«Прававая ініцыятыва» апублікавала пятую прамежкавую справаздачу Міжнароднага камітэта па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі. У камітэт уваходзяць 11 беларускіх, расейскіх і ўкраінскіх арганізацый, а таксама Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў.

Надпіс на плякаце: «На Акрэсьціна катаваньні і сьмерць». Photo: Deutsche Welle

Асноўная выснова справаздачы: выяўленыя злачынствы зьяўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасьці, якія адносяцца да злачынстваў паводле міжнароднага права і за якія вінаватыя маюць панесьці пакараньне.

«Маштаб гвалту, парушэньняў правоў грамадзянаў, фізычнага і юрыдычнага перасьледу супраць чалавечнасьці, у 2020 годзе і да гэтага часу, ня мае аналягаў у гісторыі сучаснай Беларусі, – піша Камітэт. – Арганізаваны характар дзеяньняў пацьвярджаецца тым, што адзін і той самы ўзор злачынных паводзінаў мэтадычна паўтараецца афіцыйнымі ўладамі, ад старту выбарчай кампаніі і да сёньня».

З траўня 2020 года не менш як 35 тысяч чалавек асуджаныя па палітычных матывах у Беларусі, заведзена больш за 4600 палітычных крымінальных справаў і больш як 630 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі.

З палітычных прычынаў ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі ня менш як 115 арганізацый грамадзянскай супольнасьці і СМІ.

Вымушаную міграцыю і прымусовы вываз з Беларусі (напрыклад, Сьвятланы Ціханоўскай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова) дасьледчыкі разглядаюць як прымусовае перамяшчэньне ў адсутнасьці «сапраўднага выбару», што таксама можна кваліфікаваць як злачынства супраць чалавечнасьці.

Таксама дасьледчыкі прыводзяць прыклады масавых катаваньняў (такіх задакумэнтавалі ўжо каля 1500) і бесчалавечных умоў утрыманьня ў месцах пазбаўленьня волі, прыклады сэксуальнага гвалту супраць затрыманых. Пры гэтым, Сьледчы камітэт дагэтуль не распачаў ніводнай крымінальнай справы па факце катаваньняў.

Для ўзмацненьня жорсткасьці ціску на іншадумства ўлады ўнесьлі зьмены ў дзейнае заканадаўства. Так, зрабілі больш жорсткім пакараньне за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Сілавікам дадзена права прымяняць зброю, фізычную сілу, баявую і спэцыяльную тэхніку «пры спыненьнi масавых беспарадкаў». Адказнасьці за прымяненьне гэтых сродкаў сілавікі не нясуць. Новаўвядзеньні зьявіліся і ў дакумэнтах, якія тычацца СМІ, адвакатуры, вызначэньня экстрэмісцкай дзейнасьці.

Паводле дадзеных Міжнароднага камітэта расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, за мінулы год пазбаўленыя ліцэнзій 19 адвакатаў. Усе яны працавалі абаронцамі ў палітычна матываваных справах або публічна выказваліся пра парушэньне заканадаўства.

Крыніца: Voice of Belarus