Ціханоўская: «Шаноўныя беларусы! Сёньня ў нас важны дзень: 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону, што азначала абвяшчэньне незалежнасьці краіны. Гэты дзень мусіў быць у Беларусі сьвяточным і радасным – але сустракаем мы юбілей Незалежнасьці пад пагрозай яе страты, у атмасфэры рэпрэсій.
Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай – у сталінскім Гулагу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і цяпер у турме. Але для ўсіх нас яны – гэта прыклад змаганьня за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі ня мелі магчымасьці яе перапісваць.
У той час, як іншыя краіны Усходняй Эўропы ўмацоўвалі сваю дзяржаўнасьць, ішлі па шляху рэформаў, стваралі добрыя ўмовы для жыцьця людзей, былы прэзыдэнт Беларусі імкнуўся спыніць ход гісторыі, скарыстаць перавагі незалежнасьці толькі дзеля замацаваньня сваёй улады.
У жніўні 2020-га сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі і ўзьнялі той самы бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім абвяшчалася незалежнасьць у 1918-м і аднаўлялася ў 1991-м. І гэтае імкненьне да волі, да свабоды ў нашых душах ужо ня зьнішчыць ніякімі рэпрэсіямі. Бо лёс Беларусі залежыць ад таго, наколькі кожны з нас адчуе ўласную адказнасьць за сваю краіну. Далучайцеся да ініцыятыў, якія дапамагаюць пратэсту і беларусам, пішыце лісты палітвязьням, беражыце нашую мову і нашыя нацыянальныя сымбалі.
Сёньня я віншую вас, дарагія беларусы – зь верай у тое, што наша радзіма будзе вольнай і заможнай. А галоўнае – што яна захавае сваю незалежнасьць.
Жыве Беларусь!»
