У канцы мінулага года НАУ абвясьціла пра запуск дыпляматычнага адукацыйнага курсу Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх даследаваньняў Варшаўскага унівэрсытэта. На курс прыйшло больш за 300 заявак, а конкурс быў больш за 10 чалавек на адно месца.
30 ліпеня прайшоў выпуск курса дыпляматаў для Новай Беларусі. Мы разьлічваем, што гэтыя людзі зоймуць дастойныя месцы ў беларускім дзяржаўным кіраваньні.
Асноўнай мэтай курса было забяспечыць атрыманьне практычных ведаў і досьведу ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня для фармаваньня кадравага рэзэрву Новай Беларусі зь ліку пэрспэктыўных беларусаў усіх рэгіёнаў краіны. Выкладчыкамі на курсе былі дырэктар ўсходняга дэпартамэнту Міністэрства замежных спраў Польшчы Ян Хофмокль, кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Польшчы Марэк Праўда, старшыня камітэту па замежных справах Польскага Сейму Марэк Кучынскі й іншыя эксперты.
– Мы разумеем, што пасьля падзеньня рэжыму ў краіне павінна адбыцца замена кадраў, якія сябе дыскрэдытавалі, ўчыніўшы правапарушэньні і правіны, на маладых і таленавітых кіраўнікоў. З гэтай мэтай Цэнтр ўсходнеэўрапейскіх даследаваньняў Варшаўскага універсітэта пры падтрымцы НАУ стварыў адукацыйны курс для беларусаў, якія хочуць пабудаваць дыпляматычную кар’еру.
Упэўнены, што дзякуючы тым ведам, якія яны атрымалі ад лепшых выкладчыкаў Варшаўскага універсітэта, экспертаў, дыпламатаў з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Украіны, Польшчы, ЗША і іншых краін, яны змогуць стаць прафесіяналамі высокага ўзроўню на любой пасадзе, дзе б яны ні працавалі.
Для мяне дыпляматыя – гэта, у першую чаргу, дасягненьне кампрамісу, але ў інтарэсах сваёй краіны. Упэўнены, што ў будучай працы вы будзеце заўсёды дзейнічаць у інтарэсах нашай краіны, арыентавацца на галоўныя каштоўнасьці Новай Беларусі: вяршэнства Закона, права на свабоду і правы чалавека – заявіў кіраўнік НАУ Павел Латушка.
Народнае антыкрызіснае кіраванне плануе працягваць садзейнічаць падрыхтоўцы кадраў для Новай Беларусі. НАУ адкрыта да супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краін-суседзяў і іншых дзяржаў.
