Расследаванне ўдзелу Вялікабрытаніі ў фінансаванні рэжыма Лукашэнкі
9 чэрвеня каманда НАУ накіравала ліст у цэнтральны орган нагляду за рынкам фінансавых паслуг Вялікабрытаніі. Мы заклікалі Вялікабрытанію правесці расследаванне ў адносінах банкаў, якія выступілі гарантам размяшчэння на Лонданскай біржы ў 2020 годзе дзяржаблігацый (еўрабондаў) Беларусі на суму $ 1.25 млрд. Гарантамі выпуску былі банкі Citi, Raiffeisen, Société Générale ды Renaissance Capital.
Разгледзеўшы наш зварот, брытанскія дэпутаты заклікалі ўрад Барыса Джонсана расследаваць удзел Вялікабрытаніі ў фінансаванні рэжыма Лукашэнкі, бо сродкі ад продажу беларускіх дзяржаблігацый на Лонданскай фондавай біржы выкарыстоўваюцца не толькі дзеля латання дзірак у бюджэце, а і дзеля ўтрымання рэжыма Лукашэнкі, закупа абсталявання ды ўзбраення для сілавікоў.
Гэта ўжо другі прыклад за апошнія тыдні, калі парламентарыі Вялікабрытаніі падтрымліваюць прапановы НАУ і беларускай дыяспары. Раней яны выступілі з пазіцыяй аб неабходнасці пазбаўлення рэжыма Лукашэнкі доступу да сродкаў МВФ.