«Добры дзень. На жаль, за апошні год мільёны беларусаў даведаліся, што такое катаваньні. Беларусам ня трэба распавядаць, што такое прэс-хата, навошта ў камэры зьняволеным заліваюць хлёрку, а ў замочныя вочкі кватэр – газ, як гэта зрабілі з Алегам Скаргам – каб выманіць яго з уласнага дома і затрымаць. Але ўсё гэта трэба распавядаць у іншых краінах – каб як мага больш людзей даведаліся, з чым проста цяпер сутыкаюцца беларусы й чаму ў нас няма права адступіць.

У нас, беларусаў, няма права адступіць, бо практычна ў кожнага ёсьць сябар, сваяк або калега, які прайшоў праз катаваньні – ці зьведвае іх і цяпер. Гэтыя людзі ня могуць прыйсьці на форум і распавесьці свае гісторыі самі. Гэта зручна для рэжыму – бо нашае маўчаньне дапамагае яму працягнуць яшчэ некалькі месяцаў, паспрабаваць гандлявацца людзьмі, катаваць новых закладнікаў. Я веру і ўпэўненая, што ў будучыні яны ўсе яны выйдуць на свабоду – і іх гісторыі стануць матэрыяламі спраў сумленных судоў. Але сёньня я буду гаварыць за іх – таму што цяпер яны могуць гаварыць толькі нашымі галасамі.

Калі Сьцяпан Латыпаў апынецца на свабодзе, ён распавядзе, праз якія катаваньні ў «прэс-хаце» яму давялося прайсьці. Прэс-хата – гэта ізаляванае памяшканьне або проста камэра, дзе вельмі гучна ўключаюць музыку, пакуль зьбіваюць і зьдзекуюцца з зьняволенага. Сьцяпан правёў у такім памяшканьні 51 дзень – і паспрабаваў парэзаць сабе горла ў залі суда, каб хаця б так данесьці да сьвету праўду.

Калі 19-гадовая Марыя Зайцава зможа, не баючыся крымінальнага перасьледу, вярнуцца ў Беларусь, яна распавядзе, як у яе трапілі тры гумовыя кулі сілавікоў, а проста каля яе разарвалася сьветлашумавая граната – і цяпер ёй патрэбны слыхавы апарат. Разам зь ёй на рэабілітацыі ў Чэхіі быў малады чалавек, якога сілавікі прапусьцілі праз «калідор пекла», зьбівалі некалькі гадзін і пагражалі згвалціць. Разам з імі быў і хлопец, якому сілавікі прастрэлілі лёгкае, і куля зачапіла аорту. І нягледзячы на тое, што са жніўня прайшло ўжо шмат месяцаў, хлопцы да гэтага часу плачуць, калі ўспамінаюць, што зь імі адбылося.

Калі грамадзянка Швайцарыі Натальля Хершэ выйдзе на волю, яна распавядзе, як сядзела ў бэтоннай клетцы без акна, дзе драўляны ложак прышпілены да сьцяны. Як яна кожны дзень пакутавала ад вошай, клапоў і прусакоў. Як яе вечна адпраўлялі ў карцар, дзе цэлы дзень можна толькі стаяць, сядзець або ляжаць на бэтоннай падлозе. Як зьняволеныя хварэлі на каранавірус, а начальства вязьніц не аказвала медыцынскай дапамогі, але выкарыстоўвала іх фактычна як біялягічную зброю.

Калі выйдзе на волю 17-гадовы Мікіта Залатароў, ён распавядзе, як яго яшчэ 16-гадовым, літаральна дзіцем затрымалі, зьбівалі на допытах, даводзілі да прыступаў, таму што ён хворы на эпілепсію. На сустрэчах з бацькам Мікіта пастаянна пытаўся: «Татачка, мяне б’юць кожны дзень. Чаму я тут сяджу? Калі мяне выпусьцяць?».

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў мог бы распавесьці пра тое, як яго разам з сямю зьняволенымі трымалі ў аднамясцовай камэры. Як кожны дзень ім у камэру вылівалі на падлогу 20 літраў канцэнтраванай хлёркі, як яна разьядала вочы, сьлізістыя й скуру. Як пасьля арышту яго вывезьлі зь вязьніцы ў кайданках, з галавой, заціснутай паміж каленямі й выкінулі за горадам.

Але ёсьць і тыя, хто ўжо ня выйдзе й ня зможа распавесьці свае гісторыі. Ня выйдзе Вітольд Ашурак. Не пагаворыць з намі 17-гадовы Дзьмітрый Стахоўскі, які забіў сябе праз ціск Сьледчага Камітэту. Не распавядзе, што адбылося ў РУУС, Раман Бандарэнка. Ня ўбачыць сваіх дзяцей Аляксандр Тарайкоўскі, не пацалуе сваю дачку Генадзь Шутаў, не абдыме сваю маці Аляксандр Віхор. Гэта ўжо вечны шнар у сэрцы кожнага з нас, і мы ня можам чакаць новых ахвяр.

Таму мы заклікаем кіраўніцтва краін да максымальнага ціску на рэжым і ўзмацненьня дапамогі людзям, якія ад яго пацярпелі. Мы заклікаем ствараць і ўзмацняць інструмэнты збору й сыстэматызацыі інфармацыі пра злачынствы й катаваньні. Мы заклікаем рабіць усё магчымае, каб у цэнтры Эўропы не аказалася другой Паўночнай Карэі або турмы на 9 мільёнаў чалавек.

Мы заклікаем дзейнічаць больш рашуча і хутка – бо тыя пяць хвілін, якія заняла мая прамова, непараўнальныя з пяцьцю хвілінамі карцара для Сяргея Ціханоўскага. Усяго адзін дзень, на які могуць адкласьціся санкцыі, – непараўнальны з адным днём у прэс-хаце для Сьцяпана Латыпава. Адзін тыдзень гарачага надвор’я ўлетку – непараўнальна зь пеклам, у якое ператвараецца 4-мясцовая камэра, у якой сядзяць 16 чалавек.

Таму мы павінны дзейнічаць. У вашых сілах прасоўваць справы па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, дапамагаць зьбіраць дадзеныя й доказы для міжнародных расьсьледаваньняў злачынстваў рэжыму, як мага гучней гаварыць у медыя пра тое, што адбываецца з нявіннымі людзьмі ў турмах на нашай радзіме. Выкарыстоўваць усе рычагі прыцягненьня вінаватых да адказнасьці – і цяпер, і на будучых сумленных судах новай Беларусі. Беларусы дыяспары, вашыя намаганьні ўжо дапамаглі нам дабіцца многага – і цяпер нашая з вамі галоўная задача – не дапусьціць гандлю чалавечымі лёсамі і жыцьцямі. Штодзённай сумеснай працай мы даможамся таго, што ўсе невінаватыя людзі выйдуць на свабоду й вернуцца дадому.

Дзякуй».