Прадстаўнік Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч пракамэнтаваў інфармацыю пра выдзяленьне Беларусі больш за 900 млн даляраў са сродкаў МВФ.
Аляхновіч: «Сёньня набыло моц самае буйное ў гісторыі разьмеркаваньне спэцыяльных правоў запазычаньня (SDR) сярод 190 краін-удзельніц Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) на 456 млрд. SDR, што эквівалентна $ 650 млрд. Рада кіраўнікоў Фонду ўхваліла яго сёлета ў пачатку жніўня, а цяпер гэтыя сродкі паступілі на рахункі ў Фондзе ўсіх краін-чальцоў МВФ.
Варта растлумачыць некалькі важных дэталяў.
1) Разьмеркаваньне SDR зьяўляецца шматбаковай дамовай, у якой удзельнічаюць усе чальцы МВФ і яно не зьвязана з ацэнкай сытуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах. Такім чынам, ні ў якім разе нельга інтэрпрэтаваць гэтае рашэньне МВФ і разьмеркаваньне SDR як непасрэдна гатоўнасьць фінансаваць нелегітымную ўладу ў Беларусі або як нейкае яе прызнаньне.
2) Факт залічэньня SDR на краінавы рахунак Беларусі ў МВФ не азначае, што рэжым зможа аўтаматычна імі скарыстацца. Каб абмяняць SDR на вольна канвэрсійную валюту, неабходна зьвярнуцца з афіцыйным запытам у фонд. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, беларуская дыяспара, НАК і іншыя нашыя партнэры прыклалі шмат намаганьняў для таго, каб у выпадку, калі нелегітымная ўлада зьвернецца з такім запытам, то МВФ мог бы адмовіць у падтрымцы канвэртацыі SDR у валюту. Гэта ў першую чаргу пытаньне легітымнасьці, а не грошай.
Мы працягнем працаваць над непрызнаньнем Фондам легітымнасьці цяперашняй «улады» Беларусі і абмежаваньнем доступу для іх да рахунку SDR і правядзеньня канвэртацыі SDR у валюту. Гэтым пытаньнем Офіс Ціханоўскай займаўся з красавіка, працуючы на экспэртным і палітычным узроўні. Кульмінацыяй стаў працоўны візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Вашынгтон, дзе прайшлі перамовы з сэнатарамі і кангрэсмэнамі. Іх вынікам сталі лісты прэзыдэнту ЗША і прадстаўнікам ЗША ў МВФ ад прадстаўнікоў абедзьвюх палат Кангрэсу.
3) Існуюць прэцэдэнты, калі ўрадам асобных краін быў заблякаваны доступ да іх SDR рахункаў у Фондзе. Гэта адбылося з Вэнэсуэлай і зусім нядаўна з Аўганістанам – з той прычыны, што легітымнасьць уладаў дадзеных дзяржаў выклікае сур’ёзныя сумневы і пытаньні ў міжнароднай супольнасьці.
4) Офіс Сьвятланы Ціханоўскай разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі і дыяспарай працягне інфармаваць усе афіцыйныя асобы пра падзеі ў Беларусі і паказваць на недапушчальнасьць канвэртацыі SDR у валюту пры дзейным у Беларусі рэжыме. У прыватнасьці і перш за ўсё мы працягнем інфармаваць Раду кіраўнікоў Фонду, Выканаўчых дырэктараў Фонду, урады і міністраў фінансаў краін-чальцоў МВФ».

Крыніца: Сьвятлана Ціханоўская