Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніком Агенцтва ЗША па глабальных мэдыях (USAGM) Кэлу Чао. Гэта агенцтва каардынуе працу «Голаса Амэрыкі», «Радыё Свабода» (RFERL), «Цяперашняга часу».

На сустрэчы Ціханоўская:

– распавяла пра зьнішчэньне рэжымам незалежных СМІ ў Беларусі як спробу стварыць інфармацыйны вакуум у краіне. Проста цяпер журналісты TUT.by, «Нашай Нівы», «Белсату», Tribuna.com і іншых медыя знаходзяцца ў турме, ператрусы прайшлі ў рэдакцыях Hrodna Life, «Інтэкс-Прэс», «Рэгіянальнай Газэце», «Медыя-Палессе» і дзясятках іншых рэгіянальных выданьняў. У многіх СМІ заблякаваныя сайты й рахункі;

– адзначыла, што офіс беларускай службы «Радыё Свабода» – аднаго з найбуйнейшых свабодных СМІ ў Беларусі – разбураны сілавікамі, і заявіла, што робіць усё магчымае для вызваленьня журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў «Свабоды» Алега Грузьдзіловіча, Аляксандра Дашчынскага й Інэсы Студзінскай;

– заклікала аказаць падтрымку беларускім журналістам, уключна з тэхнічным абсталяваньнем, павелічэньнем штата, релякацыяй. Гэтае пытаньне Ціханоўская таксама падымала на сустрэчах зь дзяржсакратаром Блінкенам і іншымі палітыкамі;

– абмеркавала з кіраўніком USAGM спосабы абыходу блакаваньняў і цэнзуры. Агенцтва падтрымлівае такія праекты, як Signal, Psiphon, і сэрвісы, якія дазваляюць ствараць абароненыя «люстэркі» сайтаў;

– прапанавала перазапусьціць службу «Голас Амерыкі» ў Беларусі, што стане магутным сыгналам беларусам з боку ЗША й створыць дадатковую крыніцу інфармацыі пра тое, як іншыя краіны падтрымліваюць Беларусь, – у адказ на прапаганду рэжыму;

– заклікала стварыць адмысловы фонд пры USAGM для падтрымкі навінавых мэдыяў, мэдыя-інфлюэнсэраў, невялікіх інфармацыйных ініцыятыў, якія асьвятляюць падзеі ў Беларусі.