Ціханоўская правяла з працоўным візытам у Ірляндыі тры дні. Яна сустрэлася зь беларусамі Дубліна й наведала сям’ю, у якой жыла тройчы, калі прыязджала ў Ірляндыю падлеткам па Чарнобыльскіх праграмах.

– На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхалам Марцінам Ціханоўская прапанавала запусьціць праграмы для рэабілітацыі дзяцей палітвязьняў па прынцыпе, як працуюць Чарнобыльскія праграмы. Прэм’ер паабяцаў узьняць пытаньне Беларусі ў Эўрапейскай радзе. Ціханоўская заявіла, што неабходна тэрмінова дапамагчы журналістам і праваабаронцам: улічваючы пагромы, арышты і блякаваньні, ім патрэбная падтрымка ў выглядзе адвакатаў, абсталяваньня й рэлякацыі й дапамога на аднаўленьне працы.

– З міністрам замежных спраў Сайманам Кавені й міністрам па эўрапейскіх справах Томасам Бірнам Ціханоўская ўзьняла пытаньне арганізацыі слуханьняў у Радзе бясьпекі ААН па пытаньнях катаваньняў, утрыманьня ў турмах і адвольных затрыманьняў.

– Ціханоўская прапанавала Ірляндыі спрасьціць візавы рэжым або адмяніць візы для беларусаў. Ціханоўская і міністры абмеркавалі магчымасьць павялічыць падтрымку для незалежных журналістаў і ўсіх рэпрэсаваных. Было ўзьнята пытаньне расьсьледаваньня ICAO па інцыдэнце з Ryanair. Разглядаецца магчымасьць падачы сумеснага пазову Польшчай, Літвой і Ірляндыяй супраць рэжыму Лукашэнкі ў міжнародны суд ААН.

– Ціханоўская таксама сустрэлася з мэрам Дубліна, сьпікерам Сэната, з Камітэтам па замежных справах і абароне. У гэты ж дзень сэнат Ірляндыі аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў рэпрэсіі, заклікаў правесьці новыя выбары й падкрэсьліў непрызнаньне Лукашэнкі. Копію рэзалюцыі ўручылі Ціханоўскай.

– Ціханоўская сустрэлася з дэпутатамі, якія ўзялі патранаж над 23 беларускімі вязьнямі сумленьня. Усе зьняволеныя па палітычных матывах змогуць выйсьці на волю па Акце аб рэабілітацыі.

– Кіраўнік Ryanair перадаў Ціханоўскай вынікі іх унутранага расьсьледаваньня па захопе самалёта. Даклад даказвае, што рэжым дзейнічаў наўмысна і яго дзеяньні можна назваць актам тэрарызму. Кіраўнік Ryanair заявіў, што прадставіць усе неабходныя дакумэнты для расьсьледаваньня й для пазову супраць рэжыму Лукашэнкі, калі такія спатрэбяцца.

– Таксама ў Дубліне Ціханоўская абмеркавала разгром арганізацый грамадзянскага сэктара са спецдакладчыцай ААН па справах праваабаронцаў Мэры Лоўлар. Лоўлар заявіла, што гатовая падняць пытаньне Беларусі на найбліжэйшай сэсіі Рады па правах чалавека ААН, паколькі сытуацыя патрабуе неадкладнай рэакцыі сусьветнай супольнасьці.