Сёньня міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс на брыфінгу са Сьвятланай Ціханоўскай заявіў пра прызнаньне яе Офіса афіцыйным прадстаўніцтвам беларускай дэмакратыі. Такім чынам Літва запусьціла новы этап дэлегітымізацыі рэжыму. Гэта першая краіна ЭЗ, якая зрабіла гэты крок, і ўжо вядзецца праца над адкрыцьцём прадстаўніцтваў народа Беларусі ў іншых краінах.

Сьвятлана Ціханоўская:

«Шаноўны міністар Ландсбергіс,
Дарагія сябры-літоўцы!

Я надзвычай удзячная ўладам Літвы за бескампрамісную пазыцыю й велізарную падтрымку ўсіх беларусаў.

Мы стагодзьдзямі адчувалі сяброўскае плячо суседняй Літвы. Але ў 2020 годзе мы адчулі гэтую падтрымку як ніколі, таму сябры пазнаюцца ў бядзе.

Трыццаць гадоў таму, калі літоўцы змагаліся за сваю незалежнасьць, яны таксама былі не самотныя. Іх падтрымаў увесь дэмакратычны сьвет. Нават падчас савецкай акупацыі ў Літвы былі свае прадстаўніцтвы ў ЗША, Вялікабрытаніі і Папскім Прастоле.

Учора я вярнулася з афіцыйнага візыту ў Ісьляндыю. Ісьляндцы, зь якімі я сустрэлася, вельмі ганарацца тым, што яны былі першай краінай у сьвеце, якая прызнала незалежнасьць Літвы ад Савецкага Саюза. Літва была першай краінай, якая прызнала мяне абраным лідэрам Беларусі яшчэ ў верасьні 2020 года. І сёньня я хацела б падзякаваць прэзыдэнту Гітанасу Наўсэду, прэм’ер-міністрам Інгрыд Шымон і Саўлюсу Сквярнялісу, міністрам замежных спраў Габрыэлюсу Ландсбергісу й Лінасу Лінкявічусу й літоўскаму парлямэнту за рашучую падтрымку. Зь лета мінулага года беларусы ўдзячныя за дапамогу з боку літоўцаў, якія ведаюць цану волі.

Ўручэньне дыпляматычнага статусу нашаму офісу – важны крок да дэлегітымізацыі рэжыму Лукашэнкі і паўторнага сьцьвярджэньня новай беларускай большасьці. Гэты статус азначае, што народ Беларусі цяпер мае прадстаўніцтва ў краіне Эўрапейскага зьвязу. І, што ня менш важна, гэта яшчэ адзін выдатны прыклад салідарнасьці й падтрымкі Літвы.

І сёньня ад імя ўсіх беларусаў хачу вам за гэта падзякаваць.

Ačiu!».