваньне абмену SDR Ціханоўская вяла падчас шматлікіх сваіх сустрэч у ЗША.

На фота: Сьвятлана Ціханоўская з сэнатарамі Робэртам Мэнэндэсам і Джымам Рышам

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская