Ціханоўская: «Жанчыны за ўвесь гэты год ня раз дарылі людзям пачуцьцё яднаньня: калі мы з Марыяй і Веранікай аб’ядналі штабы, падчас акцый і маршаў у белым, калі гучна жанчыны выказвалі сваю пазыцыю ў спорце, культуры, калі прыдумлялі й арганізоўвалі праекты для грамадзянскай супольнасьці.

Проста цяпер складана захоўваць сілу духу, штодня чытаючы навіны пра арышты й ператрусы. На вуліцах няма масавых пратэстаў, але не таму, што людзі зьмірыліся, а таму, што рэпрэсіўная машына робіць усё, каб палохаў нават просты выхад на вуліцу. І тым каштоўней, калі ў людзей хапае рашучасьці хай на маленькія, але крокі салідарнасьці.

Я падтрымаю й прашу вас падтрымаць акцыю «Кветкі надзеі». Кожны можа ўзяць у ёй удзел: набыць кветку, раздрукаваць публічны ліст жанчын-палітвязьняў, пакласьці ліст у паштовую скрыню суседа й пакінуць там кветку. Хай у кожным доме ўзгадаюць пра гэтых беларусак».