На перамовах таксама прысутнічалі кіраўнік дэпартамэнта Усходняй Эўропы Нацыянальнай рады бясьпекі ЗША Крыс Сьміт, кіраўніца Рады па гендарнай палітыцы Белага дома Джэніфер Кляйн і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішар. Ціханоўская распавяла пра масавыя рэпрэсіі ў дачыненьні да журналістаў і актывістаў, пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня ў турмах.

Ціханоўская заклікала ЗША:

– узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці – праваабаронцаў, рэгіянальных ініцыятываў, студэнцтва, сем’яў палітвязьняў, медыя;

– узмацніць ціск на рэжым, у тым ліку – праз скаардынаваныя з ЭЗ санкцыі ў дачыненьні да канкрэтных «кашалькоў» рэжыму і закрыцьцё шчылін для іх абыходу;

– тых, хто адказны за рэпрэсіі супраць беларусаў, прыцягнуць да адказнасьці. І даслаць у Крэмль сыгнал з заклікам спыніць падтрымку нелегітымнага рэжыму;

– ня весьці ніякага супрацоўніцтва з рэжымам, у тым ліку праграмы Сусьветнага банка, МВФ – у адпаведнасьці з палітыкай Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты ў сьнежні 2020-га;

– падымаць пытаньне Беларусі падчас міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню й запрашаць да ўдзелу ў іх беларускія дэмакратычныя сілы.

Ціханоўская падкрэсьліла: «Толькі вызваленьне ўсіх зьняволеных па палітычных матывах, і новыя выбары ў бліжэйшы час дапамогуць Беларусі выйсьці з крызісу. І я заклікаю ЗША ў сваіх дзеяньнях прытрымлівацца гэтай стратэгіі беларусаў».