Сёньня прадстаўнікі Беларусі, ЗША й ЭЗ упершыню разам за адным сталом абмяркоўвалі тэму Беларусі. У Прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу ў ЗША Сьвятлану Ціханоўскую вітаў амбасадар ЭЗ у ЗША Стаўрас Ламбрынідзіс, а таксама амбасадары або кіраўнікі місій усіх краін Эўразьвязу.
Ціханоўская выступіла з прывітальным словам, распавёўшы пра пагромы ў офісах і дамах журналістаў і актывістаў, пра 35 000 людзей, якія прайшлі праз затрыманьні, і 577 палітвязьняў. «Нягледзячы на страшныя рэпрэсіі, – падкрэсьліла Ціханоўская, – беларусы ўжо амаль год адстойваюць свой выбар, зроблены 9 жніўня 2020-га».
Беларуская лідэрка распавяла суразмоўцам пра самвыдат, «Працоўны рух», дзясяткі ініцыятыў, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і пратэстнаму руху. У адказах на пытаньні амбасадараў яна заклікала іх шукаць шляхі дапамогі людзям у Беларусі й падтрымліваць пазыцыю, што незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі – найважнейшая каштоўнасьць для беларускага народа.
