Народныя амбасады Беларусі падзяляюць заклапочанасьць Эўразьвяза з нагоды арганізаванага Лукашэнкам струменя нелегальных імігрантаў у Эўразьвяз. Мы заўсёды падтрымлівалі ЭЗ у яго санкцыйнай палітыцы да нелегітымнага й злачыннага рэжыму Лукашэнкі, які тэрарызуе ня толькі суседзяў, але і, найперш, народ Беларусі. 

Аднак магчымыя візавыя абмежаваньні, прапанаваныя спадарыняй Ільвай Ёхансан у адносінах да звычайных беларусаў караюць ахвяраў, а ня катаў. Простыя Беларусы, у сваёй большасьці, зьяўляюцца ахвярамі, а не саўдзельнікамі лукашысцкага тэрору. Гэтая ініцыятыва цалкам супярэчыць папярэднім выказваньням эўрапейскіх палітыкаў. Мы спадзяемся, што сябры Беларусі ў Эўразьвязе не дапусьцяць рэалізацыі гэтай жорсткай прапановы, бо тысячы нашых суайчыньнікаў апынуцца ў сытуацыі небясьпекі турмы, катаваньняў, рызыкі для жыцьця.

Мы хочам падкрэсьліць, што мы безумоўна падтрымліваем візавыя санкцыі ў адносінах да дзяржаўных службоўцаў, сілавікоў, судзьдзяў, прапагандыстаў і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. Мы таксама заклікаем цалкам замарозіць усе актывы гэтых катэгорый грамадзянаў у Эўропе.

Народныя амбасады Беларусі былі створаныя для падтрымкі беларускіх грамадзянаў ва ўмовах страты легітымнасьці рэжыма Лукашэнкі. Мы спадзяемся, што наш голас будзе пачуты й прыняты да ўвагі для прадухіленьня зьяўленьня новых ахвяраў тэрору Лукашэнкі ў Беларусі.