Учора, 14 ліпеня, у цэнтральным офісе Ryanair у Дубліне генэральны дырэктар Майкл О’Ліры прыняў Сьвятлану Ціханоўскую. Ён распавёў, што кампанія праводзіць уласнае расьсьледаваньне па факце згону самалёта, перадаў Ціханоўскай справаздачу пра вынікі расьсьледаваньня й паведаміў, што кампанія працуе разам з ICAO, Польшчай, Літвой і Грэцыяй па зборы матэрыялаў і доказаў.
Ціханоўская падзякавала дырэктару О’Ліры за прынцыповую пазыцыю й прапанавала падтрымаць падачу міжнароднага пазову супраць рэжыму Лукашэнкі па факце згону самалёта, які стаў актам паветранага тэрарызму.
Таксама Ціханоўская й О’Ліры абмеркавалі, як інцыдэнт паўплываў на кампанію й сусьветны сэктар авіяперавозак. Ціханоўская падкрэсьліла, што рэжым стварыў вельмі небясьпечны прэцэдэнт, і разам з О’Ліры яны дамовіліся рабіць усё магчымае, каб законнасьць і бясьпека вярнуліся як у міжнародную авіяпрастору, так і ў Беларусь.
Сьвятлана Ціханоўская сказала, што для беларусаў вельмі важна аднавіць тыя магчымасьці, якіх іх пазбаўляе рэжым, і адкрыць новыя. Таму О’Ліры пагадзіўся разглядзець прапанову Ціханоўскай пра прыход Ryanair у Менск і беларускія рэгіёны пасьля перамогі дэмакратыі.
